Вы тут

Наталля Качанава — выпускнікам: Вы патрэбны сваёй Радзіме


Сёння пасля рэканструкцыі адкрылася сталічная гімназія № 25. У ганаровай цырымоніі адкрыцця прыняла ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі. Разам з ёй у свяце прынялі ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, старшыня Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, кіраўнікі Заводскага раёна Мінска розных гадоў, дэпутаты і іншыя шаноўныя госці. 


Свята, якое аб’ядноўвае

У сваім прывітальным слове Наталля Качанава адзначыла ролю і значнасць адукацыі ў жыцці кожнага чалавека. 

— Дзень ведаў аб’ядноўвае ўсіх нас, бо ўсяго, чаго мы дасягнулі ў жыцці, мы абавязаны сваім настаўнікам, менавіта са школы пачынаецца наш жыццёвы шлях, — падкрэсліла яна.

Спікер верхняй палаты парламента акцэнтавала ўвагу на тым, што ў нашай краіне створана выдатная сістэма адукацыі, кожны год абнаўляецца яе матэрыяльна-тэхнічная база, будуюцца новыя школы, рэканструююцца і мадэрнізуюцца існуючыя, ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб дзецям было камфортна вучыцца, а настаўнікам — працавалася. 

— Паважаныя дзеці, гэтае свята — для вас, першакласнікаў, хто ўпершыню пераступіць парог сваёй роднай гімназіі, — звярнулася яна да самых маленькіх школьнікаў. 

Яна выказала ўпэўненасць, што гэтая ўстанова адукацыі стане для сённяшніх першакласнікаў роднай, бо ў гімназіі працуе выдатны педагагічны калектыў, тут малыя знойдуць новых сяброў і таварышаў. 

— Ганарыцеся сваёй краінай, любіце яе і любіце сваю родную школу, — выказала пажаданне Наталля Качанава.

Акрамя таго, яна звярнулася ў адрас будучых выпускнікоў:

— Мне хацелася б сказаць добрыя словы тым, хто сёлета будзе завяршаць свой вучэбны працэс і заканчваць школу. Вызначайцеся са сваёй прафесіяй, спецыяльнасцю, але памятайце: вы патрэбны сваёй Радзіме, сваёй краіне, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. 

Словы ўдзячнасці ад спікера верхняй палаты парламента прагучалі і ў адрас педагогаў, якім у жыцці сённяшняга грамадства адводзіцца цэнтральная роля: 

— Нізкі вам паклон за вашу нялёгкую і няпростую працу, якая патрэбна нашай краіне, любой дзяржаве. Вы ствараеце яе будучае, — падкрэсліла яна. — І зусім нядаўна — на рэспубліканскім педсавеце — Прэзідэнт краіны вельмі дакладна сказаў аб тым, што сістэма адукацыі — гэта аплот дзяржаўнасці, а настаўнік — апора дзяржаўнай улады. Наталля Качанава звярнулася і да бацькоў: 

— Вельмі важна, што сёння сям’я актыўна падключаецца да адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў, — пераканана спікер Савета Рэспублікі. — Толькі сумеснымі намаганнямі можна зрабіць усё, каб нашы дзеці выраслі годнымі грамадзянамі нашай любімай Беларусі.

І, канешне, якое свята абыходзіцца без падарункаў?! Наталля Качанава перадала кіраўніцтву гімназіі сертыфікат на набыццё мульціборда, які, несумненна, спатрэбіцца ў навучальным працэсе. 

Усё самае лепшае! 

Пасля цырымоніі адкрыцця гэтай установы адукацыі пасля рэканструкцыі Старшыня Савета Рэспублікі завітала на ўрок да першакласнікаў, кожнаму з якіх падарыла кнігу ад імя Прэзідэнта «Беларусь — наша Радзіма». 

Шаноўнай госці адміністрацыя правяла экскурсію па адноўленай установе адукацыі. Арганізацыя навучальнага працэсу, безумоўна, не можа не ўразіць — усё заснавана на самым высокім узроўні і з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій: мульціборды для інтэрактыўнага навучання, лінгафонныя кабінеты для вывучэння замежных моў, найноўшнае спартыўнае абсталяванне ў спартзале, і нават інэрактыўная падлога (з дапамогай яе на занятках па робататэхніцы школьнікі могуць змяніць від дзейнасці і крыху адпачыць). 

Акрамя таго, для ўсебаковага развіцця здольнасцяў школьнікаў тут адкрыліся і функцыянуюць кабінеты па працоўным навучанні для хлопчыкаў і дзяўчынак. У апошніх, дарэчы, ёсць два асобныя памяшканні для навучання кулінарнаму майстэрству і навыкам шыцця. А хлопцаў навучаць майстраваць у сталярнай і слясарнай майстэрнях. 

Адным з галоўных дасягненняў пасля рэканструкцыі школы стала пашырэнне яе плошчаў: зараз яна складаецца з двух асноўных будынкаў агульнай плошчай больш за 17 тысяч метраў. Праектная магутнасць разлічана на 650 вучняў. І трэба сказаць, што павелічэнне плошчы дазволіла вырашыць ранейшую праблему з харчаваннем школьнікаў: зараз тут з’явіўся ўласны харчблок, дзе гатуюць смачную і карысную для дзяцей ежу па загадзя распрацаваным меню.

Як пазней прызналася ў гутарцы з журналістамі Наталля Качанава, умовы, якія створаны ў гэтай школе для навучання школьнікаў, адпавядаюць усім патрабаванням часу:

— Кожны раз, калі я наведваю школы, захапляюся тымі ўмовамі, якія створаны для дзяцей: для таго, каб, атрымліваючы веды, яны маглі знаходзіцца ў камфортных умовах, тут ёсць літаральна ўсё, — падкрэсліла яна.

Адкрыты дыялог

Адным з пунктаў падчас наведвання гэтай установы адукацыі стаў удзел Старшыні Савета Рэспублікі ў дыялогавай пляцоўцы «Навуковы свет Беларусі для маладога пакалення», на якой адбывалася сустрэча з прадстаўнікамі Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі са старшакласнікамі сталічнай гімназіі. Размова атрымалася сяброўскай і вельмі цёплай, бо школьнікі мелі магчымасць задаць Наталлі Качанавай абсалютна любое пытанне і атрымаць на яго шчыры адказ. На жаль, часу на працяглыя стасункі было малавата, таму спікер Савета Рэспублікі запрасіла гімназістаў наведаць верхнюю палату парламента, каб пазнаёміць іх з дзейнасцю гэтага інстытута ўлады, яго функцыямі і роляй, а таксама, каб мець магчымасць працягнуць цікавую размову. 

Акрамя таго, Старшыня Савета Рэспублікі паабяцала прыняць удзел у выхаваўча-патрыятычным праекце «ШАГ» (Школа актыўнага грамадзяніна) і прыйсці яшчэ раз у гімназію № 25. 

Дарэчы, што датычыцца выхавання грамадзянскасці ў гэтай установе адукацыі вельмі паспяхова дзейнічаюць некалькі музейных пакояў: «Беларуская хатка», гісторыка-краязнаўчы (функцыянуе з 1987 года) і гісторыі адукацыі Заводскага раёна сталіцы (які набыў сваё сталае месца ў адноўленай гімназіі). Усе яны існуюць дзякуючы намаганням няўрымслівай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Аліны Пахвалёнай, якая з’яўляецца кіраўніцай усіх гэтых музейчыкаў. 

— Усё гэта выхоўвае нашых дзяцей, выхоўвае маладое пакаленне, — падкрэсліла Наталля Качанава пасля знаёмства з іх экспазіцыямі. 

Напрыканцы шаноўная госця пакінула запіс у кнізе ганаровых гасцей, дзе пажадала навучэнцам і педагогам міру, дабра, дабрабыту, высокіх вынікаў на карысць роднай Беларусі. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».