Вы тут

Бабруйскія першапраходцы


Сярэдняя школа № 2 Бабруйска першай у сваім горадзе стала працаваць па праекце «Зялёныя школы». Нядаўна яна атрымала дыплом IІІ ступені.


Таццяна Пятруша з 11-класнікамі.

— Мы хацелі далучыць да экалагічнай дзейнасці як мага больш дзяцей, таму і абралі гэты праект, — патлумачыла дырэктар СШ № 2 Аксана Мурашова. — Кожны можа выбраць з шасці яго накірункаў тое, што яму даспадобы.

З «Зялёнымі школамі» ўдала спалучаецца ўдзел у праекце «Экацімураўцы», які прапаноўвае Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Штомесяц экацімураўцы атрымліваюць заданне і рыхтуюць справаздачу пра яго выкананне.

Клопат пра птушак, кветкі і матылёў

— Вельмі актыўна мы з дзецьмі працуем у накірунку «Біяразнастайнасць», — распавядае настаўніца геаграфіі Таццяна Пятруша. — Назіраем за птушкамі, дапамагаем ім. Наша ноу-хау — кармушкі з апельсінавай цэдры. Аднойчы ўзімку дзевяцікласнікі прынеслі ў школу апельсіны. Я падала ідэю: «Давайце разрэжам іх папалам. Вы долькі з’ешце, а «кубачкі» са скуркі мы напоўнім кормам для птушак і павесім на нітках на школьным участку». Вучні падтрымалі. Гэтыя эка-кармушкі зацвярдзелі на марозе і пратрымаліся ў нас усю зіму.

Вясной пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Дзмітрыя Лагуна хлопчыкі змайстравалі шпакоўні. Развесілі іх высока, каб крылатыя навасёлы не пужаліся дзіцячага шуму. Ужо назіралі, як у падвоенай шпакоўні дружна ўжываюцца дзве птушыныя сям’і.

Эмілія Лядзян (2-і «Б») заняла 3-е месца ў гарадскім конкурсе дзіцячых малюнкаў на экатэматыку.

У Дзмітрыя Паўлавіча, як кажуць, залатыя рукі, і ён рады дапамагаць экацімураўцам. Цяпер яны робяць прыгожыя дамкі для насякомых, у якіх знойдуць прытулак матылі, чмялі, пчолы, багоўкі, а таксама макрыцы. «Драўняныя пароды для доміка патрэбны не хваёвыя, а толькі ліставыя. Лепей за ўсё — бяроза», — тлумачыць настаўнік. Элементы жытла для шасціногіх — сасновыя і яловыя шышкі, нарыхтаваныя дзецьмі.

На даволі вялікай школьнай тэрыторыі некалькі кветнікаў, але асаблівым клопатам акружана клумба для матылёў. Вучні з настаўнікамі і бацькамі кожную вясну высаджваюць на ёй духмяныя меданосы. Летась на клумбу завітаў махаон — чырванакніжны від! Звычайна ж водар кветак прываблівае бялянак, крапіўніц, лімонніц, белакрылак. Дзеці ведаюць, што матылёў нельга лавіць, чапаць за крылцы.

Сёлета школа ўдзельнічае ў рэспубліканскім дыстанцыйным конкурсе ландшафтных праектаў «Дызайн саду». Вучаніцы 11 «А» класа Соф’я Кулік і Ганна Гузнянок у намінацыі «Парад кветнікаў» распрацавалі эскізы клумбы, рабаткі і арабескі.

Выраб шпакоўняў.

Экалагічная акцыя «Хто, калі не мы?».

Досвед беражлівасці

Шмат увагі ў школе надаецца эканоміі прыродных рэсурсаў. У калідорах развешаны намаляваныя дзецьмі памяткі, як ашчадна расходаваць ваду і электраэнергію.

Вучні 10-х і 11-х класаў правялі велізарную працу па энергазберажэнні. Распавядае выпускнік 11-га матэматычнага класа Арцём Патапенка:

— Наш клас падзяліўся на групы. Кожная даследавала расход электраэнергіі на адным з паверхаў, лічыла разеткі, лямпы. Мы вызначылі, колькі электрычнасці траціць кожны паверх, і высветлілі, што першы — самы энергазатратны, бо там размешчаны сталовая і кабінет працоўнага навучання з электрапрыборамі. Дзеля эканоміі мы прапанавалі замяніць звычайныя лямпы на энергазберагальныя, а непатрэбныя — прыбраць. Схемы расходу электраэнергіі вывесілі на стэндзе «Зялёная школа».

Старшакласнікі таксама праверылі, дзе адбываецца ўцечка цяпла, і далі рэкамендацыі, як яе ліквідаваць, нават параілі замяніць уваходную групу дзвя­рэй. Дырэктар пайшла ім насустрач, і замена ажыццявілася. «Нашы вучні ганарацца зробленым, тым, што да іх прыслухаліся, і гэта выдатна!» — кажа Аксана Мурашова.

Не застаюцца ўбаку ад гэтых праблем і малодшыя школьнікі. Настаўніцы пачатковых класаў Алена Пятровіч і Ала Дземідовіч далі сваім вучням (і іх бацькам таксама!) заданне — падлічыць дома затраты вады і электраэнергіі за два месяцы, выявіць, дзе сям’я можа іх зменшыць, і скласці пра гэта памятку. У выніку дзеці сталі абменьвацца досве­дам, дзе магчыма або нельга зэкано­міць. І ў школе яны цяпер сочаць і ­кажуць: «Ужо развіднела, давайце выключым святло ў класе, адкрыем жалюзі». Такім чынам у іх фарміруюцца пачаткі мыслення ў экалагічным накірунку. Праца па зберажэнні рэсурсаў разлічана на ўвесь перыяд пачатковага навучання.

Малодшыя школьнікі знаёмяцца з памяткай «Эканомім ваду».

Адзін з эксперыментаў школьнікаў паказаў: арганічныя рэшткі раскладаюцца хутчэй,  чым рэчы, створаныя чалавекам.

Гонар быць экацімураўцамі

Усе накірункі праекту «Зялёныя школы» ўключаны ў факультатыўныя заняткі па экалогіі ў трэціх і шостых класах. Вя­дзе іх Таццяна Пятруша. Асабліва іні­цыятыўная каманда экацімураўцаў са­бралася ў 6-м «Б». Яны падзяліліся сваі­мі ўражаннямі.

Мікіта Цярэшчанка: — Мы ставім розныя доследы (напрыклад, «каляровы дождж», «каляровыя прыступкі»), выконваем цікавыя заданні. Гэта весела, і мне вельмі падабаецца.

Улад Януковіч: — Аднойчы мы правялі эксперымент з адходамі. У адну бутэльку паклалі паперкі, а ў другую — мандарынавую цэдру. Трэба было даведацца, што зробіцца з імі на працягу месяца. Мы прыйшлі да высновы: арганічныя рэшткі раскладаюцца хутчэй, чым рэчы, створаныя чалавекам.

Ясенія Прыседзька: — Экацімураўцы дапамагаюць прыродзе, робяць лепшым жыццё звяроў, птушак. Нам цікава гэтым займацца.

Насця Казлова: — Лічу, што праект «Экацімураўцы» вельмі важны. Толькі ад нас залежыць, будзе прырода забруджанай або чыстай. Нам трэба беражліва ставіцца да яе.

Улад Міхадзюк: — Ганаруся, што ўдзельнічаю ў праекце «Экацімураўцы». Будучыня прыроды ў нашых руках!

Экацімураўцы змайстравалі з другасных матэрыялаў макет школы будучыні.

Па выніках працы двое экацімураўцаў з 6-га «Б» былі ўзнагароджаны пуцёўкамі ў адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубронак» на экалагічную змену.

Мінулы красавік стаў для школы асабліва шчодрым на экалагічныя па­дзеі. Гэта і экскурсія да 200-гадовага дуба-велікана, і працоўная акцыя «Зямля — наш родны дом, і мы клапоцімся пра яго», і акцыя «Хто, калі не мы?», і гульня «Абаронім прыроду разам!», і рынг «Знаўцы прыроды». А школьны калектыў ужо рыхтуе новыя мерапрыем­ствы да 5 чэрвеня — Дня навакольнага асяроддзя.

Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара і з архіва сярэдняй школы № 2 г. Бабруйска

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.