Вы тут

Патрэбнае непатрэбнае. Хто і навошта сёння здае бутэлькі, металалом і макулатуру


Паводле статыстыкі, адзін сучасны чалавек «вырабляе» ў год 250—300 кілаграмаў смецця. А цяпер уявім, колькі непатрэбнага пакідаюць за год сто чалавек, тысяча, мільён. Зрэшты, многае з гэтага непатрэбнага — на самай справе вельмі патрэбнае, бо прыдатнае для перапрацоўкі. Перапрацоўка адходаў эканоміць у сярэднім каля 80—90 % рэсурсаў і энергіі, якія былі б выдаткаваныя на вытворчасць новага вырабу з нуля.


Зрэшты, «непатрэбнае смецце» часам становіцца прадметам спрэчкі паміж суседзямі, а нярэдка нават фігуруе ў міліцэйскіх зводках. Напрыклад, у адным з раённых цэнтраў адбылася такая гісторія: суседка скрала ў суседа 500 кг металалому. Той атрымаў у спадчыну бацькоўскі дом і рэдка ў ім бываў. Прадпрымальная суседка вывезла з яго ўчастка металічныя рэчы і здала ў пункт прыёму другаснай сыравіны. Выявіўшы прапажу, пацярпелы звярнуўся ў міліцыю.

З падобнымі гісторыямі час ад часу даводзіцца сутыкацца, кажуць нарыхтоўшчыкі.

— Хтосьці ў кагосьці крадзе, здае нам... Справу перадаюць у следчы камітэт. Праваахоўнікі прыязджаюць і канфіскуюць крадзенае, а шкоду мы кампенсуем праз суд. Гэта значыць, судзімся з тым, хто скраў.

Праўда, кампенсаваць шкоду атрымліваецца не заўсёды.

— Калі гэта алкаголік, які нідзе не працуе, то ў яго няма маёмасці і няма чаго апісваць. Гэта нашы прафесійныя рызыкі: прымаючы другасную сыравіну, нарыхтоўшчык нічога не ведае пра яе паходжанне.

Прынята лічыць, што другасная сыравіна — гэта «хлеб» алкаголікаў, перманентна беспрацоўных, бяздомных і іншых людзей, што згубіліся ў гэтым жыцці. На самай справе, аматары выпіць «пладова-выгаднага» і асобы без пэўнага месца жыхарства — гэта працэнтаў 20 сталых пастаўшчыкоў другаснай сыравіны ў прыёмныя пункты, распавядае суразмоўца. У процівагу распаўсюджанаму меркаванню такія людзі часцей за ўсё сумленныя і не падманваюць нарыхтоўшчыка. Здача другаснай сыравіны — іх пастаянны артыкул даходу, і калі яны падмануць адзін раз, у другі з імі ніхто не стане мець справу.

— Сярод тых, хто здае сельгаспрадукцыю і дары лесу, няма ні бяздомных, ні ахвяр зялёнага змея. Бо для таго, каб здаць агародніну, садавіну, грыбы ці ягады, трэба папрацаваць. Сметнік растрыбушыць прасцей, — кажа суразмоўца.

Асобы без пэўнага месца жыхарства займаюцца другаснай сыравінай — часцей за ўсё гэта макулатура і шклабой, распавялі ў прыёмным пункце горада Баранавічы.

Пачым металалом?

Гена, «пастаянны кліент» пункта прыёму другаснай сыравіны на ўскраіне Мінска, спецыялізуецца ў асноўным на шклабоі. Сваю гісторыю ён ахвотна распавядае кожнаму, хто гатовы слухаць. Што праўда, а што выдумка ў ёй, сказаць цяжка: супрацоўнікі прыёмнага пункта кажуць, што кожны раз гісторыя трохі новая. Але нязменна ёсць у ёй цяжкае дзяцінства, фінансавы ўзлёт у 1990-я і доўгія гады без даху над галавой.

— Любая шкляная тара здаецца па 20 капеек за кг, калі гэта белае шкло. Аконнае шкло таксама прымаюць па такой цане. Каляровае шкло можна здаць па 14 капеек за кілаграм. Раней, у маёй маладосці, ад шампанскага бутэлькі не прымалі і яшчэ шмат якія. А цяпер любыя ідуць на вагу. І каньячныя таксама. Можна нямытыя нават. Праўда, некаторыя бутэлькі прымаюцца, як і раней, паштучна — з-пад віна і лікёру. Але іх трэба чыста мыць. А вось анучы ўжо не прымаюць пяць гадоў, — сумуе Гена.

Метал гэты «кантынгент» здае радзей. Дарэчы, у прыёмныя пункты другаснай сыравіны ўвогуле можна здаць паперу і кардон, шклабой, метал, поліэтылен, акумулятары. Металалом сёння здаваць выгадна — ён каштуе 61 капейку за кілаграм. Звычайна, распавялі мне ў прыёмна-нарыхтоўчым пункце Баранавіцкага райпо, аматары выпіць і асобы без пэўнага месца жыхарства прывозяць «мікрапартыі» — на тачках, у старых дзіцячых калясках.

— Назбіралі 20—30 кілаграмаў, здалі — пайшлі пахмяліліся... Раней металалом падзялялі на чорны метал, сталь і чыгун, — расказалі ў прыёмна-нарыхтоўчым пункце Баранавіцкага райпо. — Цяпер (з 1 жніўня гэтага года) ад насельніцтва прымаюць усё разам, па адной цане. «Белдругчармет» раздзяляе ўсё сам. Металалом здаваць асабліва выгадна. За апошнія месяцы ён значна вырас у цане: з 20—30 капеек да 61 капейкі за кілаграм. І да таго ж, металалом расце ў цане кожны месяц.

Пра чыгунныя патэльні

«У дзень у нас часам бывае 30 чалавек і нават болей», — кажа Тамара. Яе працоўнае месца — невялікая металічная будка каля Мінскай кальцавой. У сістэме нарыхтоўкі мая суразмоўніца працуе ўжо 20 гадоў. Кажа, ёй падабаецца: з людзьмі працаваць заўсёды цікава. Публіка, вядома, тут няпростая, але галоўнае — не дапускаць канфліктаў.

— Як правіла, асноўны наплыў наведвальнікаў — у 9 раніцы, адразу пасля адкрыцця, і потым пасля чатырох гадзін дня, бліжэй да вечара. «Чорны спіс»? Ёсць такі, — смяецца суразмоўніца. — Я яго ў галаве трымаю. І пастаянных кліентаў таксама ў твар і па імёнах памятаю. Мая праца — гэта зносіны з людзьмі. У кожнага свая жыццёвая гісторыя, многія прыходзяць не толькі здаць другасную сыравіну, але і пагаварыць. І трэба да кожнага паставіцца добразычліва і ўважліва, а то ж сыдуць у іншыя прыём-
ныя пункты. Таму клапачуся аб тым, каб заўсёды ў наяўнасці было дастаткова дробязі — аддаць кліенту ўсё да капейкі. Бо для многіх з іх нават тры-пяць капеек — гэта грошы.

«Пастаянныя кліенты» прыёмных пунктаў — не толькі вышэйпералічаныя асобы са складаным лёсам. Дастаткова і пенсіянераў, кажа Тамара. Для заядлых дачнікаў збор другаснай сыравіны можа стаць нядрэннай крыніцай даходу, асабліва калі ў сям'і ёсць машына.

Аксана Аркадзеўна і Антон Глебавіч — пенсіянеры. Вось ужо пяць гадоў бязвылазна жывуць ва ўласным доме пад Мінскам, у горад выбіраюцца нячаста. У лес муж і жонка ходзяць не толькі ў грыбы і ягады, але і па старыя «жалязякі». Вакол іх вёскі — дачныя таварыствы, і на звалках каля дач аказваецца шмат усялякай усячыны.

Здаваць сабранае на старэнькай «Ніве» пенсіянеры ездзяць у Мінск, у прыёмны пункт каля МКАД. Ехаць ім — 40 хвілін.

— І лясы становяцца чысцейшыя, і прыбаўка да пенсіі. Іншая справа, што апошнім часам лясы ачысціліся і без нас. Металалом цяпер у цане, і «безгаспадарнага» металу практычна не засталося. Людзі ўсё падабралі і вывезлі.

Дарэчы, часам людзі прыязджаюць у прыёмны пункт не толькі здаць другасную сыравіну. Тут здараюцца сапраўдныя гістарычныя знаходкі.

— Мы не гандлёвая арганізацыя, і прадаваць тое, што нам прынеслі, не маем права, — тлумачыць Сяргей, супрацоўнік аднаго з мінскіх пунктаў прыёму другаснай сыравіны. — Але зрэдку можам пайсці насустрач кліенту і памяняць, напрыклад, жалеза на жалеза. Гэта законна. Вам спадабаўся нейкі кавалак металу, вы прынеслі іншы такі ж, той жа вагі — і мы памянялі.

Так што часам замест грошай у абмен на здадзеную другасную сыравіну людзі просяць узяць «рарытэты».

— Часам трапляюцца дзіўныя рэчы, — кажа Антон Глебавіч. — Напрыклад, чыгунныя патэльні. Зараз такіх, напэўна, ужо не робяць. А, між тым, ніякія сучасныя антыпрыгарныя пакрыцці не параўнаюцца з сапраўднай, цяжкай, савецкага ўзору чыгуннай патэльняй. На ёй ніколі нічога не прыгарае, усё прасмажваецца раўнамерна. Сучасную патэльню праз пару гадоў выкідваеш, а чыгунная — яна ж вечная! Мы самі гатуем толькі на ёй, і дачцэ падарылі, каб яна змагла ацаніць, як на ёй цудоўна гатаваць. Яшчэ нядаўна знайшлі прас — старадаўні, у які вуглі трэба насыпаць. У маёй бабулі такі быў, я яго памятаю з дзяцінства. Мы ім не карыстаемся, вядома, ён проста ў нас стаіць — рэч цікавая.

— Чыгунныя патэльні вельмі рэдка здаюць, — тлумачыць Сяргей. — Самавары, старажытныя прасы — вельмі рэдка. За чатыры гады ўсяго шэсць штук самавараў прынеслі. Памятаю, былі дзве старадаўнія сячкарні для травы. А ўчора вось здалі савецкую каску СШ-40, узору 1940 года.

Тое ж самае кажа і калега Сяргея з іншага раёна сталіцы, Тамара:

— Ці трапляюцца старадаўнія рэчы? Наогул, вельмі рэдка. Бывае, нясуць самавары, але не надта старыя, гадоў 1970-х. Неяк здалі старыя гіры. Часам да нас трапляюць кнігі з аўтографамі пісьменнікаў, нават знакамітых.

Зрабіць свет лепшым

Маладых людзей Крысціну і Стаса ў прыёмны пункт прывялі зусім не меркантыльныя меркаванні.

— Летам вырашылі пажыць у Стаса на лецішчы, і захацелася дапамагчы прыродзе, зрабіць навакольнае асяроддзе чысцейшым. Бо калі кожны ўнясе свой пасільны ўклад у нейкую добрую справу, аб'ектыўна жыццё стане лепшым. Там на дачным сметніку столькі барахла сабралася! Мы на сваёй машыне возім — не спецыяльна ездзім, а толькі калі ў Мінск трэба па справах. Пакрысе, але ўжо дачны сметнік амаль разгрузілі. Там жа і старыя халадзільнікі, і поліэтылен, і шыны, і нават старыя аўтамабільныя акумулятары. А атрыманыя грошы або пералічваем прытулку для жывёл, або на рахункі дзяцей, якім патрэбныя ахвяраванні. Ну і сёе-тое ідзе на рамонт у нашай «аднапакаёўцы», — распавядае Крысціна.

Мае суразмоўнікі — студэнты, плануюць ажаніцца пасля заканчэння вучобы.

— Я нядаўна прачытаў, што тона макулатуры, напрыклад, эканоміць каля чатырох квадратных метраў драўніны, — дадае Стас. — І што з другаснай сыравіны вырабляюць больш за тысячу найменняў патрэбных рэчаў.

Дарэчы, пра макулатуру. Памятаецца, у нашым дзяцінстве яе актыўна збіралі школьнікі. Цяпер, распавялі нарыхтоўшчыкі, дзеці таксама збіраюць макулатуру — у сярэднім два-тры разы за вучэбны год. Прымаюць паперу і кардон сёння па 20—25 капеек за кілаграм.

— Кардонная ўпакоўка цяпер паўсюдна ўваходзіць у цану тавару, — адзначае Сяргей. — І гэтую кардонную тару здаюць як другасную сыравіну і людзі, і прадпрыемствы. «Еўраопт», напрыклад, прэсуе адразу па пяць тон і потым вывозіць кардон цэлымі кантэйнерамі.

Людзі ж, у асноўным, прыносяць кнігі — цяпер у інтэрнэце можна знайсці практычна любы тэкст, і многія вырашаюць пазбавіцца ад папяровых кніг, якія збіраюць пыл і займаюць шмат месца.

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.