Вы тут

Зазірнуць у будучыню праз прызму мінулага прапануюць у Нясвіжы


Экскурсіі, музейныя ўрокі і заняткі ды нават урачыстая рэгістрацыя шлюбу — усё гэта сёння прапаноўвае Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. Будынак на ўездзе, на Ленінскай, 96, адразу звяртае на сябе ўвагу. Дом з чырвонай цэглы ў стылі эклектыкі пабудаваны яшчэ ў 1896 годзе. З гістарычных даведак дакладна не вядома, для якіх мэт будаваўся: па адных звестках — для навучальнай установы — рамеснага вучылішча, па іншых — для манаполькі. Аднак ужо ў пачатку ХХ ст. у памяшканнях размяшчаліся польскія казармы… Зрэшты, краязнаўчы музей цікавы не толькі гісторыяй і змястоўнымі экспазіцыямі: у склад установы ўваходзяць кватэра-музей Міхася Сеўрука, ганчарная майстэрня і музейны аб’ект «Кузня».


У некалькіх словах

У 90-х гадах мінулага стагоддзя будынак з гісторыяй быў адрэстаўрыраваны і прыстасаваны пад гісторыкакраязнаўчы музей. У свой час архітэктары прапанавалі прыбудаваць уваходную галерэю, якая вельмі ўдала ўпісалася. Сама ўстанова была адкрыта ў 1995 годзе, але матэрыялы будучых экспазіцый збіраліся з 1986 года. Зараз у музеі налічваецца пяць пастаянных экспазіцый: «Зберагаючы самабытнасць» (інтэр’ер сялянскай хаты канца XIX — 30-х гадоў ХХ ст.), «Гандаль і рамёствы Нясвіжчыны» (Ратушная плошча Нясвіжа канца XIX — 30-х гадоў ХХ ст.), «Нясвіж на скрыжаванні эпох» (экспазіцыя распавядае аб асноўных этапах гістарычнага развіцця з XV стагоддзя да 30-х гадоў XX ст. у некалькіх раздзелах: «Нясвіж і Радзівілы», «Нясвіж рэлігійны», «Нясвіж адукацыйны», «Замалёўкі нясвіжскага побыту»), «Вайна. Трагедыя. Подзвіг» («Першая і Другая сусветныя», «Вялікая Айчынная», «Вайна ў Афганістане»), «Выратаваныя каштоўнасці» (экспануюцца іконы, настольныя крыжы ХIХ — пачатку ХХ ст.).

У кватэры-музеі  Міхаіла Сеўрука па вул. Садовая, 38 прадстаўлена персанальная калекцыя мастакарэаліста. Яшчэ адна структура — музей «Кузня» — адлюстраванне працэсу кавальскай справы канца XIX — пачатку XX ст. З 2001 года працуе ганчарная майстэрня, арыентаваная на выпуск сувенірнай прадукцыі. З нядаўняга часу тут праводзяцца музейнапедагагічныя заняткі па ганчарным рамястве.

З усіх экспазіцый вылучаецца стацыянарная выстаўка пад назвай «Выратаваныя каштоўнасці», дзе прадстаўлены прадметы, перададзеныя ў музей з Брэсцкай і Гродзенскай мытняў як канфіскаваны кантрабандны тавар. Увогуле, у фондах захоўваецца больш за 130 экспанатаў — прадметаў праваслаўнага культу, якія паступілі ва ўстанову такім чынам. Як расказвае старшы навуковы супрацоўнік Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Шкрабіна, галоўных экспанатаў менавіта ў гэтай зале вылучыць немагчыма: кожны з іх з’яўляецца часткай духоўнага жыцця пэўных людзей ці царквы: «Наведвальнікі даволі часта спыняюцца каля гэтых абразоў і крыжоў, моляцца… Гавораць, што ў гэтай зале ад абразоў ідзе цяпло. Аднак мы нават не ведаем, з якой дзяржавы яны трапілі ў наш музей. Апошняе паступленне даволі даўняе — 2002 года. Гэта абраз — “Маці Божая Траеручыца” — падораны супрацоўніцай музея Ірынай Галдзецкай».

На скрыжаванні

У гісторыі Нясвіжа ёсць перыяд, калі існаванне горада з легенд і паданняў пераходзіць у рэальную гісторыю, адлюстраваную ў архіўных дакументах, генеалагічных апісаннях. Гэты час у Нясвіжа супадае з перыядам росту і фарміравання Вялікага Княства Літоўскага, якое складваецца ў моцную цэнтралізаваную дзяржаву. «Горад у гэты перыяд набывае сваіх уладароў, таму ў адной з тэм экспазіцыі “Нясвіж на скрыжаванні эпох” мы прадстаўляем першыя факты дакументальнай гісторыі горада на фоне агульнай гісторыі ВКЛ», — падкрэслівае Вольга Шкрабіна. Мэтай экспазіцыі з’яўляецца стварэнне такой навукова-мастацкай мадэлі, якая б адлюстроўвала асноўныя старонкі гістарычнага і культурнага развіцця Нясвіжа з ХVI да 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Выстаўка пабудавана тэматычным метадам, гэта значыць, музейныя прадметы падбіраюцца ў залежнасці ад іх здольнасці раскрыць канкрэтны раздзел.

«Гонарам нашага музея з’яўляецца сярэбраны піўны кубак Багуслава Радзівіла з арыгінальнымі ўпаянымі 12 манетамі, выраблены ў Кёнігсбергу (Каралеўства Прусія) у 1720—1757 гадах. Аўтарам з’яўляецца нямецкі майстар Андрэас Юнге І. Вечка ўпрыгожана пасмяротным медалём у гонар Багуслава Радзівіла. Ёсць меркаванне, што кубак быў выраблены па загадзе аднаго з Радзівілаў і захоўваўся на працягу некалькіх стагоддзяў у Нясвіжскім замку. Гэты каштоўны экспанат быў набыты ў мясцовага жыхара, які знайшоў яго падчас сельскагаспадарчых работ на сваім агародзе», — успамінае Вольга Шкрабіна. Не менш цікавыя экспанаты — прадметы са скарбу, які быў знойдзены ў 1988 годзе падчас рамонтных работ у падвале былога кляштара бенедыкцінак. У вялікім медным чане знаходзіўся 141 прадмет сталовага ўжытку са шкла, фарфору і металу канца ХІХ — першай чвэрці ХХ ст. вытворчасці Польшчы і Германіі. Найбольшую цікавасць прадстаўляюць графін у выглядзе гусака, дзве лыжкі з ручкай у выглядзе клюшні рака, дэкаратыўная насценная талерка, ваза на трох фігурных ножках, чаркі і шклянкі з вензелямі. Як адзначаюць музейшчыкі, за апошнія 50—60 гадоў гэта самы буйны прадметны скарб, знойдзены на тэрыторыі Беларусі.

І кватэра, і галерэя, і майстэрня

Адной з першых стала фарміравацца персанальная калекцыя мастака Міхаіла Канстанцінавіча Сеўрука, які пражыў у Нясвіжы 40 гадоў: творы і асабістыя рэчы майстра (1062 адзінкі) былі перададзены музею ў 1989 годзе па завяшчанні жонкі мастака — Раісы Сеўрук. 9 ліпеня 1996 года ў частцы кватэры, дзе жыў і працаваў мастак, была адкрыта кватэра-музей; другая частка была аддадзена пад службовае памяшканне ўстановы (пазней стала часткай кватэры-музея). «Калекцыя жывапісных і графічных твораў мастака захоўвалася ў папках, скрутках, а невялікая частка аформленых у рамы карцін амаль не была прыстасавана для экспанавання, — успамінае Вольга Шкрабіна. — Калектыў супрацоўнікаў правёў вялікую працу па іх афармленні ў адпаведныя рамы».  Між тым выязныя праекты — таксама плён працы музейшчыкаў. Напрыклад, у 2005-м, да 100-годдзя мастака, выстаўка жывапісу і графікі прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Да сёння падобнай маштабнай падзеі, прысвечанай мастаку, не здаралася.

Між тым у 2012 годзе рабочай групай музейшчыкаў пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка кватэры-музея Міхаіла Сеўрука Ірыны Калібабы была распрацавана навуковая канцэпцыя і тэматыка-экспазіцыйны план новай экспазіцыі. Праект мастацкага афармлення быў выкананы таксама рабочай групай музея.

Доўгія гады супрацоўнікі шукалі сяброў, даследчыкаў і прыхільнікаў творчасці Міхаіла Сеўрука. Напрыклад, архітэктар Валянцін Калнін перадаў у фонды музея 4 сшыткі мастака перыяду вучобы ў Віленскім універсітэце, мастацтвазнаўца Віктар Шматаў падарыў некалькі аўтарскіх экзэмпляраў манаграфіі «Міхась Сеўрук», а народны мастак Беларусі, вучань Міхася Сеўрука скульптар Леў Гумілеўскі — барэльеф Міхаіла Канстанцінавіча. Да таго ж у свой час ААТ «Новае жыццё» перадало адну з апошніх работ мастака — карціну «Малацьба льну», суседка і сяброўка Сеўрукаў Любоў Корсак прынесла ў музей партрэт маці, намаляваны мастаком. Так, сёння ў фондах 1240 адзінак.

Цікава, што ў 2019 годзе, пры падрыхтоўцы мерапрыемства, прысвечанага 40-годдзю з дня смерці творцы, супрацоўнікі Нясвіжскага гісторыкакраязнаўчага музея звярнулі ўвагу на некалькі эскізаў, якія, верагодна, створаны да карціны «На сенажаці». Паколькі гэты твор 1953 года захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, яны звярнуліся да калег з просьбай даць ім электронную копію карціны і, вывучыўшы яе, зрабілі выснову, што ў фондах музея захоўваюцца 17 эскізаў да яе. Мастак у гэты час жыў у Нясвіжы, і людзі, намаляваныя на ёй, хутчэй за ўсё, жыхары Нясвіжчыны.

Дарэчы, хутка ў сацсетках і на сайце музея запусцяць серыю выпускаў «Знаёмства з мастаком» — будуць дэманстравацца фота работ. У планах — музейныя ўрокі, гульні, мерапрыемствы для школьнікаў розных узростаў. Дарэчы, летась на будынку кватэрымузея ўсталявалі новую шыльду, якая цяпер відна здалёк. Будзем спадзявацца, на колькасць наведвальнікаў гэта паўплывае.

Новае і традыйцынае

Асноўны наведвальнік гісторыка-краязнаўчага музея ў навучальны перыяд — школьнікі ўсіх узростаў, у летні — у асноўным дарослыя (30—45 гадоў) з дзецьмі школьнага і дашкольнага ўзросту. Аднак, расказвае Вольга Шкрабіна, кожны выбірае сваю экспазіцыю: замежныя госці больш цікавяцца этнаграфічнай экспазіцыяй, школьнікі — залай, якая прысвечана ваенным падзеям. Але больш за ўсё турыстаў прываблівае экспазіцыя «Нясвіж на скрыжаваннях эпох», бо гэта знаёмства з гісторыяй горада.  Між тым у Год народнага адзінства зроблены акцэнт на патрыятычнае выхаванне пастаянных наведвальнікаў — школьнікаў. Перадусім гаворка пра музейныя ўрокі і ўдзел у раённых акцыях. Плануецца выстаўка «1939. Год пераломных падзей» да Дня народнага адзінства. Да Свята беларускага пісьменства рыхтуецца часовая экспазіцыя «Повязь стагоддзяў». Апошнім часам супрацоўнікі музея ўсё часцей звяртаюцца да такіх форм працы, як гульні падарожжы, квэсты, тэматычныя ўрокі і заняткі. Так, цікавасцю ў дзяцей і падлеткаў карыстаюцца музейныя ўрокі «Нясвіж паміж мінулым і будучыняй», «Моладзь Нясвіжчыны: на этапах станаўлення. 1950—2000 гг.», заняткі «Калі ласка, у нашу хатку!», «Цікавыя і невядомыя рэчы ў сялянскай хаце», а таксама квэст «У пошуках музейнага артэфакта», музейная гульня «Падарожжа ў мінулае». Сёлета ў сувязі з пандэміяй праводзіліся віртуальныя экскурсіі па экспазіцыях. Наведвальнікаў знаёмілі з найбольш цікавымі экспанатамі (усе ролікі змешчаны на сайце музея).

Між тым ужо больш за дзесяць гадоў гісторыка-краязнаўчы музей прапануе паслугі па правядзенні тэатралізаванага вясельнага абраду ў музейных залах. У адпаведнасці з краязнаўчым профілем ён праводзіцца з выкарыстаннем беларускіх народных традыцый і на беларускай мове.

Крыху пра асабістае

На пытанне «Чаго не хапае музею сёння ў плане рэкламы ці даступнасці для наведвальніка?» наша суразмоўніца Вольга Шкрабіна адказвае так: «У сучаснага наведвальніка перад тым, як наведаць наш музей, ёсць усе ўмовы пазнаёміцца загадзя. Увогуле, пакуль я не трапіла ў музей, думала, як і многія, што тут нічога не адбываецца, нічога не робіцца — нібыта людзі сядзяць і захоўваюць нейкія прадметы, выстаўляюць на агляд і да іх ніхто не ходзіць. Аднак, калі апынулася ў гэтым асяроддзі, мне адкрыўся вялізны свет. Тут працуюць людзі, якія праз прызму мінулага могуць распавесці, што чакае ў будучыні».

Па яе словах, за апошнія 10 гадоў калектыў капітальна абнавіў і стварыў новыя экспазіцыі. «Гэта вялікі і навуковы, і творчы працэс, ад якога заўсёды атрымліваеш задавальненне. Сэрца музея — гэта яго фонды. Навуковым супрацоўнікам трэба заўсёды іх папаўняць, але гэта адбываецца як мэтанакіравана, па плане, так і выпадкова. Калі завітваю ў новы дом ці да сяброў, часта лаўлю сябе на думцы, што аглядаю памяшканне ў першую чаргу як музейшчык: “А што цікавага тут ёсць для музея?”» — адзначае Вольга Шкрабіна, якая шмат гадоў працуе ва ўстанове. Яна настолькі жыве працай, што знаёміць землякоў з гістарычнымі фактамі, звязанымі з Нясвіжчынай, не толькі ў музеі, але і ў артыкулах, якія друкуюцца ў газеце «Нясвіжскія навіны».

Як музейшчыка яе вельмі радуюць сустрэчы з самымі рознымі людзьмі — і з тымі, хто прыносіць цікавыя прадметы, і з рознымі творчымі і знакамітымі гасцямі, і, натуральна, з калегамі з розных краін. Расчароўваюць яе таксама людзі — наведвальнікі, якія не паспеюць зайсці ў музей — праз дзве хвіліны выходзяць з залаў. Аднак заўважае, што такіх вельмі мала, і спадзяецца, што дзеці і моладзь будуць больш цікавіцца сваёй гісторыяй.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.