Вы тут

Напярэдадні навучальнага года ў Лідскім замку прайшло свята для дзяцей з няпоўных сем’яў


Мерапрыемства зладзіў Беларускі саюз жанчын пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама мясцовых уладаў. Сустрэча стала адным з этапаў рэспубліканскай акцыі «Збяром партфель разам», што праходзіць на працягу жніўня. На гэты раз арганізатары аказалі дапамогу дзецям Лідскага раёна, якія выхоўваюцца адной маці альбо адным татам.


Па словах першага намесніка грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Святланы Сітнікавай, дабрачыннай акцыяй у рэспубліцы ахоплены не адна тысяча сем’яў. У кожнай вобласці арганізацыя мяркуе выдаткаваць на гэтыя мэты каля 20 тысяч рублёў. Кожнае мерапрыемства праходзіць па-свойму. Напрыклад, многія шматдзетныя сем’і атрымалі падарункі на даму. У некаторых выпадках ладзяцца масавыя сустрэчы.

Гэта свайго роду дабрачынны марафон, у рамках якога ёсць магчымасць дапамагчы дзецям, асабліва ў шматдзетных, маламаёмных сем’ях, дзе некалькі школьнікаў. Падрыхтаваць іх да навучальнага года бывае складана. Гэтым разам у Лідзе сабраліся няпоўныя сем’і, у якіх дзеці засталіся альбо з маці, альбо з татам. Для школьнікаў мы падрыхтавалі неабходныя канцтавары, спартыўны інвентар, пачастункі. Бацькі атрымалі сертыфікаты для набыцця неабходных тавараў, — расказала Святлана Сітнікава.

Прадстаўнік жаночай арганізацыі адзначыла, што вельмі важна, каб дзеці адчулі сапраўднае свята. Так і здарылася. Лідскі замак стаў святочнай пляцоўкай з гульнямі, забавамі і рыцарскімі турнірамі. Быў зладжаны і салодкі стол. Для малодшых дзетак цікавую праграму падрыхтавалі мімы і клоўны.

Шасцігадовы Аляксей Нічыпарчык з гордасцю заявіў, што хутка стане школьнікам. На свята ён прыйшоў са сваёй маці Анастасіяй і малодшай сястрой. У сям’і трое дзяцей, якія вясной гэтага года засталіся без таты. Лётчык Андрэй Нічыпарчык разам са сваім напарнікам Мікітай Куканенкам адвялі ад населенага пункта няспраўны самалёт, але самі загінулі. Родныя, калегі, сябры робяць усё магчымае, каб падтрымаць шматдзетную сям’ю. Далучаюцца і грамадскія арганізацыі.

Увогуле, для шматдзетных сем’яў прадугледжаная значная фінансавая падтрымка да новага навучальнага года. Так, у рамках дзяржаўнай праграмы «Дэмаграфічная бяспека і здароўе нацыі» школьнікам выдаткаваны 22 мільёны рублёў. Толькі адраснай дапамогі шматдзетным накіравана звыш 12 мільёнаў рублёў. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

Не застаюцца ўбаку і мясцовыя ўлады, праінфармавала старшыня Лідскага райсавета Інэса Белуш. Напрыклад, у жніўні дапамогу атрымалі 3,5 тысячы дзяцей Лідчыны на агульную суму 214 тысяч рублёў. Да гэтага трэба дадаць і дапамогу з іншых крыніц, грамадскіх арганізацый. Свята ў Лідскім замку якраз з ліку такіх прыемных падзей.

Дзевяцікласнік Кірыл і шасцікласнік Станіслаў Запаснікі каля сцен замка захапіліся стральбой з лука. А яшчэ яны любяць займацца конным спортам у роднай вёсцы, наведваюць у школе гурткі. Іх бацька Аляксандр Мячаслававіч задаволены, што сям’я атрымала столькі карысных падарункаў да школы. Так здарылася, што ён адзін выхоўвае сыноў. Але дапамогу адчувае пастаянна. Як з боку дзяржавы, так і мясцовай сяльгасгаспадаркі, дзе працуе. Зараз яны жывуць у добраўпарадкаваным саўгасным доме, а нядаўна атрымалі і кватэру ў Лідзе.

Дарэчы, апошнім часам нямала ўвагі надаецца менавіта ўдзелу таты ў выхаванні дзяцей. Старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ірына Сцепаненка паведаміла, што ў Гродне нядаўна адкрылі Школу паспяховых татаў, дзе займаліся больш 30 чалавек. Пакуль таты слаба задзейнічаны ў гэтым руху, але сітуацыя паступова мяняецца. Гэтаму спрыяе і заканадаўства. 

Раней усе льготы датычылі толькі маці. Зараз яны распаўсюджваюцца і на татаў, — падкрэсліў Валерый Кавалькоў. — Напрыклад, у 3-х гадовым водпуску па доглядзе за дзіцем могуць знаходзіцца як маці, так і бацька, прычым чаргавацца з любой працягласцю. Праўда, таты мала скарыстоўваюць такую магчымасць. У рэспубліцы такіх толькі 1 %, гэта тры тысячы чалавек, а дзяцей да трох гадоў — 300 тысяч. Магчыма, усе прывыклі, што жанчына больш звыклая ў ролі маці і гаспадыні.

Між тым, падтрымка аказваецца у шырокім спектры, дадаў прадстаўнік міністэрства. Гэта і сацыяльная дапамога, і жыллёвая палітыка, і падатковае заканадаўства. Напрыклад, у маці альбо бацькі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, гарантаваны кантракт па месцы працы на пяць гадоў. Зараз вырашаецца пытанне ў адносінах сямейнага капіталу для шматдзетных сем’яў. З 2015 года гэтыя сродкі атрымалі каля 100 тысяч сем’яў, 30 тысяч ужо выкарысталі фінансавую дапамогу. Па словах Валерыя Кавалькова, ёсць праект указа, які ўносіць змяненні ў праграму сямейнага капіталу па пашырэнні яго выкарыстання.

Маргарыта УШКЕВІЧ, г. Ліда 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».