Вы тут

Адносіны з мужчынам, у якога ёсць жонка, выгадныя толькі самому мужчыну


Раман з жанатым мужчынам асуджаецца ва ўсіх культурах і ва ўсе часы, як бы ні мяняўся свет. Тым не менш гэты шлях абдумана ці не задумваючыся выбіраюць многія жанчыны. І ўсе яны спадзяюцца на асабістае шчасце. Але ці ёсць будучыня ў адносін з жанатым мужчынам?


Фота: pexels.com

Прычын, па якіх мужчыны ўступаюць у блізкія адносіны з іншай жанчынай, захоўваючы шлюб, можа быць некалькі, і ўсе яны відавочныя, адзначае сямейны псіхолаг Сяргей Яравец. Мужчына прыходзіць да гэтага ў пошуках новых уражанняў і эмацыянальных перажыванняў, шукае пацвярджэнне сваёй значнасці, хоча даказаць, што «не здаецца ў палон узросту» або лічыць, што палюбоўніца «патрэбна яму па статусе».

— У любым выпадку мужчына ў дадзенай сітуацыі знаходзіцца ў выйгрышнай пазіцыі. Ён на вяршыні любоўнага трохкутніка, а каля падножжа «піраміды» за яго змагаюцца дзве жанчыны. Вось, дарэчы, і адказ на пытанне, ці варта палюбоўніцы спадзявацца на шчаслівыя для яе перамены. У 90 % выпадкаў, нягледзячы на неабходнасць канспірацыі ды іншыя нязручнасці (сцэны рэўнасці жонкі, патрабаванні палюбоўніцы развесціся) яму выгадна захоўваць усё як ёсць, — распавядае суразмоўца.

Каму гэта падыходзіць

Зрэшты, ёсць жанчыны, якіх цалкам задавальняе роля палюбоўніцы, адзначае псіхолаг. Гэта людзі асаблівага псіхалагічнага складу. Жанчыны, якім падсвядома падабаецца «змагацца за каханне»: адсутнасць перашкод для іх азначае страту цікавасці да прадмета сваіх пачуццяў. І калі мужчына ўсё ж сыдзе з сям’і і звяжа лёс з такой жанчынай, вельмі хутка яна пакіне яго і адправіцца на пошукі новых «няпростых адносін». Або «моцныя і самадастатковыя» паненкі, якія аддаюць перавагу сувязі без абавязацельстваў. Бо, у адрозненне ад жонкі, палюбоўніца пазбаўленая бытавых праблем, на яе долю застаюцца толькі радасці: падарожжы, падарункі і «кожная сустрэча як свята».
Але ў большасці выпадкаў, кажа Сяргей Яравец, адносіны «жанаты мужчына — палюбоўніца», якія доўжацца гадамі, а часам і дзесяцігоддзямі, выгадныя не палюбоўніцы, а мужчыну і, як ні парадаксальна, яго жонцы.

— Многія сучасныя сем’і ствараюцца па адным сцэнарыі і маюць у агульных рысах падобную гісторыю. Пазнаёміліся ў 18–22 гады, пажаніліся ў 23–25, гадоў у 26–27 нарадзілі першае дзіця, і праз год-два любоўная лодка разбілася аб побыт. Пачуцці прайшлі, а сям’я засталася: бацькоўскія абавязкі, выплаты па крэдытах і іншае, і іншае. На развод рашаюцца далёка не ўсе. Але прычына захавання сям’і — ужо не пачуцці.

Развод — гэта сур’ёзны крок і кардынальныя перамены ў жыцці. Для мужчыны гэта можа азначаць расстанне з дзецьмі (роля «нядзельнага таты», што прыходзіць па выхадных, задавальняе далёка не кожнага) і страту ранейшага ўтульнага побыту. Для жанчыны гэта змена статусу з замужняй дамы на «развядзёнку», і хоць грамадства сёння ставіцца да разведзеных жанчын лаяльна, усё ж у гэтым прыемнага мала. Плюс неабходнасць дзяліць жылплошчу і сумесна нажытую маёмасць. І вельмі часта муж і жонка вырашаюць жыць разам, але кожны — сваім уласным жыццём. Ён заводзіць палюбоўніцу, яна зміраецца або таксама шукае адносін па-за межамі сям’і. Вядома, жонка здагадваецца пра «трэцюю лішнюю», але альбо хавае праблему ад самой сябе, займаючыся самападманам, альбо заплюшчвае на гэта вочы — калі муж вытрымлівае правілы прыстойнасці і канспірацыю. І такі «трохкутнік» — вельмі ўстойлівая фігура, кажа спецыяліст. Так людзі часам жывуць дзесяцігоддзямі.

Такім чынам, вельмі часта адзіным незадаволеным бокам аказваецца менавіта палюбоўніца, якую мужчына закалыхвае абяцаннямі. Падтрымлівае ў ёй надзею, што сыдзе з сям’і і ажэніцца з ёй — вось толькі трэба пачакаць, пакуль дзеці падрастуць/вырашацца праблемы на працы/яго бізнес устане на ногі/выздаравеюць бацькі (якім цяпер нельга расказаць пра яго новае каханне) і гэтак далей. Варыянтаў маса.

— На самай справе, палюбоўніца можа чакаць і спадзявацца, але статыстыка няўмольная: як паказвае практыка, калі мужчына не сышоў з сям’і пад уздзеяннем бурных пачуццяў у першыя два месяцы новых адносін, хутчэй за ўсё, ён не скасуе свой шлюб ніколі, — адзначае псіхолаг.

Для большасці жанчын (якія не адносяцца да двух вышэйапісаных тыпаў) пачуцці да несвабоднага мужчыны — гэта імкненне запоўніць пустэчу, і з часам такая любоў рызыкуе ператварыцца ў залежнасць, падкрэслівае суразмоўнік. Спадарожнікі гэтай залежнасці — нізкая самаацэнка, страта самапавагі, адчуванне адзіноты, балючая рэўнасць да жонкі выбранніка. І ўсё гэта, відавочна, не спрыяе магчымасці адчуць сябе шчаслівай.

Паспачуваем палюбоўніцы

Наўрад ці нехта калі-небудзь добраахвотна імкнуўся ў залежныя адносіны. Уяўляючы ў дзяцінстве сваё дарослае жыццё, наўрад ці дзяўчынка плануе растварацца ў некім, забыўшыся на ўласныя інтарэсы, пакутаваць і бясконца чакаць. Усім дзяўчатам і жанчынам з ранняга юнацтва вядома, што каханне да жанатага мужчыны асуджаецца грамадствам — так выхоўвалі дзяўчат 50 гадоў таму, так выхоўваюць і сёння. Палюбоўніца — гэта разлучніца, разбуральніца сямейнага шчасця. Але... жыццё можа распарадзіцца інакш.

— Жанчыну, якая доўгія гады знаходзіцца ў статусе палюбоўніцы і чакае, што мужчына абярэ, нарэшце, яе, псіхолагі называюць «вечнай палюбоўніцай», — кажа спецыяліст.

«Вечныя палюбоўніцы», уцягнутыя ў гэтую сітуацыю супраць волі, спрабуюць пратэставаць, час ад часу ладзяць свайму мужчыну сцэны, але не адмаўляюцца ад адносін са сваім жанатым выбраннікам і не імкнуцца вызваліцца ад знясільваючага статусу, каб стварыць уласную сям’ю. Уся справа ў тым, што такіх жанчын палохае нявызначанасць, яны не гатовыя паспрабаваць жыць па-іншаму. І калі мужчына і пакіне сям’ю, то наўрад ці дзеля «вечнай палюбоўніцы».

— Знаходзіцца ў становішчы палюбоўніцы весела і прыемна толькі ў анекдотах. У рэальным жыцці гэта азначае пастаянную ўнутраную барацьбу, неадступныя думкі пра тое, што ў каханага ёсць іншая, якая мае больш правоў быць з ім побач. Быць палюбоўніцай — значыць адчуваць, што вашы адносіны з самага пачатку, хутчэй за ўсё, не маюць будучыні, згаджацца на «другую ролю», вытрымліваць канспірацыю і наступаць на ўласную самапавагу. Выбіраюць статус «вечнай палюбоўніцы» або раз за разам уступаюць у адносіны з жанатымі мужчынамі, як правіла, жанчыны з сур’ёзнымі псіхалагічнымі праблемамі. Тыя, хто згодны не пісаць і не тэлефанаваць любімаму, заставацца ў адзіноце на святы і выхадныя (якія мужчына праводзіць з сям’ёй), не карыстацца парфумам падчас спатканняў і г. д. А таксама пастаянна весці ўнутраны маналог, апраўдваючы свайго мужчыну, шукаць шляхі вырашэння яго праблем (шляхі, якія ён ніколі не прыме) і верыць ва ўсе яго адгаворкі пра тое, што перашкаджае яму сысці з сям’і.

Прывіднасць і нявызначанасць статусу палюбоўніцы не дае ёй ніякіх правоў, кажа псіхолаг. Калі ж яна прыпрэ яго да сценкі: «Або я, або яна!», нішто не перашкаджае яму пакінуць дакучлівую палюбоўніцу і знайсці іншую, больш стрыманую.

Аб гадзіннічку, які цікае

А цяпер успомнім аб тым самым «біялагічным гадзінніку», які, як вядома, цікае. Маладосць жанчыны, на жаль, карацейшая за мужчынскую, і адносіны з жанатым — гэта страта часу ў першую чаргу для «трэцяй лішняй». Выдаткаваўшы яго на бесперспектыўныя адносіны, прачакаўшы гады, верачы абяцанням, жанчына не паспявае стварыць уласную сям’ю і стаць маці. Час сыходзіць незваротна ў чаканні кароткіх сустрэч: гадзіны складаюцца ў месяцы, а месяцы — у гады. І ўсе гэтыя гады галоўны спадарожнік «вечнай палюбоўніцы» — адзінота. Быццам, любімы ёсць, але яго ніколі няма побач. Большая частка часу вашага каханага належыць сям’і і дзецям. А ёсць яшчэ яго праца, бацькі, сябры, хобі... Ён — гаспадар сітуацыі: вы сустракаецеся з ім, калі ён гэтага хоча, жаданне ж палюбоўніцы тут ролі не адыгрывае. Дададзім неабходнасць памятаць яўкі і паролі, тэлефанаваць у дакладна абумоўлены час, не мець зносіны ў месенджарах (раптам ён забудзе выдаліць паведамленне?) і хавацца ад яго знаёмых, калі вы разам. Іншае імя такой канспірацыі — прыніжэнне, і яно атручвае жыццё. Дык ці варта марнаваць маладосць на чаканне прывіднага шчасця?

— Зразумела, з любога правіла бываюць выключэнні: здараецца, у палюбоўніцы ўсё ж атрымліваецца звесці мужчыну з сям’і. Бываюць нават гісторыі са шчаслівым канцом: жылі доўга і шчасліва, ён стаў сапраўдным сем’янінам. Але значна часцей у такіх гісторый сумны фінал — сумны менавіта для палюбоўніцы. І нават калі вы стварылі сям’ю з мужчынам, якога адабралі ў першай жонкі, ці будзеце вы задаволены? Напэўна, жыццё вам будуць атручваць падазрэнні («Здраджваў першай жонцы са мной — чаму б яму не здрадзіць цяпер і мне?»), рэўнасць да былой жонкі («Хоча да яе вярнуцца!»), непражытыя крыўды («Як доўга ён вырашаў!»). І вельмі хутка ваша бясхмарнае шчасце перастане быць бясхмарным. Задайце сабе пытанне: ці згодны вы прытрымлівацца гэтага сцэнарыя? Ці сапраўды вартая вас тая мэта, якую вы перад сабой ставіце? І ці добра вы разумееце, што будзеце рабіць са сваім «прызам»?

Дзіяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.

Грамадства

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Янка Купала дакладна чуў беларускія калыханкі ад сваёй маці, Бянігны Іванаўны, лежачы ў калысцы ў Вязынцы.

Грамадства

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Банда рабаўнікоў «трапілася» дзякуючы адбіткам спецыяльнай прылады.

Грамадства

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Экспедыцыю ў Малінаўку арганізаваў навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва ветэран пошукавага руху Пётр Хаванскі.