Вы тут

Чаму можа навучыць «адукацыйны рэстаран» ў весцы Хваенск Гомельскай вобласці


Ці можа рэстаран быць адукацыйным? Не спяшайцеся з адказам. Давайце зазірнём на Сонечную вуліцу далёкай палескай вёсачкі Хваенск, што ў Гомельскай вобласці, дзе кожную суботу наведвальнікам вясковага «адукацыйнага рэстарана», як назвала яго гаспадыня Наста, прапануецца самім расчыніць хлеб, а потым спячы яго ў сапраўднай вясковай печы. А пакуль рыхтуецца цеста і спее хлеб, Наста распавядае пра карысць выпечкі з арганічнай мукі, пра адрозненні памолу і выкарыстанне закваскі, пра старадаўнія рэцэпты святочных і будзённых страў палешукоў. І вядома ж, гаворыць аб традыцыях тутэйшых жыхароў — трапяткога стаўлення да хлеба і да печы, якую на Палессі дагэтуль паважліва клічуць «матухна».


Як на месцы школы з’явілася аграсядзіба

У былога мужа Насты падобны бізнес меўся ў Расіі. А родам ён адсюль, з Хваенска, яго бацька хадзіў у тую школу, дзе зараз знаходзіцца Настусіна сяліба. Яе будынак набылі за адну базавую велічыню, каб захаваць старую школу ў памяць пра бацьку. А яшчэ хацелася стварыць такі від сельскага адпачынку, які нёс бы карысць і веды — пра прыроду, наваколле, светагляд. Таму і назвалі аграсядзібу «Естествознание», ці па-беларуску «Прыродазнаўства».

Сямейнае жыццё не заладзілася. Так Анастасія Цяслюк засталася ў Хваенску адна кіраваць усімі справамі. Адносіны з былым мужам захаваліся добрыя, сваю «долю» ў іх сумесным бізнесе ён не забірае, а, наадварот, аддае на развіццё. А ўдасканальваць і даводзіць да розуму стары будынак прыйдзецца яшчэ не адзін год.

— Два гады вяліся рамонт і будаўніцтва, — распавядае Наста , — толькі з гэтай зімы пачалі працаваць як аграсядзіба. Сёння многія людзі жадаюць падарожнічаць з сэнсам, знаёміцца глыбей з культурай і прыродай розных месцаў. Мне і самой цікавы той адпачынак, які яшчэ і ведамі ўзбагачае. Таму я задумала стварыць «адукацыйны рэстаран», дзе ёсць урокі, напрыклад, па хлебавыпяканні, якія дапаўняюцца практычнымі заняткамі. На майстар-класах імкнуся адкрыць для маіх гасцей новыя карысныя прадукты. А яшчэ мы разам ходзім... на паляванне. Паляванне на травы!

Хтосьці едзе на сельскую аграсядзібу проста ў цішыні адпачыць, аднавіцца эмацыянальна. У мяне склалася цудоўная кааперацыя з суседзямі. У Дзімы — выдатная лазня. Мяса я не рыхтую, таму мясаеды могуць здзейсніць гастранамічны тур у суседні Тураў да Алены Браніславаўны Серады. Яе ласкавая мянушка — «Тры зоркі Мішлен»: у яе кафэ падаюць усялякія разнасолы па палескіх рэцэптах.

Для ўнутраных інтэр’ераў гасцініцы вяскоўцы перадалі Насці старыя, не патрэбныя ім ужо ў побыце рэчы: кросны, калаўрот, чыгункі, ручнікі, прасы, куфар. Усё гэта вельмі ўзбагаціла інтэр’ер. Разам з рэчамі перасяліліся і іх гісторыі. Трох птушачак вышыла на ручніку мясцовая бабуля, калі яе аддалі замуж за нялюбага. А два галубкі на суседнім ручніку — сведчанне аб шчаслівым шлюбе іншай бабулі. У планах Настусі — стварыць музей побыту палешукоў.

— Шмат тут і асабістых рэчаў, — дзеліцца Наста. — Дзве драўляныя дарожныя скрыні — гэта маіх бабулі і дзядулі. Калі яны ажаніліся, сюды змясціўся ўвесь іх няхітры скарб. Асаблівая памяць для мяне — маё дзіцячае крэселка, дзядуляў падарунак. На ім намаляваны сабака-лайка. І сёння ў мяне жыве лайка Віхура. Аказваецца, сабаку майго дзеда таксама звалі Віхура: калі яго не стала, я была яшчэ маленькая. Але дзесьці ў памяці, мабыць, адклалася... Сапраўдны скарб — частка слуцкага пояса, дзядзькаў падарунак. А вышытыя карціны — справа рук майго брата. Вельмі люблю рэчы з гісторыяй. 

Інфармацыйны дзетокс

Бонусам жыцця ў палескай вёсачцы, па словах Настусі, з’яўляецца інфармацыйны дзетокс: мабільная сувязь тут не вельмі добрая, а ў пакоі гасцініцы наўмысна не праведзена тэлебачанне.

Аднак у аграсядзібе лагічна «пасяліліся» сельская бібліятэка і клуб. Сюды перавандравалі непатрэбныя настольныя гульні, спісаныя часопісы. Мясцовай дзятве радасна, што ёсць дзе сабрацца, ды і бацькі заўсёды ведаюць, дзе шукаць сваё дзіця — у Настусі!

Кожны з сямі пакояў гасцініцы «Прыродазнаўства» прысвечаны нейкай тэме. І кожны — са сваёй тэрасай і... сенавалам. На духмянай траве так смачна спіцца! 

Акрамя майстар-класаў па выпяканні хлеба, у Насты збіраюцца аматаркі лазневага адпачынку і духмянай гарбаты. Настуся шчодра дзеліцца з імі ведамі пра травы, знаёміць з правіламі збору, нарыхтоўкі, распавядае займальныя чайныя гісторыі. Ды і для жанчын важна проста «сабрацца і пагаварыць», аб усім на свеце, такая бяседа некаму дае падтрымку, некаму эмацыянальнае заспакаенне.

Як правіла, Насця сама разам з гасцямі аграсядзібы адпраўляецца за дзікарослымі і лекавымі раслінамі, вучыць, як іх збіраць, як зрабіць адвар або прыгатаваць цікавыя стравы з дароў прыроды. Алкаголь на сядзібе пад забаронай, што надае зусім іншую якасць адпачынку і задае свой напрамак для правядзення вольнага часу. Дзеці, гуляючы, атрымліваюць веды пра птушак у «Дзіцячай школе юнага арнітолага», створанай сумесна з Насцяй Блоцкай. 

Сумаваць няма часу. Вось што пра гэта гаворыць сама Настуся: «Пачынаючы з мая мае госці могуць актыўна махаць вяслом па Прыпяці і яе разлівах, выезды на байдарках мы арганізуем сумесна з хлопцамі з аграсядзібы „Крэмнае“ з Турава. Аматары рыбнай лоўлі могуць штодзень сядзець ад золку з вудай. Многім жа падабаецца проста гуляць па лесе, глядзець на заліўныя палескія дубровы, слухаць музыку ветру... У сельскую глуш за тым і едуць, каб атрымаць асалоду ад цішыні, адчуць душэўную раўнавагу. Выдыхнуць...»

Палессе — край таямніц

Цікавых гісторый за час жыцця на Палессі Настуся назапасіла нямала. І ахвотна імі дзеліцца:

— Палессе вучыць мяне кожны дзень. Напрыклад, прыйшоў час збору траў. Узяла я кошык, капялюшык, ваду. Выходжу і думаю — вось зараз назбіраю багата зёлак. Але ж гэта Палессе, край таямніц! Тут усё няпроста!.. Іду я, значыць, накіроўваюся на Папоўскае возера: там побач ёсць вялікі луг. Іду, па баках гляджу, прыгажосцю навакольнай любуюся. Праходжу невялікі брод, і раптам — плясь, лячу вобземлю. Ляжу. Думаю: па баках глядзець добра, але пад ногі важней. Падымаюся. Першы крок, ухапілася за галінку, каб зноў не ўпасці. Адпускаю, а яна мне прама ў брыво — хлясь! Не пускае мяне за травамі палескі лясны дух. Унутраны мой голас кажа: «Не хадзі далей, да бабы Мані ідзі, яна тут побач жыве, яна ўсё патлумачыць».

Баба Маня бачыць маё брыво ў крыві і сукенку ў гразі:

— Настуська, ты, што, на Папоўскае возера хадзіла?

— Адкуль вы ведаеце?

Смяецца: «Папоўскае заўсёды жартуе над навалаччу (чужымі)».

— Настуся, а як ты заходзіла праз брод?

— Нагамі, — бурчу незадаволена.

— Насця, вучыць цябе і вучыць! Матухна-прырода нашмат старэй за чалавека, таму трэба яе паважаць. Пры ўваходзе ў лес ці на луг трэба галаву схіліць, павітацца. Ды расказаць, за чым прыйшла, за рамонкам або святаяннікам, для каго яны табе патрэбныя — сабе або сябрам. Лусту хлеба або жменьку зерня звярам і птушкам не забудзь прынесці, падзякаваць такім чынам прыродзе за яе дары... А ты — кошык у рукі, і як да сябе на агарод ідзеш! Нельга так непаважна, таму цябе і пасадзілі ў лужыну.

Гляджу на бабу Маню, як на астранаўта з Луны. Дзіўлюся. Але ж чалавек і сапраўды апошнім часам занадта па-спажывецку адносіцца да навакольнай прыроды.

Прыселі мы на лавачку, і баба Маня доўга расказвала мне пра сілу палескіх лясоў-палёў, пра розніцу паміж аптэкарскімі і дзікімі травамі. Баба Маня распавядала пра зёлкі, як пра сваіх лепшых сяброў. Яна раіла, што найлепей мыцца расой з кветак рамонку: маўляў, усё дрэннае з цябе змые, а добрае памножыць. Рамонак з выгляду — прастата вясковая, а на справе ён узмацняе дзеянне ўсіх траў ў адварах і настоях.

Многаму навучылі Настусю вясковыя бабулі. І сёння яе нататкі ў інтэрнэце чытаеш як займальную кнігу, поўную мяккага святла, добрага гумару і пазітыўнага светаўспрымання.


Мы абдымаемся на развітанне як добрыя сябры. Якая ж яна маленькая, практычна бязважкая, але на дзіва моцная дзяўчына — Наста! А побач з ёй рака Прыпяць — сапраўднае паляшуцкае сэрца. Палессе прыняло Настусю, адкрыла ёй свае сакрэты. І зараз яна шчодра дзеліцца імі з намі.

Наталля ПЛЫТКЕВІЧ

Фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА, Максіма РУДАКОВА

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».