Вы тут

Як нашчадак філалагічнай дынастыі мацуе бібліятэчную прастору


Як нельга забыць свае карані, так нельга згубіць любоў да кнігі, слова, асабліва калі ты з пакалення філолагаў. Вядучы бібліятэкар аддзела МБА і абанемента Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Алена Зарэмба чуйна ставіцца да кнігі і верыць у карысць чытання. Яна нездарма блізкая са светам літаратуры: чытацкі імпэт перадаваўся з роду ў род. Дзед Рыгор Мурашка — беларускі пісьменнік, партызан-падпольшчык, бацька Барыс Лапаў — выкладчык, дацэнт педінстытута, маці Анцінея Мурашка — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР  за даследаванне беларускай мовы... Іншыя нашчадкі роду таксама рупяцца на службе слову. Як непасрэдна і сама Алена Зарэмба, якая нядаўна адзначыла 40-гадовы юбілей прафесійнай дзейнасці. Пра тое, як нашчадак філалагічнай дынастыі мацуе бібліятэчную прастору, чым жыве сёння храм кнігі і якія ў яго перспектывы — наша размова з Аленай Зарэмба.


Алена Зарэмба

— Алена Барысаўна, філалагічная прага слова прывяла вас у кніжніцу...

— У Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна я працую з 1981 года, з 1983-га — у міжбібліятэчным абанеменце (МБА). Заканчвала філфак БДУ. Так атрымалася, што аднакурсніца на лета ўладкавала мяне папрацаваць у бібліятэку. І вось часовыя тры месяцы расцягнуліся на 40 гадоў...

У сям’і ж у мяне ўсе філолагі. Дачка — дацэнт БДУ (выкладае лацінскую і старажытнагрэчаскую мовы і літаратуры), заканчвала філфак і мая сястра. Бацька Барыс Сцяпанавіч Лапаў, дацэнт педінстытута, выкладаў беларускую мову. Мама Анцінея Рыгораўна Мурашка, кандыдат філалагічных навук, у 1971 годзе атрымала Дзяржаўную прэмію СССР за Дыялекталагічны атлас беларускай мовы пад рэдакцыяй члена-карэспандэнта АН СССР Р. І. Іванесава, акадэміка Акадэміі навук БССР К. К. Крапівы, доктара філалагічных навук Ю. Ф. Мацкевіч (Выдавецтва Акадэміі навук БССР, Мінск, 1963). Гэтае выданне лічыцца скарбніцай народнай беларускай мовы і мае вялікае агульнакультурнае значэнне. Мама была адной са складальнікаў Дыялекталагічнага атласа, членам аўтарскага калектыву разам з кандыдатамі філалагічных навук Г. У. Арашонкавай, М. В. Бірыла, Н. Т. Вайтовіч, І. М. Гайдукевіч, А. П. Груца, А. А. Крывіцкім, Я. М. Рамановіч і інш.

— Вялікі ўнёсак у літаратуру, беларускае слова зрабіў і ваш дзядуля Рыгор Мурашка, член Саюза пісьменнікаў СССР.

— Але перш за ўсё варта адзначыць, што ён праявіў сябе як падпольшчык у Вялікую Айчынную вайну. З жонкай Соф'яй Мурашка яны спярша былі ў падполлі, а потым у свой час падпольшчык Захар Гало папярэдзіў, што па іх могуць прыйсці і каб яны тэрмінова сыходзілі ў партызаны. (З Захарам Гало яны жылі ў адным двары.) Бабулі было складана расказваць нам пра вайну — адразу плакала, таму звестак мала. Перад вайной загінуў у іх малодшы сын, а мама якраз была ў піянер-лагеры, іх у эвакуацыю вывезлі ў Татарстан. Бабуля вельмі любіла дзеда. Ён доўгі час лічыўся без вестак прапаўшым. Але святло на гэта праліў узнагародны ліст. Там значыцца: Рыгор Данілавіч Мурашка — камандзір аператыўнай групы Спецыяльнага атрада Беларускага штаба партызанскага руху з 5 жніўня 1943-га. Па заданні атрада пражываў у Мінску і вёў падпольную работу. Рыхтаваў дыверсійныя мерапрыемствы на асабліва важных аб'ектах, ставіў міну, збіраў разведвальныя матэрыялы дзяржаўнай важнасці. Будучы ў атрадзе, усе заданні камандавання выконваў чэсна і адважна. Загінуў у апошнюю блакаду ў чэрвені 1944 года. Прадстаўлены да ўрадавай узнагароды — медаля Партызану Айчыннай вайны І ступені. Подпіс на ўзнагародным лісце — маёра Казанцавай ад 2 жніўня 1944 года.

Нарадзіўся дзядуля 3 (16) лютага 1902 года ў в. Бязверхавічы, цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць. У 1917—1918 вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. З’яўляўся членам «Маладняка», адказным сакратаром часопіса «Бальшавік Беларусі» (1926—1929), загадчыкам аддзела мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1930—1933). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

У літаратуры мой дзед Рыгор Мурашка дэбютаваў празаічным творам у 1924 г. (допіс селькара ў газеце «Савецкая Беларусь»). Першы зборнік апавяданняў — «Стрэл начны ў лесе» (1926), аповесць — «У іхнім доме» (1929). Таксама ён аўтар твораў «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934). Напісаў два раманы — «Сын» (1929), «Салаўі святога Палікара» (1940).

— Алена Барысаўна, вы, з’яўляючыся нашчадкам пісьменніка, як лічыце, кніга для чалавека неабходная або сёння без яе можна абысціся?

— Дастатковая частка людзей аддае перавагу папяровым носьбітам, да таго ж на абанемент да нас 40 % ідзе маладое пакаленне. Бяруць не толькі літаратуру вучэбную, але і мастацкую, класіку. Сказаць, што кніга зжыла сябе, нельга, — кніга патрэбна. А як дзяцей прывучыць да чытання? Без кнігі гэтага не зробіш. Спачатку дзіця разглядае ілюстрацыі, гэта прыцягвае, паціху чытае, паступова гэта ўваходзіць у звычку. Мой унук, напрыклад, якому 8,5 года, любіць чытаць, прытым многа, хутка і добра. Выбірае літаратуру для больш старэйшага ўзросту. Яго зацікаўлівалі з дзяцінства. Мае дзеці таксама чытаючыя.

— Кніга патрэбна, каб фарміраваць інтэлігентнасць...

— Вядома. Вось нядаўна да нас на абанемент завітаў хлопец, які вучыцца на юрыста. Ён працаваў у нас тыдзень і сказаў, што прыемна здзіўлены, колькі людзей прыходзіць у бібліятэку. Яго знаёмыя не чытаюць, маўляў, гэта непатрэбна, а цяпер на прыкладзе нашай кніжніцы гэты юнак, убачыўшы на свае вочы, што людзі ідуць чытаць, зможа пераканаць сваіх нечытаючых знаёмых у карысці кнігі.

— Некаторыя лічаць, што, чытаючы, паглыбляешся ў ілюзорны свет і збягаеш ад рэальнасці...

— Наадварот: ты пракручваеш жыццёвыя абставіны з псіхалагічнага пункту гледжання, суперажываеш героям, і часам такім чынам вырашаюцца ўласныя праблемы. Глядзіш на свет пад новым ракурсам. Звярнула нядаўна ўвагу, што чытае маладая ўрач, якая прыходзіць да нас. І што б вы думалі? Трылеры! Пыталася, чаму. А яна кажа, што пасля работы трэба зняць напружанне (працуе ў раддоме). На першы погляд гэта дзіўна. Але калі чалавек чытае, напрыклад, трылер, уласныя перажыванні адыходзяць на задні план, і такім чынам здымаецца стрэс. А бывае, многія мужчыны ва ўзросце пачынаюць чытаць жаночыя любоўныя раманы. Выбар жанру можна патлумачыць так: калі не хапае чагосьці ў жыцці, шукаюць гэта ў кнігах. Напрыклад, чытачу прыемна перажыць казачнае каханне. Іншыя чытаюць, бо жыццёвую сітуацыю можна пераасэнсаваць па-іншаму. Нюансы, чаму чалавек зацікаўлены тым ці іншым, як правіла, заўсёды ўсплываюць.

— Я так разумею, сёння да вас актыўна ідуць па кнігі?

— Ідуць! І шмат. Матывацыя не змянілася: прыемна пашаргатаць старонкамі. Нягледзячы на тое, што ёсць электронныя кнігі, хочацца патрымаць у руках менавіта друкаванае выданне. Нават калі ў разгар пандэміі былі зачынены чытальныя залы і заставаліся працаваць дзіцячая бібліятэка, абанемент і сектар уліку і рэгістрацыі, усё роўна быў попыт на кнігі. Мы стараліся за раз даваць кніг больш, каб з улікам эмідэміі чытач прыходзіў радзей, але атрымалася наадварот: сталі браць кніг больш і хадзіць часцей. І, што важна, прыходзіць моладзь, цікавяцца псіхалогіяй, класікай.

— Але ж псіхалагічнай літаратуры процьма ў інтэрнэце...

— А вы паспрабуйце знайдзіце, дзе яе спампаваць! За аўтарскімі правамі сёння сочаць асабліва пільна.

— Вы спецыялізуецеся на міжбібліятэчным абанеменце (МБА). Наколькі ён актуальны сёння?

— Паколькі многа закрылі сельскіх бібліятэк, у раёнах, колькасць запытаў кніг па МБА, на жаль, зменшылася. А калі я прыйшла ў МБА ў 1983 годзе, шмат было вучэбнай літаратуры. Цяпер у асноўным мастацкая, бо сталі заказваць пенсіянеры. Міжнародны МБА напоўніцу выкарыстоўваюць НББ, ЦНБ НАН Беларусі. Мне ж дасылаюць заказы з усіх абласцей. Паставілі такія ўмовы, каб разгрузіць больш буйныя бібліятэкі, — спярша заказы з абласцей ідуць напрамую да мяне. Калі няма ў нашай бібліятэцы, я перанакіроўваю запыт на НББ, Прэзідэнцкую, Рэспубліканскую навукова-тэхнічную... Усё каб абавязкова задаволіць запыт чытача. Штосьці, бывае не знаходзіцца, штосьці спампоўваеш з інтэрнэту.

Сёння ёсць і іншая служба — дастаўка дакумента, калі чытач напрамую можа звяртацца ў міжбібліятэчны абанемент: піша па электроннай пошце пісьмо з просьбай штосьці адсканаваць, яму высылаецца зробленае і бярэцца пэўная аплата.

— Ці былі заказы ў МБА, якія прымушалі ламаць галаву?

— Вядома! Бывае, чалавек на слых успрыняў, на вока запісаў і так дасылае заказ.

— І вы разгадваеце шараду...

— Цяпер прасцей, бо ёсць інтэрнэт, можна ўдакладніць, зразумець, дзе памылка. А раней, калі інтэрнэт не быў так развіты, звярталіся да бібліяграфічных паказальнікаў, напрыклад «Книги Российской Федерации» і інш. Паколькі абавязковы экзэмпляр атрымлівала Нацыяналка, ездзілі туды шукаць у каталогу. Там высветліць даныя атрымлівалася прасцей.

— А чытач запамінальны быў?

— Так. Не забуду сваю адданую чытачку Алу Станіславаўну. Яна тэлефанавала і гаварыла: «Мая тэматыка — пра камсамольскае юнацтва, каб абавязкова было каханне на сяле». Калі скончылася каханне на сяле, пачалося на вытворчасці, потым — проста каханне. І савецкая літаратура, прытым малавядомых аўтараў. Мы з ёй гадоў 17 цёпла супрацоўнічалі, яна ўжо і мой мабільны тэлефон узяла, і мяне са святамі віншавала, і нават падзяку пісала. Калі ж прыехала, аказалася, што яна толькі на два гады за мяне старэйшая. Аднойчы бібліятэкар Івянецкай кніжніцы паведаміла, што, на жаль, мая чытачка пайшла з жыцця. Каменскую сельскую бібліятэку (Валожынскі раён) зачынілі. Ала Станіславаўна працавала настаўніцай малявання.

Увогуле, многа чытачоў з Мінскай вобласці прыязджалі асабіста. Так многім было прасцей. Напрыклад, мая чытачка Ала Станіславаўна прыязджала папрацаваць з каталогам. Яна сядала і глядзела, што будзе чытаць на будучыню. Выпісвала, складала сабе спісы. І давала мне. У нас былі такія цёплыя, даверлівыя адносіны. Яна любіла менавіта нашу бібліятэку. Гаварыла: «Не хачу ў Нацыяналку. Вось у вас камп’ютар непасрэдна пад мяне заточаны, у вас усё відаць». На што я кажу: «Ала Станіславаўна, гэта не ў мяне відаць, гэта ў інтэрнэце!» Калі Ала Станіславаўна тэлефанавала — гэта было на некалькі гадзін. Потым, калі яна ўжо не магла прыязджаць асабіста, я высылала ёй спісы, што пачытаць. 17 гадоў яна ў мяне чытала — столькі цягнулася наша сумесная кніжная гісторыя!

— Мінская абласная бібліятэка — адна з вядучых кніжніц краіны разам з НББ, ЦНБ НАН Беларусі, Прэзідэнцкай, але многія вашы чытачы гавораць, што ім зручней прыйсці да вас, чым у Нацыяналку...

— Аўтаматызацыя, пэўна, павялічыла мяжу паміж бібліятэкарам і чытачом. Вось чаму аддаюць перавагу нам, а не Нацыяналцы. Бо там кнігу пакуль атрымаеш, колькі часу пройдзе?! Спачатку заказваеш, чакаеш і толькі потым можаш патрымаць у руках. У нас — адразу, як па-даўнейшаму: прынеслі, паклалі або чытач сам пайшоў да стэлажоў. У Нацыяналцы на абанеменце на дом літаратура не выдаецца. Мы даём, бясплатна, а платна — толькі камерцыйны фонд. Працягласць карыстання залежыць ад запыту на гэтую кнігу.

— А ці здаралася, што за кнігу біліся?

— Раней бывала. Вось хтосьці настойліва пытае кнігу, тады робіцца пазнака ў папярэдняга чытача, што кніга патрабуецца наступнаму. Калі ён укладваецца на працягу месяца ці калі нават прадаўжае карыстанне на другі месяц, проста яму паведамляем, што гэтую кнігу просяць, таму трэба пастарацца здаць хутчэй.

— Бібліятэка сёння не губляе моцы ў грамадстве, дзе распаўсюдзіліся электронныя сродкі атрымання інфармацыі?

— Не губляе. За дзень да нас прыходзіць каля 100 чалавек. І прытым кожнага трэба прыняць па-свойму. Працуем па двое, каб не было чэрг, каб чытач быў максімальна задаволены. Да нас ідуць і таму, што камусьці далёка ехаць у НББ, а мы ў цэнтры, у нас вельмі выгаднае размяшчэнне. Некаторыя нашы чытачы гавораць: «Я сюды яшчэ ў маладосці хадзіў». У нас па-дамашняму, адмысловая атмасфера.

Калі задумваюся пра сваю прафесію, неаднойчы наведвае натхненне: мая праца патрэбная. Радасна ад усведамлення, што ты выканаў заказ, зразумеў, што чытач у ім падразумяваў. Думаецца, мая работа прыносіць карысць асабліва сельскім жыхарам, у каго часам абмежаваны доступ да інфармацыі. Пры дапамозе МБА, з чым я працую, яны робяць заказы на кнігі і такім чынам пашыраюць магчымасці ў пошуку інфармацыі і літаратуры. Ад усведамлення таго, што дапамагаю, асаблівае пачуццё задавальнення.

— Дзякуй, Алена Барысаўна, за размову! Хай і надалей работа прыносіць толькі задавальненне! Віншуем вас з юбілеем прафесійнай дзейнасці! Жадаем далейшага плёну на карысць беларускаму слову! Здароўя, натхнення, бадзёрасці духу!

Размову вяла Наталля СВЯТЛОВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».