Кот Фёдар з вышыні сёмага паверха з цікаўнасцю назіраў за вераб'ямі. Яго гаспадыня Кацярына смажыла катлеты і складвала ў рондальчык — збіралася да сяброўкі на лецішча з катом, хай па траўцы пагуляе.
Сення Кацярына будзе знаёміць сяброўку са Сцяпанавічам. Чалавек ён добры, хоць і празмерна педантычны. Стаміўся ад адзіноты, а з Любай яны будуць добрай парай. Абодва хударлявыя, працавітыя, адзінокія.
Люба папрасіла дапамагчы ў падвязцы кустоў у агародзе, і Каця паклікала з сабой Сцяпанавіча. Ведаючы яго ахайнасць і насцярожанае стаўленне да катоў, прыкідвала, як сказаць, што Фёдар паедзе з імі.
Ужо дзесяць гадоў Сцяпанавіч трывае нервовае напружанне на агульнай кухні з былой жонкай. Ён рэгулярна працірае пыл, а яна на злосць смеціць. Ад гэтага Сцяпанавіч перажывае, худнее і сохне, а былая пераможна рагоча і таўсцее. Вярнуўшыся з санаторыя, Сцяпанавіч знайшоў свой посуд, які старанна мыў і дэзынфіцыраваў, у павуціне пад ваннай.
Чаша цярпення перапоўнілася, і Сцяпанавіч прыняў цвёрдае рашэнне змяніць жыццё. Ён пагадзіўся пазнаёміцца з Кацінай сяброўкай. Люба жыла адна ў двухпакаёвай кватэры, мела лецішча і дваццаць сотак чарназёму.
Раніцай Сцяпанавіч прыехаў на сваёй машыне. Кацярына памахала яму з балкона. Мужчына зразумеў гэта як знак запрашэння і праз хвіліну ўжо стаяў каля парога. Каця ўздыхнула і, прадбачліва зачыніўшы дзверы ў пакоі, запрасіла ўвайсці. Госць акінуў уважлівым позіркам памяшканне і зняў начышчаныя чаравікі. Пах туалетнай вады запоўніў пярэдні пакой.
— Аладкі будзеце?
— Мабыць. Даўно іх не еў.
Сцяпанавіч смакаваў аладкі. Ён яшчэ не здагадваўся, што кот едзе з імі. А Фёдар прыглядаўся і прынюхваўся да госця.
Праз некалькі хвілін спускаліся да машыны.
Катоў Сцяпанавіч на дух не пераносіў, але на гэты раз вырашаўся яго лёс, і ён, пераадольваючы непрыязнасць, нават пагладзіў жывёлінку. Убачыўшы вымытую да бляску машыну, Каця зразумела, што ідэя ўзяць Фёдара была дрэннай.
Сцяпанавіч галантна адкрыў дзверцы, і Каця з Фёдарам на руках села на аксамітавае сядзенне. Сцяпанавіч дастаў белую сурвэтку і працёр бездакорна чыстае шкло. У Каці ўзнікла падазрэнне: ён дэзынфіцыруе ўсе свае рэчы.
Машына кранулася. Кот напружыўся ў Каці на каленях і спалохана паглядзеў у акно.
Раптам ён вырваўся і пачаў даследаваць машыну па перыметры, у тым ліку пад нагамі кіроўцы. Сцяпанавіч мужна выносіў гэтае свавольства, але твар яго выказваў пакуты. Каця, злавіўшы Фёдара, міралюбна паабяцала:
— На лецішчы пачышчу машыну.
Сцяпанавіч ветліва рыпнуў зубамі: «Пачышчу сам».
...Люба ў шортах і майцы сустрэла іх каля брамы. Яна трымала вядро з разведзеным курыным памётам. Пах уразіў гарадскіх жыхароў.
— Я ж памідоры падкормліваю! — патлумачыла гаспадыня.
Госцю даручылі падрыхтаваць усё каля вогнішча ў садзе. Сцяпанавіч адкрыў багажнік, у якім выявіўся цэлы склад. Дастаў акуратна складзены выпрасаваны камбінезон і працоўныя туфлі, пайшоў пераапранацца. Куды падзецца, калі ўжо прыехаў.
Потым яны насілі з калонкі ваду і налівалі ў кадку. Сумесная праца неяк зблізіла — жартавалі, смяяліся. Пасля Каця памыла рукі ў кадцы і прапанавала памыцца Сцяпанавічу.
— Я зараз, — ён кідаўся ад кадкі як чорт ад ладану, дастаў з багажніка бутэльку з вадой і чыстыя сурвэткі. Рукі мыў доўга і старанна. Селі за стол, выпілі па чарцы і схапіліся за лыжкі. Госць затармазіў, разглядаючы алюмініевую лыжку пад рознымі вугламі. Яна была ў дробных увагнутасцях і чорных кропачках. Каця падала іншую, папераджальна апаласнуўшы яе кіпенем, і падумала: «Як ён тут, пры такой ахайнасці, прыжывецца?» Перасіліўшы гідлівасць, Сцяпанавіч закусіў.
Пасля абеду падвязалі кусты. А ўвечары ў кампаніі суседзяў гатавалі шашлыкі ў садзе. Гарэла вогнішча, весела патрэскваючы і адганяючы камароў.
Суседка прынесла гітару, і над пасёлкам паплыў высокі чысты голас. Песня расказвала пра каханне. Кот Фёдар ляжаў на бервяне каля вогнішча, ён таксама марыў у гэтую зорную ноч. Віно сагравала і кружыла галаву, песня будзіла пачуцці. Люба падлівала Сцяпанавічу напой, сэрца стукала, і рука неспадзявана дакраналася да яго рукі.
Сцяпанавіч дзякаваў і збянтэжана адсоўваў келіх:
— Не люблю спіртное, люблю салодкае!
Летнія ночы кароткія. Каця шапнула Любе:
— Ні пуху ні пер'я, — і пайшла з катом начаваць да суседкі, што для Сцяпанавіча стала нечаканасцю.
— Не пакідайце мяне аднаго, — прашаптаў ён, схапіўшы Кацю за руку, з-за чаго кот ірвануўся і знік у траве. — Я некалькі гадоў не быў блізкі з жанчынай... Прабачце, я адчуваю, што магу быць з вамі адкрытым, — збянтэжана прызнаўся ён.
— Не турбуйцеся, Люба вас не кране, — супакоіла яго Каця і пабегла лавіць ката.
Сцяпанавіч адчуваў няёмкасць. Адпраўляючыся на дачу, ён быў гатовы да перамен, але цяпер панічна баяўся абняславіцца і выглядаць смешным. Яго кінула ў холад. Хударлявае цела сціснулася, лапаткі завастрыліся, касцістыя рукі неспакойна абтрасалі пінжак. Па-здрадніцку падціскаліся і без таго тонкія вусны. Ён сапраўды даўно не сустракаўся з жанчынамі.
Сцяпанавіч разумеў, што ў такім стане не варта нават рыпацца. Разам з тым не выклікала сумненняў, што жанчына вызначана чакае ад яго дзеянняў. З-за наплыву эмоцый у яго падняўся ціск, забалела галава. Ён выпіў таблетку.
Люба паслала сабе на іншай канапе. Пакой цьмяна асвятляў ліхтар за акном.
— Вам зручна? — спытала гаспадыня.
— Так, дзякуй, — пахаладзеў Сцяпанавіч.
Яна паднялася папіць.
— Можа, вады падаць?
— Не, дзякуй.
Люба вярнулася на канапу, Сцяпанавіч уздыхнуў. Ён не спаў, думаў пра Любу. Яна таксама не спала, думала пра Сцяпанавіча. Было ясна: Сцяпаныч не арол.
Абодва гэта адчувалі, абодвум было нязручна. Пакруціўшыся ў ложку, Люба зрабіла адчайны крок:
— Вы не спіце?
Сцяпанавіч маўчаў. Люба, пачакала:
— Я чую, не спіце! Можа, дапамагчы заснуць? — і... нырнула да яго пад коўдру...
Цяпер Люба і Сцяпаныч жывуць разам. Лецішча стала проста казкай. Сцяпаныч даводзіць усё да ідэальнага стану. А Каця радуецца за сяброўку, у якой усё добра.
Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ
Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.