Вы тут

«Аўтаномная навігацыя» Сяргея Лагачова


Яго персанальныя і сумесныя з іншымі мастакамі выставы праходзілі ў галерэях Беларусі, Вялікабрытаніі, Расіі. Сёння работы Сяргея Лагачова прадстаўлены ў калекцыях дзяржаўных, муніцыпальных, адукацыйных устаноў, а таксама ў многіх прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Германіі, Нідэрландаў, Іспаніі, Італіі, Швейцарыі, Ізраіля, ЗША, Канады, Кітая, Расіі.


Гэтыя карціны зачароўваюць сваёй незвычайнасцю. Фактурныя аб’ёмы, графічнасць спалучаюцца ў іх з падрабязнай прамалёўкай дэталей, арыгінальнасцю стылістыкі. Сам жа майстар жыве ў Барысаве і не часта паказваецца публіцы.

— Як бы вы прадставілі сябе?

У 1977 годзе скончыў графічнае аддзяленне мастацка-педагагічнага вучылішча ў Тамбове. З 1977 да 1993 года — мастак па рэкламе, мастак тэатра драмы і лялек, афарміцель свят і вуліц, сцэнограф, прафесійны музыка. З 1993 года па сёння — арт-фрылансер.

— Вы відавочна не любіце самапіяру. Калі не памыляюся, апошняя з вашых персанальных выстаў, «Дэкаратыўны сімвалізм», адбылася ў 2010 годзе ў Барысаве. Пры тым вы шмат і плённа працуеце. Творчае «я» мае патрэбу ў адзіноце?

Мае адносіны са сталічнымі галерэямі не склаліся. Прыйшлося гадаваць сваіх гледачоў і калекцыянераў самастойна, тлумачыць і пераконваць. І самому расці разам з імі. Дзякуючы людзям, якія падзяляюць маё разуменне мастацтва, іх цярпенню, даверу і мала абмежаванай ступені маёй творчай свабоды я займаюся тым, што мне падабаецца. Часцей працую па замове — такая праца дысцыплінуе, патрабуе хуткіх эфектыўных рашэнняў, у адрозненне ад працы «для сябе», якаяў маім выпадку ператвараецца ў бясконцы працэс паляпшэння, перараблення, давядзення да прымальнага вынiку і г. д.

Нарэшце, паказаць можна толькі тое, што знаходзіцца ў гарадскіх фондах, а гэта, думаю, не варта рабіць часта. Даволі доўга я без належнай увагі ставіўся да фіксацыі сваіх работ, чамусьці не купляў фотакамеру. Шмат чаго з вывезенага за мяжу, на жаль, нават не сфатаграфавана і, такім чынам, страчана для мяне назаўсёды — у мяне няма нават поўнай геаграфіі месцазнаходжання гэтых твораў.

Што тычыцца адзіноты: маё творчае, жыццёвае і любое іншае «я» вельмі яе любіць.

— Знаёмства з першымі вашымі працамі (тады яны выконваліся ў жывапіснай тэхніцы)уразіла. Урбаністычныя пейзажы з незвычайнымі каларыстычнымі рашэннямі — мала хто здольны так пранізліва ўбачыць невялікае мястэчка з царквой, касцёлам, старой сінагогай, аднапавярховай забудовай. Натурай паслужыў Барысаў?

І Барысаў, і дзясяткі малых гарадоў — ад Варонежа і Тамбова, дзе я вучыўся, да польскай мяжы. Пры ўсёй сваёй самабытнасці, яны маюць агульныя рысы непаўторнай прыгажосці, апетай Шагалам і прадстаўнікамі любімага мною сезанізму. Яны і былі тым абагульненым вобразам, якому прысвечаны работы тых гадоў.

«Сезана ў нас не купяць», «вы фармаліст», «мастак для мастакоў», «народ не зразумее» — падобныя ацэнкі з боку куратараў паўплывалі на мае пошукі ў далейшым. Але сумаваць у тыя часы доўга не прыйшлося, таму што прыблізна ад Варшавы да Атлантыкі, а таксама ў напрамку Ізраіля, «народ зразумеў».

— Аднак так ці інакш гэта быў рух у мэйнстрыме, і ён для вас скончыўся са з’яўленнем наватарскай тэхнікі «адмытага рэльефу». Аб’ёмнае складана спалучаць з жывапісным, але ў вас атрымліваецца. Раскажыце пра тэхналогію.

Паколькі пад рэльефы патрэбны глухі клеены падрамнік падвышанай трываласці, але максімальна лёгкі, я раблю іх па ўласнай, гадамі адпрацаванай тэхналогіі. Часам у сувязі з усадкай слаёў — а іх можа быць да дзясятка — звычайныя падрамнікізанадта дэфармуюцца.

Найлепшым выбарам палатна ў маім выпадку з’яўляецца неадбеленае ільняное радно. Правільна праклеенае, з базавым рэльефам, добра прасушанае, яно практычна не рэагуе на сезонныя перапады тэмпературы і вільготнасці.

Рэльефную пасту таксама раблю самастойна. Гэта сумесь на акрылавай аснове з рознымі напаўняльнікамі, па кансістэнцыі —як скульптурная або палімерная гліна. З такой пасты можна ляпіць што заўгодна. Вязкасць залежыць ад колькасці вільгаці. Пасля высыхання рэжацца, шліфуецца, але досыць эластычная, каб жыць на палатне.

— Не дзіўна, што ў такой складанай аўтарскай тэхніцы ў Беларусі мала хто працуе.

Звычка працаваць ад імпульсу, «на нерве», прыдатная для пастознага алейнага жывапісу, тут недарэчная. У вытворчасці важныя ўсе этапы, бо гатовая работа ператвараецца ў маналіт: яе нельга перацягнуць, зняць з падрамніка або перанесці на новы. Эскізы раблю ў поўны памер, для складаных кампазіцый выкарыстоўваю перакладку прамаляваных дэталей, як у мультыплікацыі. Графічнае рашэнне павінна быць вывераным, бовыпраўленні недапушчальныя.

Коратка ўвесь працэс выглядае так: праклейка, грунт, базавы рэльеф, які будзе фонам, імпрыматура (заўсёды выкарыстоўваю цёплую, ад ярка-аранжавай да чырвона-карычневай),малюнак, фармоўка малюнка пастай, фіксацыя ўсіх слаёў прамочваннем, нанясенне патрэбнай фарбы ў патрэбных месцах, прамыўка, залачэнне (калі прадугледжанае), лакіроўка.

— Пагаворым пра змест. Калегі па цэху нездарма адзначаюць тэатральную сюжэтнасць вашых палотнаў. Тут і біблейскія тэмы, і П’еро з Каламбінай, Дон Кіхот, Джокер. Буфанада, карнавал, часам — страшнаватая казка. І за ўсім хаваецца іранічнаяўсмешка аўтара...

Так, усё разам: сарказм і казка, камедыя, трагедыя і фарс. Жыццё — тэатр, і тэатр — жыццё, для мяне вось так. Гэтыя персанажы інтэрнацыянальныя і таму зразумелыя кожнаму, у тым ліку нашчадкам вялікай у мінулым еўрапейскай культуры. Камедыя, трагедыя, фарс — яны з жыцця... і з дзяцінства.

— Нейкія ўплывы на сваю творчасць вызначаеце?

Шмат чаго: Старажытны Егіпет, мінойская і элінская цывілізацыі, Старажытны Рым і варвары, Протарэнесанс і Адраджэнне, старадаўнія фрэскі, мастацтва барока і эпохі Асветы, класіцызм, мадэрн, асабліва постімпрэсіянізм, мастацтва Старажытнага Усходу і многае іншае, у тым ліку прадметы матэрыяльнай культуры, побыту і касцюмы розных эпох абуджаюць ува мне творчыя імпульсы. Усё гэта, непарыўна звязанае з музыкай, нараджае вобразы.

— Кожная дэталь на карцінах выпісана да найменшых нюансаў, нават гузік ці кававае зярнятка. Вам дастаўляе задавальненне такая падрабязная прамалёўка?

«Зробленасць», матэрыяльнасць, тактыльнае адчуванне палатна як аб’екта, таксама i сюжэтнасць — галоўныя параметры маёй працы. Я аддаю перавагу дэкаратыўнасці ювелірных упрыгожанняў, каб карціна, скажам так, прыкідвалася каштоўнасцю.

— Ці шмат часу ідзе на адну работу?

Шмат. Часам вельмі. Перфекцыянізм — мой нядобразычлівец (усміхаецца).

— Заўважная ваша неабыякавасць да падзей 1812 года: у работах можна знайсці вобразы Напалеона, Кутузава, а ўжо касцюмы той эпохі героі вашых карцін проста не здымаюць. Гісторыя Барысава вас натхняе?

Так, вядома. Як і любая іншая гісторыя. Усё, што да нас дайшло, гэта і ёсць культура. Шмат спрэчак пра тое, чыя лепшая, глыбейшая, багацейшая. Але няма дрэнных культур, ёсць палітыка, якая часта прымешваецца да гэтых спрэчак.

— Ці ёсць рытуалы, звязаныя з творчасцю? Напрыклад, адключыць тэлефоны, з’ехаць за горад? Выпіць моцнай кавы?

Мой «загарад» — 48-цалевы манітор. Я сеткавы спажывец з 30-гадовым стажам. Мяне цікавяць тэатр, музыка, музеі, гісторыя, класіка кіно — у рэжыме 24/7. Ну і аналітыка, вядома.

Каву п’ю нямоцную, але часта. А тэлефон толькі для сувязі з сям’ёй і для анлайн-заказаў. Уся астатняя сувязь са светам адбываецца праз сеткавыя сэрвісы.

— Ваша жонка мастацтвазнаўца, дачка — школьніца і, здаецца, спрабуе маляваць. Калі дачка захоча стаць мастачкай, як паставіцеся?

Яна ўжо вучыцца ў каледжы па спецыялізацыі «Настаўнік пачатковых класаў і творчая дзейнасць». Вырашыла атрымаць прафесію і зэканоміць пару гадоў. У яе паскораны курс, вялікая навучальная нагрузка, не да малявання. Ды і, гледзячы на бацькаву паўсядзённую працу, пакуль не гарыць такім жаданнем. Але калі захоча стаць мастачкай, пярэчыць не буду.

— «Аўтаномная навігацыя» — гэта назва адной з вашых карцін — прывяла мастака Лагачова да мэты? Ці пошук сябе працягваецца?

Не ўпэўнены, што я наогул яе, мэту гэтую, разглядзеў. «Пакуль жыву, спадзяюся».

Гутарыла Алена БРАВА

Фота з архіва С. ЛАГАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».