Вы тут

Кніжны гасцінец. Шчырасць апошняга кляновага ліста


Мелодыі роднай зямлі. Капыльшчына літаратурная. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.


«Мы, капыляне, —

ўсе паэты,

Такая наша ўжо зямля.

І паважаюць нас за гэта —

Шчаслівы той,

хто з Капыля».

Што ж, хоць на Капыльшчыне, можа, і не ўсе пішуць вершы, як сцвярджаў паэт Мікола Хведаровіч, але некалькі дзясяткаў слынных літаратараў гэтая зямля нарадзіла... Невыпадкова сёлетні Дзень беларускага пісьменства адбываецца ў Капылі. Зборнік, выдадзены да гэтай падзеі, пазнаёміць з літаратурнай гісторыяй і сучаснасцю краю. А гісторыя даўняя: яшчэ ў XVІ стагоддзі тут жыў аўтар хронік Мацей Стрыйкоўскі, працаваў перакладчык, доктар медыцыны Даніла Набароўскі, які ў Падуі вучыўся ў Галілея. І Уладзіслаў Сыракомля ствараў на Капыльшчыне, і класік яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым... А пачынаецца зборнік з твора Алеся Адамовіча, народжанага таксама на гэтай зямлі. Як і слынны крытык часоў «Узвышша» Адам Бабарэка... Пасля ўдалага празаічнага дэбюту Бабарэка адмовіўся ад прозы, каб цалкам прысвяціць сябе крытыцы. А ў зборніку прадстаўлена яго апавяданне «Як красназорцы зямлі сцураліся» — вобразная, багатая мова... Ці не пагарачыўся Бабарэка, абмежаваўшы сябе адным жанрам? Судзіце самі: «Будынкі, быццам апенькі, каля пня-цэркаўкі паскучваліся-паскручваліся. Пасярэдзіне — вуліца. Сям-там, як тыя тычкі ці пужалы на агародах, тарчалі старэнькія бярэзіны ды кляны. Як буслы на адной назе, гуськом, пазіраючы ўніз вочапамі, папрытульваліся «бабы» з «жураўлямі» і нудна скрыгіталі, п'ючы раніцою ваду са студняў».

«Не шукай ты мяне каля жытніх палёў», «Ой, бярозы ды сосны — партызанскія сёстры», «Бывайце здаровы, жывіце багата» — аўтар тэкстаў гэтых неўміручых песень Адам Русак таксама натхняўся роднай Капыльшчынай... Як і Кузьма Чорны, Цішка Гартны, Леў Клейнбарт, Ян Скрыган, Алесь Гурло...

Не забылі складальнікі зборніка і пра адну з традыцый Дня беларускага пісьменства — уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У зборніку прадстаўлены творы некаторых яе лаўрэатаў, а таксама прэтэндэнтаў на сёлетнюю ўзнагароду. А для кантэксту — цікавыя факты пра пісьменнікаў-юбіляраў 2021-га — Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Івана Мележа і Кандрата Крапіву.

Застаецца дадаць, што аўтар грунтоўнай прадмовы, слынны літаратуразнавец і пісьменнік Алесь Бельскі, таксама з Капыльшчыны.


Павел Санаеў. Пахавайце мяне за плінтусам. Выдавецтва «АСТ», 2021.

Гэтая кніга, якая з'явілася ў 1990-х, умомант праславіла аўтара.

«Меня зовут Савельев Саша. Я учусь во втором классе и живу у бабушки с дедушкой. Мама променяла меня на карлика-кровопийцу и повесила на бабушкину шею тяжкой крестягой. Так я с четырёх лет и вишу».

Гісторыя хлопчыка, якога ўладная, не зусім псіхічна здаровая бабуля адабрала ў маці, сваёй дачкі, не проста кранала, але і мела скандальны рэзананс. Бо сюжэт быў аўтабіяграфічны і датычыўся таямніц вядомай сям'і. Дзядуля героя быў народны артыст СССР Усевалад Санаеў, маці — актрыса Алена Санаева, а айчым, «карлік-крывапівец» — акцёр і рэжысёр Ралан Быкаў.

Дзядуля, які на экране іграў ролі мужных герояў, не мог зладзіць з уласнай жонкай. Маленькаму Паўлу забаранялася называць сваю маму мамай, таму ён марыў жыць пад плінтусам і мець магчымасць бачыць яе хоць праз шчылінку. З-за гіперапекі бабулі хлопчык бясконца хварэе. І толькі айчым, разумны і добры, дапамагае выправіць сітуацыю, і маці знаходзіць у сабе сілы забраць свайго сына, вытрываўшы нападкі бацькоў. Дарэчы, кніга нагадвае пранізлівыя фільмы Ралана Быкава накшталт «Пудзіла». Аўтар прызнаваўся, што стварыў для сябе «псіхатэрапію». Аповесць стала п'есай, якая была пастаўлена і ў беларускіх тэатрах, ператварылася ў фільм... А пасля займела працяг. Але калі вы ўбачыце назву «Хроники Раздолбая. Похороните меня за плинтусом — 2», не спяшайцеся радавацца сустрэчы са знаёмымі героямі. Як прызнаваўся сам Павел Санаеў, назва — гэта толькі маркетынгавы ход. Герой гэтага рамана — зусім не Саша Савельеў. Дзевятнаццацігадовы разбэшчаны юнак шукае сваё месца ў часы перабудовы. Прастытуткі, бізнесмены, наменклатуршчыкі, рэкеціры, прапаведнікі... Калі б аўтар напісаў толькі гэтую кнігу, яна не прыцягнула б столькі ўвагі, як першая.

Выданні для агляду прадстаўленыя кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».