Вы тут

Арганізатар праекта «Вытокі» Валянціна Дыніч: Фестываль не заканчваецца!


Ліда, Орша, Кобрын, Мазыр, Бабруйск, Салігорск — гарады, на якія гэтым летам інакш паглядзела ўся краіна. Сёлета яны чарговы раз увайшлі ў гісторыю Беларусі. Гэтыя гарады першымі прымалі культурна-спартыўны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу». Адзін з арганізатараў новага беларускага свята — кампанія «БелБрэндАўдыт». Разам з галерэяй «АртХаос», Нацыянальным алімпійскім камітэтам, Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі яны дапамаглі беларусам інакш паглядзець на сябе і на сваю краіну. Напрыканцы лета арганізатары і ўдзельнікі з усёй краіны збяруцца ў Мінску, каб падвесці вынікі і, вядома, вызначыць планы на будучыню. А пакуль для «Звязды» гэта зрабіла Валянціна Дыніч, дырэктар кампаніі «БелБрэндАўдыт».


— Валянціна Іванаўна, цяпер усе размовы пра вынікі праекта «Вытокі. Крок да Алімпу». А вы памятаеце, як усё пачыналася?

— Першапачаткова праект задумваўся ў лакальным маштабе. Ініцыятарамі былі «БелБрэндАўдыт» і галерэя «АртХаос». Мы планавалі рабіць акцэнт на адукацыі, мастацтве і на ўсім тым, што называецца культурай. І нам вельмі пашанцавала. Душа, розум — усё гэта было задзейнічанае ў мастацтве, нашых семінарах, але... цела таксама павінна працаваць! І таму падключыўся спорт, змянілася культурная праграма, яна стала больш відовішчнай — усё адбывалася натуральна. Гэта было летам мінулага года, калі закрыліся граніцы і ўсе сумавалі, нікуды не выходзілі. Мне здаецца, у той час свет ужо дайшоў да мяжы, калі праз глабалізацыю, важныя сусветныя праблемы пачало губляцца галоўнае ў самім чалавеку. І вяртанне да сваёй гісторыі, культуры было натуральным крокам. Менавіта летась мы зразумелі, што трэба нешта рабіць, абапіраючыся на сваё, роднае. Назва «Вытокі» з'явілася пазней і стала сімвалам таго, адкуль і куды мы ідзём. Бо, абапіраючыся на гісторыю, мы ўсе будуем сваю будучыню. А ў гісторыі заўсёды шукаем нейкія прыклады, аналогіі, базу. І з тым, што знайшлі, выбудоўваем шлях. Зразумела, што на гэтым шляху патрэбна арыентавацца на свае карані.

Мне хочацца падкрэсліць асаблівую ролю Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў праекце «Вытокі. Крок да Алімпу». Камітэт дадаў дынамікі. Той уплыў, які фестываль набыў і пачаў аказваць пасля, стаў магчымы дзякуючы НАК і Федэрацыі прафсаюзаў. Алімпійскі дзень жа і раней праводзіўся, але толькі ў Мінску. А так, я думаю і алімпійскі камітэт упэўніўся, што ў рэгіёнах цікавейшае жыццё. І мы ўсе ў гэтым упэўніліся.

— Мінулае лета стала часам, калі ўсе пачалі актыўна вандраваць па Беларусі...

— І захапляцца тым, што тут ёсць. І цяпер у знакамітую песню «Каб любіць Беларусь, нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць» трэба ўстаўляць «у родных краях пабываць». І, пабываўшы тут, усклікнуць: «Колькі ў нас усяго цікавага!».

Аўтарскія лыжкі.

— Цяпер, калі ў гэтым годзе фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» заканчваюцца, можаце падвесці вынікі? Ці ўсё задуманае ўдалося ажыццявіць?

— Некаторыя моманты нават пераўзышлі нашы чаканні. Мы рэалізавалі ўсё, што хацелі, на 100 працэнтаў. Многае мы ўбачылі ўжо падчас фестывалю і па дарозе падхапілі пэўныя моманты. Мы крыху інакш планавалі канцэртную праграму, але атрымалася так, як атрымалася. Магчыма, спачатку мы менш думалі пра конкурсы, але яны былі выдатнымі. Вельмі хочацца, каб усе разумелі, што фестываль не заканчваецца. І не таму, што мы будуем планы і думаем, якім фестываль будзе на наступны год. А таму, што падчас кожнага мерапрыемства, у кожным горадзе разглядаўся стан унутранага турызму, рэгіянальных ініцыятыў, у тым ліку і маладзёжных. У многіх рэчах мы можам быць карыснымі. Мы не абмяжоўваемся простым правядзеннем фестывалю, не кажам «Мы знайшлі і ідзём далей». У нас ёсць задача — вырашыць, што рабіць з неабыякавымі людзьмі, з праектамі, якія мы адкрылі. У кожным рэгіёне вельмі шмат энтузіястаў, і гэта сапраўды выдатная суполка. З гэтымі людзьмі трэба працаваць, каб усе іх ідэі былі рэалізаваныя. Таму цяпер мы думаем, які працяг даць кожнаму кругламу сталу, семінару і размове, якія праводзілі гэтым летам.

— Канкрэтныя ідэі ўжо ёсць?

— Мы зрабілі брашуру па слядах семінараў «Маладзёжны брэнд». Мы адбіралі няшмат праектаў, каб кожны меў магчымасць на рэалізацыю, і не ў далёкай, а ў блізкай перспектыве. Падчас фестывалю ў Мінску мы збяром аўтараў гэтых праектаў, правядзём для іх кансультацыю з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў. Спадзяюся, у рэалізацыі праектаў гэта будзе вялікі крок. Мы акумуліруем літаратурныя творы, якія былі прадстаўленыя на нашых літаратурна-музыкальных салонах. Мы ўбачылі, што ў рэгіёнах ёсць выдатныя паэты. Я не буду ацэньваць іх прафесійна, але хачу ацаніць тых, хто сваімі творамі закранае душу. Многія ўмела і вельмі трапна выкарыстоўваюць дыялекты. Магчыма, мы арганізуем для іх публікацыю ў часопісах пад асобнай рубрыкай. Гэта, можа быць, не вялікая паэзія, але трэба паказаць усім такое душэўнае слова.

— У музеі «Палеская веда» ў Мазыры вы прапанавалі цікавую ідэю — выкарыстоўваць музейныя экспанаты на ўроках фізікі. Напрыклад, паказваць школьнікам, як нашы продкі падтрымлівалі агонь у хаце ці займаліся бортніцтвам. А яшчэ падобныя незвычайныя ідэі ў вас былі?

— У кожным рэгіёне было мноства ідэй. Напрыклад, ёсць выдатны праект «Пазнай Кобрын». І ўсе матэрыялы гэтага праекта можна выкарыстоўваць у школе. Праект пачаўся, у тым ліку, знаёмствам з асобай матэматыка Аскара Зарыскага, які жыў у Кобрыне. І гісторыі выдатных людзей, звязаных з нашай краінай, можна ўключыць у кожны падручнік, па фізіцы, па матэматыцы, па хіміі і г. д. І не проста згадаўшы іх імёны, а падкрэсліўшы іх ролю ў развіцці навукі, тэхнікі, тэхналогій. І вучні інакш паглядзяць на гэтыя прадметы. У кожнага будзе сваё стаўленне да прадмета. І такіх прыкладаў можна праводзіць безліч.

Гульня «Хатнік».

— А які працяг будзе ў круглых сталоў, прысвечаных гісторыка-культурнай спадчыне кожнага горада?

— Увогуле, вельмі добра, што мы пачыналі праграму фестывалю менавіта з круглых сталоў. Экскурсаводы, супрацоўнікі краязнаўчых музеяў выдатна ведаюць свой рэгіён. На кожным круглым стале былі тыя, каму не ўсё роўна. Мы з імі знаёміліся, абменьваліся кантактамі. І я спадзяюся, што мы ўсе разам сустрэнемся і вырашым, як нам аб'яднаць намаганні.

— Вельмі цікава, што першы дзень фестывалю пачынаўся з круглага стала аб гісторыка-культурнай спадчыне, а завяршаўся адкрыццём выстаўкі сучаснага мастацтва. Сапраўды «Кола часу»...

— Вельмі многае залежыць ад людзей. І нам пашчасціла сустрэцца з тымі, хто разумее, што мінулае само па сабе вельмі цікавае, але трэба знайсці ў ім тое, што зацікавіць сучаснікаў. І ў кожным рэгіёне былі выдатныя партнёры і аднадумцы, якія на сваю гісторыю глядзелі з сучаснай пазіцыі, і дзякуючы гэтаму ў нас заўсёды былі тэмы для размовы. Напрыклад, выдатны музей у Мазыры і яго канцэпцыя: кожная экспазіцыя — адзін жыццёвы этап. Гэта ж зрабіў сучасны чалавек, спецыяліст. Проста сабраць старыя рэчы — вельмі міла. Але гэта можа не закрануць так, як закранае, калі глядзець на іх з пазіцыі сучаснасці. Мы нікога не заганялі на нашы мерапрыемствы. Для нас галоўнай была якасць, а не колькасць. І «Вытокі» — гэта мерапрыемства, якое стала адгукацца сваім пасылам «а давайце абмяркуем, нам гэта цікава, і потым давайце зробім».

— Валянціна Іванаўна, аб'ехаўшы ўсю краіну, ці адкрылі вы нейкія рэчы, якія вас асабіста вельмі здзівілі?

— Пачну з людзей. У нас столькі вельмі цікавых народных майстроў! Выдатныя людзі дасканала ведаюць і адстойваюць свае тэхналогіі. І яны ведаюць гісторыю свайго занятку. Мы ўсе разумеем, што з гліны робяць розныя рэчы, абпальваюць яе ў печы. Але я не ведала, што часам яе абпальваюць з мукой. А ад гэтага атрымліваецца такі цікавы малюнак, мне здаецца, нават пах іншы ў вырабу, і форма іншая. І з гэтай тонкасцю звязана столькі традыцый. У Мазыры мяне вельмі здзівілі іх збіцень і медавуха. Я вельмі разлічваю, што пасля «Вытокаў» у кожнага рэгіёна з'явяцца свае аматары па ўсёй краіне.

— А сярод творчых праектаў што б вы маглі вылучыць?

— Было шмат цікавых праектаў, прысвечаных расповедам аб рэгіёне праз мабільныя дадаткі (напрыклад, праект з Ліды). Сёння гэта вельмі важна і цікава. Яшчэ я б вылучыла праект па стварэнні лыжак. Майстар сам вырабляе лыжкі для кожнага індывідуальна, для дзяцей, для дарослых. Ён размалёўвае іх экалагічна чыстымі фарбамі. Здавалася б, мы столькі гэтых лыжак бачылі, а яго пасля выступлення 15 хвілін не адпускалі. У Кобрыне была прадстаўлена цікавая гульня для дзяцей і дарослых «Хатнік». Яна вырашае мноства задач, дамагае пазнаёміцца з народнымі майстрамі рэгіёна. У Віцебску школьнікі робяць выдатны экалагічны праект у выглядзе гульні тыпу «манаполіі». Цікавыя праекты можна пералічваць і далей. І мы сабе не даруем, калі яны не ўбачаць свет.

— Адным з крытэрыяў выбару горада для фестывалю была спартыўныя гісторыя. Валянціна Іванаўна, можаце кожнаму гораду даць невялікую характарыстыку, на якую вы абапіраліся, выбіраючы яго?

— Сапраўды, Нацыянальны алімпійскі камітэт глядзеў на спартыўнае жыццё горада, мы — на асаблівасці культуры і гісторыі. І хачу сказаць, што мы не супалі толькі ў Мінскай вобласці. У Кобрыне выдатнае спалучэнне вялікіх імёнаў, народных традыцый. Я нават не магу вылучыць нешта адно. Там і вялікае імя Суворава, найцікавейшыя падзеі вайны 1812-га і іншых гістарычных перыядаў, унікальны строй Лелікаўскай свахі. Мазыр — асаблівае Палессе, і якія там багатыя традыцыі тэатра, выяўленчага мастацтва! Бабруйск — гэта відавочная культура, якую абавязкова трэба было падкрэсліць і паказаць, як людзі розных рэлігій жылі разам і сябравалі, паважалі адзін аднаго. Гісторыя горада стала нагодай для вельмі важнай размовы. Орша цікавая не толькі сваёй ваеннай гісторыяй. Гэты горад мае вялізны патэнцыял для вытворчага турызму, цяпер гэта актыўна развіваецца. Оршу вылучае лён, які праходзіць праз усё наша жыццё. А там жа і інстытут лёну, і аршанскі льнокамбінат. Салігорск падае прыклад, як быць маладым і ў той жа час культываваць сваю гісторыка-культурную спадчыну. Беларусь заўсёды славілася сваімі тэхнарамі, і Салігорск таксама гэтым вылучаецца. У Лідзе я б вылучыла непаўторную гістарычную частку і супрацоўнікаў музея, якія вельмі добра адчуваюць час.

— Валянціна Іванаўна, доўгі час ідуць размовы аб стварэнні турыстычнага брэнда Беларусі, але выніку няма. На вашу думку, «Вытокі» змогуць паспрыяць яго з'яўленню?

— Я адкажу: і так, і не. Дзякуючы «Вытокам» мы ўбачылі, што рэгіёны вельмі розныя і вельмі цікавыя самі па сабе. І ў выніку гэта можа аб'яднацца ў брэнд, як з нітак атрымліваецца дыван. Але да гэтага трэба прыйсці і ісці трэба менавіта ад рэгіёнаў. І, на мой погляд, наш слабы бок у тым, што рэгіёны часта капіруюць адзін аднаго, не вылучаюць свае адметнасці А брэнд — гэта адметнасць, тое, што вылучае. І калі самі рэгіёны вызначацца, чым яны адрозніваюцца, тады і ўзнікне брэнд краіны. Гэта як мазаіка, якая складаецца з розных кампанентаў. І вось дзякуючы «Вытокам» з'явяцца спачатку брэнды рэгіёнаў, а потым ужо і краіны. Сапраўды, былі розныя спробы зрабіць брэнд, і таленавітыя людзі іх рабілі. Але брэнд — гэта тое, што нельга проста так прыдумаць. Ён сам з'явіцца. Бо брэнд — гэта станоўчая рэакцыя на нешта, і каб яна ўзнікла, трэба самому зацікавіцца.

— Спіс гарадоў для правядзення фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» на наступны год ужо складзены?

— Не пакуль. Сёлета фестываль быў прысвечаны 30-годдзю Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Але я ўпэўнена, што спорт, здаровы лад жыцця, сямейныя каштоўнасці застануцца тэмамі праекта. Як і ўшанаванне свайго, беларускага. Аб гарадах ёсць час падумаць. Але магу сказаць, што з вялікай доляй верагоднасці гэта будуць гарады, аб якіх мы ведаем менш, чым яны заслугоўваюць.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні і НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Змены ў падатковы кодыэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодыэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.