Вы тут

«Буквар» з нацыянальным каларытам і ўлікам узроставых асаблівасцяў


Кожны, мабыць, можа прыгадаць, з якім пачуццём браў у рукі свой першы «Буквар». Як адчуваў пах свежанадрукаванай кнігі, спяшаўся пагартаць яе, як вабіла таямніца слоў, што адкрываася тады, калі зразумееш сэнс напісанага... З такой жа кніжкі, але зробленай па-новаму, цяпер будуць пачынаць знаёмства з літарамі, вучыцца чытанню і спазнаваць нашу краіну беларускія першакласнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. Новы «Буквар» стварылі ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, і ён мае шэраг адметнасцяў, а таксама карысных сюрпрызаў для будучых школьнікаў. Пра іх мы і распыталі аўтараў новага навучальнага дапаможніка Вольгу Свірыдзенку і Вольгу Цірынаву.


— Мы вельмі стараліся, каб новы «Буквар» быў сучасным, прыгожым, пазнавальным, каб першакласнікам было цікава вучыцца па ім чытаць, каб ім хацелася гартаць гэтую кніжку зноў і зноў. Каб менавіта такім ён прыйшоў у школу, спатрэбілася праца многіх людзей: гэта і педагогі, з якімі мы абмяркоўвалі свае ідэі на рэспубліканскім семінары, і метадысты Нацыянальнага інстытута адукацыі, і рэцэнзенты вучэбнага выдання, і ўсе супрацоўнікі выдавецкага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі, рэдактары, мастакі, карэктары, — распавядае Вольга Свірыдзенка. — Нягледзячы на тое, што кожны з нас да напісання беларускага буквара ўжо меў вопыт падрыхтоўкі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, работа па стварэнні вучэбна-метадычнага комплексу «Навучанне грамаце» стала першым нашым сумесным праектам і мы засталіся задаволеныя супрацоўніцтвам, паколькі ў агульным праекце змаглі спалучыць найлепшыя ўласныя напрацоўкі.

Так, у працэсе работы над «Букваром» аўтары сумесна пераадольвалі ўсе цяжкасці, звязаныя з тым, каб выконвалася асноўнае прызначэнне гэтай кнігі — навучыць дзяцей чытаць. З увядзеннем кожнай новай літары даводзілася вырашаць складаныя задачы, звязаныя з падборам слоў і стварэннем тэкстаў навучальнага і выхаваўчага характару. У новым буквары трэба было ўлічыць інтарэсы сучасных дзяцей, якія жывуць у інфармацыйнай прасторы і актыўна карыстаюцца электронным сродкамі яшчэ ў дашкольным узросце. Таму на старонках новага вучэбнага дапаможніка ідзе размова і пра камп’ютар, і пра Skype, і пра мабільныя тэлефоны, і пра інтэрнэт. Аднак яго стваральнікі імкнуліся данесці да сучаснага дзіцяці, што электронныя сродкі можна выкарыстоўваць не толькі для гульні, але і для навучання. Так з’явілася ідэя з прымяненнем QR-кодаў на старонках вучэбнага выдання.

— Паколькі мы добра ведаем узроставыя асаблівасці першакласнікаў і разумеем, што пераход ад гульнявой да вучэбнай дзейнасці адбываецца ў іх паступова, вучні яшчэ доўга не страчваюць цікавасці да цацак і мультфільмаў, улічылі гэта і ў рабоце над букваром, — дзеліцца Вольга Цірынава. — Таму серыя анімацыйных фільмаў «Беларуская азбука» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» стала той знаходкай, якая дапамагла нам у стварэнні электроннага кантэнту. Мы вельмі ўдзячныя кіраўніку «Беларусьфільма» Уладзіміру Карачэўскаму і яго супрацоўнікам: дырэктару студыі анімацыйных фільмаў Ігару Галіноўскаму, кінарэжысёрам-пастаноўшчыкам Канстанціну Андрушачкіну, Ірыне Тарасавай і Уладзіміру Пяткевічу за тое, што ў сучасным буквары з’явілася дапоўненая рэальнасць.

Думаю, бацькі, чые дзеці любяць мультфільмы, прыгадаюць дзяўчынку Кірыліцу, якая ў займальнай форме распавядае пра кожную з літар беларускага алфавіта. Гэты анімацыйны праект на «Беларусьфільме» стваралі на працягу некалькіх гадоў, і складаецца ён з чатырох фільмаў. Для вучэбнага дапаможніка іх разбілі на маленькія мультфільмы, кожны з якіх знаёміць з асобнай літарай у кніжцы.

— Пачынаў гэты анімацыйны праект Уладзімір Пяткевіч. Ён з’яўляецца рэжысёрам першых двух фільмаў. А потым работу над цыклам падхапіла я. З самага пачатку было зразумела, што ідэя ўвасобіць у мультыплікацыйнай форме беларускую азбуку выдатная. А ўжо пасля мы ўсвядомілі, якая ў гэтым хаваецца дыдактычная каштоўнасць і што такі матэрыял будзе запатрабаваны дзецьмі, — кажа рэжысёр Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ірына Тарасава. — І сёлета для нас стала прыемнай нечаканасцю, што выйшаў новы буквар з нашымі фільмамі. Для маёй сям’і гэта ўвогуле вялікі падарунак, паколькі ў мяне сёлета і дачка пайшла ў першы клас, а мой муж працаваў над гэтым праектам ад пачатку і да завяршэння. Цудоўна, што стваральнікі новага буквара падумалі пра тое, як зрабіць яго сучасным. Цяпер у дзяцей будзе магчымасць з захапленнем засвойваць вучэбны матэрыял!

Яшчэ адной адметнасцю новага вучэбнага дапаможніка варта лічыць яго нацыянальны кантэнт. Стваральнікі адзначаюць, што буквар як асобная кніга нясе ў сабе вялікі выхаваўчы патэнцыял. Ён дапамагае першакласнікам спасцігаць галоўныя агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці: сяброўства, любоў да Радзімы, да сваякоў, клопат пра старэйшых і дапамога малодшым. Вучыць працавітасці, самастойнасці, адказнасці за свае ўчынкі. Нацыянальнаму складніку ў змесце буквара аддадзена вялікая ўвага. На старонках вучэбнага выдання першакласнікі пазнаёмяцца з раслінамі, жывёламі, прадметамі і рэчамі, сімвалічнымі для беларусаў (валошкі, зубр, бусел, цымбалы, рушнікі і г. д.). Тэматыка тэкстаў для чытання таксама цесна звязаная з Беларуссю, што дае магчымасць засвойваць веды пра раслінны і жывёльны свет, рэкі, замкі і памятныя мясціны нашай краіны.

— На старонках буквара шырока выкарыстоўваецца беларускі арнамент. Па-першае, ім упрыгожана кожная новая літара. Па-другое, заніраванне вучэбнага матэрыялу зроблена пры дапамозе арнамету, у якім прадстаўлены сімвалы маці, дзіцяці, сонца, жыцця — усяго таго, што з’яўляецца перадумовай гарманічнага развіцця першакласніка, яго імкнення да ведаў, — тлумачыць Вольга Свірыдзенка.

Варта адзначыць, што восенню ў дапаўненне да новага «Буквара» з’явіцца яшчэ і вучэбнае выданне «Спадарожнік буквара». У ім будзе прадстаўлена сістэма заданняў для дыферэнцыраванай работы з вучнямі, якія ўмеюць чытаць. Змест выдання ўключае творы, розныя па аб’ёме і ступені складанасці, што дазваляе арганізаваць работу з вучнямі з улікам узроўню навыку чытання (ад паскладовага чытання да чытання цэлымі словамі). У выданні «Спадарожнік буквара» таксама прадстаўлены электронны кантэнт краязнаўчага характару (відэаролікі пра Белавежскую пушчу, Нясвіжскі і Мірскі замкі, Мемарыяльны комплекс «Хатынь», Беларускі рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» і іншае).

Хоць афіцыйная прэзентацыя «Буквара» плануецца толькі 3 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, але ўжо ў першы дзень новага навучальнага года ўсе першакласнікі атрымаюць яго ў школе.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва аўтараў «Буквара».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».