Вы тут

Уладзімір Гаўрыловіч: «Таленты па-ранейшаму нараджаюцца ў вёсцы...»


У сучаснай Беларусі — шмат традыцый. На нашай зямлі праходзяць урачыстасці, прысвечаныя памяці асветнікаў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, найбольш значных асоб, якія праславіліся не столькі на палях бітваў, дзяржаўнай службе, колькі сваім падзвіжніцтвам на духоўнай ніве. Шмат традыцый закладзена на Гомельшчыне — малой радзіме многіх выбітных асоб — менавіта творцамі, яркімі прапагандыстамі роднага краю. Пра актыўную дзейнасць абласной творчай суполкі па папулярызацыі кнігі і чытання, пра літаратурна-асветніцкі фестывальны рух як агульнабеларускага, так і агульнаславянскага гучання, пра малую радзіму, яе мінулы і сённяшні дзень, пра ўласны творчы лёс сёння мы гутарым з вядомым беларускім празаікам і публіцыстам, старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення Саюз пісьменнікаў Беларусі Уладзімірам Гаўрыловічам.


— Уладзімір Мікалаевіч, сёлета ў межах Года народнага адзінства абласная пісьменніцкая арганізацыя аб’явіла Год класічнай кнігі і чытання на Гомельшчыне, прысвечаны 100-годдзю народных пісьменнікаў Беларусі Івана Мележа і Івана Шамякіна. Гэта ўжо традыцыя — кожны літаратурны год праводзіцца на Гомельшчыне пад знакам вядомых асоб, якія клапаціліся аб духоўнасці народа...

— Папулярызацыя кнігі і чытання — адна з асноўных задач нашай творчай арганізацыі. На працягу многіх гадоў мы арганізоўваем творчыя мерапрыемствы, прысвечаныя знакавым для вобласці і краіны літаратарам, а таксама важным падзеям у жыцці беларускага народа. На Гомельшчыне праходзілі Гады пісьменнікаў Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі і Андрэя Макаёнка, прысвечаныя вядомым выхадцам з палескага краю — Анатолю Грачанікаву, Івану Сяркову і Дзмітрыю Кавалёву, Леаніду Гаўрылаву... Як даніна павагі ў іх гонар ладзіліся дзясяткі мерапрыемстваў у дзіцячых садках і школах, у каледжах і ВНУ, бібліятэках, на прадпрыемствах рэгіёна. У рамках гэтых падзей абласная пісьменніцкая арганізацыя штогод ажыццяўляе падрыхтоўку і выпуск рэгіянальных і міжнародных альманахаў, калектыўных зборнікаў паэзіі і прозы, а таксама рэалізоўвае шэраг памятных праектаў, накіраваных на ўвекавечанне памяці пісьменнікаў-землякоў. Напрыклад, былі сабраны сродкі і ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі на дамах, дзе жылі Іван Сяркоў і Анатоль Грачанікаў. Пісьменнікі рэгіёна таксама актыўна ўдзельнічалі ў зборы матэрыялаў для стварэння шэрага выставак у музеях, мемарыяльных пакояў, прысвечаных жыццю і творчасці калег-папярэднікаў. А на працягу апошніх трох гадоў у рамках Года малой радзімы ладзіліся маштабныя мерапрыемствы, звязаныя з дзіцячай літаратурай. Найперш яны былі скіраваны на папулярызацыю творчасці сучасных пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей і падлеткаў. Дарэчы, менавіта ў гэты перыяд многія нашы палескія літаратары актыўна пачалі пісаць творы спецыяльна для дзіцячай аўдыторыі, выйшлі дзясяткі займальных кніг для дашкольнікаў і школьнікаў-падлеткаў, прэзентацыі якіх ладзіліся ў самых розных аўдыторыях. Бясспрэчна, яны запомніліся не толькі маленькім чытачам, але і дарослым.

І сёлета мы вырашылі не адмаўляцца ад добрай традыцыі. У рамках Года класічнай літаратуры і чытання пісьменнікі рэгіёна скіроўваць увагу чытачоў да творчай спадчыны народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа, мы запрашаем чытаць (ці перачытваць) яркія мастацкія творы мастакоў слова. Дарэчы, у 2022-м мы будзем адзначаць 100-годдзе яшчэ аднаго свайго таленавітага земляка — празаіка і паэта, выхадца з палескай глыбінкі Мікалая Гамолкі. Таму не выключана, што Год класічнай літаратуры і чытання будзе падоўжаны. Рэалізоўваючы задуманае, праводзячы сустрэчы з чытачамі, творчыя акцыі ў рамках абвешчанага года, літаратары заклікаюць не толькі чытаць, але і актыўна абмяркоўваць створанае нашымі класікамі беларускай літаратуры, а таксама больш адкрываць для сябе класічных твораў рускай, украінскай і сусветнай літаратур. Сапраўднымі памочнікамі ў рэалізацыі задуманага, як гэта было і заўсёды, сталі работнікі культуры, бібліятэкары, педагогі і інтэлігенцыя рэгіёна.

— Наколькі мне вядома, асаблівая ўвага пісьменніцкай арганізацыі скіравана на падтрымку юных талентаў. Якія цікавыя і дзейсныя, на ваш погляд, метады заахвочвання «работы са словам» сярод маладых людзей, студэнтаў, школьнікаў?

— Без маладосці няма будучыні, таму мы актыўна працуем з пачаткоўцамі. Падтрымку ім найперш ажыццяўляем шляхам правядзення літаратурных конкурсаў і творчых кансультацый. Прывяду лічбы: толькі сёлета мы наладзілі сем літаратурных конкурсаў, у якіх узяло ўдзел звыш 2,5 тысячы ўдзельнікаў, і 60 % з іх — дзеці, навучэнцы, студэнцкая моладзь. Так, найбольшую колькасць паэтычных і празаічных спроб атрымалі на адкрытыя літаратурныя конкурсы «Сям’я — аснова шчасця і кахання» і «Белыя вішні і яблыні», прысвечаныя 100-годдзю І. Шамякіна і І. Мележа, а таксама на конкурсы «Незабыўны подзвіг. Міша Мароз» і «Памяці Міколы Гамолкі». Для нас гэта няпростая работа: усё трэба было прачытаць, прааналізаваць, адзначыць станоўчае і недахопы, каб потым параіць нешта юнаму аўтару. У маі звыш 120 фіналістаў і лаўрэатаў чатырох конкусаў было запрошана ў Гомель, для іх праводзіліся майстар-класы, аналізаваліся дасланыя на конкурсы творы пачаткоўцаў — і гэта рабілі нашы актывісты, пісьменнікі-метадысты. З мэтай падтрымкі самых таленавітых канкурсантаў мы выдалі невялікі зборнік іх твораў з назвай «Матчын хлеб». Вядзецца велізарная работа з творчай моладдзю, у тым ліку і на міжнародным узроўні, у межах перакладчыцкага беларуска-расійскага праекта і фестывалю «Берагі дружбы» (з’яўляецца пабрацімам штогодняга гомельскага міжнароднага фестывалю «Славянскія літаратурныя дажынкі»)...

Падчас конкурсаў і творчых мерапрыемстваў з удзелам моладзі можна пераканацца: таленты па-ранейшаму нараджаюцца ў вёсцы! Нас асабліва радуюць палескія раёны Гомельшчыны. Увогуле, дзякуючы нашай падтрымцы праз конкурсы, фестывалі, творчыя акцыі, першыя публікацыі мы вырасцілі нямала аўтараў, якія падаюць надзеі, многіх з іх рэкамендавалі да прыёму ў Саюз пісьменнікаў.

— А колькі сяброў у вашай абласной творчай суполцы? Хто з іх стварыў цікавыя мастацкія творы апошнім часам, што карыстаюцца найбольшай увагай чытача?

— За 15 гадоў членамі абласной пісьменніцкай арганізацыі былі 82 пісьменнікі, сёння на ўліку 65 творцаў. За апошнія гады членамі СПБ сталі 12 літаратараў — гэта і таленавітая моладзь, і творцы сярэдняга ўзросту. Прыемна, што і ў пачатку 2021-га нашу творчую сям’ю папоўнілі маладая паэтэса з Добруша (не раз удзельнічала і перамагала ў творчых конкурсах) Вольга Астапенка і гомельскі празаік, публіцыст Мікалай Дзямчыхін.

У аддзяленні працуе шмат аўтараў, вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Напрыклад, плённа шчыруюць на творчай ніве драматург Васіль Ткачоў, паэты Ізяслаў Катляроў і Софія Шах, паэты Міхась Болсун, Ніна Шклярава, Тамара Кручэнка, Лілія Вялічка, Лідзія Долбікава, Святаслаў Крупенька, Ганна Атрошчанка, празаікі Міхась Сліва і Валянціна Кадзетава-Арэстава, дзіцячыя пісьменнікі Яўген Калашнікаў, Вера Квяткоўская, Людміла Яськова, Іна Зарэцкая, перакладчыца Вольга Раўчанка і многія іншыя.

Апошнім часам моцныя па мастацкай вартасці і значнасці выйшлі кнігі ў Васіля Ткачова, Тамары Кручэнкі, Івана Бісева, Галіны Рагавой, Алены Матвіенкі, Лідзіі Долбікавай і іншых гомельскіх пісьменнікаў. Дарэчы, толькі за мінулы год літаратарамі выдадзена звыш 50 кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі, драматургіі, а за 8 месяцаў бягучага — каля 30. Нягледзячы на пандэмію, праводзяцца прэзентацыі новых кніг — як ужывую, так і ў фармаце анлайн. Чытачы адклікаюцца на творчыя сустрэчы, удзельнічаюць у абмеркаванні кніг. Савет аддзялення СПБ, са свайго боку, імкнецца стымуляваць самых актыўных творцаў. Напрыклад, трое аўтараў па выніках работы за мінулы год па рэйтынгу пісьменніцкай арганізацыі прызнаныя «Пісьменнікамі года». Гэта ганаровы жыхар Светлагорска Ізяслаў Катляроў (выдаў шэсць кніг паэзіі і прозы, у тым ліку кнігу праваслаўнай паэзіі «Месяцаслоў», аповесць «Уцёкі з дзяцінства», кнігу паэзіі пра вайну «Брыдскі мох» і іншыя творы), пяць кніг выдаў вядомы празаік, літаратуразнавец, перакладчык і крытык Міхась Сліва, шэсць кніг перакладаў паэзіі з замежных моў на рахунку Вольгі Раўчанкі.

Прыемна, што апошнія гады, дзякуючы ў тым ліку і арганізацыйнай рабоце, правядзенню літаратурных фестываляў і форумаў на Гомельшчыне, усё ж такі чытачоў не меншае, цікавасць да мастацкай творчасці пісьменнікаў-землякоў расце — пра гэта сведчыць і статыстыка кнігавыдач у бібліятэках рэгіёна.

— Ці адлюстроўваецца ў творчасці гомельскіх паэтаў і пісьменнікаў дзень сённяшні?

— Безумоўна. Мы ўсе любім сваю краіну, і тое, што адбывалася і адбываецца ў грамадстве, не можа не хваляваць. Свае адносіны да апошніх падзей, з асуджэннем паводзін тых, хто распальвае інфармацыйную вайну ў тэлеграм-каналах, смела выказалі нашы творцы. Так, вершаваныя цыклы з заклікамі памятаць гісторыю і захоўваць адзінства народа, мір у краіне адрасавалі шырокаму чытачу паэты Валерый Вятошкін, Іна Спасібіна, палымяныя радкі супраць фашызму нарадзіліся ў паэта і публіцыста Аляксандра Беліка, пісьменніка-краязнаўца Міхаіла Дзедаўца…

Нядаўна адбылася «Вялікая размова з Прэзідэнтам». Перакананы: нельга сёння не падзяляць пункты гледжання Аляксандра Лукашэнкі: каб нешта мець, трэба старанна працаваць. Дармовага нічога не было і не будзе. Берагчы сваю краіну, яе незалежнасць ад знешніх нападкаў і ад унутраных канфліктаў. Умацоўваць сваю эканоміку. Цесна супрацоўнічаць з Расіяй, Кітаем, з тымі краінамі, якія нас падтрымліваюць словам і справай. Мы — дружалюбная краіна, якая імкнецца адражаць славянскае братэрства, наколькі рэальнасць дае такія магчымасці. Але ўсё гэта будзе непатрэбнае, калі мы не зможам дастойна выхоўваць сваіх дзяцей як патрыётаў сваёй зямлі. Найпершую ўвагу — ім, нашай будучыні. Не магу не пагадзіцца з нашым Прэзідэнтам: «Па-мойму, пакаленне сучаснай моладзі многае не бачыць і не разумее. Ім патрэбна даносіць, растлумачваць, каб яны раслі з разуменнем, на якой зямлі жывуць, якія каштоўнасці ім імкнуцца прывіць у інтэрнэце...»

Так, не вырашым праблемы ў адукацыйнай прасторы — не адолеем ніводнай грамадскай праблемы. На мой погляд, выхаваўчы аспект з шырокім прыцягненнем найперш сям’і павінен быць пастаўлены вышэй, чым толькі «аказанне адукацыйных паслуг», што мы маем сёння.

— Дзеля гэтага вы і ініцыіруеце правядзенне традыцыйнага міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя Дажынкі»? Ды і новая традыцыя закладзена — рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры, народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага». Калі і як яны пройдуць сёлета?

— Літаратура — галоўны ключ, каб пазнаць сябе. Толькі яна можа зрабіць з чалавека сапраўдную асобу, бо менавіта ў мастацкім творы можна знайсці часцінку сябе. Упэўнены, што наша багатая літаратурная класіка (як беларуская, так і руская) здольная дапамагчы, асабліва падрастаючаму пакаленню, займець сваю жыццёвую пазіцыю і ўласнае стаўленне да розных жыццёвых з’яў шляхам аналізу дзеянняў персанажаў і засваення жыццёвых урокаў аўтара. Але само па сабе гэта не будзе адбывацца, калі ў іх руках не апынецца дастойная кніга. І жывое слова сучаснага пісьменніка — пра нас і наш час, пра класікаў, пра творчасць як з’яву мастацтва і чытанне як асабліва важны працэс у выхаванні асобы — будзе якраз накіравана на тое, каб нашы сучаснікі, найперш дзеці і моладзь, захацелі ўзяць у рукі добрую кнігу і абавязкова прачыталі яе.

І дзеля гэтага, і дзеля папулярызацыі літаратуры і чытання, і дзеля таго, каб наша будучыня была зразумелая, яна была сапраўды наша, беларуская а не нашпігаванаячужымі традыцыямі, тым, што вякамі не характарызавала нас як беларусаў і як славян. Гэтыя задачы стануць ключавымі тэмамі не толькі штодзённай грамадска-культурнай дзейнасці кожнага пісьменніка аддзялення, але і форуму — XVІ Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя Дажынкі — 2021».

Дарэчы, фестываль пройдзе 9–11 верасня ў новым фармаце. У ліку мерапрыемстваў запланавана, напрыклад, канферэнцыя літаратараў Беларусі, Расіі і Украіны «Захаванне гістарычнай памяці сродкамі літаратуры і мастацтва — наш абавязак перад загінулымі, перад гісторыяй і наш абавязак перад сённяшнімі і заўтрашнімі пакаленнямі», на якой выступяць з паведамленнямі вядомыя славянскія літаратары, якіх мы чакаем у госці. Мы будзем прэзентаваць новыя нумары міжнароднага альманаха «Літара», беларуска-ўкраінскага зборніка «Тічія», альманахаў «Літаратурная Гомельшчына» і «Літаратурны Краснадар», новыя кнігі сучасных аўтараў. У час фестывалю будзе працаваць форум маладых літаратараў, адкрыта памятная дошка да 80-годдзя пачатку вайны і 80-годдзя выхаду ў Гомелі агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну!». А нароўні з набіраючым абароты ІІІ абласным фестывалем літаратуры «На зямлі Кірылы Тураўскага», які пройдзе 10 верасня ў Тураве і Жыткавічах і завершыцца 11 верасня ў горадзе над Сожам, дзе тэма чытання, тэма кнігі і духоўнасці, работа з творчай моладдзю і прэзентацыі новых кніг таксама будуць у цэнтры ўвагі. Гэтыя падзеі, безумоўна, стануць сёлета знакавымі культурнымі мерапрыемствамі на Гомельшчыне.

— Нешараговая падзея, на мой погляд, аб’яднала гомельскіх і растоўскіх літаратараў — у Растоўскай вобласці адчыніў дзверы літаратурна-этнаграфічны пакой імя Івана Мележа. Як тое атрымалася зрабіць?

— Гэта вынік плённага супрацоўніцтва з растоўскімі і краснадарскімі літаратарамі. Чатыры гады таму кіраўніцтва Растоўскай вобласці і Няклінаўскага раёна падтрымала нашу ініцыятыву — маю і растоўскага паэта Леаніда Севера: Пятрушынскаму аддзелу цэнтральнай міжпасялковай бібліятэкі было прысвоена імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Тым часам актыўна развіваўся міжнародны праект маладзёжнай паэзіі і перакладаў «Берагі дружбы», што вырас з міжнароднага фестывалю «Славянскія літаратурныя Дажынкі». У межах сумесных літаратурных мерапрыемстваў актыўна ішоў культурны абмен паміж краінамі. Цікавасць да творчасці класіка беларускай літаратуры ў расійскім рэгіёне з кожным годам узрастала. І праз нейкі час было прынята рашэнне аб далейшай папулярызацыі творчасці Мележа і стварэнні да яго 100-годдзя ў імянной бібліятэцы літаратурна-этнаграфічнага пакоя. Мы ўрачыста адкрылі яго ў дзень 100-годдзя, пастараліся ўзнавіць атмасферу рабочага кабінета палескага творцы, напоўніўшы яе стылізаваным сталом, лямпай, прадметамі быту.

— А ці хапае ў вас часу на ўласную творчасць? Да Дня беларускага пісьменства ў Капылі, напэўна, будзеце прадстаўляць не толькі новыя кнігі калег, але і свае?

— Ночы, скажам так, ніхто не адмяняў, зразумела, таму калі карціць нешта напісаць, то знойдзеш час. Менавіта так і з’явілася адна з новых аповесцяў, «Святая Параскева».

Дарэчы, за год гэты твор паўдзельнічаў у двух конкурсах і ў абодвух быў адзначаны — абласной літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага і атрымаў перамогу ў міжнародным конкурсе «Залатое пяро Русі». На беларускай мове твор выйшаў у асобніку прозы «Не сварыся з нябёсамі» ў жніўні, а на рускай чакаецца выхад у верасні ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Шырокаму чытачу ўжо даступнае і новае выданне трох раманаў «Сэрца сваё не падманеш...» (выдавецтва «Беларусь», 2021). Гэтыя творы — знакавыя ў маёй творчасці, у іх я імкнуўся адлюстраваць не толькі гісторыю на працягу цэлага стагоддзя, але і спадзяванні майго народа.

Гутарыла Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.