Вы тут

Пераход беларускай школы на новыя навучальныя планы фінішуе


Пераход беларускай школы на новыя навучальныя планы, які распачаўся ў 2015/2016 навучальным годзе, фінішуе. З 1 верасня па новых навучальных планах будуць навучацца ўжо і вучні адзінаццатых класаў (на базавым і павышаным узроўнях). Пра гэта паведаміла журналістам начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА.


Фота: pixabay.com

У бягучым годзе запланавана выдаць 41 вучэбны дапаможнік, з іх 14 — па новых праграмах для адзінаццацікласнікаў. Да 1 верасня ўсе вучэбныя дапаможнікі будуць дастаўлены ў школы. Таксама электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў, рэкамендаваных для выкарыстання ў навучальным працэсе, можна знайсці на Нацыянальным адукацыйным партале.

Усяго ў новым навучальным годзе за парты сядуць 1 мільён 85 тысяч навучэнцаў. На працягу шэрагу апошніх гадоў і агульная колькасць школьнікаў, і колькасць першакласнікаў у нашай краіне працягвала расці. Так, у бягучым годзе ў першыя класы прыйдуць 118 тысяч дзяцей.

Сёння практычна ва ўсіх школ ужо ёсць сертыфікаты гатоўнасці. «Пры падпісанні такіх сертыфікатаў улічваецца не толькі завяршэнне рамонтных работ, — падкрэсліла Ірына Каржова. — Пад увагу бярэцца забеспячэнне ўстаноў адукацыі педагагічнымі кадрамі, падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі, метадычнымі матэрыяламі... Дарэчы, сістэму адукацыі сёлета папоўняць шэсць тысяч маладых спецыялістаў».

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя пачатку навучальнага года і Дню ведаў, пройдуць ва ўстановах адукацыі 1 верасня з удзелам запрошаных прадстаўнікоў шэфскіх арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх дзеячаў, вядомых выпускнікоў.

У новым навучальным годзе на старшай ступені школы будуць дзейнічаць педагагічныя, аграрныя класы, класы спартыўна-патрыятычнага і ваенна-патрыятычнага профіляў.

Для навучэнцаў базавых класаў старшай школы прадугледжаны курс прафесійнай падрыхтоўкі ў рамках прадмета «Працоўнае навучанне».

«У 2021/2022 навучальным годзе актуалізаваны пералік прафесій, якія могуць засвойвацца навучэнцамі 10—11-х класаў. Гэты пералік прадугледжвае толькі тыя прафесіі, па якіх магчымая здача кваліфікацыйнага экзамену, — падкрэсліла Ірына Каржова».

Асобнае месца ў гэтым навучальным годзе адводзіцца адукацыйным экскурсіям, якія праводзяцца ў рамках вывучэння вучэбных прадметаў.

— З 1 верасня запланавана рэалізацыя пілотнага праекта, у рамках якога будуць арганізаваны экскурсіі для навучэнцаў 10—11-х класаў — адна экскурсія на паўгоддзе, — паведаміла Ірына Каржова. — Для кожнай вобласці падрыхтаваны пералік экскурсійных аб'ектаў, рэкамендаваных для абавязковага наведвання ў рамках тэм вучэбных прадметаў, распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па правядзенні такіх экскурсій.

Таксама з 1 верасня ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўводзіцца новая пасада — кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. Асноўныя напрамкамі дзейнасці новых спецыялістаў у школе — патрыятычнае выхаванне, каардынацыя работы па арганізацыі дапрызыўнай падрыхтоўкі, у тым ліку ўзаемадзеянне з камандзірамі воінскіх часцей, падраздзяленняў, начальнікамі ваенных факультэтаў і кафедраў, кантроль за захаваннем патрабаванняў па ахове працы і правіламі пажарнай бяспекі.

Службовыя абавязкі і кваліфікацыйныя патрабаванні кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, умовы аплаты іх працы зацверджаныя адпаведнымі прававымі актамі. У тыпавыя штаты ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўведзена пасада «кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні».

Ірына Каржова дадала, што новы спецыяліст, акрамя выканання сваіх асноўных абавязкаў кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, зможа весці ў школе вучэбныя заняткі па дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы, займацца арганізацый вучэбна-палявых збораў для дзесяцікласнікаў, весці прадмет «Асновы бяспечнай жыццядзейнасці», факультатыў па бяспечнай жыццядзейнасці і факультатыўныя заняткі ваенна-патрыятычнай накіраванасці, праграмы якіх ужо зацверджаны.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Адукацыйны патэнцыял экскурсій

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?