Вы тут

Віктар Шніп: Добрыя словы сябрам і калегам па пяры трэба казаць, пакуль яны з табой, а не пасля…


Калекцыяніраваць можна не толькі штосьці матэрыяльнае, але і тое, што нельга ўзяць у рукі, і ад гэтага яно не становіцца менш каштоўным. Наадварот, такія каштоўнасці не скрадзе злодзей, яны не могуць згарэць у агні… Пра тое, чым захапляецца пісьменнік, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» і галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп — у размове з карэспандэнтам «ЛіМа».


— Віктар Анатольевіч, з чаго пачыналася ваша жаданне нешта калекцыяніраваць?

— Увогуле, схільнасць да калекцыяніравання з’явілася, як і ў многіх, у дзяцінстве. Помню, на агародзе знайшоў манету 1763 года. На ёй было напісана «дзянга». Загарэўся жаданнем збіраць манеты. Памятаю, каля нашых сотак расла рабіна, а пад ёй — старая сметніца. На працягу доўгага часу туды ніхто нічога не высыпаў. І аднойчы ўвесну сярод таго гломазду ўбачыў… грошы! Гэта былі польскія злотыя. Рэч у тым, што вёска мая знаходзіцца ў Заходняй Беларусі, якая калісьці была пад палякамі. Час мінуў і людзі павыкідалі тое, што было ўжо без патрэбы, бо і на іншых сметніцах знаходзілі польскія грошы. Назбіраў я прыкладна з кілаграм манет. Захоўваў тыя грошы ў партфелі разам з патронамі, якія таксама збіраў. У юначыя гады іх збіралі ўсе мае аднагодкі. Тады яшчэ жылі старыя, якія падчас вайны былі ў партызанах — у іх мы і распытвалі, дзе і што можна знайсці. Адзін з іх падказаў, дзе можна знайсці скрыню патронаў. Былі сярод іх розныя: з чырвонымі галоўкамі, што запальваюць, — патроны мы падзялілі. Партфель той са сваім скарбам павесіў пад бацькаў кажух і маміна цёплае адзенне. Бацькі доўгі час не звярталі ўвагі: вісіць і вісіць… Ніхто не чапаў. Але потым паехаў я вучыцца ў Мінск, у тэхнікум. Раз прыехаў дадому — няма партфеля! Я да мамы: дзе? што? Як аказалася, маці знайшла, убачыла і ахнула. Занесла ў сажалку дый выкінула. Але медная «дзянга» ляжала асобна. Яна і цяпер у мяне ёсць…

Яшчэ ў школе ў нас ва ўсіх былі так званыя «дзённікі», куды мы запісвалі песні. Магчыма, з тых запісаў у мяне і выявілася паэтычнае пакліканне. Хаця першы свой верш я зарыфмаваў праз крыўду на суседку, калі мне было гадоў пяць. Пачуўшы крыўдны вершык пра сябе, яна адсцябала мяне крапівой, каб болей нічога не прыдумляў… Аднойчы, калі мне было гадоў 9, далі мне аднагодкі «дзённік», каб запісаў песню. Запытаў песню ў мамы, але яна сказала: «Няма часу, любую ўспомні і запішы». Я сеў і запісаў… Пачытаў маме, яна гаворыць: «Не тая песня! Навыдумляў нечага!» Пабег на вуліцу, пачытаў сябрам, яны і кажуць: «Пушкін!»

Збіраў і лістоту прыгожую, кветкі засушваў, кружэлкі калекцыяніраваў — слухаў песні, яны падымалі мне настрой.

— Якія з тых захапленняў засталіся ў дарослым жыцці?

— Калі жылі ўжо сям’ёй з Людмілай, суседам па вуліцы быў паэт Сяргей Новік-Пяюн. Па яго прыкладзе ў 1992 годзе завялі сабе «Дзённік сустрэч»: хто прыходзіў да нас у госці, запісваў пажаданні. Выдавалі яго гасцям пасля застолля, калі тыя збіраліся дадому. У нас ужо каля 300 запісаў — паэтаў, мастакоў, літаратуразнаўцаў, крытыкаў, музыкантаў, журналістаў, артыстаў… Некаторыя рыфмавалі, іншыя малявалі, пісалі на хаду экспромпты — скарб, аўтографы вядомых людзей!

Цяпер ёсць жаданне выдаць гэтую кнігу сустрэч: многіх з тых людзей ужо няма.

Як працаваў у газеце «Наша слова», стаў збіраць рэдкія здымкі і артыкулы вядомых пісьменнікаў, напісаныя ад рукі. Перайшоўшы на працу ў «ЛіМ», стаў збіраць прамовы пісьменнікаў… Калі паміралі вядомыя людзі, на жалобных мітынгах калегі пра іх гаварылі — і тыя, хто чытаў напісанае ад рукі з паперы, пасля аддавалі рукапісы ў рэдакцыю, каб мы скарысталі для друку. Але друкавалася прамова зазвычай не цалкам — у архіў такое не здасі, а выкідваць у сметніцу было шкада. Стаў забіраць дадому. Цяпер тыя аўтографы каштоўныя не толькі тым, што было сказана, але і тым, каму належалі (так, ёсць аўтографы Ніла Гілевіча, Максіма Танка, Івана Навуменкі, Івана Шамякіна…). Аўтографаў няшмат, але яны ёсць — некалі перадам іх у архіў ці музей. Аднойчы быў выпадак: у серыі ЖЗЛБ выпускалі кніжку пра кампазітара Яўгена Глебава. Над выданнем працавалі з яго ўдавой. Калі ж усё было здадзена ў друк, яна прынесла мне ў падарунак аркушы з вершамі, напісанымі Уладзімірам Караткевічам недзе ў 1950— 1960-х гадах. У свой час ён падарыў іх ёй. Праверыў па Зборы твораў — не ўсё ў іх супадае… Валоданне такімі рарытэтамі дае ўсведамленне, што жыццё праходзіць недарэмна, што ты нешта маеш, чым можаш натхніцца…

— Калі звярнуцца да патаемнага боку такой выключнай з’явы, як калекцыяніраванне аўтографаў, што гэта дае для разумення жыцця? Так, чалавек нешта казаў на пахаванні калегі… Мінае час — ужо іншыя кажуць слова на развітанне з колішнім прамоўцам… Які можна вынесці ўрок?

— Тое, што гаворыцца над труной, часта не было сказана пры жыцці — і гэта вучыць таму, што добрыя словы сваім сябрам і калегам па пяры трэба казаць, пакуль яны з табой, а не пасля. Хаця ніколі не позна сказаць добрае слова… Ёсць меркаванне, што незаменных людзей няма. Але я зразумеў, што гэта памылкова: нельга замяніць творчага чалавека...

— Якія самыя каштоўныя запісы ў калекцыі вашай памяці?

— Згадваецца сяброўства з мастакамі Леанідам Шчамялёвым, Віктарам Грамыкам, пісьменнікамі Максімам Лужаніным, Яўгеніяй Пфляўмбаўм. Сустрэчы з імі былі вучобай для мяне. Пабыць побач з імі, у іх кабінетах ці майстэрнях, нават калі яны нічога не казалі, — гэта як трапіць на іншую планету… Побач з іх духоўным багаццем багацееш сам. Трэба шанаваць старэйшых і калекцыяніраваць сустрэчы, наведванне вечарын. Назаўжды запомніў, як адзначалі ў Доме дружбы 90-гадовы юбілей Максіма Лужаніна. Ён казаў: «Вы — шчаслівыя, бо жывеце ў краіне, што называецца Рэспубліка Беларусь, маеце энцыклапедыі, у нас жа тады маладых нічога гэтага не было — і мы ўсё стварылі. Спадзяюся, што вы створыце яшчэ болей. Ніхто не прымушае, але вы зробіце, бо ў вас гэта закладзена генетычна, вы — беларусы».

А яшчэ, я ўпэўнены, нельга баяцца таго, што калісьці табе будзе 60, 70, 90… Бо зразумеў, сябруючы са старэйшымі: іх багацце — мудрасць. Чым больш гадоў, тым яе больш...

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?

Грамадства

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка «Бітва за Маскву. Бессмяротнасць подзвігу».

Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, Вялікая Айчынная вайна і ўсё, што звязана з ёй, — святое.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на пятніцу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.