Вы тут

У пошуках свайго прызначэння, або Дзяцінства як прафарыентацыя


Спачатку Мішка хацеў быць кіроўцам. Сядзеў на падлозе і катаў машынкі па канапе, стале, крэслах... Прыкладна ў два гады ён заўважыў, што ў яго новага ровара ёсць «вялізныя» колы. Гэта было сапраўднае захапленне, калі ў яго атрымалася паехаць самому. З таго часу сын перасоўваўся па кватэры толькі на сваёй «машыне», балазе яна была трохколавая і зусім невялікая. Яму — задавальненне, а нам з артапедам — шчасце: педалькі ровара ён круціў голымі ножкамі, і гэта стала прафілактыкай плоскаступнёвасці. Вядома, потым былі і паездкі з татам на маршрутным таксі, і «прыліплыя» да кабіны кіроўцы аўтобуса ці тралейбуса далонькі...


Фота: pixabay.com

Міша быў упэўнены, што яго лёс — гэта круціць «абаранак». Але ўжо ў старэйшай групе дзіцячага садка малога зацікавіла жыццё ахоўнікаў правапарадку — з пагонямі, перастрэлкамі, заблытанымі расследаваннямі... Вядома, вельмі стала не хапаць юнаму «міліцыянеру» якога-небудзь Рэкса, які абавязкова павінен быў стаць верным кампаньёнам ва ўсіх хлапечых прыгодах. Так дома ў нас з'явіўся шчанюк Бім, цудоўны дварняк, выратаваны валанцёрамі ад немінучай смерці. Мішка і Бім сталі найлепшымі сябрамі. Яны разам умелі проста за хвіліну развярнуць усю кватэру, ганяліся адзін за адным, «выпадкова» знішчаючы мяккія цацкі сясцёр, і нават праходзілі «паласу перашкод» з табурэтаў і невялікіх дзіцячых сталоў. Трэшчынку іх сяброўства дало пасля таго, як малады сабака рушыў услед за сваім інстынктам і... загубіў маладога голуба Харві. Птушаня мы падабралі на дарозе, дзе яго ў любы момант магла раздушыць машына. Здавалася, ён вось-вось навучыцца лётаць, толькі трэба трохі падкарміць. Міша як ніколі быў далікатны з новым гадаванцам. Менавіта ён карміў яго, выходжваў і вучыў лётаць па пакоі. Але аднойчы Бім уварваўся ў пакой і... Міша рыдаў, калі вырываў з пашчы здзіўленага сабакі птушачку. Ён спрабаваў выратаваць голуба: грэў яго, тармасіў і абдымаў. Але, на жаль, Харві нерухома ляжаў на яго дзіцячых далонях.

У класе другім Мішка выявіў, што гатаваць ежу вельмі цікава. Так у нас дома з'явіўся пах падгарэлых на патэльні яек і дзіўнай формы пячэнек. Хлопец не пакідаў ідэю стаць служыцелем закона, але яго ўсё мацней прыцягвала выпечка. Неўзабаве ў нас дома сталі з'яўляцца цудоўныя водары круасанаў, тварожнікаў і булачак. Поварам Міхаіл вырашыў стаць, калі ўсе дамашнія проста звар'яцелі ад смаку ў торціка «Твікс», які ён прыгатаваў для таты на дзень нараджэння.

А потым мы пагадзіліся выхадзіць кацяня. Маленькай кошцы на пэўны час патрэбен быў асаблівы догляд. Трэба было некалькі разоў на дзень прамываць ёй хворыя вочкі і закладваць лекі. Мішка ўзяў на сябе гэты абавязак. Роні, так ён назваў кацяня, проста жудасна драпалася, вырывалася і кусалася, калі яе даставалі з пераноскі і неслі на працэдуры... Але паступова яна прывыкла да Мішкавага паху і рук і ўжо сама выходзіла са свайго доміка адразу, як толькі чула яго голас... Неўзабаве знайшліся новыя гаспадары для Роні, але ў іх кацяня захварэла і памёрла. Для Мішкі гэтая навіна стала ўдарам. Яму здавалася, што калі б ён яшчэ трошкі патрымаў у сябе Роні, то яна б адужала і не захварэла. Так Міша ўсвядоміў, што з яго, напэўна, атрымаецца таленавіты ветэрынар. Сёння сын перайшоў у сёмы клас. Кожная яго раніца пачынаецца з прагулкі з Бімам, якому ён дараваў выпадак з Харві, бо ўжо начытаўся пра інстынкты жывёл. У хлопчыку бачаць свайго абаронцу і карміцеля нашы каты. Ён можа забыцца зрабіць урокі, прыбраць у пакоі, пайграць на гітары, але не забудзе патэлефанаваць разоў сто мне на работу, каб нагадаць, што катам і сабаку трэба падкупіць корму або што прыйшоў час прафілактыкі глістоў. Так і пражываю з сынам яго цікавыя прыгоды ў пошуку сябе і свайго прызвання. А калі раптам у яго з'явіцца новае захапленне, то ўхаплюся за яго і назаву гэта будучай прафесіяй. Так бы мовіць, своечасова накірую бурную энергію ў патрэбнае рэчышча.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.