Новую школу на 520 месцаў, пабудаваную беларускімі спецыялістамі, адкрылі сёння ў пасёлку Стрэліца Семілуцкага раёна Варонежскай вобласці, перадае БелТА з цырымоніі яе адкрыцця.
Урачыстасць стала знакавай падзеяй, аб чым сведчыў хаця б склад яе ўдзельнікаў: віцэ-спікер Дзярждумы Расіі Аляксей Гардзееў, пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў. «Гэта школа — сапраўдны падарунак ад беларускага народа, Прэзідэнта і ўрада Беларусі, — сказаў Аляксей Гардзееў. — Выкарыстоўвалі беларускі крэдыт і беларускія магутнасці непасрэдна да 1 верасня. Пабудавана сапраўдная прыгажуня-школа».
А каб тэрыторыя вакол школы была заўсёды дагледжанай, па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Русы перадаў у дар вучням трактар Belarus, аснашчаны ўсім неабходным камунальным абсталяваннем.
«Выдатны аб’ект, зроблена ўсё з душой і якасна, — пахваліў генеральнага падрадчыка будаўнічы трэст нумар 12 Магілёва губернатар. — У ім у хуткім часе з’явіцца адзін важны элемент — музей беларуска-расійскай дружбы. І гэту дружбу не змогуць разбурыць ніякія нягоды».
Пасол Уладзімір Сямашка, павіншаваўшы мясцовых жыхароў з новай школай, адзначыў, што яна пабудавана ў рэкордныя тэрміны — менш як за год. Ён паабяцаў, што беларускі бок узвядзе ў рэгіёне яшчэ не адзін такі аб’ект. Пацвярджэннем яго слоў стала яшчэ адна цырымонія, якая адбылася сёння ж: члены беларускай дэлегацыі заклалі памятны знак на месцы будаўніцтва новага будынка школы ў райцэнтры Семілукі.
Адукацыйную ўстанову ў Стрэліцы не толькі пабудавалі беларусы: яе прафінансавала крэдытнымі рэсурсамі ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Такая схема была выгадна абодвум бакам. Расіяне атрымалі стабільнае фінансаванне і двухгадовую адтэрміноўку плацяжоў, а таксама высокую якасць работ за прымальны кошт. Выгада ж беларускага боку ў тым, што выдаваемы ёю крэдыт з’яўляецца звязаным шэрагам умоў: абавязковым удзелам у будаўніцтве беларускіх кампаній, якія атрымаюць свой прыбытак, пастаўкамі беларускіх будматэрыялаў і абсталявання. Плануецца, што такая схема будзе прымяняцца і пры будаўніцтве іншых сацыяльных аб’ектаў з беларускім удзелам у Варонежскай вобласці.
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.