Вы тут

«Чым важны пасыл 17 верасня? Нацыя хацела аб’яднацца...»


Упершыню сёлета мы будзем адзначаць прынцыпова новае для беларусаў свята — Дзень народнага адзінства. У ходзе дыскусій была вызначана дата — 17 верасня. Наўрад ці многія да гэтых часоў ведалі, чым яна адметная. А між тым, з гэтай датай звязана нямала канкрэтных гістарычных фактаў і падзей, якія паспрыялі аб’яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе. Аб некаторых значных момантах вызваленчага руху беларускага народа мы гутарым з кандыдатам гістарычных навук, загадчыкам кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэем Гецэвічам.


— Зразумела, што вераснёўскія падзеі 1939 года ў большай ступені датычаць Заходняй Беларусі, у тым ліку Гродна. Бо менавіта гэтая частка Беларусі знаходзілася пад уладай Польшчы, згодна з Рыжскім дагаворам 1921 года. Як тут развіваліся падзеі падчас паходу Чырвонай Арміі?

— У Гродне сітуацыя разгортвалася хуткімі тэмпамі, бо асноўныя баі ішлі пад Скідзелем, куды ў той час былі накіраваны асноўныя часткі польскай арміі. Яны займаліся падаўленнем паўстання, але не змаглі супрацьстаяць Чырвонай Арміі. Хоць і ў Гродне таксама ішлі баі, асабліва складаная была сітуацыя на ўзбярэжжы ракі Нёман...

— Раскажыце больш падрабязна пра Скідзельскае паўстанне...

— 17 верасня мясцовыя актывісты і былыя члены КПЗБ раззброілі польскую паліцыю і ваенных і авалодалі ўсімі знакавымі аб’ектамі Скідзеля. Рэвалюцыйны камітэт з ліку васьмярых паўстанцаў накіраваў ганцоў у навакольныя вёскі, каб яны абвясцілі аб устанаўленні ў Скідзелі савецкай улады. Многія жыхары вёсак таксама выказалі жаданне далучыцца да паўстанцаў. Аб гэтых падзеях на другі дзень, 18 верасня, даведаліся ў Гродне. Польскія ўлады накіравалі туды эшалон з вайскоўцамі. Паўстанцы перахапілі эшалон і забралі зброю. Пры гэтым ніякіх забойстваў не было. Іх проста адпускалі. У сваю чаргу, палякі сабралі добраахвотны атрад, які пайшоў у наступленне на ўдзельнікаў вызваленчага руху. Рэвалюцыйны камітэт адступіў у лес. А ў гэты час польскі атрад пачаў жорсткую расправу над мясцовымі актывістамі. Быў закатаваны 31 партызан.

— І гэта адбывалася ў той самы час, калі Чырвоная Армія была літаральна пад Скідзелем?

— Так, менш чым за дзень да прыходу Чырвонай Арміі. Ноччу 20 верасня ў Скідзель былі накіраваны польская кавалерыя і артылерыя. У гэты час паўстанцы, што былі ў лесе, з боем рухаліся да цэнтра Скідзеля. Аб тым, што сюды хутка падыдуць савецкія танкі, яны не ведалі. А між тым, менавіта дзякуючы часцям Чырвонай Арміі, што з’явіліся ў патрэбны час, было спынена масавае забойства палякамі скідзельчан. Дзвесце гараджан ужо вялі да вёскі Котра, каб расстраляць...

— Сапраўды, гэтыя факты мала хто ведае...

— Пазней, у 1940 годзе, адбыўся суд над тымі, хто браў удзел у падаўленні скідзельскага паўстання, многія панеслі заслужанае пакаранне. Але доўгія гады само паўстанне амаль нідзе не згадваецца. Хоць яно — яркі прыклад вызваленчай барацьбы невялікага гарадка пад Гроднам. Да таго ж гэта адзін з тых эпізодаў, дзякуючы якому разарваная гістарычнымі абставінамі Беларусь змагла аб’яднацца ў адну краіну.

— Як вы бачыце ўвекавечанне тых падзей? Я маю на ўвазе мемарыяльны аспект у гарадскім асяроддзі.

— Памяць пра тых, хто не шкадаваў жыцця дзеля аб’яднання беларусаў, не павінна згаснуць. Гэтых людзей, як і тыя падзеі, варта згадваць і прыкласці намаганні для ўшанавання іх памяці. Хоць бы стварыць мемарыяльную дошку ў гонар удзельнікаў Скідзельскага паўстання. Бо ў грамадстве мала хто чуў ці памятае пра яго. У Гродне ёсць вуліца 17 верасня. Было б лагічна паставіць нейкі манумент у скверыку альбо памятны знак у горадзе, прысвечаны падзеям аб’яднання Беларусі ў адну дзяржаву.

— Чаму, на ваш погляд, гэта знакавая падзея?

— Чым важны пасыл 17 верасня? Нацыя хацела аб’яднацца. Гэта галоўны пасыл. Палякі праводзілі палітыку апалячвання, якая не падабалася большасці беларусаў. Беларускія школы зачыняліся, беларускія грамадска-палітычныя арганізацыі былі забароненыя, беларусы былі выціснутыя з палітыкі. За перыяд знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, а гэта амаль 20 гадоў, прысутнасць беларускага асяроддзя ў палітычнай, сацыяльнай, культурнай сферах стала мінімальнай. Ад гэтага расла і незадаволенасць грамадства.

У сваю чаргу, савецкай уладай у агітацыйнай рабоце сярод насельніцтва Заходняй Беларусі рабіўся ўпор на тое, што беларускі народ мае сваю дзяржаўнасць у складзе Савецкага Саюза. А частка беларусаў, аддзеленая па несправядлівым Рыжскім дагаворы 1921 года, знаходзілася ў іншай краіне і не мела нават статусу нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Таму многія беларусы і ў той час падтрымлівалі ідэю аб’яднання. Нізавыя ячэйкі КПЗБ праводзілі работу па агітацыі насельніцтва. І гэта вельмі важны фактар.

— Невядома, як склаліся б ваенныя падзеі першага этапу Вялікай Айчыннай вайны, калі б граніцы былі іншыя...

— Менавіта заходнія граніцы прынялі на сябе першы і самы магутны ўдар нямецкай арміі. Гэта, хоць і ненадоўга, але стала стрымальным фактарам у наступленні нямецкай арміі. Менавіта на гэтых граніцах пачаў прабуксоўваць план «Барбароса», які быў скіраваны на тактыку бліцкрыгу, гэта значыць хуткай перамогі. Таму аб’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі мела яшчэ і стратэгічнае ваеннае значэнне.

— Мы шырока святкуем Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці. Як на ваш погляд, чаму Беларусі патрэбны і Дзень народнага адзінства?

— Тое, што беларусы змаглі аб’яднацца ў адну краіну, — вельмі важны грамадскі і палітычны фактар. У ХХ стагоддзі прыкладаў аб’яднання раздзеленых нацый у адну дзяржаву дастаткова. Напрыклад, у 1976-м аб’яднаўся В’етнам, у 1990 годзе тая ж Германія таксама аб’ядналася ў адну краіну. У той жа час мы назіраем і адваротныя працэсы, якія прыводзяць краіны да драблення. І такіх прыкладаў, на жаль, апошнім часам становіцца ўсё больш. А гэта не заўсёды мірныя працэсы, часта за імі стаіць нямала ахвяр. Магчыма, і на беларускую тэрыторыю знойдуцца жадаючыя. Гэта вельмі прывабны рэгіён у цэнтры Еўропы. Таму важна захаваць адзінства і ўспомніць той момант, калі яно адбылося. А гэта менавіта 17 верасня 1939 года.

Марграрыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.