Вы тут

«Усе бацькі працуюць і мы не можам ім адмовіць». Праблемы і перспектывы дашкольнай адукацыі


У мінулым навучальным годзе ў дашкольных установах краіны было адкрыта больш як 2,5 тысячы груп з беларускай мовай навучання, якія наведвала каля 38 тысяч выхаванцаў. Пра гэта расказала журналістам кансультант упраўлення дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Любоў ГАРЭЛАВА.

У сталіцы ў 2018/2019 навучальным годзе налічваліся 144 такія групы, у 2019/2020-м — ужо 182, у 2020/2021-м — 187. У новым навучальным годзе (паводле папярэдняй інфармацыі аб камплектаванні) груп з беларускай мовай будзе ўжо 190.


Не толькі будаўніцтва

— Рашэнне, на якой мове будзе вучыцца дзіця, прымаюць бацькі. Пры афармленні малога ў дзіцячы садок улічваецца іх жаданне на атрыманне дашкольнай адукацыі на адной з дзвюх дзяржаўных моў. Пры запаўненні рэгістрацыйнай карткі, калі сям'я становіцца на ўлік тых, хто мае патрэбу ў дашкольнай адукацыі, бацькі могуць указаць мову, — запэўнівае Любоў Гарэлава.

У новым навучальным годзе атрымліваць дашкольную адукацыю ў Беларусі будзе каля 425 тысяч дзяцей. Сёння забяспечваецца стапрацэнтны ахоп малых пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы.

— Ахоп дзяцей ва ўзросце ад года да шасці гадоў таксама павялічыўся — з 75 % у 2016 годзе да 85,3 % у мінулым навучальным годзе, — адзначыла кансультант упраўлення. — Павышэнне даступнасці дашкольнай адукацыі забяспечваецца не толькі за кошт будаўніцтва. Дадатковыя месцы з'яўляюцца таксама за кошт выдзялення месцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пры будаўніцтве вучэбна-педагагічных комплексаў «дзіцячы сад — школа», рэканструкцыі будынкаў пад установы дашкольнай адукацыі, перапрафілявання памяшканняў іншых устаноў адукацыі. Рэалізацыя шэрага розных мерапрыемстваў дазволіла за пяць гадоў стварыць каля 40,5 тысячы дадатковых месцаў для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Кансультант упраўлення праінфармавала, што за апошнія пяць гадоў у Беларусі былі пабудаваны 72 установы дашкольнай адукацыі больш чым на 14 тысяч месцаў. А з 2021 да 2025 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 93 установы дашкольнай адукацыі больш чым на 20 тысяч месцаў. Будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі будзе весціся па ўсёй краіне ў кожным з рэгіёнаў, як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці. У Брэсцкай вобласці гэта — Баранавічы, Іванава, Маларыта, Жабінка. У Віцебскай — Віцебск, Полацк, Наваполацк, Мёры, Лепель, Орша. У Гомельскай вобласці — Гомель, Мазыр, Жлобін, Рэчыца. У Гродзенскай — Гродна, Слонім, Ашмяны, Ваўкавыск, Ліда і іншыя. Вялікая колькасць устаноў будзе пабудавана ў Мінскай вобласці і ў самім Мінску.

— Хачу звярнуць увагу, што будаўніцтва будзе ажыццяўляцца не толькі за кошт сродкаў мясцовых і рэспубліканскага бюджэтаў. На гэтыя мэты таксама прыцягваюцца сродкі інвестараў, — адзначыла Любоў Гарэлава. — Мяркуецца, што ў Віцебскай, Мінскай абласцях і Мінску будзе пабудавана восем устаноў дашкольнай адукацыі з прыцягненнем фінансавых сродкаў шасці арганізацый-інвестараў. Акрамя таго, плануецца размяшчэнне ўстаноў дашкольнай адукацыі на першых паверхах жылых будынкаў (у Брэсцкай, Мінскай абласцях і ў сталіцы).

У 2021 годзе ў краіне былі адкрыты пяць новых устаноў дашкольнай адукацыі на 959 месцаў — у Брэсце, Паставах, Мазыры, Гродне і Мінску. Да канца бягучага года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ сем устаноў дашкольнай адукацыі на 1270 месцаў. Новыя дзіцячыя садкі прымуць першых сваіх выхаванцаў у Мінскай і Магілёўскай абласцях, а таксама ў Мінску.

Калі бацькам немагчыма адмовіць...

Дарэчы, у сталіцы, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі, самы высокі працэнт дзяцей ад аднаго да шасці гадоў, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю, — 93,5 %.

— Мінск — той рэгіён, дзе немагчыма не выдзеліць месца дзіцяці ў садку, — канстатуе галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена МАКАРЭВІЧ. — Усе бацькі працуюць і мы не можам ім адмовіць. Таму групы ў садках функцыянуюць з павышанай напаўняльнасцю. Мы гэтага не хаваем. Але створаны ўсе ўмовы для таго, каб дзіця было дагледжана, каб захоўвалася яго бяспека і каб яно атрымлівала якасную дашкольную адукацыю.

У новым навучальным годзе ў сталіцы будуць працаваць 466 дзяржаўных устаноў адукацыі для дашкольнікаў, з іх 454 — камунальнай формы ўласнасці, восем знаходзяцца ў падпарадкаванні холдынга «Гарызонт» і чатыры належаць Нацыянальнай акадэміі навук.

Калі казаць пра віды такіх устаноў адукацыі, то з іх 414 — агульнага прызначэння, 14 — дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці, 25 — дзіцячыя садкі санаторнага тыпу і 13 — спецыяльныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

У 2020 годзе ў Мінску былі ўведзены ў эксплуатацыю шэсць устаноў дашкольнай адукацыі на 1370 месцаў — у мікрараёнах, дзе актыўна вялося будаўніцтва жылля. Сёлета ўведзена ў эксплуатацыю адна ўстанова на 230 месцаў у мікрараёне «Масюкоўшчына-5». Цяпер завяршаюцца работы ў мікрараёне «Мінск-Мір». З прыцягненнем інвестара ў Першамайскім раёне ідзе будаўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі ў жылым квартале «Парк Чалюскінцаў».

Праблемны раён

У Мінскай вобласці ў будучым навучальным годзе будзе функцыянаваць 671 установа, якая рэалізоўвае праграму дашкольнай адукацыі. Плануецца, што наведваць іх будзе больш за 63 тысячы выхаванцаў. Як расказала намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Антаніна АБАЛЕВІЧ, праектная магутнасць такіх устаноў у большасці раёнаў вобласці дазваляе прыняць усіх дзяцей дашкольнага ўзросту. У Мінскай вобласці 86,7 % дзяцей забяспечаныя месцамі ў дашкольных установах адукацыі пры рэспубліканскім нарматыве 85 %. Але, на жаль, па-ранейшаму не выконваецца прыведзеная норма ў Мінскім раёне, дзе колькасць насельніцтва пастаянна расце.

— У вырашэнні гэтага пытання нам вельмі дапамагае Мінск, які ўзяў у свае дашкольныя ўстановы больш як чатыры тысячы дзяцей з Мінскага раёна. Між іншым, у 2020 годзе ў Мінскай вобласці ўведзены ў эксплуатацыю 12 устаноў дашкольнай адукацыі (гэта своеасаблівы рэкорд), з іх восем — у Мінскім раёне. У цяперашні час за кошт сродкаў бюджэту вядзецца будаўніцтва дзвюх устаноў дашкольнай адукацыі, і ў 2021 годзе яны будуць уведзены ў эксплуатацыю: садкі адкрыюцца ў аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна і ў пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна — кожны на 230 месцаў. Таксама вядзецца будаўніцтва вучэбна-педагагічнага комплексу «дзіцячы сад — пачатковая школа» ў Маладзечне, дзе прадугледжаны 150 месцаў для дзяцей дашкольнага ўзросту. А за кошт сродкаў ААТ «Беларуськалій» будуецца яслі-садок у Салігорску на 330 месцаў, — расказала Антаніна Абалевіч. — Увогуле ў найбліжэйшыя пяць гадоў на Міншчыне пабудуць яшчэ 19 дашкольных устаноў на 4160 месцаў у гарадах-спадарожніках сталіцы (Фаніпалі, Дзяржынску, Смалявічах), а таксама ў Лагойску, Барысаве, Любані.

Як канстатуюць спецыялісты, у апошнія гады вельмі запатрабаваныя ў бацькоў групы кароткатэрміновага знаходжання дзяцей (яны адкрываюцца па запытах), мацярынскія і адаптацыйныя групы (для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў). Але пандэмія ўнесла свае карэкціроўкі. З-за напружанай эпідэмічнай сітуацыі ў 2020 годзе попыт на групы кароткатэрміновага знаходжання крыху знізіўся, але ўжо зноў заўважана ажыўленне. З улікам спецыфікі рэгіёна могуць адкрывацца прагулачныя групы, вячэрнія групы і сезонныя пляцоўкі. Апошнія запатрабаваныя ў сельскай мясцовасці вясной, а таксама восенню — падчас уборкі ўраджаю.

Што датычыцца прыватных устаноў, якія рэалізоўваюць праграму дашкольнай адукацыі, то іх у краіне налічваецца 14: у Мінску — восем, Мінскай вобласці — пяць і адна — у Магілёўскай вобласці. Гэта ўсяго 0,4 % ад агульнай колькасці дашкольных устаноў у нашай краіне.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.