Вы тут

Грошы — медыкам, школам, на храм і не толькі


На пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, якая адбылася ў фармаце відэаканферэнцыі, уносілі карэкціроўкі ў фінансаванне важных праграм і праектаў. У прыватнасці, у цэнтры ўвагі была тэма дадатковай падтрымкі людзей у белых халатах, якія на перадавой у барацьбе з COVІD-19.


Кіраўнік абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што сёлета бюджэт даволі нядрэнна папаўняецца, а сесія, на якой можна прыняць рашэнне, каб дадаткова нешта фінансаваць, у бягучым годзе апошняя.

Начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Віцебскага аблвыканкама Генадзь Грабнёў адзначыў, што асноўнае павелічэнне планавых расходаў абласнога бюджэту — 60,3 мільёна рублёў — для забеспячэння павышэння пры выплаце заработнай платы тым, хто працуе ў галіне аховы здароўя, у тым ліку стымулюючых выплат за працу, звязаную з барацьбой з інфекцыямі.

Дапамагаюць дадаткова і медыкам у асобна ўзятым раёне. Улічваючы, што абласное свята работнікаў аграпрамысловага комплексу сёлета праводзіцца ў Шуміліне, дэпутаты прагаласавалі і за тое, каб райвыканкаму выдзеліць 130 тысяч рублёў — на бягучы рамонт будынкаў і памяшканняў цэнтральнай раённай бальніцы. Гэтая ўстанова, як і дзясяткі іншых у раёне, стане адпавядаць патрабаванням часу звонку і ўнутры.

Дарэчы, на добраўпарадкаванне населеных пунктаў гэтага ж раёна дадаткова пералічаць 100 тысяч рублёў. Зразумела, што сталіца свята і наваколлі павінны выглядаць дастойна. Гэта традыцыя ў беларусаў — талакой наводзіць прыгажосць і чысціню. І за чвэрць стагоддзя людзі прывыклі, што «Дажынкі» — гэта і другое дыханне, новы імпульс, перазагрузка ў развіцці раёнаў, дзе яно праводзіцца. Так было, ёсць і будзе!

Напярэдадні чарговага вучэбнага года, што вельмі сімвалічна, народныя выбраннікі паклапаціліся, каб сем'і, дзе ёсць малыя дзеці, вучні, таксама адчулі клопат. Штогод не забываюць падтрымаць шматдзетных і маламаёмасных. Дэпутаты прагаласавалі за дапамогу шматдзетнай сям'і, якая жыве ў Мёрскім раёне. Яна пры дзяржаўнай падтрымцы ў памеры 21 тысячы рублёў (аднаразовая субсідыя ад камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама) набудзе жылы дом.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў папрасіў калег па дэпутацкім корпусе наведаць цырымоніі пачатку навучальнага года. І вельмі важна сярод іншага распавядаць пра тое, што трэба цаніць, берагчы і захоўваць адзінства ў краіне.

А ўлада паклапацілася, каб школы рамантаваліся. Каля 160 тысяч рублёў накіруюць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і правядзенне бягучых рамонтаў устаноў адукацыі ў Аршанскім, Глыбоцкім, Чашніцкім, Сенненскім і Полацкім раёнах.

Акрамя таго, дэпутаты вырашылі дапамагчы ў захаванні гістарычнай спадчыны. На рахунак Полацкага райвыканкама будзе пералічана з абласнога бюджэту 300 тысяч рублёў на рэстаўрацыю Спаса-Праабражэнскай праваслаўнай царквы, якая знаходзіцца на тэрыторыі заснаванага Ефрасінняй у XІІ стагоддзі жаночага манастыра — найстаражытнейшага з дзеючых у нашай краіне.

Між іншым, гэты цудоўнай прыгажосці і вялікай энергетыкі храм уключаны ў так званы папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Мноства паломнікаў з розных кантынентаў прыязджае ў Полацк, каб пакланіцца мошчам прападобнай і знакамітаму крыжу Ефрасінні. Нагадаю, копія яго была зроблена пры падтрымцы дзяржавы.

У прыярытэце — пералічэнне грошай для таго, каб у населеных пунктах былі сучасныя модулі для ачысткі вады. Гэта ў першую чаргу робіцца, каб захаваць здароўе землякоў. Для жыхароў кожнага населенага пункта, дзе здаюць у эксплуатацыю станцыі абезжалезвання вады, такая падзея — нагода для радасці. Народныя выбраннікі ўжо паспрыялі таму, каб вялікая колькасць вёсак і аграрных гарадкоў у гэтым пытанні нічым не адрознівалася ад буйных гарадоў.

Сёлета «воднае пытанне» будзе станоўча вырашана ў вёсцы Мураўшчына Полацкага раёна. А ў Вялікім Поўсвіжы і ў Старым Лепелі ў рамках праграмы «Чыстая вада» з'явіцца цэнтралізаваны водаправод.

Вядома, няма няважных патрэб сярод тых, на якія неабходнае дадатковае фінансаванне, але, як падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў, вызначылі самае неабходнае.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.

Грамадства

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Што пісалі беларускія класікі пра самага дарагога чалавека?

Янка Купала дакладна чуў беларускія калыханкі ад сваёй маці, Бянігны Іванаўны, лежачы ў калысцы ў Вязынцы.

Грамадства

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Калі злодзей маўчыць, за яго «гавораць» сляды. Выкрыць злачынцу дапаможа трасалогія

Банда рабаўнікоў «трапілася» дзякуючы адбіткам спецыяльнай прылады.

Грамадства

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Жыхарка вёскі Мікалаеўка Бялыніцкага раёна Ларыса Клімянок расказала пра трагедыю, якая адбылася з яе сястрой і братамі

Экспедыцыю ў Малінаўку арганізаваў навуковы супрацоўнік музея гісторыі Магілёва ветэран пошукавага руху Пётр Хаванскі.