Вы тут

Як жыхары і ўлады супрацьстаяць патопам у самым «мокрым» аграгарадку пад Гроднам


Вядомасць на ўсё наваколле Путрышкі Гродзенскага раёна атрымалі з-за беспрэцэдэнтных патопаў падчас летніх ліўняў. Літаральна па пояс у вадзе аказаліся жыхары вуліц Фестывальная, Тарханава і Вачынскай. Для адпампоўвання вады спецыяльная тэхніка МНС мусіла прыязджаць некалькі раз на дзень. Лівень пакінуў пасля сябе даволі жудасныя наступствы. Нядаўна сюды прыязджала спецыяльная камісія, каб на месцы вырашыць, як дапамагчы жыхарам і прадухіліць у далейшым разбуральныя вынікі воднай стыхіі.


Небяспечная дарога

Я пабывала ў Путрышках на тыдні і магла ўпэўніцца ў наступствах залевы. Разам са старшынёй сельвыканкама Валерыем Байковым аб'язджаем самыя пацярпелыя тэрыторыі. Напачатку накіроўваемся на вуліцу імя Вачынскай. На першы погляд здаецца, што тут усё нармальна, на сядзібах цвітуць кветкі, расце гародніна, стаіць плот. Па дарозе старшыня расказвае, што вуліца названа ў гонар Героя Сацыялістычнай Працы Валянціны Вачынскай, якая ў савецкія часы працавала ў мясцовай сельгаспадарцы і дасягнула значных поспехаў у земляробстве. Вуліца развіваецца, тут у хуткім часе плануецца правесці газаправод і водаправод. Але цяпер жыхары заклапочаны стратамі. Калі ўважліва прыгледзецца да сядзіб, можна ўбачыць, што ў многіх прапала бульба, засохлі садовыя дрэвы, пажоўкла зеляніна на агародах.

З вялікім напружаннем удаецца зафіксаваць гэтыя факты ў нататніку: аўтамабіль раз за разам трапляе ў выбаіны. Аказваецца, гэта таксама наступствы моцных дажджоў. Каля дарогі ляжаць зламаныя галіны. Крыху далей, на павароце, натыкаемся на вялікую расколіну. Яе таксама стварыла водная стыхія. Пасля дажджу сіламі мясцовай гаспадаркі сюды прывезлі пясок, але дрэнна разраўнялі, таму ёсць пагроза засесці ў гэтым пяску. Яшчэ ствараецца пагроза падмыву электраслупа, які стаіць якраз на месцы дарожнай расколіны.

Мой суразмоўца расказвае, што дарога падчас залевы была падобна на горную раку, патокі сцякалі ў агароды і нават дамы. Вада ішла і з поля, і з дарогі. Многія хаты проста плавалі. Вуглавы дом і некалькі за ім былі затопленыя. Сляды летніх стыхій відаць і цяпер.

Едзем па вуліцы Фестывальнай. Валерый Байкоў паказвае на дамы, якія пастаянна залівае. У адных, напрыклад, гараж аказаўся поўнасцю ў вадзе, а ваду з падвала дома адпампоўвалі ўжо тройчы. У суседніх дамах амаль такая ж гісторыя.

Ландшафт супраць вёскі

Амаль усе Путрышкі церпяць з-за падтапленняў. Адна з прычын — геаграфічная. Валерый Байкоў пастаянна ўказвае на перапады вышыні. Здаецца, што гэты фактар адыгрывае асноўную ролю ў бедах населенага пункта. Як кажууць, не пашчасціла... Вёска знаходзіцца на вышыні 120—130 метраў над узроўнем мора. За вёскай было балота, тут нізіна. З другога боку — даволі высокія пагоркі, якія дасягаюць 160 і больш метраў. Адтуль вада і сцякае проста на вуліцы, а ісці ёй далей няма куды.

Яшчэ адна з прычын пастаяннага падтаплення — вельмі слабая меліяратыўная сістэма, прычым яна не прадумана і не мае цэласнага падыходу. Няма паўнавартасных адвадных каналаў. Праўда, камунальныя службы Гродна спрабавалі зрабіць водаадвядзенне, каб сюды з гарадскіх могілак не ішла вада. Але пакуль гэта работа праведзена не да канца.

У ліку негатыўных фактараў у аграгарадку называюць неабгрунтаваную вырубку дубовага гаю. Дрэвы абаранялі вуліцу Фестывальную ад сцёкаў з гарадскіх могілак, бо яны знаходзіліся вышэй населенага пункта. Некалькі гадоў таму было прынята рашэнне аб пашырэнні некропаля ў бок вёскі. Тады і вырубілі векавыя дубы. Пасля гэтага сітуацыя абвастрылася.

...Мы рухаемся ўверх па гравійнай дарозе, якая вядзе праз вёску. Асфальт, дарэчы, тут — рэдкая з'ява, у асноўным ён пракладзены на галоўнай магістралі, ёсць, праўда, і бетонка, але не паўсюдна. Між тым дарога падымаецца ўгару.

Далей, па вуліцы Фестывальнай, высіцца дамба з пяску. Як патлумачыў Валерый Байкоў, пясковая агароджа павінна затрымаць вялікую ваду. Непадалёку вядзецца будаўніцтва двухпавярховага дома. Відаць, што асаблівасці ландшафту тут не ігнаруюць, бо падмурак даволі высокі. Каб такі прынцып захоўваўся і на ўсіх астатніх пабудовах, многія маглі б пазбегнуць сумных наступстваў. Але дамы будаваліся яшчэ да вайны, адразу пасля яе. Тады яшчэ такіх жудасных дажджоў не было. Па меншай меры, старажылы такога не памятаюць.

Людзі і вялікая вада

Сядзіба пенсіянеркі Яніны Казіміраўны — у зоне рызыкі. Дом хоць і знаходзіцца ў самым цэнтры Путрышак, але ў нізіне. Жанчына кажа, што падтапленне ніколі не абмінае яе. Але такой залевы, як сёлета, яна не памятае. Вада запоўніла склеп, разлілася па агародзе. Камісія райвыканкама прыязджала і аглядала мясцовасць. Жанчыне паабяцалі, што да восені зробяць водаадводны канал. «Спадзяёмся, што дапамогуць», — кажа яна.

— У нас яшчэ цярпіма, — працягвае пенсіянерка, — а вось жыхарам вуліц, якія знаходзяцца бліжэй да лесу, не пазайздросціш: там многія дамы проста плавалі.

Дом Валянціны Уладзіміраўны па вуліцы Фестывальнай якраз з ліку такіх. Падчас залеваыратавальнікі прыязджалі на адпампоўванне вады некалькі разоў. Вада стаяла на метр у вышыню. Агарод поўнасцю знішчаны, пацярпела і хатняя жыўнасць. Пяць курэй не паспелі выратаваць, і яны патанулі. У доме вада дасягала амаль паўметра. Паадставалі шпалеры, пад падлогай яшчэ прасочваецца вільгаць, набухла вапна на печцы. Рамонт прыйдзецца зноў рабіць, добра, што па страхоўцы выплацілі грошы. Сума выплаты, па словах жанчыны, склала паўтары тысячы рублёў. Але ці прастаіць доўга дом, які будаваўся яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя, калі будзе пастаянна плаваць? Гэта пытанне вельмі непакоіць гаспадыню.

Спрабую прайсці ў дом з бетоннай агароджай, што на вуліцы Вачынскай. І зараз добра відаць, што тут пабывала вялікая вада. Да таго ж пабудова знаходзіцца каля самага размытага ўчастка дарогі. Аказалася, што не памылілася. Пенсіянерка Ядвіга Міхайлаўна прыгадала, што залевы здараліся і раней, але сёлета вада лілася ў агарод каскадам. А прыйшла яна з боку лесу і гарадскіх могілак. Бурлівы паток знішчыў бульбу, гародніну і садовыя дрэвы. У некаторых вымыла карані. Выстаялі толькі ягадныя кусты чарніц-фортэ. Іх гаспадыня пачала разводзіць нядаўна, упэўнена, што яны паляпшаюць зрок.

Жанчына расказала, што пабудавалі яны свой дом паўстагоддзя таму. З тае пары так і жывуць тут — яна з мужам і сын з сям'ёй. Ад імклівага патоку вырашылі ратавацца ўласнымі сіламі. Гаспадары заказалі і на днях устанавілі даволі трывалую бетонную агароджу даўжынёй амаль 15 метраў і больш чым метр у вышыню. Бар'ер для воднай стыхіі абышоўся ў 800 рублёў. Але ці спыніць паток вады гэтая агароджа, невядома, бо дарогу падсыпаюць пяском, і яна крыху паднялася.

Патрэбна сучасная ліўнёўка

Між тым спробы справіца з патопамі прымаліся і раней, але лакальна. Напрыклад, у Валянціны Уладзіміраўны з агарода да канавы праклалі трубу. Але вырашыць праблему не ўдаецца, бо з-за перападу вышыні вада зноў ідзе назад. Па ўсёй бачнасці, патрэбна паглыбіць канавы з улікам схілаў.

На думку старшыні сельвыканкама, аграгарадку неабходны магутны праект ліўнёвай каналізацыі. Але на гэта патрэбны значныя сродкі. Як на праект, так і на яго рэалізацыю. Знайсці іх у мясцовым бюджэце складана.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што каналы тут ёсць. Яны, відаць, пракладзены яшчэ 40—50 гадоў таму. Але скінуць ваду пры магутных ліўнях не могуць. Дарожныя службы, паведаміў Байкоў, абяцалі, што зробяць патрэбны водаадвод. Каб вада ішла на поле і далей у меліяратыўныя каналы. А без гэтага застанецца эфект бутылачнага рыльца. Вада стаіць на месцы і не можа з-за вузкага праходу рухацца далей. Таму і падтапленне жыхароў такое маштабнае.

Між тым вёску не пакідаюць сам-насам з праблемай. Спецыяльная камісія выязджала на месца. Відавочна, праблемы з наступствамі падтаплення будуць вырашацца ў Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Пясчаная дамба — гэта першы этап. Прычым мера часовая, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Аляксей Бодзіч.

Па яго словах, зараз разглядаецца пытанне аб будаўніцтве вадаёмаў-выпарнікаў на гарадскіх могілках. Яны будуць назапашваць ваду, каб яна не ішла ў лясны масіў і далей — на вуліцы Путрышак. Але пакуль гэта пытанне ў стадыі разгляду, удакладніў прадстаўнік ЖКГ. Праекціроўшчыкі разглядаюць саму магчымасць размяшчэння вадаёмаў. Канчатковае рашэнне пакуль не прынята. Як аказалася, гэта самы праблемны населены пункт. Аб гэтым сведчаць і страты. Па падліках жыхароў, шкода ад залевы, якая адбылася 4 ліпеня, склала больш за 80 тысяч рублёў. Страты асобных гаспадарак вагаюцца ад адной да дзесяці тысяч рублёў. Найбольш пацярпелым аказаў дапамогу Беларускі Чырвоны Крыж. Гродзенскае аддзяленне прывезла прадуктовыя і гігіенічныя наборы, а таксама 400 літраў бутыляванай вады. Таксама былі выдзелены пасцельнае бялізна, адзенне.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Вада лілася ў агарод каскадам»...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».