Вы тут

Наталля Карчэўская: “Мая работа – гэта творчасць кожны дзень!”


“Жанчыну, якая займаецца танцамі, відаць здалёк!” – падумала я, сустрэўшыся з Наталляй Уладзіміраўнай у яе рабочым кабінеце. Статная, грацыёзная. Сапраўдная галоўная гераіня з казкі “Царэўна-Лебедзь”. За прыгожай постаццю – жыццё, цалкам прысвечанае сферы культуры. І як вынік сёння Наталля Уладзіміраўна – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, актыўны член Беларускага саюза жанчын, мудры настаўнік, жонка, маці…


Адкуль браць энергію і сілы, каб спраўляцца з усімі сацыяльнымі ролямі на “выдатна”? Як знайсці прымяненне сваім талентам і быць карысным людзям? І чаму яе асабістае шчасце з часам усё больш любіць цішыню? Аб гэтым і не толькі спецыяльна для чытачоў часопіса “Алеся”.

– Наталля Уладзіміраўна, вы скончылі ўніверсітэт культуры, працавалі ў ім дэканам, першым прарэктарам і вось цяпер вы – рэктар. Не ўзнікала калі-небудзь жадання кардынальна змяніць сваю дзейнасць у іншым кірунку?

Асэнсаванага жадання не было ніколі. Быў адзін выпадак у сярэдзіне 1990-х, калі мне прапанавалі змяніць сферу дзейнасці. Нават зрабіла пэўныя крокі на шляху да новай працы – трэба было ісці на курсы дзеля таго, каб асвоіць спецыяльнасць. І ў першы дзень я… праспала. А калі прачнулася, то адчула сябе абсалютна шчаслівай ад таго, што не прыйдзецца нікуды ісці. Не хачу нічога кардынальна мяняць, таму што мне вельмі падабаецца тое, чым я займаюся. Нават грошы не галоўнае.

– Наколькі складана было дзеячам культуры працаваць ды і ўвогуле жыць у 1990-я гады?

У той няпросты час была не вельмі зразумела перспектыва той справы, якой ты займаешся. Не сакрэт, быў перыяд, калі ў залах тэатраў сядзела менш людзей, чым знаходзілася на сцэне. Нават былі выпускі творчых навучальных устаноў, з якіх фактычна ніхто не пайшоў працаваць па спецыяльнасці. Спачатку незапатрабаваныя шукалі сябе ў іншым, а потым ужо позна было вяртацца ў прафесію.

У 1994 годзе я скончыла ўніверсітэт культуры, паступіла ў аспірантуру. Памятаю, было некамфортна прызнацца, што ты аспірант. На шчасце, гэты перыяд быў непрацяглым. І вось ужо напрыканцы работы над дысертацыяй стала зразумела, што гэтым трэба займацца.

– Наколькі цяпер вы задаволены сваім жыццём?

- Мне падабаецца тое, чым я займаюся. Ёсць вынік, ёсць прэстыж прафесіі. Гэта самае важнае.

– Ёсць меркаванне, што пасада рэктара не мае нічога агульнага з творчасцю. Перш за ўсё – гэта чалавек, які выконвае прадстаўнічую функцыю і адказвае за гаспадарчы бок дзейнасці ўніверсітэта. Ці так гэта на самай справе?

З аднаго боку так, з іншага не зусім так. Так як універсітэт культуры ўстанова сама па сабе творчая, то і пасада рэктара таксама творчая. Я адказваю за канцэрты, дзейнасць калектываў. Акрамя гэтага, так як мы з’яўляемся навуковай арганізацыяй адной з чатырох у сферы культуры, я курырую яшчэ і навуковую дзейнасць. Гэта “жывое жыццё”, і мы самі робім яго больш разнастайным і яркім, напаўняючы творчасцю кожны дзень.

Эфектыўная дзейнасць рэктара, безумоўна, залежыць ад тых людзей, з якімі ён працуе побач. Я прыкладаю шмат сіл, каб захаваць камандны дух. Каб не было спаборніцтва паміж прарэктарамі, дэканамі. Ва ўніверсітэце, як у вялікай сям’і, – усе дзеці аднолькава любімыя.

– А што дакладна вы робіце, каб падтрымліваць камандны дух у калектыве?

Стараемся наведваць усе нашыя мерапрыемствы. Стараемся гутарыць. Па магчымасці праводзім нефармальныя мерапрыемствы, якія гуртуюць калектыў. Карпаратыўная культура, на мой погляд, толькі тады эфектыўная, калі людзі маюць магчымасць цаніць тое, што робяць іх суседзі. Паважаць адзін аднаго. Няпросты перыяд жніўня 2020-га падштурхнуў нас да таго, каб больш пільна ўзаемадзейнічаць з іншымі ВНУ нашай краіны. І зараз мы заключаем дагаворы на супрацоўніцтва не толькі з ўстановамі культуры, але нават з няпрофільнымі ВНУ.Ёсць спецыяльнасці, у якіх мы робім агульную справу, і ёсць тое, што можна запазычыць.

– Дарэчы, пра вашу творчую актыўнасць. Як студэнты ўніверсітэта культуры апынуліся на сцэне Купалаўскага тэатра?

Быў аб’яўлены кастынг сярод студэнтаў нашай установы. Нягледзячы на тое што мы рыхтуем не акцёраў, а спецыялістаў па арганізацыі тэатральнай дзейнасці, нашы выпускнікі могуць працаваць не толькі па сваёй непасрэднай спецыяльнасці. Яны могуць быць акцёрамі і вядучымі. Калі Купалаўскаму тэатру спатрэбілася дапамога, мы сабраліся пагутарыць са студэнтамі, прапанавалі паспрабаваць, паабяцалі гэтым студэнтам падкарэктаваць расклад заняткаў ва ўніверсітэце, каб была магчымасць паспець усюды. Цяпер на сцэне Купалаўскага ўсе, хто жадаў гэтага і быў рады дапамагчы тэатру. На мой погляд, для моладзі ўнікальная магчымасць і вялікае шчасце аказацца на адной сцэне побач з такімі славутымі і вопытнымі акцёрамі, як Аўсянікаў, Міронава, Няфёдава. 

– Ёсць меркаванне, што сучасны чалавек здольны на ўсё. Можа спяваць, маляваць, танчыць… Як вы лічыце, ці можна развіць здольнасці выключна дзякуючы працавітасці?

Гэта міф. Бог усім дае столькі, колькі дае. Зразумела, шмат чаго можна развіць, але паўстае пытанне: навошта? Калі чалавек развівае гэтыя таленты для сябе, то, калі ласка, гэта яго права. Калі вы ўпэўнены, што ў 50 гадоў можаце стаць балерынай ці спявачкай і гэтым зарабляць, то гэта не так. Ёсць аб’ектыўныя прычыны: узрост, фізічныя даныя. Гэта важна ўсведамляць.

Калісьці на пытанне “Да якога ўзросту можна танчыць?” Ігар Маісееў адказаў: “Пытанне ў тым, да якога ўзросту на гэта можна глядзець?” Выснову рабіце самі.

– Як “адчувае” сябе ўніверсітэт культуры зараз з пункту гледжання запатрабаванасці гэтай сферы адукацыі, у той час калі большасць выпускнікоў школ хочуць пайсці ў ІТ?

Я лічу, што тыя спецыяльнасці, якія немагчыма аўтаматызаваць, будуць заўсёды запатрабаваныя. Накірунак ІТ цяпер вельмі папулярны, але не столькі сярод дзяцей, колькі сярод іх бацькоў. Усе бачаць даход, які можа прынесці праца ў гэтай сферы. Але ж здольнасці і жаданні ва ўсіх розныя, і гэта таксама трэба ўлічваць.

Самы яркі і даволі нечаканы прыклад, як пасля ўніверсітэта культуры можна трапіць у сферу ІТ. Зараз усе даволі паблажліва ставяцца да бібліятэчнай спецыяльнасці. Аднак парадокс у тым, што Парк высокіх тэхналогій мае попыт на такіх спецыялістаў і дасылае нам запатрабаванні з просьбай дапамагчы. Нашыя “бібліятэчныя” навучэнцы маюць асобны аналітычны склад мыслення, могуць працаваць з базамі даных і вялікімі аб’ёмамі інфармацыі. Гэта тыя прафесійныя кампетэнцыі, якія зараз маюць высокую каштоўнасць у сферы высокіх тэхналогій.

– Якія самыя папулярныя зараз спецыяльнасці ва ўніверсітэте культуры?

На ўваходзе ці на выхадзе?

– Цікавы момант. Давайце прааналізуем чаканні і рэальнасць.

На ўваходзе – гэта тыя спецыяльнасці, якія папулярныя сярод абітурыентаў і іх бацькоў. Эстраднае мастацтва і спевы, культуралогія і менеджмент, харэаграфія (часцей за ўсё эстрадная ці сучасная), дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (рэстаўрацыя) і, вядома, рэжысура. Нягледзячы на тое што ўсе нашы выпускнікі атрымліваюць накіраванне на працу, ёсць запыт і сярод працадаўцаў, які выяўляецца ў колькасці заявак на маладых спецыялістаў. Зыходзячы з гэтага, самыя запатрабаваныя спецыяльнасці зараз – гэта харавая музыка народная, бібліятэказнаўства і бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць.

– Многія бацькі адгаворваюць сваіх дзяцей ад выбару спецыяльнасцяў з сферы культуры. Ці патрэбна гэта рабіць нават “на карысць” дзіцяці?

Гэта вельмі распаўсюджаная пазіцыя сярод бацькоў. Маё асабістае меркаванне на гэты конт такое: калі чалавек займаецца тым, што яму падабаецца, і ў яго да гэтага ёсць здольнасці, то ён усё роўна рана ці позна будзе гэтым займацца. Галоўнае, пры выбары прафесіі не згубіць сябе.

Ёсць шмат гісторый з жыцця, калі бацькі адгаварылі сваё дзіця ад творчай спецыяльнасці, а праз некаторы час яно ўсё роўна да яе вярнулася. Тут галоўнае не забараняць, а растлумачыць, што, калі гэта яго выбар, ён сам нясе за яго адказнасць.

– Чаму, на ваш погляд, не вучаць сучасных дзеячаў культуры? Якіх кірункаў не хапае ў навучальных праграмах?

Мне здаецца, вучаць усяму ў рамках нашых навучальных праграм. Іншае пытанне, што мы не закрытая ад свету навучальная ўстанова. І нашы студэнты існуюць у агульнай інфармацыйнай прасторы, якая накладае свой адбітак. На мой погляд, нашых студэнтаў трэба вучыць больш эфектыўна ўзаемадзейнічаць з прэсай. Вось тут ёсць недахоп. Ты можаш быць выдатным спецыялістам, але пра сябе і сваю творчасць трэба ўмець расказаць. На занятках стараемся даваць магчымасць студэнтам перажываць сітуацыю поспеху, каб у будучым быць да яго падрыхтаваным.

– Наталля Уладзіміраўна, вы не толькі кіруеце самай культурнай ВНУ краіны, але яшчэ і з’яўляецеся актыўным членам Беларускага саюза жанчын. Калі і з чаго пачалася гэта гісторыя вашай біяграфіі?

Мая дзейнасць у БСЖ пачалася ў 2017 годзе, калі ва ўніверсітэце культуры была створана пярвічная арганізацыя. Самыя актыўныя жанчыны нашай ВНУ праявілі жаночую салідарнасць і аб’ядналіся. Мы верым у жаночае сяброўства, лічым, што жанчыны могуць многае, асабліва калі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Безумоўна, нашу жаночую дзейнасць нельга разглядаць у адрыве ад мужской часткі калектыва. Мужчыны, якія працуюць у нас, ведаюць пра нашы праекты і дапамагаюць іх рэалізаваць.

– У якіх праектах БСЖ вы прымаеце ўдзел?

Улічваючы напрамак дзейнасці нашай ВНУ, гэта, перш за ўсё, праекты, звязаныя з канцэртнай дзейнасцю: ад сцэнарыяў да рэалізацыі мерапрыемстваў. Адзін з прыкладаў сумесны праект з канцэрнам “Беллегпрам” да 8 Сакавіка. Акрамя гэтага, нашы актыўныя члены разам з валанцёрскім атрадам пастаянна наведваюць дзіцячыя дамы, дзе даюць канцэрты і праводзяць забаўляльныя праграмы. Такім чынам, у Саюзе мы робім тое, што ў нас добра атрымліваецца.

– 2021 год у Беларусі аб’яўлены Годам адзінства. Што могуць зрабіць жанчыны дзеля кансалідацыі нашага грамадства?

Нашы жанчыны павінны, перш за ўс, захоўваць спакой. Добрыя сем’і там, дзе маці мудрая, спакойная і ўпэўненая ў сабе жанчына. А такая жанчына не спяшаецца з вывадамі, выслухоўвае ўсіх і дае магчымасць людзям розных прафесій і пакаленняў пагаварыць і пачуць адзін аднаго. Для аб’яднання гэта вельмі важна.

– Мудрая, спакойная, упэўненая… Якімі словамі яшчэ, на ваш погляд, можна ахарактарызаваць сучасную беларускую жанчыну?

Безумоўна, гэта збіральны вобраз. Адным словам дакладна не апішаш. Для мяне гэта, бясспрэчна, працуючая жанчына. Не важна, займае яна пэўную пасаду ці выхоўвае дзяцей. Галоўнае, каб яна магла выяўляцца ў працы. Несумненна, яна павінна рэалізавацца ў сямейным жыцці. І быць чалавекам, які любіць тую краіну, у якой жыве.

– Ваша сям’я творчая на 100 працэнтаў. І муж, і сыны занятыя ў сферы культуры. Наколькі вам складана знаходзіць агульную мову?

Так, наша сям’я творчая, але складанасцяў у паразуменні адно аднаго няма. Мы жывём разам пад адным дахам, і кожны з нас разумее, што трэба прыслухоўвацца адно да аднаго і ў некаторых момантах праяўляць спакой.

– У чым сакрэт сямейнага шчасця?

У цярпенні. Не ў сэнсе “выносіць”, а ў сэнсе пачакаць, не спяшацца і ніколі не кідацца абразлівымі выразамі ў бок чалавека, які побач, бо за імі павінны быць пэўныя дзеянні. Калі табе дрэнна побач з чалавекам, то проста сыходзь ад яго. У сямейным жыцці бываюць розныя спрэчныя моманты, калі трэба ацэньваць не чалавека, а ўчынак. Можа, яму ў тую самую хвіліну зуб хварэў ці галава… Не трэба вінаваціць яго ў чымсьці дрэнным, не зразумеўшы яго стан.

– У адным з інтэрв’ю вы сказалі: “Шчасце любіць цішыню”…

- Я і цяпер прытрымліваюся такога погляду. Мала таго, з гадамі ўсё больш. Я чалавек дэманстратыўны, у той час як мой муж, нягледзячы на тое што ён рэжысёр і акцёр, зусім не публічны. Я паважаю яго пазіцыю, і мне вельмі імпануе яго стаўленне да шчасця, якое ён апісвае так: “Разумееш, калі ў мяне ёсць брыльянт, я не буду крычаць кожнаму, што валодаю вельмі дарагой для мяне рэччу. Я буду ціха ёю захапляцца”. Так і са шчасцем. Яно ўнутры чалавека, а не недзе ў сацыяльных сетках. І навошта даказваць усяму свету яго наяўнасць?

– У дзяцінстве вы марылі стаць балерынай, харэаграфіі прысвяцілі ўсё жыццё. Зараз вы цудоўна выглядаеце. Падзяліцеся з нашымі чытачамі сакрэтамі прыгажосці і маладосці.

Дзякуй за камплімент. Заняткі балетам і танцамі, вядома, пакінулі адбітак на знешнасці. Але думаю, што мне яшчэ пашанцавала з генетыкай. Мая матуля зараз вельмі прывабна выглядае. Дзеля добрай фізічнай формы і прыгажосці нічога спецыяльнага я не раблю, і гэта не какетства. Пад настрой магу наведваць спартыўную залу, але не на пастаяннай аснове. Перыядычна звяртаюся да касметолага. Стараюся есці менш, чым рухаюся. Галоўнае мера ва ўсім. Жыццё павінна быць паўнацэнным, жыць падлікам калорый – гэта не маё.

– Каб жыць паўнацэнна, трэба пастаянна аднаўляць запасы сваёй унутранай энергіі. Што вы робіце дзеля гэтага?

Чытаю кнігі, маўчу. А яшчэ працую на дачы. Ніколі не думала, што захачу штосьці рабіць на зямлі, але зараз такая дзейнасць мяне моцна супакойвае.

– З якім дэвізам вы ідзяце па жыцці?

Пастаяннага дэвіза ў мяне няма. Ён мае ўласцівасць змяняцца. Бывае перыяд пад дэвізам: “Не спяшайся! Будзь цярплівай!” А ўвогуле мой асабісты жыццёвы пасыл для сябе самой і людзей навокал такі: “Многае атрымаецца!” У гэта трэба верыць і да гэтага трэба імкнуцца.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: БЕЛТА, з архіваў БДУКМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».