Вы тут

Уладзімір Царук: легендарны рэвалюцыянер і партызан


Ёсць у нашай гісторыі яркія асобы, постаці, імёнамі якіх не названы вуліцы вялікіх гарадоў ці буйных прадпрыемстваў, ім не пастаўлены велічныя помнікі на плошчах, у іх памяць не праводзяцца спартыўныя турніры, пра іх не здымаецца кіно... Але ад гэтага іх роля не становіцца менш важкай. Бо ёсць людская памяць, яе сцерці нельга.

Сённяшні наш расповед пра Уладзіміра Зянонавіча Царука, Героя Савецкага Саюза, актыўнага ўдзельніка падпольнай барацьбы працоўных Заходняй Беларусі ў 1920—1930-х гадах, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны — камандзіра цэлага партызанскага злучэння, якое ў час акупацыі паспяхова дзейнічала ў Стаўбцоўска-Мірскай зоне.


У Заходняй Беларусі

Нарадзіўся Уладзімір Царук 20 снежня 1899 года ў вёсцы Вялікая Обрына, што ў цяперашнім Карэліцкім раёне, у сялянскай сям'і. У 1912 годзе скончыў Ярэміцкае народнае вучылішча, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, у 19 гадоў, быў выбраны сакратаром валаснога рэўкома там жа, у Ярэмічах. У гады Грамадзянскай вайны стаў чырвонаармейцам, а затым палітруком роты 72-га стралковага палка, па іншых звестках — 10-га Мінскага палка ВЧК. Пасля Рыжскага мірнага дагавора, які падзяліў Беларусь, — на падпольнай працы ў Заходняй Беларусі, быў абраны сакратаром Мірскага падпольнага райкама КПЗБ.

Уладзімір Царук удзельнічаў у арганізацыі дэманстрацый і мітынгаў у Карэлічах і Міры, вёў падпольную партыйную работу, якая была складанай і небяспечнай. Напрыклад, у 1925 годзе падпольшчыкам удалося выявіць у радах слонімскай партыйнай арганізацыі агента польскай сакрэтнай службы «Дэфензіва» па мянушцы «Кузьма», які здаў паліцыі шэраг актыўных падпольшчыкаў. Правакатар быў ліквідаваны.

17 верасня 1926 года паліцыя выйшла на след самога Уладзіміра Зянонавіча, яго арыштавалі. Неўзабаве адбыўся суд. Уладзіміру Царуку як «асабліва небяспечнаму дзяржаўнаму злачынцу, які падбухторваў сялян да бунтаў» і як саўдзельніку ў забойстве агента тайнай паліцыі, пракурор адразу запатрабаваў смяротнага пакарання. Суд пад ціскам грамадскасці, баючыся новых хваляванняў, даў яму «ўсяго» 10 гадоў турмы плюс яшчэ чатыры — за членства ў забароненай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Пракурор апратэставаў гэтае рашэнне, і тады суд больш высокай інстанцыі, у Варшаве, выносіць бязлітаснае рашэнне — пажыццёвае зняволенне. Пацягнуліся доўгія, змрочныя турэмныя гады. 13 гадоў у турмах Навагрудка, Вільні, Равіч (невялікі гарадок за некалькі кіламетраў ад польска-нямецкай граніцы). Тут, у равіцкай турме, Уладзімір Зянонавіч пазнаёміўся з Сяргеем Восіпавічам Прытыцкім, будучым вядомым дзяржаўным дзеячам БССР.

1 верасня 1939 года немцы напалі на Польшчу, пачалася вайна. Зняволеных равіцкай турмы не паспелі эвакуіраваць, ахова турмы разбеглася, і арыштанты таксама. Царук з Прытыцкім накіраваліся ў Варшаву, жадаючы прыняць удзел у яе абароне ад вермахта. Не здолеўшы прабіцца праз кальцо акружэння, абодва яны дабраліся да Беластока, дзе і сустрэлі Чырвоную Армію, якая пачала 17 верасня 1939 года свой Польскі паход.

Пра гэтыя факты з яго біяграфіі расказваецца ў дакладной запісцы сакратара ЦК КП(б) Б Мікалая Яўхімовіча Бюро ЦК «Па справе т. Царука У.З.» у лістападзе 1942 года: «У польскіх турмах прасядзеў 13 гадоў. Вызваліўся з турмы ў верасні 1939 года ў сувязі з польска-германскай вайной... Прымаў актыўны ўдзел ва ўстанаўленні савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Быў выбраны дэпутатам у Народны сход Заходняй Беларусі, а затым дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР».

Як вядома, Народны сход Заходняй Беларусі праходзіў у Беластоку 28—30 кастрычніка 1939 года. У яго рабоце ўдзельнічалі 926 дэлегатаў, прысутнічалі члены ўрада Савецкай Беларусі, прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку Я. Купала і Я. Колас. Народны сход прыняў дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР і СССР, прыняў рашэнне аб канфіскацыі земляў памешчыкаў, нацыяналізацыі буйных прадпрыемстваў, банкаў. «З гэтага часу, гаварылася ў дэкларацыі, уся ўлада ў Заходняй Беларусі належыць працоўным горада і вёскі ў асобе дэпутатаў працоўных». Сярод 12 чалавек, якія падпісалі дакумент, стаіць і подпіс Царука.

І далей ужо ішла канкрэтная, штодзённая работа па напаўненні заяўленых мэт канкрэтным зместам. Уладзімір Зянонавіч у гэты час працуе намеснікам старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама, загадчыкам Стаўбцоўскага райдараддзела, затым — старшынёй Стаўбцоўскага райсавета дэпутатаў працоўных. У сакавіку 1940-га абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Пушчанскі камандзір

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміру Царуку прыйшлося эвакуіравацца на ўсход: многія прадпрыемствы Баранавіцкай вобласці былі напраўлены на Тамбоўшчыну. Тут і апынуўся Уладзімір Зянонавіч. Некаторы час працаваў намеснікам дырэктара адной з МТС. Працаваў, чакаючы адказу на просьбу ў ЦК КП (б) Б накіраваць яго ў тыл ворага для ўдзелу ў партызанскай барацьбе. Тут яму дапамагло даўняе знаёмства з Прытыцкім і Міхаілам Зімяніным. У дакладной запісцы на імя першага сакратара ЦК Панцеляймона Панамарэнкі яны пісалі: «Лічым неабходным прыцягнуць для работы... у тыле нямецка-фашысцкай арміі наступных таварышаў, якія добра ведаюць работу ў заходніх абласцях Беларусі». Далей называліся прозвішчы Веры Харужай, Данілы Данішэўскага, Васіля Самуціна. Асобна гаварылася пра Царука: «Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, былы старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама... Добра ведае ўмовы падпольнай работы. Знаходзіцца ў Тамбове. Можна накіраваць у Вілейскую вобласць».

У студзені 1942 года Уладзіміра Царука выклікалі ў Маскву і залічылі ў рэзерв ЦК КП (б). Нейкі час ён працаваў у Беларускім штабе партызанскага руху. У абавязкі Царука ўваходзіла забеспячэнне падрыхтаваных да закідвання ў варожы тыл груп зброяй, боепрыпасамі, узрыўчаткай, радыёстанцыямі. Як адзначаў у характарыстыцы Уладзіміра Царука ў сувязі з прадстаўленнем яго да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі начальнік БШПР брыгадны камісар П. З. Калінін, «У. Царук правёў вялікую работу па забеспячэнні ўзбраеннем і боепрыпасамі партызанскіх атрадаў. За перыяд сваёй работы начальнікам базы ўзбраення забяспечыў узбраеннем і боепрыпасамі 2 тысячы партызан, накіраваных у тыл ворага».

Але сам ён хацеў непасрэдна змагацца з фашыстамі. Таму неўзабаве яго накіравалі на Калінінскі фронт, дзе членам Ваеннага савета 3-й ударнай арміі быў П. Панамарэнка. Тут была арганізавана Паўночна-Заходняя аператыўная група, у склад якой і быў уключаны У. Царук. У сакавіку 1943 года Беларускі штаб партызанскага руху накіроўвае яго ў тыл ворага, у Баранавіцкую вобласць. «Быў членам падпольнага абкама, піша ён у сваёй біяграфіі, кіраваў міжрайцэнтрам, у які ўваходзілі пяць раёнаў, пяць партызанскіх брыгад і адна брыгада кавалерыі, дзе я быў камандзірам партызанскага злучэння Стаўбцоўскай зоны. Выпускалі мы пяць падпольных газет і лістоўкі. Таксама я быў першым сакратаром падпольнага Стаўбцоўскага РК КП (б) Б».

У Стоўбцы фашысты сагналі каля 2000 маладых хлопцаў для стварэння падраздзялення «Беларускай краёвай абароны». Царук накіраваў у іх рады агітатараў і неўзабаве амаль усе рэкруты разбегліся, а больш як 600 з іх уступілі ў партызанскія атрады. У павелічэнні шэрагаў народных мсціўцаў сваю ролю адыгралі і партызанскія друкарні, якія выпускалі газеты, плакаты і лістоўкі. Сталі стварацца новыя атрады і брыгады, што дазволіла праводзіць супраць ворага маштабныя акцыі.

18 красавіка 1943 года Царук асабіста ўзначаліў аперацыю па разгроме гарнізона ў мястэчку Мір, дзе адпачывалі і праходзілі падрыхтоўку гітлераўскія лётчыкі. Падпольшчыкі здабылі пароль. Група партызан, пераапранутых у гітлераўскую форму, зняла ахову. Следам у гарнізон уварваліся асноўныя партызанскія сілы атрадаў «Камсамолец» і імя Воранава. У вокны будынкаў паляцелі гранаты. Гітлераўцы выскоквалі з вокнаў на вуліцу, іх даганялі аўтаматныя чэргі. Да раніцы гарнізон быў разгромлены цалкам.

Улетку 1943 года, падчас правядзення фашыстамі аперацыі «Герман», калі блакаду Налібоцкай пушчы супраць 3,5 тысячы партызан вяла 50-тысячная карная экспедыцыя, рака Нёман стала мяжой, дзе партызаны «дзядзькі Валодзі» — такім быў партызанскі псеўданім Царука — вялі жорсткія баі. Над пушчай павіслі бамбардзіроўшчыкі. Па лясных дарогах пайшлі карнікі, танкі і спецыяльныя каманды салдат з аўчаркамі. Гэтай армадай камандаваў асабіста обергрупенфюрэр СС Курт фон Готберг.

Царук разумеў: так проста з блакіраванай Налібоцкай пушчы не ўцячы — у лесе жывуць партызанскія сем'і, функцыянуюць шпіталі, ёсць аэрадром для прыёму самалётаў з Вялікай зямлі. Ён прыняў рашэнне атрадам рассяродзіцца і, свабодна манеўрыруючы, з усіх бакоў біць карнікаў.

Амаль цэлы месяц ішла жорсткая барацьба на межах лясных масіваў. На шляху ў Івянец партызаны захапілі штаб падпалкоўніка СС Аскара Дзірлевангера, і план аперацыі «Герман» апынуўся ў руках Царука. Гэта дапамагло не толькі сапраўды манеўрыраваць, але і ўстройваць засады ў самых нечаканых для ворага месцах. Страціўшы нямала салдат і баявой тэхнікі, карнікі згарнулі аперацыю, адправіўшы ў Берлін данясенне, што «ўсе партызаны знішчаны».

У 1944 годзе ў Стаўбцоўскім партызанскім злучэнні было ўжо пяць брыгад — «Камсамолец», імя 1 Мая, імя 25-годдзя БССР, імя Маршала Г. К. Жукава, імя Суворава. Гэта былі тысячы добра ўзброеных байцоў. Яны грамілі гітлераўскія гарнізоны, узрывалі чыгуначныя і шашэйныя масты, зрывалі будаўніцтва гітлераўскіх абарончых аб'ектаў. Уладзімір Царук асабіста распрацоўваў планы удараў па варожых камунікацыях.

20 чэрвеня 1944 года злучэнне Царука ў поўным складзе выйшла на чыгунку. Тысячы рэек узляцелі на паветра. На станцыях захраслі варожыя эшалоны, становячыся лёгкай здабычай савецкай авіяцыі. 6 ліпеня 1944 года партызаны Царука злучыліся з надыходзячымі часцямі Чырвонай Арміі.

Выконваючы распараджэнне камандавання, партызаны Царука ўзялі пад кантроль дарогу Дзяржынск — Стоўбцы — Мір — Карэлічы — Навагрудак і заблакіравалі шляхі адыходу акупантаў. Завязаліся ўпартыя баі. Каб не даць ворагу схавацца ў глухіх лясах Налібоцкай пушчы, частка атрадаў заняла абарону ўздоўж усходняй ускраіны пушчы ад Стоўбцаў да Валожына. Тут быў разгромлены варожы 217-ы пяхотны полк, большасць салдат праціўніка захоплена ў палон.

Усяго ж партызанскімі брыгадамі пад камандаваннем Уладзіміра Царука было спушчана пад адхон 555 варожых воінскіх эшалонаў, разбіта 3263 вагоны, забіта 33 940 гітлераўцаў, знішчана 325 аўтамашын, узарвана 646 шашэйных і чыгуначных мастоў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 года за ўмелае камандаванне партызанскім злучэннем, узорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Уладзіміру Зянонавічу Царуку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка».

Пасля вайны

У кастрычніку 1944-га Уладзімір Зянонавіч быў прызначаны галоўным прадстаўніком СНК БССР пры ўпаўнаважаным польскага ўрада па перасяленні польскага насельніцтва з Беларусі ў Польшчу. Гэта была вельмі складаная праца. Граніца мянялася, частка раёнаў БССР адыходзіла да Польшчы, тысячы людзей пераязджалі з месца на месца, узнікалі няпростыя маёмасныя пытанні. Уладзімір Царук неаднаразова звяртаўся да намесніка Старшыні СНК Кузьмы Кісялёва з хадайніцтвам перад НКУС аб забароне праводзіць неабгрунтаваныя арышты грамадзян, якія пераязджаюць, бо гэта «нервуе людзей, негатыўна характарызуе палітыку партыйных і савецкіх улад па перасяленні». Дзейнасць У. Царука па справах эвакуацыі атрымала адабрэнне кіраўніцтва і БССР, і Польшчы.

У канцы 1947-га Уладзімір Царук становіцца намеснікам старшыні Баранавіцкага аблвыканкама, у лістападзе 1951-га — старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама. На той момант гэта быў абласны горад, які актыўна развіваўся. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета СССР.

Ён памёр 27 студзеня 1957 года, не пражыўшы і 58 гадоў. Імя Уладзіміра Зянонавіча Царука носяць вуліцы ў Баранавічах, Лідзе, Стоўбцах, Карэлічах. У вёсцы Вялікая Обрына, на яго радзіме, створаны мемарыяльны музей, а ў Ярэмічах Герою Савецкага Саюза ўстаноўлены бюст. Ужо ў 1999 годзе рашэннем Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў У. З. Царуку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы».

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?