Вы тут

Прыцаніліся да арэхаў і даведаліся, як іх правільна выбіраць


Калі Яблычны і Мядовы Спас вядомы шырока, то пра Арэхавы звычайна неяк забываюць. Між тым гэтае свята адзначаецца на наступны дзень пасля праваслаўнага Успення Багародзіцы, то-бок 29 жніўня. Традыцыйна гэта апошняе свята ўраджаю адыходзячага лета, у даўніну яно сімвалізавала завяршэнне жніва.


Але справа не ў Спасе, а ў тым, што арэхі неверагодна карысныя для здароўя, але ў рацыён на рэгулярнай аснове іх у Беларусі ўключаюць рэдка. Між тым яны валодаюць унікальным біяхімічным складам, утрымліваюць шырокі спектр вітамінаў і мікраэлементаў, тлушчы і бялкі (здольныя нават замяніць у рацыёне бялковыя прадукты жывёльнага паходжання). А вось вугляводаў у іх няма (калі, вядома, яны не ў цукровай глазуры). І, на думку дыетолагаў, якраз арэхі (і сухафрукты) з'яўляюцца ідэальным здаровым перакусам. Або дэсертам — у процівагу выпечцы. Карысныя ўласцівасці арэхаў можна пералічваць доўга: дабратворна ўплываюць на разумовую дзейнасць, павышаюць супраціўляльнасць арганізма негатыўным уздзеянням, падтрымліваюць прыгажосць валасоў і скуры, умацоўваюць зубную эмаль, павышаюць гемаглабін…

Зарабіць на арэхі

«Арэхавыя астраўкі» сёння ёсць практычна ва ўсіх гандлёвых цэнтрах і ў кожным больш-менш буйным супермаркеце. Але мы пойдзем на рынак у надзеі купіць іх танней. А заадно пагаворым з прадаўцамі пра тое, як правільна выбіраць арэхі.

Дарэчы, арэхі дарагія ўсюды ў свеце, паколькі належаць да прадуктаў, спажыванне якіх стабільна апярэджвае вытворчасць. На Камароўцы фундук каштуе 35 рублёў за кг (15—16 рублёў — у шкарлупіне), грэцкі арэх — у сярэднім 30 рублёў ядры і ад 7 да 10 — у шкарлупіне, кеш'ю — ад 35 да 45 рублёў за кг, фісташкі — 40—45 рублёў за кг, міндаль — 35 рублёў за кг.

— Дорага, — згаджаецца прадавец Святлана. — Але ж кілаграмамі арэхі ў асноўным не купляюць. Звычайна пакупнікі бяруць па 200, максімум 300 грам арэхаў двух-трох відаў.

Суразмоўніца распавяла, што найбольшым попытам карыстаюцца звыклыя пакупніку арэхі. Лідары продажаў — фундук, грэцкія, міндаль, фісташкі. Экзотыку, кажа Святлана, бяруць радзей і грам па 100—150.

— Досыць часта бяруць арахіс, таму што ён каштуе танней. Але ж арахіс — гэта не арэхі, — распавядае прадавец. — Гэта насенне расліны сямейства бабовых, таму так і кажуць: «земляны арэх». Гэтак жа, як кедравыя арэхі на самай справе таксама не арэхі — гэта насенне сібірскай кедравай хвоі.

Продажы на арэхавых латках маюць выразную сезоннасць, кажуць прадаўцы. Попыт узрастае зімой і вясной, пік продажаў — напярэдадні свят (навагодніх, 23 лютага, 8 сакавіка, Вялікадня). Але тыя, хто клапоціцца аб здаровым харчаванні, пачынаюць купляць арэхі менавіта цяпер — ужо пачалі падвозіць свежыя, новага ўраджаю.

— Напрыклад, вось кеш'ю па 40, а гэта — новага ўраджаю, ужо па 45, — тлумачыць Святлана. — У Беларусь кеш'ю прывозяць з В'етнама.

Арэхавы ўраджай будуць прывозіць з многіх краін свету аж да лістапада, кажа Малаахад (сама яна прыехала ў Беларусь з Узбекістана).

— Яшчэ лета не скончылася, а большасць арэхаў збіраюць восенню. Напрыклад, па грэцкія новага ўраджаю лепш за ўсё прыходзіць у кастрычніку-лістападзе: будзе вялікі выбар.

Самыя любімыя

Грэцкі арэх едзе на нашы сталы з Расіі, Украіны, Малдовы, Кыргызстана, Кітая, фісташкі і міндаль — з Польшчы, Ірана, Турцыі, Узбекістана, ЗША. Фундук, які мы купляем, прыехаў у Беларусь з Грузіі, Азербайджана і Турцыі. На пытанне пра беларускі фундук прадаўцы на Камароўцы разводзяць рукамі: пакуль такім не гандлявалі. Фундук — скарбніца кальцыю і калію: умацоўвае косці і дабратворна ўплывае на сэрца. Падтрымлівае імунітэт і валодае супрацьзапаленчым дзеяннем. Але каб арэшкі былі карыснымі, есці іх лепш сырымі або сушанымі, а не абсмажанымі: тэрмічнае ўздзеянне разбурае вітаміны. Купляць фундук дыетолагі раяць у шкарлупіне (так і танней, 16—18 рублёў за кілаграм, і карысней).

— Заўсёды расколем арэшак па просьбе пакупніка, — кажа прадавец Таццяна. — Але можна выбраць добры фундук і без гэтага.

Правільны фундук у шкарлупіне не павінен моцна грымець пры страсанні — калі гэта так, значыць, арэх даўно ляжыць і паспеў усохнуць, тлумачыць яна. Важна, каб шкарлупіна не была пашкоджанай — сколы, драпіны, дзіркі могуць казаць пра шкоднікаў унутры. Пачышчаны фундук выбіраюць па колеры: афарбоўка павінна быць аднастайнай, а арэшак — цяжкім. Пачышчаны фундук хутка можа стаць прагорклым, кажа суразмоўца.

— Пакаштаваць пакупнікам даяце?

— Гледзячы каму, — раздумліва адказвае Таццяна. — Калі відаць, што пакупнік сур'ёзны, то так, вядома. А то ходзяць тут часам аматары пакаштаваць — падлеткі, моладзь. У адзін бок прайшлі, каштуюць. Гляджу, назад ідуць, каштуюць. Наогул, на «пакаштаваць» тавар у нас не прадугледжаны, могуць і вылічыць з маіх грошай, калі шмат раздала.

Лепш, з пункту гледжання здаровага ладу жыцця, купляць у шкарлупіне і грэцкія арэхі. З пункту гледжання эканоміі — таксама (украінскія — усяго 7 рублёў кілаграм). Прынцыпы выбару тыя ж: з суцэльнай шкарлупінай, без расколін і адтулін. Свежы арэх у шкарлупіне будзе важыць больш, чым «пажылы», ядро аб шкарлупіну біцца не павінна.

Пачышчаныя ядры павінны быць залацістага колеру, цёмны колер сведчыць аб доўгім захоўванні. Панюхайце ядро — яно павінна пахнуць толькі арэхам і больш нічым.

— Чым яшчэ яно можа пахнуць?

— Сырасцю, — тлумачыць прадавец.

Падсохлыя арэхі часам замочваюць на некалькі гадзін у вадзе, і гэта павялічвае вагу ядраў. Але пры гэтым ядры набываюць лёгкі пах волкасці. Дарэчы, грэцкі арэх папярэджвае і лечыць хваробы шчытападобнай залозы, пастаўляе ў арганізм вітамін С і стымулюе работу галаўнога мозгу.

Самыя «жаночыя»

Самы жаночы арэх — гэта, вядома, міндаль — у ім больш за ўсё вітаміну Е (прыгажосць валасоў і скуры), і кальцыю (белыя зубы і здаровыя пазногці). Але з міндалем лягчэй за ўсё памыліцца, распавялі мне на рынку.

— Часам замест міндаля вам могуць прадаць костачкі абрыкоса, — распавядае Таццяна.— Калі гэтага «міндаля» з'есці шмат, будзе балець жывот: абрыкосавыя костачкі атрутныя. Але на Камароўцы такога быць не можа, тут усё правяраюць, і прадаўца, калі што, лёгка знайсці. А вось на аўтадарогах або каля метро трэба глядзець уважліва. Абрыкосавыя костачкі святлейшыя па колеры. І прадаюць такі «міндаль» вельмі танна.

Выбіраючы міндаль, звяртаем увагу на аднастайнасць колеру арэшкаў — плямкі і пацямненні сведчаць аб неналежным захоўванні прадукту.

Калі касметолагі і дыетолагі любяць міндаль, то фісташкі, мабыць, — любімыя арэшкі псіхолагаў. Справа ў тым, што мікраэлементы, якія ў іх змяшчаюцца, дапамагаюць справіцца з дэпрэсіяй і набыць душэўную раўнавагу пасля стрэсу. Але часта пакупнікі блытаюць сам арэх і закуску з яго.

— Свежыя фісташкі на рынку ёсць, але прыйдзецца пашукаць, — распавядае прадавец Святлана. — Часцей прадаюць салёныя фісташкі. Пасля збору іх замочваюць у расоле і абсмажваюць.

Выбіраць фісташкі — цэлая навука. Аказваецца, чым большы гэты арэшак па памеры, тым смачнейшы. Арэхі ў большасці павінны быць раскрытымі — гэта азначае, што яны саспелыя. Калі шкарлупіна не бела-жаўтлявая, а больш яркая, гэта можа быць вынікам ўздзеяння марынаду. А калі карычневая — арэшкі перасмажаны. Ядро арэха павінна высоўвацца са шкарлупіны. Калі яно схавана ў глыбіні, фісташкі недаспелі і раскалолі іх штучна. Саляны налёт на шкарлупіне — прыкмета доўгага захоўвання салёных фісташак. Купляць такія арэшкі не трэба.

Ну, а кеш'ю звычайна рэкамендуюць цяжарным. Жалеза і вітамін С перашкаджаюць анеміі і ўмацоўваюць імунітэт, магній дапамагае сэрцу, вітаміны групы В падтрымліваюць пры нервовых перагрузках, а пра «вітамін маладосці» Е мы ўжо згадвалі.

Кеш'ю можна купіць смажаным і сырым. Зразумела, сырым лепш: карысней. Пры выбары ўсё стандартна: не бяром перасушаныя ядры, аддаём перавагу цэлым арэшкам.

Крыху экзотыкі

Аб макадаміі яшчэ гадоў 10 таму ў нас ніхто і не чуў. Нядзіўна: Аўстралія далёка, а менавіта там радзіма экзатычнага арэха. Зрэшты, у Беларусь яго прывозяць у асноўным з В'етнама. Кажуць, гэты арэх абараняе ад заўчаснага старэння, забівае патагенныя бактэрыі, паскарае аднаўленне клетак, а калі есці яго рэгулярна, то арганізм будзе абаронены нават ад анкалогіі. Але рэгулярна — занадта дорага (35—45 рублёў кілаграм). І да таго ж усё гэта ўласцівасці арэха, а не кулінарных варыяцый на яго тэму. А прадаюць у нас менавіта варыяцыі.

— Я спрабавала свежую макадамію — яна мае ледзь чутны саладкавы прысмак і падобная па смаку на наш фундук, — падзялілася Святлана.

Дзіўны шакаладны прысмак, аказваецца, не якасць заморскага арэха, а асаблівасць яго гатавання.

— Каб быў гэты шакаладны прысмак, макадамію проста ў шкарлупіне вараць або абсмажваюць — па-рознаму — у цукры з ванілінам. У выніку атрымліваюць смак, які так падабаецца пакупнікам. І праўда вельмі смачна — такія арэшкі рэальна замяняюць цукеркі. Купляюць іх як прысмакі — папесціць сябе і дзяцей.

З-за тлустасці макадамія лёгка прагаркае, так што выбіраем сухія навобмацак арэшкі сярэдняга памеру, без заган шкарлупіны і алеістага налёту на ёй.

Пекан жа, у сваю чаргу, падобны на смак на грэцкі арэх, распавяла Святлана. Ды яны і сваякі, толькі ядры пекана далікатнейшыя па тэкстуры, шкарлупіна танчэйшая (усяго 1 мм) і без перагародкі. Аказваецца, пекан — самы «мужчынскі» арэх: цынк, які ўваходзіць у яго склад, актывізуе работу мужчынскай гарманальнай сістэмы, фоліевая кіслата павышае актыўнасць сперматазоідаў, а вітамінны «кактэйль» у складзе арэха аднаўляе клеткі прастаты. Асаблівым попытам пекан у пакупнікоў не карыстаецца, кажуць прадаўцы, таму і ёсць не ў кожным арэхавым гандлёвым пункце. Цана заморскіх арэшкаў — 50—65 рублёў за кілаграм. Прывозяць іх да нас ажно з Аргенціны.

Зрэшты, рэгулярна купляюць пекан маладыя людзі, якія качаюцца. Аказваецца, гэтыя арэхі — частка дыеты бодзібілдараў: у іх шмат бялку і тлустых кіслот, што дапамагаюць засвойвацца бялку.

— Браць пекан трэба толькі ў шкарлупіне і есці ядры адразу ж, як пачысцілі. На паветры яго карысныя ўласцівасці знікаюць, — навучае Святлана. — Так што чышчаны пекан купляйце толькі ў вакуумнай упакоўцы.

І, нарэшце, гіганцкі бразільскі арэх — таксама, безумоўна, экзотыка. Да нас ён прыязджае... правільна, з Бразіліі, прадаюць яго на Камароўцы па 45 рублёў за кілаграм. Як і іншыя арэхі, бразільскі змяшчае шмат бялку і клятчаткі. Яго любяць купляць веганы: ён замяняе ў рацыёне тлустае мяса.

— Сярод пастаянных кліентаў у мяне ёсць адна дзяўчына, яна ўжо тры гады на сыраядзенні, — распавядае Святлана. — Кажа, што кожны дзень перад сняданкам з'ядае 2 бразільскія арэшкі і яшчэ некалькі — перакус у сярэдзіне дня.

Але наогул з'ядаць больш за 2 ядры гэтага арэха ў дзень непажадана: бразільскія арэхі ўтрымліваюць небяспечныя барый і радый, і калі захапляцца імі, гэтыя мікраэлементы назапасяцца ў арганізме. Выбіраць бразільскі арэх нескладана: ядры павінны быць цвёрдымі і гладкімі. Калі тэкстура арэха гумавая, есці яго не трэба.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Арэхавы Спас — прысмакі для вас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.