Вы тут

Участковы інспектар з Уздзенскага раёна да кожнага мае свой падыход


Аляксандр Бабіч — на Уздзеншчыне асоба вядомая. Ва ўсякім разе, на тэрыторыі Слабадскога сельскага Савета яго ведае кожны. Участковага рэдка калі можна застаць у яго кабінеце. Кожны дзень ён аб'язджае замацаваныя за ім вёскі, сустракаецца з насельніцтвам, цікавіцца надзённымі праблемамі — капітан міліцыі заўсёды ў курсе, чым жывуць людзі, што іх хвалюе.


Не стаў мяняць звыклага ўкладу ўчастковы інспектар міліцыі грамадскай бяспекі аддзела прафілактыкі і правапарадку Уздзенскага РАУС і тады, калі да яго дзеля падрыхтоўкі публікацыі прыехалі карэспандэнты «Звязды». Аляксандр Бабіч прапанаваў сесці ў аўтамабіль і разам з ім праінспектаваць тэрыторыю сельскага Савета, за бяспеку і правапарадак у якім міліцыянер нясе адказнасць. А гэта ні многа, ні мала, а 50 вёсак!

Калі ўчастковаму рады

Першы наш прыпынак адбыўся ў вёсцы Даўгінава. Тут жыве мужчына, які стаіць на прафілактычным уліку ў міліцыі. Праўда, ужо прайшло некалькі месяцаў, як Сяргей Казючыц закадзіраваўся. І ўсё дзякуючы ўчастковаму: менавіта апошні настаяў на тым, каб мужчына кінуў піць.

Каля хаты — парадак. Цвітуць ружы, напоўнены ўраджаем грады. Акуратна і ў хаце — нават не скажаш, што яшчэ нядаўна тут гаспадарыў п'яніца. Калі мы прыехалі, Сяргея дома не было: мужчына працуе ў суседняй вёсцы на пілараме (каб не ўчастковы, напэўна, і дагэтуль сядзеў бы без работы). Нас сустрэла Марыя Мікалаеўна, яго маці, якой неўзабаве споўніцца 85 гадоў. Па яе вачах і ўсмешцы адразу стала зразумела: чалавеку ў пагонах тут рады.

— Я не ведаю, як мне яго аддзячыць, — кажа пра ўчастковага пенсіянерка. — Калі мой сын закадзіраваўся, я ўбачыла белы свет. Дагэтуль жа знаходзілася ў дрэнным становішчы: сыны паміж сабой не ладзілі, малодшы выпіваў, скандаліў, нават біўся. І толькі Уладзіміравіч змог з ім справіцца. Дай Бог яму здароўя! Цяпер сын не п'е, працуе, мяне даглядае (Марыя Мікалаеўна рухаецца з дапамогай хадункоў: нядаўна яна зламала нагу. — удакл. аўт.).

Раптам пенсіянерка скардзіцца на высокі ціск. Участковы цікавіцца, ці выклікала яна сёння ўрача. Пачуўшы адмоўны адказ, абяцае патэфанаваць фельчару і папрасіць, каб той прыехаў да Марыі Мікалаеўны.

— Не трэба яго турбаваць: у яго, як і ў вас, работы хапае, — кажа жанчына. Пра клопат інспектара яна ведае не па чутках: яе бацька-франтавік пасля вайны працаваў участковым. У міліцыі адслужыў 31 год. «Найбольш складаны час быў пасля вайны, — удакладняе Марыя Казючыц. — Я помню, як ён хадзіў з аўтаматам, бо паўсюль былі бандыты».

Для чалавека, які перажыў акупацыю, гэта вельмі важны перыяд ва ўласнай біяграфіі. Марыя Мікалаеўна расказала, як аднойчы немцы хацелі спаліць Даўгінава. Не выйшла. Толькі людзі ў вёсцы былі незлапамятныя. Аднойчы, калі чырвонаармейцы былі ўжо блізка, у хату да Марыі Казючыц пастукаў немец: падчас адступлення, відаць, адбіўся ад сваіх. Яго накармілі, напаілі, далі памыцца, пераадзецца, але неўзабаве ў вёску прыйшлі нашы. Чырвонаармейцы знайшлі ў яго ў кішэні фотаздымкі. «Тата і мама», — растлумачыў па-нямецку салдат. З іншай кішэні дасталі знак карніка. «І ў мяне калісьці былі тата і мама», — сказаў адзін з нашых салдат. Немца расстралялі за вёскай.

Падзякаваўшы Марыі Мікалаеўне за ўспаміны, мы рушылі далей. Ужо ў машыне Аляксандр Бабіч расказаў, што ён некалькі разоў мог адправіць яе сына ў лячэбна-працоўны прафілакторый: на тое былі ўсе падставы. «Але я добра разумеў, што ў такім выпадку бабуля засталася б нікому не патрэбная, — перакананы капітан міліцыі. — Калі яна зламала нагу, нягледзячы на чатырох дзяцей, даглядаў яе чамусьці сын-п'яніца. Добра, што Сяргей прыслухаўся, закадзіраваўся, і ў гэтую сям'ю я цяпер езджу, выключна каб парадавацца».

«Свой хлопец»

Аўтамабіль спыніўся каля Лашанскага сельскага Дома культуры. Акурат яго загадчыца Галіна Пінчук і культарганізатар Наталля Трухан стваралі вырабы з саломы — жанчыны рыхтаваліся да раённых «Дажынак».

— Уладзіміравіч — у нас часты госць: калі нам патрэбна дапамога ўчастковага, ён ніколі не адмаўляе, — гаворыць Галіна Пінчук. — Умее пагаварыць з людзьмі, выслухаць іх. Кожны ў вёсцы ведае нумар тэлефона ўчастковага. Калі трэба тэрмінова вырашыць пытанне, да яго можна патэлефанаваць нават ноччу.

— У нас якраз нядаўна была сітуацыя, — дапаўняе калегу Наталля Трухан. — Гарадскія дзеці пабілі вокны ў старым будынку сельскага Савета. Іншы адразу склаў бы пратакол. Наш участковы перш высветліў, хто гэта зрабіў, звязаўся з бацькамі дзяцей. Тыя ў кароткі тэрмін усё адрамантавалі. І сітуацыя выправілася, і біяграфіі ў дзяцей не сапсаваліся. І так ва ўсіх пытаннях: перш чым прымаць канкрэтныя рашэнні, ён разбярэцца ў кожнай сітуацыі. Адным словам, свой хлопец, чалавек з народа.

І гэта сапраўды так. Аляксандр Бабіч жыў у суседняй вёсцы Гарадок, хадзіў там у школу. Таму ён як ніхто ведае, як уладкаваны вясковы чалавек, чым ён жыве, якія ў яго клопаты. Невыпадкова не толькі за прафесійныя, а і за чалавечыя якасці ўчастковы заслужыў у аднасяльчан аўтарытэт. Дзеці ўвогуле ад яго ў захапленні: участковы і фуражку дасць ім прымераць, і ў службовым аўтамабілі сфатаграфавацца.

— У мяне сын непаўналетні днямі кажа: «Мама, бачыў сёння, па вёсцы Бабіч ездзіць, значыць, дамоў прыйду не пазней за адзінаццатую вечара», — расказвае Наталля Трухан.

— А калі хтосьці будзе п'яны валяцца, перш чым скласці пратакол, Аляксандр Уладзіміравіч завязе яго дадому ці ў бальніцу, каб чалавек, не дай Бог, не дайшоў, — заўважае загадчыца Дома культуры.

Калі дома — алкаголік

Аб афіцэрскіх пагонах Аляксандр Бабіч марыў з дзяцінства. У міліцыю прыйшоў пасля службы ў войску. Спачатку быў кіроўцам у дзяжурнай часці. А пасля заканчэння Магілёўскага інстытута МУС стаў участковым інспектарам. Пра такіх кажуць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Кажуць таксама інакш — чалавек на сваім месцы.

— З людзьмі трэба быць простым, размаўляць на іх мове, — перакананы Аляксандр Бабіч. — У нас у раёне пражывае розны кантынгент, і з кожным трэба знайсці агульную мову. Напрыклад, гарадскія людзі часта бачаць сітуацыю інакш, чым вяскоўцы. У мяне пазіцыя — у канфліктнай сітуацыі прымірыць людзей, бо калі яны пачынаюць пісаць адзін на аднаго заявы, жыць па-добрасуседску ўжо ніколі не будуць.

Спыняемся ў вёсцы Баравыя. Пажылы мужчына пераходзіць дарогу ва неўстаноўленым месцы — па ўсім відаць, п'яніца. Участковы падыходзіць да яго, вітаецца. Гэтым разам Аляксандр Коршук надзіва цвярозы. Міліцыянер праводзіць з ім прафілактычную гутарку, і мы рушым далей.

Праз некалькі метраў робім прыпынак каля хаты яшчэ аднаго аматара моцных напояў. Яго жонка акурат на падворку — мые дыванкі. Участковы пытаецца ў жанчыны, як справы, ці не крыўдзіць яе муж. Яна сціпла кідае некалькі нейтральных фраз: хутчэй за ўсё, саромеецца журналістаў. Неўзабаве выходзіць з хаты і гаспадар. Вядома, «пад мухай».

— Калі пойдзеш на работу, Генадзь? — пытаецца ў яго Аляксандр Бабіч.

— А навошта мне працаваць? — не разумее той. — Зямля дапамагае. У мяне ж гаспадарка, агарод — пражывём як-небудзь.

Як потым высветлілася, гаспадарка тая — дзве свінні ды качкі. Але за імі, як і за агародам, даглядае не ён, а жонка. Марына Салавей — маці пяцярых дзяцей. Усё жыццё адпрацавала на мясцовым цялятніку. Дзеці ўжо выраслі, але яна працуе і цяпер — на хлеб з малаком зарабіць жа нехта павінен.

— Можа, кадзіравацца будзем? — каторы раз пытаецца ў яе мужа ўчастковы.

— Я, напэўна, па ўзросце не падыходжу, — як можа, выкручваецца Генадзь.

Пакуль едзем у іншую вёску, участковы расказвае пра лёс гэтай беднай жанчыны. Мала, што ў яе амаль усё жыццё выпівае муж, з алкаголем пасябраваў яшчэ і адзін з сыноў. Выпівалі разам з бацькам, а потым скандалілі — не раз Марына разам з малодшымі дзецьмі вымушана была начаваць на ферме. Аляксандру Бабічу ўдалося адправіць бацьку з сынам на лячэнне ў ЛПП. Сын са спіртным завязаў, на гаспадара пакуль не могуць знайсці ўправу.

— Я абсалютна не цярплю п'яніц, — прызнаецца ўчастковы. — Асабліва ў сем'ях, дзе выхоўваюць дзяцей. Часта бывае, што бацькі здымаюцца з прафілактычнага ўліку, а іх дзеці туды становяцца — а ўсё таму, што раслі на дрэнным прыкладзе.

Свой падыход да кожнага

Па дарозе заехалі на ААТ «Асілак», які, дарэчы, да 2003 года быў калгасам «Звязда». Сельскагаспадарчае прадпрыемства спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, вырошчвае збожжавыя. У аграрыяў цяпер — гарачая пара. Не ўбаку ад уборачнай кампаніі застаюцца і супрацоўнікі міліцыі: у іх на кантролі — спраўнасць тэхнікі. Дбаюць людзі ў пагонах і аб тым, каб не дапусціць крадзяжоў. На папярэджанне падобных сітуацый працуе і Аляксандр Бабіч. Некалькі разоў на тыдзень ён наведвае тры прадпрыемствы сельскагаспадарчага профілю, якія замацаваны за яго ўчасткам.

— Калі людзі рэгулярна бачаць чалавека ў пагонах, наўрад ці хтосьці з іх пойдзе на злачынства, — упэўнены дырэктар ААТ «Асілак» Валерый Майсюк. — Увогуле ўзаемадзеянне з міліцыяй дае свой плён. Гэта дысцыплінуе, заўсёды трымае ў тонусе.

Дарэчы, нават мясцовыя п'яніцы, калі бачаць у краме свайго ўчастковага, адразу ж перадумваюць набываць алкаголь. Магчыма, яны прыйдуць па віно пазней, калі Уладзіміравіч паедзе. Пры ім жа яны прыстойныя, добрасумленныя людзі, якія прыйшлі ў краму выключна па хлеб або цукар.

— Мы ўсе нашага ўчастковага паважаем, — прызнаецца прадавец магазіна ў вёсцы Глінкі Наталля Адамовіч. — І не таму, што ён свой, мясцовы. Ён умее выслухаць, да кожнага знойдзе падыход. Калі праязджае каля магазіна, ніколі не абміне — заўжды зойдзе: спытае, як справы, што чуваць, якая патрэбна дапамога. Яго можна патурбаваць па любым пытанні і днём, і ноччу.

Карыстаючыся выпадкам, Наталля Адамовіч расказала супрацоўніку міліцыі, што яе суседзі пасялілі ў сваёй хаце цыганоў, якія то агуркі-памідоры з чужога агарода выберуць, то па хатах, у якіх, праўда, ужо ніхто не жыве, ходзяць.

— Зразумеў. Сёння ж прыеду, разбяромся, — паабяцаў Аляксандр Бабіч.

І я ўпэўнена, сваё слова стрымае. Інакш не давяралі б яму так людзі, не звярталіся б з любой нагоды. Адчуваецца, што ўчастковага тут не проста паважаюць, а любяць — а тое, пагадзіцеся, неабходна яшчэ заслужыць.

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Уздзенскі раён

Загаловак у газеце: Чалавек з народа

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.