Вы тут

Фестывалі ад «А» да «Я»


Ці ведалі вы, што ў Шклове святкуюць дзень агурка? Падчас тэматычнага свята можна пачаставацца нават агурковым махіта. А мястэчка Глыбокае называюць «вішнёвай сталіцай», бо кожны год там ладзіцца «ягаднае» свята. На першы погляд можа падацца, што гэтыя фестывалі жартоўныя. Але калі капнуць трошку глыбей, атрымаецца, што асабістае для кожнага рэгіёна свята — гэта не толькі своеасаблівы брэнд, але і працяг старажытных традыцый. Вядома ж, у сучасным выглядзе.


Сустрэча прысвечана рэгіянальным святам, адбылася днямі ў прэс-цэнтры БелТА. Спікеры распавялі аб фестывалях Беларусі і анансавалі правядзенне новых мерапрыемстваў.

— Сёння рэспубліканскія і рэгіянальныя фестывалі — важны аспект у развіцці народнай мастацкай творчасці, — адзначыла Вольга Антоненка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. — Менавіта яны дазваляюць не толькі захаваць, але і зрабіць больш папулярнымі народныя традыцыі. Асноўным органам, які каардынуе правядзенне такіх свят, з'яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Была наступная мэта: беларускі рэгіён павінен прагучаць на міжнароднай арэне. Высветлілася, што ў такім выпадку ён павінен мець уласны брэнд. І дзесяць гадоў таму мы пачалі працаваць над тым, каб стварыць брэнд амаль для кожнага рэгіёна. То-бок, сталі развіваць фестывальны рух, дзякуючы чаму развіўся і культурны турызм. У мінулым годзе мы зрабілі спіс рэгіянальных культурных брэндаў Рэспублікі Беларусь, які ўключае ў сябе 209 розных свят і конкурсаў. Не без гонару адзначу, што летась Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур выдаў кнігу «Фестывалі ад А да Я»: у яе ўвайшлі найбольш знакавыя мерапрыемствы.

Вольга Антоненка дадала, што 11 верасня ў Верхнім горадзе адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю культур. Удзел у адкрыцці прымуць прадстаўнікі 25 нацыянальнасцяў.


Цікава

  • Штогод у рэгіёнах Беларусі праводзіцца больш за 50 розных фестываляў і свят.
  • У гэтым годзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі ў Нясвіжы, які адбыўся падчас Ночы музеяў, наведала каля 30 тысяч чалавек.
  • У Беразіне ладзіцца свята-конкурс старажытных рамёстваў «Бярэзінскія лыжкары». У гонар гэтага ў горадзе ўсталявана самая вялікая драўляная лыжка ў свеце. Яе даўжыня складае каля 24 метраў.

Арына КАРПОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.