Вы тут

Якім каштоўнасцям вучаць сведкі Халакосту?


Мінулай восенню прайшоў невялікі юбілей, які з-за пандэміі застаўся незаўважаным, — 20 гадоў таму ў вёсцы Парэчча Пухавіцкага раёна адкрыўся першы ў Беларусі помнік праведнікам свету. Тут у гады вайны, рызыкуючы ўласным жыццём, мясцовыя жыхары хавалі дзяцей, выведзеных з Мінскага гета. Можна сказаць, што менавіта з усталявання помніка ў Парэччы і пачалося для нашай краіны вывучэнне тэмы Халакосту.


Фрыда Рэйзман каля помніка праведнікам свету ў вёсцы Парэчча Пухавіцкага раёна.

Асэнсаванне гэтай праблемы прайшло некалькі этапаў: ад амаль татальнай табуізацыі ў пасляваенны час да абуджэння цікавасці дзякуючы масавым публікацыям на хвалі перабудовы ў 90-я гады і афіцыйнага прызнання Халакосту ў пачатку гэтага стагоддзя. Тым не менш яшчэ нельга адназначна сказаць, што ў свядомасці ўсіх беларусаў Халакост дакладна разумеецца як асобны элемент трагедыі Вялікай Айчыннай вайны. Паступова тэма раскрываецца ў розных праектах устаноў адукацыі і культуры. У той жа час у краіне не хапае фундаментальных даследаванняў па гісторыі Халакосту на тэрыторыі Беларусі, падрыхтаваных айчыннымі спецыялістамі, у школьных падручніках і музейных экспазіцыях мала інфармацыі аб генацыдзе, многія месцы забойстваў да гэтага часу не маюць адпаведных памятных знакаў. Таксама ў нас няма ўласнага дня Халакосту, у які б мы абмяркоўвалі менавіта беды і страты, якія ў часы вайны панесла наша краіна. І такой датай магло б стаць 23 кастрычніка — дзень ліквідацыі Мінскага гета.

Выбіраем шлях

За час Другой сусветнай вайны было знішчана 6 мільёнаў яўрэяў, каля 800 тысяч з іх былі жыхарамі Беларусі. Штогод у Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту ў розных краінах свету людзі не проста згадваюць трагедыю, але і абмяркоўваюць шляхі папярэджання падобнага ў будучыні. «Кожнае пакаленне праходзіць этап, калі трэба выбіраць паміж дабром і злом. Вывучаючы гэту тэму і спрабуючы зрабіць яе і сённяшнім болем, мы якраз выбіраем той самы шлях да дабра і разумення адзін аднаго», — лічыць намеснік старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Барыс Герстан.

Асэнсаванне гэтай праблемы прайшло некалькі этапаў: ад амаль татальнай табуізацыі ў пасляваенны час да абуджэння цікавасці дзякуючы масавым публікацыям на хвалі перабудовы ў 90-я гады і афіцыйнага прызнання Халакосту ў пачатку гэтага стагоддзя.

Распрацоўка тэмы Халакосту — гэта і выдатная падказка, як наогул падаваць трагічныя старонкі гісторыі (а для нашай зямлі, дзе загінуў кожны трэці, гэта асабліва важна), бо, на жаль, да гэтага часу мы ўсё яшчэ вучымся працаваць з культурай памяці. Сёння яшчэ і даводзіцца супрацьстаяць фальсіфікацыям.

«Усё больш становіцца відавочным, што вывучэнне Халакосту — не толькі гісторыя. Грамадства мае патрэбу ў вывучэнні гэтай тэмы і ў іншых дысцыплінах: літаратуры, грамадазнаўстве. Існуе шмат даследаванняў Халакосту і з пункту гледжання філасофіі, палітыкі, эканомікі і нават генетыкі. Тым не менш застаецца пытанне: наколькі інтэграваны ў нашым грамадстве веды, якія на гэтых даследаваннях заснаваны? Ці часта мы задумваемся аб складніках катастрофы, аб дыскрымінацыі, аб антысемітызме, гвалце, парушэнні правоў чалавека? Ці часта пытаем у сябе, наколькі веды аб Халакосце ўплываюць на нашы дзеянні ў дзяржаве і грамадстве? — заўважае старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб’яднання „Узаемапаразуменне“ Анжаліка Аношка і параўноўвае сведкаў тых жахлівых падзей з захавальнікамі найважнейшых каштоўнасцяў. — Яны — жывое патрабаванне захаваць і абараніць непарушную чалавечую годнасць, развіваць на гэтай аснове культуру нашага сучаснага грамадскага жыцця».

«Я сама сабе не верыла...»

Фрыдзе Рэйзман, калі пачалася вайна, было пяць гадоў. Яна перажыла пяць з шасці пагромаў Мінскага гета. Па перапісе 1939 года ў Мінску пражывала 250 тысяч чалавек, 70 працэнтаў з іх былі яўрэямі. Афіцыйна названа лічба вязняў Мінскага гета — 100 тысяч чалавек, хаця жанчына ўпэўнена, што ахвяр было больш: «Ніхто не лічыў забітых. Вады, ежы не было. Кожны дзень ад голаду, холаду і хвароб паміралі тысячамі. Людзі не маглі іх пахаваць, трупы выкладвалі каля ганка, і існавала каманда, якая збірала іх. Немцы прымяркоўвалі пагромы да савецкіх ці яўрэйскіх свят. Ці „бралі“ некалькі вуліц, а суседнія не чапалі. Аднойчы на вуліцы Абутковай быў пагром. Пасля маці пайшла туды, а я за ёй. У скверы каля кінатэатра „Беларусь“ людзі віселі тыднямі, іх забаранялі здымаць. Я сама сабе не верыла, пакуль у брашуры з успамінамі не прачытала, як іншая сведка піша пра тое ж самае. Калі скажу, што па правым баку, калі стаіш тварам да вуліцы Мяснікова, цякла па бардзюры рака крыві, ніхто не паверыць. У цагляным двухпавярховым дамку юдэнрат вырашыў змясціць усіх сірот проста пад дахам, дзяцей не было чым карміць. Калі мая маці магла дастаць мукі, то варыла зацірку ў вядры і насіла іх карміць. У адзін дзень па гета разнеслася, што дзяцей выразалі проста ў ложках... Я не разумею выказвання: „Прыгажосць уратуе свет“. Прыгажосць праходзіць, а дабрыня застаецца вечна. І я прашу, каб толькі дабро кіравала людзьмі свету».

Міхаіл Розеншэйн нарадзіўся ў верасні 1940 года, яму не было і года, калі ён трапіў у Беластоцкае гета разам з маці і сваякамі. Пасля смерці маці застаўся на руках у сястры бацькі, якая змагла перадаць хворага хлопчыка польскай дзяўчыне. Калі тая дома паклала дзіця з гета, родныя яе спыталі: «Навошта прынесла гэты труп?»

Калі скажу, што па правым баку, калі стаіш тварам да вуліцы Мяснікова, цякла па бардзюры рака крыві, ніхто не паверыць. У скверы каля кінатэатра «Беларусь» людзі віселі тыднямі, іх забаранялі здымаць.

Аляксандра Барысава прайшла лагеры «Пяты полк» у Віцебску, Майданэк і Аўшвіц. Менавіта яна была адным з першых беларускіх аўтараў успамінаў пра тыя жахлівыя падзеі. «Пасля вайны я многа хварэла, у школе мне не рабілі прышчэпкі. У 1950–60 гадах, ужо студэнткай, мяне не пакідалі кашмары, я папярэджвала дзяўчат, з якімі жыла ў інтэрнаце, што магу ўскрыкваць, падымацца з ложка. Мая маці ў 1991 годзе, калі памірала, — а яна прайшла тры канцлагеры, — згадвала лагерных дзетак, ёй здавалася, што іх можна паклікаць, накрыць коўдрай, абагрэць», — расказала сведка. Яна лічыць, што ёй удалося выжыць дзякуючы анёлу-ахоўніку, што пасылаў ёй добрых людзей. Яшчэ ў Майданэку яна цяжка хварэла, але яе падлечвала ўрач-полька, да таго ж падкормлівала. Аляксандра Барысава да гэтага часу памятае смак крошак печыва, што ёй прыносілі.

Былыя вязні пакляліся змагацца супраць нацызму, уключыліся ў адукацыйную работу, удзельнічаюць у здымках дакументальных фільмаў, інтэрв’ю, сустракаюцца з дзецьмі і моладдзю Беларусі і іншых краін.

Вартыя павагі і ўвагі!

У Беларусі цяпер пражывае больш за 2 тысячы людзей, якія пацярпелі ад Халакосту. Гэта не толькі вязні гета і канцлагераў, а таксама тыя яўрэі, якія з-за сваёй этнічнай прыналежнасці вымушаны былі хавацца ад пераследу на акупаванай тэрыторыі альбо шукаць паратунку ў эвакуацыі. Многія ў вайну страцілі ўсё: і дом, і сям’ю. А сталінская догма, што не можа і не павінна быць асаблівага «яўрэйскага лёсу» у савецкіх людзей, аказвае свой уплыў і цяпер. Натуральна, людзі не хацелі і баяліся распавядаць пра тое, што перажылі. А гэты страх не даваў магчымасці вучыцца, развівацца і ўладкоўвацца ў жыцці. Сёння гэтыя састарэлыя не маюць нейкага асаблівага, замацаванага заканадаўствам статусу, дадатковых ільгот ці паслуг. Пэўная падтрымка ахвяр Халакосту ў нашай краіне ў асноўным з’яўляецца зонай адказнасці грамадскіх арганізацый, у тым ліку і забеспячэнне сведкам ваенных падзей псіхолага-сацыяльнай рэабілітацыі.

Масток у мінулае

А як далей будзе развівацца памяць аб ваенных трагедыях, асабліва з сыходам сведкаў тых падзей? Сёння з’явілася новая група даследчыкаў, якая стала «мастком», што злучае гісторыю і будучыню, — гэта настаўнікі школ. З веданнем ландшафту, гісторыі, фактуры гэтыя людзі разам са сваімі вучнямі здабываюць матэрыял, у тым ліку важны для мемарыялізацыі Халакосту.

Напрыклад, такую работу вядуць настаўнікі Лагойшчыны, дзе ў гады вайны было знішчана каля тысячы яўрэяў (акт захавання на месцы расстрэлу ўтрымлівае толькі 25 прозвішчаў). Вядуцца даследаванні і ў невялікіх населеных пунктах Маладзечанскага раёна — Чырвонае і Гарадок. Так, вучні гарадоцкай сярэдняй школы разам з настаўнікамі распрацоўваюць турмаршрут па мясцінах памяці Вялікай Айчыннай вайны. А самая першая краязнаўчая школа, якая стала распрацоўваць ваенную тэматыку, знаходзіцца ў Мар’інай Горцы.

Яшчэ адна ініцыятыва працуе ў Вілейцы — там стварылі праект помніка, які раскажа пра трагедыю населенага пункта і актыўнае супраціўленне (вядомы вывад 300 чалавек праз лінію фронту афіцэрам Чырвонай Арміі), а таксама захавае імёны праведнікаў, якія выратоўвалі ў раёне яўрэйскае насельніцтва.

Вядзецца і новы пошук тэм для дыялогу з падрастаючымі пакаленнямі аб Халакосце. Гісторыя становіцца больш зразумелай дзецям, калі яны адчуваюць, што трагедыя адбывалася не так даўно і побач з тымі месцамі, дзе яны жывуць. Так, у турыстычных і адукацыйных мэтах ужо выкарыстоўваецца аўдыягід, аздоблены ўспамінамі сведак пра гета Гродна (а таксама створаны праект і «Гарадзенскае гета ў інфаграфіцы»). Важна гаварыць не толькі пра трагедыі, але і пра тое, якім было жыццё да вайны і які след застаўся ад людзей, у гады вайны асуджаных на пакуты.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надвор'е: Балтыка прынясе дажджы і пахаладанне. Але не надоўга

Надвор'е: Балтыка прынясе дажджы і пахаладанне. Але не надоўга

На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.