Вы тут

У тандэме з нямецкай аўчаркай Арэсам Дзмітрый Ярашук раскрывае злачынствы


У Мінскім гарадскім упраўленні Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў разам з супрацоўнікамі міліцыі нясуць службу і чатырохногія сябры. Дзякуючы сваім прыродным магчымасцям сабакі (у асноўным, нямецкія аўчаркі) не толькі здольныя выйсці на след меркаванага злачынцы, знайсці наркотыкі або выбухованебяспечныя рэчывы, а таксама адшукаць чалавека, які заблудзіўся. Нават праз шмат гадоў пасля забойства браты нашы меншыя могуць ідэнтыфікаваць злодзея з яго біялагічным матэрыялам.


Падрыхтоўка — палова поспеху

— Сабака — гэта жывы арганізм, — звяртае ўвагу старшы інспектар — кінолаг гадавальніка службовых сабак Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Дзмітрый ЯРАШУК. — Гэта не машына, якую сабралі на канвееры. Пастаянна ўзнікае неабходнасць давесці ўсё да ідэалу. Дрэсіроўка сабакі пачынаецца прыкладна за 20 метраў да вальера і заканчваецца прыкладна за столькі ж. Палова поспеху заключаецца ў падрыхтоўцы да кантакту з жывёлінай. Калі кінолаг не настроены на работу, не ўпэўнены, з чаго пачаць і як правесці трэніроўку, то лепш і не брацца, бо памылак будзе нямала.

Дзмітрый Ярашук у кіналогіі — не навічок. Да сталічнага Дэпартамента аховы малады чалавек служыў у Камянецкім аддзяленні Дэпартамента аховы, затым у Брэсцкім абласным упраўленні. Прыйшоў у міліцыю пасля тэрміновай службы ва ўнутраных войсках. І так палюбіў тое, чым займаецца, што ў іншай прафесіі сябе ўжо не ўяўляе. У вёсцы, дзе ён нарадзіўся і рос, заўсёды былі сабакі.

У Мінск Дзмітрый перавёўся не так даўно. Разам са сваім гаспадаром на новае месца службы прыбыла і нямецкая аўчарка па мянушцы Арэс. Дагэтуль кінолаг працаваў з сабакам, які таксама носіць імя міфалагічнага бога, — Зеўс. Нямецкая аўчарка добрасумленна адслужыла свой тэрмін (пенсійным узростам у кіналогіі лічыцца восем гадоў) і была спісана. Аднак са сваім гаспадаром яны па-ранейшаму разам, хоць і бачацца ўжо не так часта, як раней, — Зеўс жыве ў бацькоў Дзмітрыя.

Паступовая нагрузка

Другога свайго гадаванца супрацоўнік міліцыі знайшоў сабе сам. І ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары: Арэс вельмі разумны і дысцыплінаваны сабака, а яшчэ ён заўсёды адчувае настрой свайго гаспадара. Да пераезду жывёліна аднеслася добра, адаптацыю вытрымала і цяпер паспяхова спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі — сабака спецыялізуецца на пошуку людзей.

— Навучыць сабаку знаходзіць чалавека — справа не адной трэніроўкі, — расказвае Дзмітрый Ярашук. — Займацца патрэбна рэгулярна. Нават нягледзячы на тое, што на справе ён паказвае добрыя вынікі, усё трэба рабіць паступова. У два месяцы мы прывучаем сабаку спакойна адносіцца да ашыйніка, тлумачым, што такое ланцужок, цацкі, паказваем вызначанае месца для ежы і адпачынку. Па дасягненні ім пяці-шасцімесячнага ўзросту даводзяцца каманды агульнага курса: «сядзець», «ляжаць», «да мяне».

Затым наступае час для спецыяльных камандаў. Напрыклад, сабаку вучаць абнюхваць рэчы, якія ўтрымліваюць пах чалавека, якога шукаюць. У далейшым гэты навык будзе прымяняцца ў следчай рабоце, у пошуку ў памяшканні, на мясцовасці, падчас вобыску чалавека. Са сталеннем і ростам жывёліны комплекс задач павялічваецца. Аднак нагрузка павінна ўзрастаць незаўважна.

— Трэніроўкамі займаюцца нават самыя лепшыя сабакі, — тлумачыць лейтэнант міліцыі. — Жыццёвыя сітуацыі, у якіх мы прымяняем сваіх гадаванцаў, самыя разнастайныя. Двух аднолькавых выпадкаў не бывае. Таму ў працэсе падрыхтоўкі мы мадэлюем самыя разнастайныя, для таго каб падрыхтаваць сабаку да рэальных умоў.

Па слядах злачынцаў

Кінолагі не толькі трэніруюць сабак да пошукавай дзейнасці, яны яшчэ і нясуць усю адказнасць за сваіх чатырохногіх падапечных: кормяць, гуляюць з імі, ажыццяўляюць паўнавартасны догляд. І, вядома ж, працуюць: выязджаюць на месцы злачынстваў, ахоўваюць пэўныя аб'екты, ажыццяўляюць пошук людзей. Па словах спецыялістаў, нямецкая аўчарка лічыцца найбольш універсальнай у выкананні пастаўленых задач.

Арэс неаднойчы выводзіў Дзмітрыя на след зламыснікаў, дапамагаў шукаць людзей. Асабліва шмат работы ў нямецкай аўчаркі восенню, калі пачынаецца сезон грыбоў. Калі яны яшчэ служылі на Брэстчыне, людзей у лесе шукалі часта. Найбольш запомніўся пошук старэнькай бабулі, якая, маючы праблемы з памяццю, пайшла ў грыбы. Своечасова забілі трывогу сваякі. Кінолаг разам з сабакам знайшлі пенсіянерку ўжо без прытомнасці. Аднак медыкі хутка прывялі бабулю ў нармальны стан.

Аднойчы Дзмітрый з Арэсам знайшлі злачынцаў па гарачых слядах. У міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што невядомыя ўлезлі ў хату, укралі «кёрхер», магнітафон, а таксама іншую бытавую тэхніку. Затым зладзеі прыйшлі да сябе дамоў і пачалі гэтую справу адзначаць. Аднак «свята» доўжылася нядоўга: зламыснікі, якія вельмі імкнуліся не пакінуць пасля сябе ніякіх доказаў, нават падумаць не маглі, што іх выкрые звычайны сабака.

За гаспадара гарой

Як высветлілася, сабакі ідэальна счытваюць настрой чалавека. Арэс добра ведае, калі яго гаспадар прыходзіць на службу: супрацоўнік міліцыі яшчэ нават не падышоў да вальера, а яго сабака ўсім сваім выглядам паказвае, што ён у курсе, што Дзмітрый ужо тут.

Спецыялісты аднагалосна сцвярджаюць: сабака і гаспадар павінны быць аднаго тыпу тэмпераменту. Толькі ў такім тандэме будзе поспех. А яшчэ, на думку кінолагаў, у працэсе падрыхтоўкі і службы не пажадана мяняць гадаванцаў. Жывёла прывыкае да аднаго чалавека. Парушаны кантакт можа негатыўна сказацца на рабоце. І дарэчы, каманды сабака выконвае выключна тады, калі яны паступаюць ад свайго гаспадара. А тое, што жывёліна стаіць за яго гарой, нават тлумачыць не трэба.

Аб гэтым сведчыць і адзін з выпадкаў, які быў у практыцы Дзмітрыя Ярашука. Аднойчы з Арэсам яны прыбылі ў парк — паступіла паведамленне, што каля жылых дамоў (а была ўжо глыбокая ноч) група маладых людзей ужывае спіртныя напоі, гучна сябе паводзіць. Аказалася, у парку — сямёра неадэкватна настроеных мужчын. Адзін з іх з незразумелымі намерамі наблізіўся да лейтэнанта міліцыі. За свайго гаспадара заступіўся Арэс. П'янай кампаніі больш не трэба было нічога тлумачыць, і мужчыны разышліся па дамах.

Сёння Дзмітрый Ярашук са сваім Арэсам не толькі ажыццяўляюць пошукавыя мерапрыемствы, а яшчэ вучаць тонкасцям прафесійнага майстэрства тых, хто таксама плануе звязаць сваю службу з кіналогіяй.

— Не кожны можа быць кінолагам, — упэўнены праваахоўнік. — Сабак трэба любіць. Падыход да кожнага гадаванца індывідуальны.
Грубая памылка — пераносіць манеры зносін паміж людзьмі на сабаку. З адным сабакам пэўны метад працуе, з іншым трэба праявіць творчасць, часам нават вынаходніцтва. З сабакам бачыш вынік сваёй работы. А гэта дарагога вартае.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: На службе з сябрам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».