Вы тут

Пад знакам Страціма...


Бягучы год адметны для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ва ўсіх сэнсах. Гэта і юбілей установы і, канешне, 130-годдзе самога Максіма. Знакавыя падзеі, цікавыя ініцыятывы аматараў творчасці паэта, знаходкі і маленькія адкрыцці здараюцца з зайздроснай рэгулярнасцю. Некаторыя з іх маюць вялікі розгалас, іншыя застаюцца з той ці іншай прычыны незаўважанымі, таму прапануем невялікі дайджэст таго, што адбываецца ў жыцці музея і агулам у багдановічазнаўстве.


Ліст Сяргея Шчарбакова да Паўла Багдановіча.

Сшытак-4

Не варта думаць, што якое-небудзь выданне падвядзе канчатковую рысу ў даследаванні жыцця Максіма Багдановіча, хутчэй такія кнігі можна параўнаць з пэўнымі вехамі, за якімі адкрываюцца новыя даследчыцкія гарызонты. І гэта добра ілюструе праца над чарговым «Сшыткам архіўных матэрыялаў», якая зараз вядзецца ў музеі.

Акрамя збірання і захоўвання артэфактаў, звязаных з жыццём паэта, супрацоўнікі музея імкнуцца ўводзіць у навуковы ўжытак інфармацыю, якую змяшчаюць шматлікія дакументы і эпісталярная спадчына сваякоў Багдановіча і даследчыкаў-багдановічазнаўцаў з фондаў ЛММБ.

Гэта нечаканыя ўспаміны, факты з гісторыі ўшанавання памяці Максіма Багдановіча і шматлікія ўскосныя звесткі, дзякуючы якім мы можам праз гады аднавіць той ці іншы момант яго жыцця з вялікай ступенню праўдзівасці.

Былі выяўлены цікавыя факты пра кнігі, якія належалі паэту. Гэта дазваляе аднавіць яго палічку беларусікі — выданняў, па якіх Максім Багдановіч знаёміўся з актуальнай беларускай літаратурай. Некаторыя кнігі ён атрымліваў ад аўтараў з дароўнымі надпісамі — як, напрыклад, ад Антона Грыневіча «Biełaruskije pieśni z notami», дасланую Максіму ў 1910 годзе з рэдакцыі «Нашай Нівы». Да юбілею паэта плануецца выстаўка, на якой аналагічныя «бібліятэчцы» кнігі можна будзе пабачыць на свае вочы.

У даследчыцкай рабоце прымаюць удзел і родзічы аўтара «Вянка». Так, Максім Бараховіч з Ніжняга Ноўгарада сумесна з супрацоўніцай музея Ірынай Мышкавец паступова знаёмяць нас з лістамі Соф’і Арнольдавай, знаёмай сям’і Багдановічаў. Частка звестак прадстаўлена ў сёлетнім выданні серыі «ЖЗЛБ», але ў поўным варыянце іх можна будзе прачытаць менавіта ў «Сшытку…». Часам жыццё радзіны выяўляецца ў іх у зусім нечаканым святле: «Марилька писала письма с просьбой о помощи. Пробывши год бросила семинарию не держа экз.<аменов>, увлекшись Ад.<амом> Ег.<оровичем>. В периоды семейных неполадок неоднократно порывалась бросить семью. Я уже служила, когда она обращалась ко мне с младенческими просьбами прислать ей 25 р., чтобы уйти от Ад.<ама> Ег.<оровича>. Я отчетливо помню свои письма к ней, в кот.<орых> я доказывала некчёмность её чрезмерного самолюбия и излишней обидчивости на сдержанность выражений Ад.<ама> Ег.<оровича>. По-моему, она была оч.<ень> неуравновешенной и испорчена скверным приютским воспитанием, на придачу здоровье её было плохо» (Ліст Соф’і Арнольдавай да Веры Кунцэвіч).

Упершыню будуць прадстаўлены ўспаміны сябра сям’і Сяргея Шчарбакова пра Адама Ягоравіча Багдановіча і яго дзетак: «Так и вспоминается его немного согбенная фигура с замечательно разделанной им самим можжевеловой палкой в руках и “три прохвоста” (меня от тоже звал “прохвостом” — я был четвертый) — мрачный Вадим, подвижный легкомысленный Максим и […] мужчина Лёв. Дядя Адам вышагивает впереди, а “прохвосты” семенят сзади. Карапуз Максимка за спиной отца всегда готов что нибудь выкинуть — дать незаметно тумака встречному парнишке, бросить камушком в воробья…»

Акаўнт музея Максіма Багдановіча

Трапіць у наш музей анлайн і падрабязней даведацца пра герояў нашай экспазіцыі дазваляе праект #фотавытрымка.

Музейныя фонды папаўняюцца новымі прадметамі, а багдановічазнаўства — новымі фактамі, #ні_дня_без_адкрыцця — менавіта пад такім хэштэгам на старонках музея ў сацыяльных сетках з’яўляюцца новыя матэрыялы пра Максіма Багдановіча і яго атачэнне. Радасна, што інфанагоды знаходзяць не толькі супрацоўнікі музея, але і нашыя сябры — гісторыкі, архівісты, літаратуразнаўцы і проста апантаныя беларускай справай людзі.

Вынікі навуковых росшукаў і даследаванняў, кожны зможа прадставіць напрыканцы лістапада на традыцыйнай міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Багдановічу. Усіх зацікаўленых заклікаем сачыць за абвесткамі, рыхтаваць даклады і падаваць заяўкі для ўдзелу.

Супрацоўнікі музея з вялікай павагай ставяцца да папярэднікаў, тых хто закладаў падмурак навуковых ведаў пра Максіма. Мы падкрэсліваем гэта і на выставачных праектах і лекцыях. Сёлета да 80-годдзя адной з самых трагічных старонак беларускай гісторыі мы падрыхтавалі шэраг матэрыялаў #франтавікі_багдановічазнаўцы, каб пазнаёміць чытача з перыпетыямі ваеннага лёсу такіх аўтараў, як Алесь Бачыла, Рыгор Бярозкін, Юліян Пшыркоў. Містычнае супадзенне —  якраз да публікацыі ад сваякоў у фонды паступіў комплекс франтавых лістоў Міколы Грынчыка, юнага, але ўжо скалечанага вайной чалавека — сапраўдная эпісталярная драма, сведка свайго часу.

Музей для ўсіх: семінар па пытаннях інклюзіі і безбар’ернага асяроддзя.

Паэзія кропак

За паўсядзённым бегам жыцця мы часта не задумваемся, што некаторыя пазбаўлены самых звыклых радасцей. Адчуць гэта як ніколі  можна ў супрацы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Летась у музеі Максіма адбылася выстаўка Васіля Зянько «Паэзія кропак». Гэта карціны, на якіх паэзію Багдановіча можна чытаць шрыфтам Брайля, а таксама знаёміцца навобмацак з вобразамі вершаў. Сёлета выстаўка падарожнічае па рэгіёнах, а неўзабаве будзе прадстаўлена ў спецыялізаваных установах для дзетак з парушэннямі зроку. З гэтай нагоды для павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў у маі быў праведзены семінар «Музей для ўсіх».

У межах мерапрыемства былі прэзентаваны даклады спецыялістаў па пытаннях інклюзіі адпаведных катэгорый наведвальнікаў у культурніцкія праекты і практычныя рэкамендацыі па паляпшэнні якасці абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў сферы культуры.

З выступленнямі і рэкамендацыямі спецыялістаў і аўтараў інклюзіўных праектаў, інфармацыяй пра рэалізаваныя і бягучыя актыўнасці ў сферы інклюзіі ў Беларусі, а таксама з пытаннямі безбар’ернага асяроддзя можна пазнаёміцца на сайце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і ютуб-канале музея Багдановіча. Інфармацыя, прадстаўленая ў матэрыялах, будзе карыснай для ўсіх устаноў культуры і адукацыі, якія жадаюць палепшыць работу са спецыяльнай аўдыторыяй.

Пад крылом…

Юбілейны год нельга ўявіць без маштабных выставачных праектаў. І сёлета ён будзе сапраўды адметным. Бо на выстаўцы «Пад крылом Страціма», якая адкрыецца 30 верасня, будуць прадстаўлены ўнікальныя рэчы Максіма Багдановіча з розных куткоў Беларусі. Так сталася, што збор спадчыны Максіма быў распачаты задоўга да стварэння яго музея. Таму рэчы сям’і і самога паэта трапілі ў самыя розныя ўстановы краіны. Гэта і Нацыянальны гістарычны музей, і Дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, нават Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей.

На 2021 год прыпадае яшчэ адна знакавыя лічба — 105 гадоў з часу вяртання Багдановіча на радзіму і, адпаведна, напісання паэмы «Страцім-лебедзь». Менавіта вакол яе пабудаваны канцэпт выстаўкі.

У творы раскрываецца біблейская тэма сусветнага наваднення, міфічная птушка Страцім-лебедзь загінула, і ад яе не засталося нашчадкаў. Прамых нашчадкаў роду Багдановічаў таксама не засталося. Але захавалася памяць пра іх. І наш абавязак — захоўваць яе, каб людзі звярталіся да творчасці Максіма, а беларусы не зніклі як той міфічны лебедзь.

Год працягваецца, і нас яшчэ чакае шмат цікавых падзей. Сачыце за абвесткамі і самі выступайце з ініцыятывамі, бо Максім Багдановіч варты таго, каб слова пра яго было пачутае.

Міхал БАРАНОЎСКІ, фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.