Вы тут

Мастак Васіль Сумараў: Палатно не падманеш


Ён умее разглядзець цудоўнае ў штодзённым, захапіцца ўбачаным, размаляваць свет у яркія колеры і навучыў гэтаму звыш тысячы таленавітых дзяцей і абедзвюх дачок. Карціны выдатнага беларускага мастака Васіля Сумарава рэалістычныя і па-майстэрску напісаныя, часам нагадваюць, аднак, лубок або велікоднае яйка. Іранічная інтанацыя, добры гумар і мажорны каларыт на такіх палотнах ператвараюць нават пейзаж або бытавую сцэнку ў святочнае дзейства.


«Мяне ўдарыла токам»

«Мы родам з дзяцінства», — заўважыў вялікі рамантык Антуан дэ Сент-Экзюперы, і гэты афарызм — нібы ключ да разгадкі творчасці Васіля Сумарава. Будучы заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі нарадзіўся ў Мінску ў 1938-м у доме на вуліцы Беларускай, які ператварыўся потым у «чырвоны квадрат», населены суседзямі, роднымі і ім самім у трох абліччах, на яго знакавай карціне «Мой дом».

Бацькі, Фёдар і Марфа Сумаравы, працавалі на чыгунцы. Праз тры гады ў сям’і, услед за старэйшым сынам і дачкой, з’явіўся малодшы, а праз некалькі дзён пачалася Вялікая Айчынная.

Бацьку спачатку на фронт не ўзялі, з «жалезнай» бранёй перакінуўшы ўглыб Расіі, каб у тыле абслугоўваць чыгункі, забяспечваць перамяшчэнне эшалонаў з харчаваннем, зброяй, раненымі. Толькі ў 1944-м, пасля вызвалення Беларусі, Фёдару Васільевічу ўдалося адпрасіцца на фронт і паваяваць у Латвіі, давялося вызваляць Шаўляй.

А Марфа Васільеўна са свякрухай і дзецьмі ўсю вайну правяла ў акупаваным Мінску. Як большасць хлапчукоў той пары, Вася быў непаседа і свавольнік, дастаўляючы ёй нямала клопатаў і засмучэнняў.

— Чаго я толькі не вычвараў! Лепш за ўсіх страляў з рагаткі. А неяк раз кінуў у вогнішча знойдзены дзесьці снарад, асколкамі моцна параніўшы руку. Ці, скажам, палез па яблыкі цераз агароджу, а дрот аказаўся пад напружаннем. Мяне ўдарыла токам, ды так, што з цяжкасцю «адкачалі». Бацька, вярнуўшыся з вайны, жартаваў: «Ды ў цябе, сынок, ран больш, чым у мяне, франтавіка!»

Лётаў з трампліна і маляваў

— Ваш бацька паказваў вам свае малюнкі, зробленыя на фронце?

— Так, ён быў выдатным сталяром, вучыў мяне і брата рабіць усё сваімі рукамі і маляваў яшчэ да вайны як аматар. Памятаю, на вертыкальна зрэзаных бярозавых цурках з карой капіраваў работу «Паляванне на тыгра» грузінскага мастака Таідзэ. Я, хлапчук, вельмі захапляўся ім.

На фронце тата быў камандзірам аддзялення армейскай разведкі і сапёрам. Ваяваў па-геройску, пры параўнальна невялікім росце валодаў немалой фізічнай сілай, браў нямецкіх «языкоў», на паўгалавы вышэйшых за сябе, і вярнуўся дадому з двума ордэнамі Славы і медалямі. І, дарэчы, нас з братам прывучаў да спорту. На карціне «Мой дом» бацька стаіць справа з ордэнамі, а я падцягваюся на турніку.

— Дык вы яшчэ і спортам займаліся?

— Вядома. Я і сёння кожную раніцу раблю гімнастыку, прагульваюся 2-3 разы на дзень.

А ў юнацтве цудоўна скакаў на лыжах з трампліна. Прычым на першы з іх, яшчэ драўляны, абсталяваны ў велізарным катлаване насупраць «Камунаркі», падняўся, калі вучыўся ў 8 класе. Там трэніраваліся старэйшыя хлопчыкі, і мне, хлапчаняці, сапраўднаму хулігану, таксама захацелася паспрабаваць. Лёталі з яго недалёка, метраў на 25, затое там мяне запрыкмеціў трэнер, убачыўшы, што я не баюся падаць і інтуітыўна групуюся.

Ён узяў мяне ў секцыю, стала нешта атрымлівацца, даскакаўся да юнацкага разраду. У той час я за зіму ламаў па тры пары лыж. Былі, напрыклад, пасляваенныя ад станковага кулямёта, потым паляўнічыя, кароткія і шырокія, якія мне асабліва падабаліся. А калі дзесьці ў 1960-х гадах пабудавалі трамплін у Раўбічах, мы пачалі скакаць там, я выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Але ў той час ужо вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце, ездзіць прыходзілася далёка, і паміж спортам і жывапісам давялося выбіраць.

— Ваш выбар аказаўся і лагічны, і лёсавызначальны, і шчаслівы. А з чаго ўсё пачыналася?

— Неяк у 1952-м я падняўся на гарышча нашага дома і ўбачыў там хлопцаў, якія малявалі: Кіма Шастоўскага, Кіма Яфрэмава і Аліка Евялеўскага. Яны капіравалі нейкі сюжэт з гісторыі Старажытнага Рыма, і гэта было цудоўна, вельмі падобна! Захацелася нешта намаляваць і мне. Пачаў з алоўка, паступова перайшоў да фарбаў і палатна.

Потым Кім Шастоўскі паступіў у мастацкае вучылішча, і я ўслед за ім. Паказваў яму свае работы, затым мы разам вучыліся ў тэатральна-мастацкім. Гэта быў мой найлепшы сябар, я праводзіў яго ў апошні шлях.

Шчаслівы палац

— Хто быў вашымі настаўнікамі ў тэатральна-мастацкім інстытуце?

— Іван Стасевіч, Май Данцыг, Іван Ахрэмчык, Пётр Крохалеў. Хтосьці з іх прайшоў вайну, яны прагнулі падзяліцца сваімі ведамі з намі, студэнтамі, ставіліся да нас вельмі цёпла, чалавечна, зямля ім пухам. А я сабе часам думаю: калі траплю ў іншы свет, дай Бог мне весці дзіцячую студыю, таму што там ужо столькі маіх выхаванцаў…

— Стварыць дзіцячую студыю выяўленчага мастацтва вы рашылі самі?

— На апошнім курсе інстытута я ўжо працаваў з дзецьмі, мне гэта вельмі падабалася. Пасля заканчэння ВНУ ў 1965-м узяў накіраванне ў 90-ю школу, год там адпрацаваў і адначасова арганізаваў студыю выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры камвольнага камбіната, якой кіраваў больш за 25 гадоў.

Маладосць поўная энергіі. Мне хацелася, каб дзеці займаліся і спортам, і жывапісам. Мы самі рабілі мальберты, я абсталяваў добрае асвятленне, малявалі стоячы, таму ў мяне не было сутулаватых. Часам я браў на заняткі сабаку Ласку, кацянят ці трусоў, ладзіў конкурс малюнкаў на асфальце перад палацам і ў мікрараёне, вучыў дзяцей страляць з лука.

— Праз вашы рукі за гэты час прайшло больш за 1000 выхаванцаў. Многія сталі вядомымі мастакамі?

— Не ўсе, вядома. Чацвёра маіх вельмі таленавітых вучняў ужо ў іншым свеце. Хтосьці сапраўды дабіўся поспеху і прызнання, як тыя ж Ігар Бархаткоў, Рома Заслонаў, Андрэй Задорын і іншыя. Я даў ім усё, што ў мяне было, нічога не ўтойваў. Лічу, калі ў цябе ёсць нейкія веды і вопыт, ты павінен іх перадаць дзецям, бо жыццё па-рознаму складваецца ва ўсіх.

— Вы і з вашай будучай жонкай пазнаёміліся менавіта ў Палацы культуры?

— У 16 або 17 гадоў, скончыўшы школу, яна працавала білецёрам у нас у палацы, і мне запомнілася мілая чарнавокая дзяўчына ў зялёным світары. А потым прывяла ў маю студыю сваю пляменніцу, мы пазнаёміліся бліжэй, а з часам і пажаніліся, нарадзіліся цудоўныя дочкі.

Наталля Іванаўна была і прыгожай, і разумнай, і таленавітай, і выдатнай мамай, і гаспадыняй. Але вось ужо без малога год, як яе няма... Напэўна, такія людзі і там, на нябёсах, патрэбныя. Псіхалагічна мне вельмі няпроста. Сам займаюся гаспадаркай, прыбіраннем, гатую, мыю, бо ў дачок свае сем’і і сваё жыццё. Хоць мы, вядома, часта бачымся, яны мне дапамагаюць, абмяркоўваем нейкія творчыя пытанні.

Не «Домам» адзіным

— Васіль Фёдаравіч, у запасніках Нацыянальнага мастацкага музея шмат вашых карцін?

— Так, 24 работы. У пастаяннай экспазіцыі знаходзіліся і навагрудскі пейзаж «Зямля маёй маці», і «Мой дом», які і цяпер там.

— Ніводная прысвечаная вам публікацыя не абыходзіцца без згадвання гэтай знакавай работы. Натхніўшыся яе поспехам, вы маглі б, напэўна, у гэтай тэхніцы працаваць і далей, атрымліваючы заслужаныя лаўры?

— Яшчэ некалькі работ у падобнай стылістыцы я зрабіў, таму што гэта ўспаміны майго дзяцінства. Напрыклад, «Гарачы дзень. Трэнаж пажарнікаў», яна цяпер дзесьці ў Расіі ў музеі. Дарэчы, як яны самі мне растлумачылі, правільна называць іх «пажарныя», або «агняборцы». У такой жа стылістыцы напісаны «Вяселле», «Хутка 8 Сакавіка», «Свята зімы на Трактарным пасёлку», яшчэ некалькі карцін. У кожнай з іх ёсць элемент дзяцінства, дзіцячага ўспрымання.

— Усе яны атрымалі прызнанне?

— Практычна ўсе друкаваліся ў сур’ёзных усесаюзных і замежных часопісах, кнігах па мастацтве, выстаўляліся. Дарэчы, калі я прынёс эскіз «Майго дома» на наш беларускі выставачны камітэт, некаторыя вядомыя мастакі з мяне пасмейваліся: маўляў, гэта ж дзіцячы малюнак, а ты рабіў такія рэчы, гарадскія, індустрыяльныя пейзажы, фігуратыўныя карціны!

— Але ж хтосьці вас і падтрымаў?

— Міхаіл Андрэевіч Савіцкі, і я яму ўдзячны па сёння. А потым прыехала камісія з Масквы заключаць дагаворы да 100-годдзя з дня нараджэння Леніна. Убачыўшы мой эскіз, прапанавалі мне дагавор, і ў экспазіцыі Усесаюзнай выстаўкі «Мой дом» змясцілі ва ўводную залу. Толькі тады яе прызналі і тут.

«Блакітная веранда» ў кветкавым раі

Па слядах знакамітага бацькі пайшлі яго дочкі, стаўшы самабытнымі і таксама вядомымі мастачкамі, са сваім почыркам і нетрывіяльным поглядам на свет. Абедзве скончылі Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка, затым Акадэмію мастацтваў, шмат працуюць і выстаўляюцца. Кацярына Сумарава атрымала ў снежні мінулага года за маштабную карціну «Плашчаніца 2020» Гран-пры на першым трыенале жывапісу, графікі і скульптуры, арганізаваным Беларускім саюзам мастакоў.

— Нарадзіўшыся ў творчай сям’і, вы з Дашай маглі б не стаць мастачкамі? — пытаюся ў яе.

— Наўрад ці. Я з дзяцінства ведала, што стану мастаком, не было «плана Б». Гэта наш свядомы выбар, падрыхтаваны самой атмасферай, асяроддзем, у якім мы выхоўваліся. Акрамя прыкладу бацькі, быў і мамін прыклад, якая пастаянна рабіла ўсё магчымае, каб мы развіваліся ў гэтым кірунку, малявалі.

— Наогул, як вы лічыце, мастацкія гены існуюць, здольнасці перадаюцца ў спадчыну?

— Вядома, гэта ўсё існуе, — уступае ў размову Дар’я. — Але некаторыя людзі проста пацалаваныя Богам, як наш бацька. У мяне ёсць выкладчыцкі досвед работы з дзецьмі, і я ведаю, што калі ёсць жаданне і мэта, то выдатна развіваюцца нават параўнальна сціплыя здольнасці.

Дарэчы, сястра Кацярыны, Дар’я Сумарава-Копач, знайшла сябе ў больш рэалістычнай, класічнай манеры, піша цудоўныя нацюрморты з кветкамі, пейзажы, партрэты і вельмі любіць творчасць бацькі:

— Мне падабаюцца многія яго работы. Асабліва, напэўна, «Блакітная веранда», напісаная на дачы. Яна натхняе мяне. Дзякуючы маме з яе эстэтычным густам у нас там дзівосны сад. Тата будаваў дачу 30 гадоў, пачынаючы ад падмурка да даху, вокнаў і дзвярэй, а яна дэкарыравала і стварыла цудоўны і ўтульны куточак, свой свет, кветкавы рай.

— Наталля Іванаўна вучылася на філфаку і іграла ў тэатры БДУ, марыла стаць актрысай. Але і яна ўзялася за пэндзлі…

— Мама вяла драматычны гурток, — кажа Кацярына, — у якім мы з сястрой таксама ігралі. Яна была эрудзіраваным, нагледжаным чалавекам, які ведаў гісторыю мастацтваў, захапляўся гэтым, і ў адзін цудоўны момант мы сказалі: «Мама, ну давай, дзейнічай, паспрабуй!»

І першы раз яна ўзялася за пэндзлі менавіта на дачы. Спачатку трохі разгубілася, але, паклаўшы на палатно першыя мазкі, нібы адкрыла ў сабе нейкую энергію. І вось тут спыніць яе было немагчыма: усе куточкі свайго саду, любімыя кветкі-расліны, сваіх унукаў — увесь свой свет ёй хацелася змясціць на палатно. А мы проста любаваліся і захапляліся яе бачаннем. Творчасць нашай мамы самабытная, таленавітая! Гэта наіўнае мастацтва, непасрэднае, небанальнае і шчырае.

— Даша, ваш муж — вядомы скульптар. Вы пазнаёміліся падчас вучобы ў Акадэміі мастацтваў?

— Ён тады ўжо яе скончыў, а я вучылася на 2 курсе, мы пазнаёміліся ў агульнай кампаніі... Сёння яго скульптуры, манументальныя работы ўстаноўлены ў 26 краінах, у некаторых нават не па адной. У суаўтарстве з Аляксеем Сарокіным яны зрабілі вялікае пано для станцыі метро Францішка Багушэвіча.

— А дзеці вашы раўняюцца на вас?

— Старэйшы сын ужо працуе дызайнерам. Сярэдні вучыцца на 1 курсе ў Акадэміі мастацтваў на кафедры скульптуры, дачка — у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. У яе шчаслівае дзяцінства, малюе ў сваё задавальненне, ёй гэта падабаецца. Штосьці атрымліваецца. Ці працягнецца дынастыя? Час пакажа, але ўсе перадумовы для гэтага ёсць.

Уладзімір ПАНОЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.