Вы тут

Крыніца натхнення


Чарговы творчы праект з удзелам юных мастакоў Беларусі ды Латвіі рэалізаваў Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК). Школьнікі стваралі малюнкі паводле твораў Васіля Віткі.


Цэнтр беларускай культуры правёў конкурс дзіцячых малюнкаў “Дзівосны свет Васіля Віткі” па творах беларускага пісьменніка, прысвечаны яго 110-м угодкам. Многія з беларусаў замежжа ведаюць імя Васіля Віткі (сапраўднае імя: Цімафей Васілевіч Крысько, нарадзіўся 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна). Ён застаўся ў гісторыі Бацькаўшчыны як заслужаны дзеяч культуры Беларусі, празаік, паэт, драматург, крытык, перакладчык. А найбольш плённа праявіўся ва ўраджэнца Случчыны талент дзіцячага пісьменніка, Ён, дарэчы, быў першым галоўным рэдактарам часопіса для дзяцей “Вясёлка”: у 1957-74 гадах. Творчасць Васіля Віткі для дзяцей – гэта вялікі свет чараўніцтва, прыгажосці, незвычайных прыгод, гармоніі гукаў ды фарбаў. Паэт – стваральнік вобраза Васі Вясёлкіна, што па гэы час жыве ў “Вясёлцы”, хрэстаматыйнай казкі “Вавёрчына гора”… Творы Васіля Віткі абуджаюць у душах чытачоў любоў да роднай мовы, Бацькаўшчыны, па іх юныя чытачы вучацца распазнаваць дабро і ліха, знаходзіць сваё месца ў жыцці.

Васіль Вітка да таго ж зрабіў цудоўныя пераклады на беларускую мову твораў Льва Талстога, Антона Чэхава, Уладзіміра Маякоўскага, Самуіла Маршака, Сяргея Міхалкова, Агніі Барто, Мікалая Рубцова, Міхайлы Стэльмаха, Яніса Райніса ды іншых вядомых пісьменнікаў.

“Дзівосны свет Васіля Віткі” – конкурс малюнкаў, зладжаны й праведзены ЦБК для дзяцей ад 7 да 14 гадоў. Паўдзельнічалі ў ім юныя мастакі з дзіцячых садкоў і школ Даўгаўпілса й краю, з Краслаўскай сярэдняй школы “Varavīksne”; удзельнікі творчай майстэрні “Скарбніца” аддзела турызму і актыўнага адпачынку Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (Беларусь). Мы ўдзячныя ўсім удзельнікам конкурсу, іх педагогам і бацькам. Вынікі яго падведзены, усе ўдзельнікі атрымаюць дыпломы й фірменныя сувеніры. А віртуальная выстава малюнкаў ёсць у інтэрнэце: на старонцы ЦБК www.bkc.daugavpils.lv і ў сацсетцы Facebook.

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Дарэчы. Сёлета ЦБК звярнуў увагу не толькі на ўгодкі Васіля Віткі – адзначаюцца юбілейныя даты іншых беларускіх літаратараў, пры тым яшчэ ладзяцца й літаратурныя выставы. Івана Шамякіна (з конкурсам эсэ) ушанавалі ў студзені, Івана Мележа (з дыктоўкай па беларускай мове: урывак з трылогіі “Людзі на балоце”) – у лютым. Да юбілею Кандрата Крапівы правялі й вечарыну з чытаннем ягоных вершаў на пляцоўцы Zoom (сакавік). У красавіку па творчасці Змітрака Бядулі была сумесная з яўрэйскім таварыствам вечарына з лекцыяй на пляцоўцы Zoom, у чэрвені ўшанавалі памяць Элізы Ажэшкі. Такі досвед удумлівай, сістэмнай працы з літаратурнай спадчынай, імёнамі літаратараў варты пераймання.

Нумар у фармаце PDF

Загаловак у газеце: Крыніца натхнення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.