Вы тут

У панядзелак – навальніцы, а на выходных – сонечна. Прагноз надвор’я на наступны тыдзень


Мокра будзе толькі на пачатку тыдня, а бліжэй да суботы надвор’е пачне радаваць беларусаў: сіноптыкі прагназуюць пераменную воблачнасць, у некаторых абласных цэнтрах пачнецца сапраўднае бабіна лета – будзе сонечна і камфортна. Мы падрыхтавалі для чытачоў zviazda.by кароткі агляд прагнозу надвор’я, які прапануе рэсурс gismeteo.by.


Фота: pixabay.com

Пачнем з дрэнных навінаў. У панядзелак, 30 жніўня, па ўсёй краіне чакаюцца дажджы з навальніцамі: без грому і маланак будзе толькі ў Гродне і Брэсце. Аднак паўсюль будзе цёпла: максімальна тэмпература ўдзень прагназуецца ў Віцебску, Гомелі і Магілёве – да 26 градусаў вышэй за нуль, мінімальная ў Брэсце – плюс 20. У сталіцы чакаецца + 22 з максімальнымі парывамі ветру да 17 метраў у секунду, так што, мінчане, – трымайце мацней свае парасоны, каб не паўтарыць палёт вядомай гераіні дзіцячай кнігі. Дарэчы, больш за ўсё ападкаў чакаецца таксама ў Мінску – да 19,8 міліметраў.

У аўторак, 31 жніўня, дажджы яшчэ будуць панаваць над краінай: навальніцы чакаюцца амаль ва ўсіх абласных гарадах (за выключэннем Віцебска і Гродна) і сталіцы. Слупок тэрмометра крыху апусціцца ў параўнанні з панядзелкам, але не надта: цяплей за ўсё днём (+24) будзе ў Віцебску, халадней (+21) – у Брэсце, Гродне і Магілёве. Дарэчы, самая цёплая ноч (+19) таксама чакаецца на поўначы Беларусі - у Віцебску, а самая халодная (+10) – у Брэсце. У сталіцы ў гэты дзень будзе мокра, тэмпература будзе такой жа, як і ў панядзелак: +22 удзень і +16 уначы.

Каляндарная восень, якая ўступіць у свае законныя правы ў сераду, 1 верасня, прынясе крыху больш камфортнае надвор’е: школьныя званкі не будуць перарывацца гукамі маланак – амаль паўсюдна чакаюцца невялікія ападкі і пераменная воблачнасць, верагоднасць навальніцы на Дзень ведаў прагназуецца толькі ў Віцебску. Карацей, сонейка ў гэты дзень будзе больш, чым дажджу. Тэмпература паветра ад +22 у Віцебску і Гомелі да +20 у Гродне і Мінску.  

Чацвер, 2 верасня, прынясе дажджу менш (навальніцу чакаюць толькі ў Гомелі) – яны будуць кароткачасовымі па ўсёй краіне і вялікіх ападкаў не прынясуць. Праўда, стане халадней на некалькі градусаў: максімальная тэмпература паветра ўдзень (+19) чакаецца ў Брэсце, мінімальная (+16) – у Мінску, Віцебску і Гродне.

Канец працоўнага тыдня, які прыпадае на пятніцу, 3 верасня, прынясе сухое надвор’е: дажджу сіноптыкі ў абласных цэнтрах і сталіцы не прагназуюць наогул. Цэлы дзень будзе сонечна ў Гомелі, Гродне і Магілёве, пераменная воблачнасць чакаецца ў Мінску, Віцебску і Брэсце. Тэмпература паветра ўдзень у абласных цэнтрах будзе аднолькавая – плюс 17 градусаў, на адзін градус ніжэй будзе толькі ў сталіцы.

Чаго чакаць ад выходных? Адсутнасці дажджу – дакладна. Сіноптыкі сцвярджаюць, што сонечнае надвор’е ў суботу, 4 верасня, будзе панаваць у Брэсце і Гомелі, пераменная воблачнасць – ва ўсіх астатніх абласных гарадах і сталіцы. Паўсюль +18, у Мінску – плюс 17. Ноччу па ўсёй Беларусі слупкі тэрмометраў будуць вагацца ад +10 да +7 градусаў.   

Ну і, нарэшце, нядзеля, 5 верасня! Цяплей за ўсё ўдзень будзе ў Брэсце – тут сіноптыкі  абяцаюць да плюс 20 (ноччу да +10) і абсалютна сонечнае надвор’е.  Ва ўсіх астатніх абласных цэнтрах час ад часу на гарызонце будуць з’яўляцца хмаркі, але ж невялікія. Тэмпература паветра днём у большасці гарадоў будзе складаць +18, уначы – плюс 11. Парывы ветру невялікія – ад 6 да 9 метраў у секунду.

Вольга АНУФРЫЕВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.