Вы тут

«Вытокі». Крок да Алімпу. Свята заканчваецца, але не развітваецца


Мінск прыняў заключны ў гэтым годзе этап спартыўна-масавага мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу». У спартыўным сэрцы сталіцы, на пляцоўцы каля Палаца спорту, кожны змог праверыць свае сілы, пазнаёміцца з чэмпіёнамі, адкрыць для сябе нешта новае. Магчымасцяў было дастаткова: 50 спартыўных пляцовак, выстаўкі народных умельцаў, прэзентацыя брэндаў. У суботу сталіца прыняла сапраўднае спартыўнае свята. Але пачаўся фестываль у Мінску на дзень раней і таксама ў знакавым месцы — у цэнтры каля гарадской ратушы. У пятніцу, 27 жніўня, там прайшла экскурсія для ўдзельнкаў фестывалю. А пасля ў ратушы была адкрыта выстаўка сучаснага беларускага мастацтва і дзіцячага малюнка «Кола часу».


«Маем многае, але не ўмеем гэтым карыстацца»

«У гэтым праекце мы хацелі паказаць тое, што дорага кожнаму беларусу. У мастацтве ў нас багатыя традыцыі, і на выставе „Кола часу“ мы прадстаўляем толькі частку работ, з якімі хочам пазнаёміць мінчан і гасцей горада. Таксама на „Вытоках“ у Мінску прадстаўлены і фіналісты конкурсу юных мастакоў. Усе ўдзельнікі вельмі стараліся, і ў гарадской ратушы выстаўлены найбольш яркія работы», — адзначыла дырэктар галерэі «АртХаос» і адзін з арганізатараў фестывалю Лілія Лукашэнка.

На працягу ўсяго лета дзякуючы фестывалю «Вытокі» кожны рэгіён краіны адкрываўся па-свойму, знаёміў гасцей са сваімі гістарычнымі славутасцямі і сённяшнімі дасягеннянмі. Сёлета кожны рэгіён даказаў, што мае свой унікальны брэнд. Фестываль у Мінску стаў своесаблівым падвядзеннем вынікаў. Так, удзельнікі семінараў «Маладзёжны брэнд», што праходзілі ў кожным горадзе, у сталіцы сустрэліся з экспертамі. Яны абмеркавалі разівіццё праектаў, практычнае ўвасабленне сваіх ідэй для развіцця рэгіёнаў. Многім праектам фестываль «Вытокі» даў прыступку для плённага развіцця і, канешне, прыцягнуў увагу да новых ідэй. Напрыклад, праект «Пазнай Кобрын» (інтэрнэт-партал, дзе сабрана поўная гістарычная і турыстычная інфармацыя пра горад) хоць і мае лакальны характар, але зацікавіў людзей з усёй краіны. На сустрэчы ў Мінску аўтар праекта Віктар Лагвіновіч расказаў, што на партале з’явіўся новы турыстычны анлайн-маршрут «Кобрын у 1980-я гады», і запрасіў усіх прыехаць у горад і прайсціся гэтым маршрутам: і з мясцінай пазнаёміцца, і вопыт стварэння такога праекта пераняць.

«Фестываль у кожным горадзе Беларусі выклікаў цікавасць, асабліва калі пра „Вытокі“ даведалася больш людзей. Мы правялі нямала семінараў у Оршы, Мазыры, Лідзе, іншых гарадах. Прыемна, што моладзь перажывае за развіццё сваіх рэгіёнаў, і наша задача — зрабіць так, каб гэта было эфектыўна. Яшчэ раз пераканаліся: у Беларусі маем многае, але не заўсёды ўмеем гэтым карыстацца», — падкрэсліла дырэктар ТАА «БелБрэндАўдыт» Валянціна Дыніч.

З размахам, ярка, дынамічна

Падводзячы вынік фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу», прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё запланаванае атрымалася. «Толькі ў алімпійскіх квэстах паўдзельнічалі дзясяткі тысяч дзяцей і маладых людзей. А ў цэлым фестываль ахапіў некалькі соцень тысяч жыхароў па ўсіх рэгіёнах нашай краіны. У Год народнага адзінства і 30-годдзя Нацыянальнага алімпійскага камітэта прыемна адзначыць, што гэта падзея аб’яднала людзей. Яны прыходзілі сем’ямі, з задавальненнем удзельнічалі ў спартыўных мерапрыемствах, канцэрце. Таму мы як арганізатары задаволеныя. Праект ужо заканчваецца сёлета, але мы думаем, як абагульніць вопыт і перанесці на будучыню. Выкарыстаць з розумам тое, што назапасілі за гэты час», — расказаў кіраўнік НАК Беларусі. Віктар Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што свята ў кожным горадзе было асаблівым. Ён падзякаваў усім суарганізатарам і мясцовым органам улады, без якіх, па яго словах, свята не адбылося б, і падкрэсліў, што кожны горад прыўносіў у свята непаўторны каларыт і паказваў свае адметнасці. Мінск не стаў выключэннем. Свята прайшло ў сталічным рытме — з размахам, ярка і дынамічна.

«Мы рады, што і ў Мінску праходзіць такая значная падзея. Галоўнае, што гэта папулярызацыя ўсіх відаў спорту. А Мінск — спартыўны горад. І калі выдатныя спартсмены даюць тут майстар-класы, гэта важна. У мінчан падзея выклікала вялікую цікавасць, а ў спорту з’явілася больш сяброў», — адзначыў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў.

Убачыць усё — выбраць адно

На 50 спартыўных пляцоўках удзельнікі алімпійскага квэсту маглі праверыць свае сілы ў традыцыйных відах спорту, пазнаёміцца з незвычайнымі і самае галоўнае — сустрэць сваіх куміраў. Адкрываў сталічны этап свята бронзавы прызёр нядаўніх Алімпійскіх гульняў у Токіа Максім Недасекаў. «Гэта свята для дзяцей, яны ўсміхаюцца. А значыць, і бацькі шчаслівыя. Гэта галоўнае», — заўважыў Максім. Сам лёгкаатлет паспрабаваў амаль усе спартыўныя пляцоўкі. А тыя, каму пашчасціла сустрэцца з ім, змаглі на свае вочы ўбачыць алімпійскі бронзавы медаль.

Міні-майстар клас па хакеі малым удзельнікам свята даў і варатар сталічнага клуба «Юнацтва» Сяргей Бальшакоў. Праўда, майстар-клас быў па аэрахакеі. Але гэта ніяк не паўплывала на настрой і барацьбу ні хакеіста, ні гасцей хакейнай пляцоўкі. «Тут шмат людзей, нягледзячы на дрэннае надвор’е. Прыемна, што ўсе прыйшлі, што такая ўвага да мерапрыемства. І асабліва прыемна, што хакейная пляцоўка такая папулярная. Нам важна сёння паказаць значнасць і павысіць папулярнасць хакея і колькасць заўзятараў у нас на трыбунах», — падзяліўся Сяргей Бальшакоў.

А некаторыя вядомыя спартсмены падчас свята змянілі свае ролі і сталі ўдзельнікамі гульняў, майстар-класаў і міні-трэніровак. Інакш бацькам, якія прывялі дзяцей на «Вытокі» нельга. На свята з малымі прыйшоў шматдзетны тата баксёр Віталь Бандарэнка. Ён расказаў, што яго дзеці праверылі ўсе магчымыя пляцоўкі і цяпер сям’ю чакае цяжкі выбар аднаго віду спорту. «Гэта ў першую чаргу сямейнае свята, каб цікава правесці час разам. І гэта вельмі карыснае мерапрыемства, каб дзіця знайшло сябе ў пэўным відзе спорту», — адзначыў Віталь Бандарэнка.

Новыя заняткі для сябе адкрываў і маленькі Аляксандр Яноўскі, сын галоўнага трэнера зборнай Беларусі па вольнай барацьбе Івана Яноўскага. З верасня хлопчык будзе займацца хакеем, але з татам яны вырашылі пазнаёміцца з іншымі відамі спорту.

Такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей

У кожным горадзе, дзе праходзілі «Вытокі», галоўная мэта алімпійскага квэсту была нязменнай — знаёмства дзяцей з рознымі відамі спорту і дапамога ў выбары занятку па душы. Квэст у Мінску, зразумела, меў такую ж задачу. І спецыялісты такі падыход высока ацанілі. «Я сёння ўбачыў сапраўднае свята. Хай надвор’е не спрыяла, але прыйшлі сапраўдныя аматары здаровага ладу жыцця, сем’і, дарослыя. Гэта вельмі цікавае свята для моладзі. Арганізатары на правільным шляху», — падкрэсліў Уладзімір Шантаровіч, галоўны трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ.

Фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» мае вялікае значэнне і для спартыўных школ. Па-першае, гэта жывыя рэклама для дзяцей і іх бацькоў. Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. А па-другое, выдатная магчымасць знайсці і зацікавіць будучых вучняў. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2012 года Аляксандра Наркевіч пасля завяршэння спартыўнай кар’еры адкрыла сваю школу мастацкай гімнастыкі. І, як расказала сама Аляксандра, ёй вельмі падабаюцца падобныя мерапрыемствы, яна кожны год удзельнічае ў «Алімпійскім дні» і будзе не супраць прыняць удзел у «Вытоках» у наступным годзе. «Гэта выдатная магчымасць для дзяцей нешта адкрыць для сябе. Да 10 гадоў малым трэба паспрабаваць ці ўбачыць як мага больш розных відаў спорту. І, што важна, на такім мерапрыемстве дзеці ўцягнуты ў спорт, у розныя актыўнасці. Яны не сядзяць у тэлефонах. Такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей», — упэўнена Аляксандра Наркевіч.

На мінскім этапе фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» знайшоўся занятак і для тых, чыя любоў да спорту заключаецца ў падтрымцы спартсменаў з трыбун. На Palova-арэне адбыўся турнір «Крок у будучыню» па баскетболе 3×3 сярод юнакоў і дзяўчат 2007 года нараджэння і маладзей. Пераможцамі спаборніцтваў сярод дзяўчат стала каманда «Прынеманне» з Гродна. У юнакоў найлепшымі сталі прадстаўнікі «Цмокі-Мінск». Дзякуючы гэтай частцы, праект «Вытокі. Крок да Алімпу» зрабіў своеасаблівы першы крок на міжнародную арэну. «Крок у будучыню» — сумесны праек ФІБА і Беларускай федэрацыі баскетболу, накіраваны на развіццё дзіцяча-юнацкага баскетбола.

Нягледзечы на свой асаблівы дынамічны каларыт, праграма мерапрыемстваў у Мінску засталася традыцыйнай. І спартыўная частка свята плаўна перайшла ў культурную. Конкурс маладых спевакоў у межах «Вытокаў» на працягу ўсяго лета адкрываў таленавітых артыстаў з усёй краіны. Пачынаючы з мая, з першага свята ў Лідзе, арганізатары і журы праглядалі і адбіралі сапраўдных «зорак» эстрады. Яны ўсе сабраліся ў Мінску, каб вызначыць уладальніка Гран-пры. Галоўны прыз дастаўся брастаўчанцы Сафіі Рустамавай. Юная артыстка ўжо прадстаўляла Беларусь на дзіцячай «Новай хвалі», прымала ўдзел у тэлепраекце «Таленты краіны-4», была фіналісткай адбору на дзіцячае Еўрабачанне у 2019 годзе.

Фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» зрабіў гэтае лета спартыўным, артыстычным, насычынам на новыя ідэі, праекты, культурныя і гістарычныя веды. І хоць лета заканчваецца, сказаць такога пра фестываль нельга. Бо сёлета быў толькі першы крок да Алімпу…

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.