Вы тут

Выпяканне хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы было ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі


Жораўскі хлеб стаў візітоўкай Любаншчыны дзякуючы дзейнасці Ірыны ЖУДРЫК і створанаму ёй аматарскаму аб’яднанню «Клуб традыцыйнага хлебапекарства «Кулітка» пры Жораўскім Доме народных традыцый.


Жнівень... Ужо сама назва гаворыць, што асноўны клопат месяца — жніво, уборка збожжа. Залатыя каласкі потым лягуць на наш стол духмяным боханам. І ў полі, і ў хаце хлеб спрадвеку быў ахутаны нашымі продкамі вялікай павагай і пачцівасцю. «Адзіны хлеб не прыядаецца», — кажа народная мудрасць.

Таксама і да хлебапёкаў адвеку адносіліся з асаблівай пашанай. Бо хлеб быў не проста ежай, ён меў важную сакральную функцыю: пышны каравай — галоўны ўдзельнік большасці абрадаў на народным свяце, хлебам-соллю сустракалі дарагіх гасцей і пасля вянчання маладых, лустачку хлеба клалі памерламу ў труну... 

Быць адмысловым пекарам — талент, які патрабуе адмысловых ведаў і светлай душы, казалі на вёсцы раней. Пра Ірыну Міхайлаўну Жудрык сёння ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой як пра адметнага хлебапёка, якая захавала і аднавіла традыцыі выпечкі хлеба па старадаўніх беларускіх рэцэптах.

— З маёй радні ўсе ўмелі пячы хлеб: і мае цёткі, і маці, якая стала для мяне першай дарадцай (ёй ужо амаль 90 гадоў). Сямейны рэцэпт хлеба перадаваўся з пакалення ў пакаленне, — расказвае Ірына Міхайлаўна. — У суседнюю з Жораўкай вёску Барок я пераехала, калі выйшла замуж. Мне спачатку здалося, што тут няма традыцый свойскага хлеба. Аднак на справе выйшла іначай, хлеб пяклі і тут...

З дзяцінства Ірына з пільнасцю назірала за сваёй маці, калі тая завіхалася ля печы. Большасць рэцэптаў маці прыдумала сама, бо яе матуля вельмі рана пайшла з жыцця і дзяўчынцы не было ў каго вучыцца. А хлеб у вёсцы тады пяклі пастаянна, рэдка куплялі яго. Вядома, іншы раз дзяцей бацькі адпраўлялі ў краму, тыя беглі з радасцю — на рэшту ім дазвалялася купіць падушачак (невялікія квадратныя цукеркі без абгорткі). Ірына ім зайздросціла, у яе сям’і елі толькі свой, дамашні, хлеб.

Пяклі яго звычайна ў выхадныя ў разліку на ўвесь тыдзень, бо ў буднія дні людзі былі занятыя на працы і гаспадаркай. У іх вёсцы не ва ўсіх меліся бляшаныя падкладкі для выпечкі. А хлеба патрабавалася шмат — сем’і былі вялікія. Выйсце знаходзілася простае: сёння напякуць удосталь хлеба для сябе, назаўтра перадаюць посуд іншым. 

А некаторыя рабілі выпечку на адчышчаных да глянцу гарачых цаглінах, якія высцілалі кляновымі, дубовымі лістамі, аерам. Усімі гэтымі рэцэптамі валодае Ірына Міхайлаўна і папаўняе іх спіс пачутымі ад іншых жанчын.

Выпечка хлеба — гэта сапраўды патаемны рытуал, які патрабаваў уважлівасці пры кожным руху і... цішыні. Калі падыходзіла цеста і хлеб саджалі ў печ, нельга было шумець, гучна размаўляць. Таму дзяцей часта праганялі на вуліцу ці зачынялі ў іншым пакоі. Яшчэ лічылася, што калі хлеб ставіцца ў печ, не варта нікога пускаць у хату, інакш сям’я можа пазбавіцца дабрабыту.

...Водар свежага духмянага хлеба сустракае кожнага яшчэ на подступах да невялікай драўлянай хаткі, у якой месціцца Дом народных традыцый. Ад круглых кулідак (так тут называюць бохан хлеба) зыходзіць прыемная пахучасць, што так і хочацца хутчэй паспрабаваць хрусткую скарыначку. 

Падаючы кулідку, Ірына Міхайлаўна растлумачвае гасцям працэс выпечкі дамашняга хлеба:

— Патрэбна амаль двухдзённая падрыхтоўка. Спачатку робіцца закваска. Калі зімой у хаце халаднавата, то трэба, каб не менш як суткі яна пастаяла, а летам хапае і паловы сутак. Калі закваска паднялася, то можна пачынаць мясіць цеста. Старажылы казалі, што каб хлеб быў правільны, яго трэба перамясіць столькі разоў, колькі дзён у годзе!

Ірына Міхайлаўна прызнаецца, што выпечка хлеба — справа адказная, важна не пралічыцца з тэмпературай печкі, каб атрымаць тую самую ідэальна хрусткую скарыначку. Дровы павінны цалкам выгарэць, каб не засталося ніводнага ярка-чырвонага вугольчыка, каб адзін толькі гарачы дух захаваўся...

Рэцэптура тамашняга хлеба даволі простая: мука двух гатункаў — жытняя і пшанічная, малочная сыроватка (або проста вада ў пост), соль, прыправы і дадаткі. Інгрэдыенты злучаюцца ў залежнасці ад віду хлеба, які выпякаецца. Іх існуе некалькі: сітны — штодзённы; пшанічны — калядны і святочны; хлеб з дадаткамі і прысмакамі; хлеб партызанскі, які пяклі ў галодны ваенны час (у яго складзе былі размолатыя жалуды, саламяная церуха, кара дрэў і інш.). 

Закваска ставіцца на ноч з адным гатункам мукі, раніцай падмешваецца другі гатунак, дадаюцца інгрэдыенты. Сёння гэта могуць быць насенне чарнушкі, кмен, каляндра, кроп. У якасці дадаткаў выкарыстоўваюцца таксама сушаныя чарніцы, сушаныя яблыкі, сушаныя ігрушы, «гарбузікі» — ачышчаныя семкі гарбузоў, сырая надраная або вараная тоўчаная бульба.

Пасля ўсіх дадаткаў цеста «выходжваецца» яшчэ на працягу некалькіх гадзін у залежнасці ад тэмпературы ў пакоі. Потым цеста дзеліцца на кавалкі, з якіх фарміруюць кулідкі. Боханы летам садзяць на лістах клёна, дуба або на разасланым аеру. Іншы раз выкарыстоўваюцца не патэльні, а драўляныя кружочкі, абітыя бляшанкай.

Разам выпякаюцца таксама «скавароднікі», ці «перапечкі», — невялікія круглыя блінцы з хлебнага цеста. Яны гатуюцца вельмі хутка. Цеста прымінаецца на патэльні і праколваецца пальцамі, каб «не ўставала», перапечкі могуць пячыся перад агнём, у той час як боханы-куліткі — толькі «ў духу».

Нядаўна ў Жораўцы адрадзілі і старадаўні рэцэпт вясельнага каравая. Збіралі інфармацыю па крупінках, распытвалі старажылаў-бабуль. Гэта ж раней быў цэлы абрад: рыхтаваць кароавай павінны былі толькі замужнія жанчыны і абавязкова тыя, хто шчасліва жыве ў шлюбе. Прыносілі кожная па ледзь-ледзь: хто муку, хто яйкі, хто малако. А цеста павінны былі мясіць толькі далонькамі, а не кулакамі — інакш у шлюбе муж будзе біць жонку. Пакуль падыходзіла цеста, жанчыны спявалі песні, дапамагалі моладзі збіраць нявесту...

Дзякуючы Ірыне Міхайлаўне Жудрык такая, здавалася б, будзённая справа як выпечка дамашняга хлеба стала прыцягальнай экзотыкай для турыстаў.

— Я вельмі хацела стварыць Клуб хлебапёкаў, проста трызніла гэтым, — дзеліцца Ірына Міхайлаўна. — Але ў сваім доме апошнім часам печы ў мяне ўжо не мелася. На адным з вясковых свят пра маю мару даведаўся загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка. Ён адразу падхапіў маю ідэю, адразу сказаў: гэта будзе ўнікальны культурны праект! Набылі пад наш Клуб хлебапёкаў старую хату, зрабілі там рамонт. Афармлялі ўсёй вёскай: хто мэблю старадаўнюю падарыў, хто ручнікі, хто прынёс калаўрот, хто маслабойку. Столькі ўсяго цікавага знайшлі! Цяпер гэтыя рэчы — частка інтэр’ера нашага аматарскага клуба. І сталі мы тут пячы хлеб такі, як пяклі спрадвеку ў беларускай вёсцы.

Алена ВАСІЛЬЕВА

Фота Альфрэда МІКУСА

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.