Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Калій — брэнд нашай краіны


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у святочнай цырымоніі ўвода ў эксплуатацыю Петрыкаўскага ГАК. Націскам кнопкі пульта кіравання ён разам з Іванам Галаватым запусціў буравы камбайн у прысутнасці калектыву прадпрыемства. 


Гэты дзень кіраўнік краіны назваў гістарычным для Беларусі, бо адкрываецца чарговы знакавы аб’ект.

«3апасаў калійнай руды, па вашых ацэнках, тут хопіць на 100 гадоў, на цэлае стагоддзе. Калій — брэнд нашай краіны. Нам пашанцавала, што айчынныя нетры багатыя чырвоным золатам. Попыт на яго велізарны і расце год ад годa», — сцвярджае Прэзідэнт.

Такі ажыятаж на рынку ён тлумачыць запытам на харчаванне — каля мільярда чалавек не даядае, паўмільярда галадае.

«Гэта сельская гаспадарка. А харчаванне — гэта зямля, глеба. А без угнаенняў ніякага харчавання быць не можа. Таму запыт на ўгнаенні ўвогуле, і калійныя ў тым ліку ў свеце расце і будзе расці», — дадае Прэзідэнт.

Па яго словах, «Беларуськалій» — адзін з вядучых гульцоў на сусветным pынку угнаенняў, займае ў ім больш за 20%. Але галоўнае, акцэнтуе кіраўнік краіны, «Беларуськалій» — самы надзейны партнёр у свеце і яго, дзяржаўную кампанію, выбіраюць для супрацоўніцтва з году ў год.

«І мы ніколі не падводзілі і не падвядзём сваіх партнёраў. Нават у тых умовах, што нам сёння стварае калектыўны Захад. Нас выпрабоўваюць на трываласць разнастайнымі санкцыямі ЗША, краіны ЕС, калі беглыя апазіцыянеры гэтыя санкцыі выпрошваюць. І ў гэты час мы нікога не падводзілі. Мы выканаем свае абавязкі і ўвесь створаны тавар у Беларусі мы прададзім, чаго б гэта нам не каштавала»,— заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

У час санкцый кампанія шукае новыя рынкі паставак, новыя магчымасці дастаўкі тавараў. У нашых калійных угнаеннях зацікаўлены Кітай, Бразілія, Індыя і іншыя краіны, а гэта палова насельніцтва планеты.

У калійных угнаеннях, заўважае Прэзідэнт, мае значную праблему суседняя Украіна. І нягледзячы на палітычныя праблемы, вядуцца перамовы, каб захаваць эканамічныя сувязі з ёй.

«Свет вялікі, і з-за пандэміі каранавіруса на планеце яшчэ вастрэй паўстала пытанне забеспячэння харчаваннем, а значыць, і ўгнаеннямі. І нам, беларусам, працавітым людзям з мазгамі цяжка паверыць, што праблема голаду актуальна ў 21 стагоддзі. Тым не менш, гэта так. Таму з уводам Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу мы ўзмацняем свае пазіцыі на сусветным калійным рынку»,— сказаў Прэзідэнт.

Але, што важна, паводле яго, увесь Петрыкаўскі раён атрымоўвае новы стымул для развіцця і, верагодна, хутка дагоніць Салігорск па ўмовах жыцця.

«Ужо зроблена нямала. На добраўпарадкаванне горада выдзелена каля 50 мільёнаў рублёў, абноўлена амаль уся яго інфраструктура. Я хачу, каб петрыкаўцы разумелі, што гэта сабралі з усёй краіны. І ў гэтым перавага нашага сацыяльнага ўкладу і развіцця, калі пакрыху ствараем апорныя крокі развіцця нашай дзяржавы», — канстатуе кіраўнік краіны.

«Вы ведаеце мае адносіны да палешукоў. Палессе — гэта соль беларускай нацыі. Тут сапраўдныя беларусы жывуць, як бы камусьці гэта не падабалася. Але сапраўдныя беларусы таксама змяняюцца, не заўсёды да лепшага,— адзначае Прэзідэнт. — Палешукі адрозніваюцца ад жыхароў Заходняй Беларусі. І ў мяне заўсёды была мара — прыкласці максімум намаганняў для адраджэння нашага Палесся».

Аляксандр Лукашэнка адзначае, што ўжо зроблена шмат у Жыткавічах, Тураве, а Петрыкаў некалькі адставаў. Існуе праблема, што новы ГАК перахопіць працоўную сілу ў сферы сельскай гаспадарцы.

«Мы стварылі добрыя працоўныя месцы, дзе можна зарабляць грошы. Але атрымалі іншую праблему — недахоп працоўных рук вакол. Мы чакаем украінцаў тут. Я намякаю дэпутату парламента ўкраінскага (Яўген Шаўчэнка прысутнічаў у зале. — „Зв.“), — дадае Прэзідэнт і нагадвае, што ўсім украінцам і расіянам, што жывуць у Беларусі, дадуць да канца года грамадзянства. — Нам вельмі неабходны зараз рабочыя рукі. Не толькі ў сельскай гаспадарцы. Задума была такая: развіць Прыпяць, Палескі край. І гэта жамчужына, якую мы будавалі каля 10 гадоў, якраз укладваецца ў гэтую задуму».

Прэзідэнт мяркуе, што пра Петрыкаў будуць гаварыць больш з часам, чым аб Салігорску, бо тут людзі іншыя, сапраўдныя беларусы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пабудуюць для супрацоўнікаў ГАК каля 800 кватэр. 1 верасня пачне працаваць сучасны дзіцячы садок на 240 месцаў. Але гэта не проста садок, а сапраўдны цэнтр для дашкольнага развіцця.

«Там будуць самыя развітыя дзеці. Такіх цэнтраў у свеце ніхто не стварае. Толькі ў нашай сацыялістычнай Беларусі, як кажуць. Хай называюць, як хочуць, але дзеці ў нас будуць у палацы вучыцца. Такіх цэнтраў у Беларусі няшмат налічым»,— сказаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт падзякаваў усіх, хто спрычыўся да ўзвядзення камбіната, — будаўнікоў, праекціроўшчыкаў, шахцёраў. На яго затрацілі каля 1,25 мільярда долараў, сэканоміўшы больш за 200 мільёнаў.

«Я адчуваю гонар за ўсіх вас, выдатных спецыялістаў і майстроў сваёй справы. Работы выконваліся выключна беларускімі падраднымі, праектнымі, будаўнічымі, мантажнымі арганізацыямі. А доля айчыннага абсталявання склала каля 90 працэнтаў. То-бок усё зрабілі самі, сваімі матэрыяламі», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Адкрыццё камбіната прымеркавана да Дня шахцёра, які адзначаюць у апошнюю нядзелю жніўня. Таму асаблівыя словы падзякі і пажаданні Прэзідэнт накіраваў працаўнікам і да прафесійнага свята.

Асабліва ён адзначыў іх смеласць. Успамінае, як сам аднойчы з яшчэ зусім малым сынам спусціўся ў шахту. Да гэтага часу ў яго засталося ўражанне, як стракатала яе вяршыня.

«Я думаю, гэта ж трэба прывыкнуць, каб працаваць там і не баяцца. Вось трашчыць усё над табой. Я ў камбайнера пытаю: «Абваліцца можа?» Ён кажа: «Можа, але наўрад ці», — нагадвае Прэзідэнт свой першы візіт да шахцёраў.

Па яго словах, сёння калійныя шахты дапамагаюць не толькі дабываць угнаенні, але і лячыць у спелеакамерах хворых.

«Шмат шахцёры падарылі Беларусі, не кажу пра тое, што дапамагаюць і спорту, і ахове здароўя. Вы малайцы. Шчыры вам дзякуй»,— сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У завяршэнне ён заўважыў, што ўвесь свет ад Украіны да Кітая перажывае цяжкія часы.

«І вы павінны разумець, што нас ніхто не чакае. А калі і чакае, то на плантацыях, як часта ўкраінцы кажуць, у палякаў, немцаў збіраць клубніцы. Дык лепей у сябе вырошчваць гэта і ў свабодны ад працы час займацца карыснай працай, — мяркуе кіраўнік краіны. — Цаніце сваю зямлю. Лепшага краю, як Беларусь, асабліва ў вас тут, на Палессі, у свеце няма. А мы будзем старацца ствараць для вас умовы, каб вы маглі карміць сваіх дзяцей».


Каментарый у тэму

Іван Галаваты, генеральны дырэктар «Беларуськалія»:

«Толькі ў Беларусі гэта галіна захавала сябе пачынаючы ад праектавання, працягваючы шахтабудаваннем і заканчваючы дабычай і перапрацоўкай руды. Гэта, сапраўды, гонар былога Савецкага Саюза. Ацэньваючы маштабы будаўніцтва, рэалізаваныя ў Петрыкаўскім раёне, можна сказаць, што праграма, зацверджаная на шостым Усебеларускім народным сходзе аб сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі на 2021-2025 гады, рэалізавана на гэтай зямлі. Асноўныя мэты праграмы — стабільнасць у кожнай сям’і, магчымасць для рэалізацыі, доступ да медыцынскай сферы, адукацыі тут ёсць. Сёння, улічваючы сярэдні ўзрост калектыву, а ён складае 33 гады, я ўпэўнены, што ён яшчэ парадуе сваімі працоўнымі поспехамі і дасягненнямі».

Марыя ДАДАЛКА

Петрыкаўскі раён

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.