Вы тут

Алесю Фамічу Зайку далі званне ганаровага грамадзяніна


Вось так бывае: чалавека ўжо тры гады як няма з намі, а кнігі, створаныя ім, выходзяць. Праводзіцца добраўпарадкаванне каля валуноў з мемарыяльнымі дошкамі ў мясцінах, ім апісаных, увекавечваецца слова, знойдзенае і клапатліва захаванае няўрымслівым збіральнікам. Пра такіх кажуць, што справа яго жыве. Справа, якой былы вясковы настаўнік Алесь Фаміч Зайка прысвяціў усё жыццё.


Вандроўнік і збіральнік

З году ў год Алесь Зайка выпраўляўся ў вандроўкі па дарагіх яму мясцінах у пошуках самабытнага слова, народнай песні, прыказкі ці прымаўкі. За дзесяцігоддзі сабралася мноства сшыткаў, папак, картак з запісамі. Архіў папаўняўся, матэрыялы паступова станавіліся асновай для кніг. Але пра ўсё па парадку.

Алесь Фаміч Зайка нарадзіўся ў Заполлі Івацэвіцкага раёна ў 1948 годзе. Пасля школы скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута. Адслужыўшы ў войску, вярнуўся ў родную вёску, дзе настаўнічаў да пенсіі. З выхадам на заслужаны адпачынак увесь свой час прысвяціў любімай справе. Прыводзіў у сістэму сабраны матэрыял, дапрацоўваў, рыхтаваў да выдання кнігі.

Успамінаю, як прыехала да Алеся Фаміча ранняй вясной, яшчэ ляжаў снег. Ён сустрэў каля весніц і запрасіў у рабочы кабінет. Тады мяне найбольш уразіў вялізны пісьмовы стол. На ім у вядомым толькі гаспадару парадку ляжала мноства канвертаў з карткамі, сшыткі, а таксама навуковыя працы, слоўнікі, даведнікі. Кожны адкрыты на пэўнай старонцы — гэта азначала, што ўсё знаходзіцца ў рабоце. Алесь Фаміч гаварыў, што вычытвае рабочы экзэмпляр кнігі «Паселішчы Івацэвіччыны». Неўзабаве кніга ўбачыла свет. У ёй сабраны звесткі пра ўсе населеныя пункты раёна. На падставе архіўных і іншых крыніц адлюстравана гісторыя кожнай вёскі, тлумачыцца яе назва, даецца шмат цікавай і пазнавальнай інфармацыі.

Валуны з дошкамі

Гэта яго клопатам у 25 найбуйнейшых населеных пунктах з'явіліся мемарыяльныя дошкі са звесткамі аб першай згадцы вёскі альбо мястэчка. Дошкі, як правіла, прымацаваныя на валунах, сталі своеасаблівымі помнікамі. Бо цяпер, калі, напрыклад, праводзіцца свята вёскі, тыя валуны абавязкова становяцца цэнтрамі святкавання. Маладыя пары пры заключэнні шлюбу абавязкова робяць сэлфі на фоне памятнага знака свайго населенага пункта.

Алесь Зайка расказваў гэта з гонарам за свой раён, падкрэсліваў сталасць і грамадзянскую пазіцыю мясцовай улады. Бо трэба ж было спачатку выдзеліць сродкі, паклапаціцца пра выраб названых дошак, каб на роднай мове ўвекавечыць факт першай згадкі таго ці іншага населенага пункта.

Ён сцвярджаў, што насельніцтва, асабліва моладзь, павінна ведаць гісторыю сваёй мясціны, для гэтага мусяць быць устаноўлены вось такія памятныя знакі. Былы настаўнік звычайна ішоў на прыём да кіраўніцтва мясцовай улады і знаходзіў разуменне. І сёння ў райвыканкаме адзначаюць, што ва ўсіх падзеях, звязаных з увекавечаннем гісторыі рэгіёна, ёсць вялікая заслуга краязнаўца з Заполля. Ён заўсёды быў актыўным збіральнікам, зараджаў сваёй энергіяй і любоўю іншых. Таму, відаць, і знаходзіў падтрымку.

Кніга, што пісалася 35 гадоў

Час ішоў, паяўляліся новыя кнігі. Скажам, шлях да стварэння выдання «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» заняў больш за тры дзесяцігоддзі. Твор быў заўважаны і ацэнены ў навуковых колах. Адразу пасля выхаду кнігі аўтару напісаў загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Танка Дзмітрый Дзятко: «Толькі той, хто мае дачыненне да мовы і мовазнаўчай навукі, можа рэальна ацаніць, колькі часу і намаганняў патрэбна прыкласці да таго, каб падрыхтаваць такое сур'ёзнае выданне».

Пасля выхаду гэтай кнігі Алеся Зайку сталі запрашаць выступіць на розных навуковых канферэнцыях, у зборніках форумаў сталі публікаваць яго даклады. Словам, навуковая супольнасць прызнала краязнаўца і збіральніка за свайго.

Тады падалося, што гэтая кніга асабліва дарагая аўтару. Тыя 4000 слоў, што ўвайшлі ў яе, Алесь Фаміч запісваў не менш за 35 гадоў. Работу пачаў яшчэ маладым настаўнікам. Любіў пагаварыць з людзьмі і прыслухоўваўся да іх гаворкі. Добра разумеў, што носьбіты мовы — гэта людзі, а яны не вечныя, паступова адыходзяць. Як і разумеў, што мілагучнае, ёмістае слова можа знікнуць, згубіцца, растварыцца і будзе заменена іншаземным, чужым. Так паявіліся першыя нататнікі. Ён стаў запісваць усё запар. Збіраліся словы, выслоўі, прыказкі, прымаўкі, легенды. Спачатку работа не мела ніякай сістэмы — проста размаўляў з людзьмі і запісваў. Прычым запісваў паўсюль, дзе толькі бываў. Па маладосці хацелася ахапіць неабдымнае, ездзіў па Беларусі на сваім «мінскім» матацыкле, размаўляў, збіраў, запісваў.

Слова як знаходка

Потым прыйшло разуменне, што замахваецца на нерэальнае, жыцця не хопіць, каб сабраць фальклорныя цікавінкі ды народную мудрасць ва ўсіх кутках Беларусі. Прыйшоў да высновы, што трэба хоць бы ў Івацэвіцкім раёне правесці краязнаўча-даследчую работу. І ўжо з сярэдзіны 1990-х гадоў паездкі сталі абмяжоўвацца выключна Івацэвіцкім раёнам. Паступова ў рабоце стала вызначацца сістэма, навуковая аснова. Паявіліся тыя самыя карткі, сшыткі, якія Алесь Фаміч мне паказваў.

Да слова ён ставіўся як да знаходкі. Спачатку запісваў яго, потым пазначаў мясціну, паходжанне і прозвішча чалавека, ад якога пачуў. Паводле пераканання збіральніка, любіць мову азначае найперш ведаць яе, зберагаць, не даць памерці. А для гэтага важна не страціць ніводнага слоўка — над гэтым і працаваў усё жыццё.

Сучасны Івацэвіцкі раён умоўна дзеліцца на тры рэгіёны: Быценшчыну, Целяханшчыну і Косаўшчыну. Кожны гэты куток адметны, своеасаблівы, непаўторны, варты пільнага вока і гісторыка, і этнографа, і мовазнаўцы. Але хто б пра тое ведаў, каб не Алесь Зайка? Дзякуючы Алесю Фамічу ўсе, мабыць, у Івацэвіцкім раёне цяпер ведаюць, што такое «запалянская валока».

Раней, аказваецца, хлопцы і мужчыны з Заполля былі вялікімі аматарамі... пабіцца. Вось і хадзілі на чужыя кірмашы з развязанай валокай — вяроўчынай, якой мацаваліся лапці. Калі хто наступіць на яе, гэта і станавілася нагодай для разборак. А вось што такое «гвозд», мала хто адразу здагадаецца, бо гэта зусім не цвік. Так у адной з вёсак Косаўшчыны называюць ігольчасты лес, а «шум» азначае ліставы лес. Памятаеце верш «Зялёны шум»? Такіх слоў у яго нататніках тысячы.

«Каб ты ведаў, як душа баліць...»

Нястомны руплівец мовы ўсе гады не проста занатоўваў словы, ён запісваў ад старых вяскоўцаў назвы кожнага ручая, гары, поля, лесу, асобнай мясціны. І гэта таксама стала скарбам, выратаваным ад знішчэння, бо мясцовыя назвы забываюцца, адыходзяць у нябыт разам з іх носьбітамі.

Яму пашчасціла: ён застаў людзей, якія ведалі паданні, легенды сваіх мясцін. Калі апублікаваў легенду «Чаму на зямлі добрыя і ўсялякія людзі жывуць», запісаную ад Марфы Шчурко, выклікаў сапраўдны фурор сярод знаўцаў паданняў зямлі беларускай. Такой легенды, як аказалася, яшчэ нідзе не было. Бо ў ёй хоць і ёсць дачыненне да біблейскіх аповедаў аб нараджэнні чалавека, але можна заўважыць і язычніцкія матывы. «Язычнікі ў нас да канца не памерлі, — смяяўся Алесь Фаміч. — Аднойчы назіраў такую карціну: ідзе жанчына ў царкву, раптам дарогу ёй перабягае чорны кот, яна разварочваецца і крочыць дамоў. Што гэта, калі не язычніцтва?» А згаданую легенду пра розных людзей ужо пераклалі на некалькі моў.

Недзе з канца 1990-х былы настаўнік пачаў мэтанакіравана збіраць звесткі пра гісторыю населеных пунктаў і перыядычна выступаў у раённай газеце з артыкуламі. Пра яго ведалі людзі. Аднойчы патэлефанаваў мужчына з вёскі, дзе засталося ўсяго дванаццаць чалавек. «Прыедзь, напішы пра наша сяло, — прасіў чалавек. — Мы і стол накрыем, і пачастуем. Памром — і згіне наша вёска. А каб ты ведаў, як душа баліць...»

Калі сам у сяле, а ногі за гарою

Вядома ж, паехаў, напісаў і пра тую вёску. А той тэлефонны званок стаў нагодай для мініяцюры, што ўвайшла ў кнігу «Дым з коміна». Кароткія апавяданні, замалёўкі, лірычныя запісы, мініяцюры расказваюць пра землякоў аўтара. Усё тут ёсць: дасціпнасць, гумар, спрадвечная мудрасць, туга па страчаным — словам, тое, што кіношнікі часам называюць «знікаючая натура». У лірычнай замалёўцы «Чаму не спяваюць?» аўтар прыводзіць разважанне дзвюх пажылых вясковых жанчын наконт таго, як знікла песня, што суправаджала чалавека ўсё яго жыццё. І ў скрусе дадае ўжо ад сябе: «Што ж пасялілася ў душах людскіх, калі там няма месца песні? Не ведаю адказу...»

У мініяцюры «Стамленне» ўсяго тры радкі, а за імі жыццё чалавека: «Стары паляўнічы ўспамінае, смяецца: «Так, бывае, нацягаешся па лесе... Ідзеш дадому, то сам у сяле, а ногі за гарою». А ў замалёўцы «Вясёлы чалавек» расказваецца, як вясёлы і руплівы вясковец аднойчы сена згнаіў: «... Прывёз сена Хведар. Трэба закінуць на вышкі. Ён знізу падаваў, а Матруна прымала. Глядзеў Хведар, як Матруна ўверсе бліскае голымі лыткамі, цярпеў. Не вытрымаў, палез на вышкі. А тут дождж хлібнуў. У сухуткае сена». А калі дадаць, што згадалі той выпадак аднавяскоўцы за бутэлькай віна, якую купілі на ўспамін душы Хведара, то зразумела, што шчыры, сапраўдны гумар — адзін са складнікаў натуры нашага чалавека.

У пошуках раю на зямлі

А яшчэ з той нашай гутаркі я назаўсёды запомніла яго: «Адзін знаёмы ляснік казаў: «Калі хочаш даведацца, як выглядае рай, ідзі ў лес з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны мая». І заўсёды ў гэтую пару я згадваю Алеся Фаміча Зайку і тую яго карацельку, так бы мовіць, прымерваю лес да раю.

Пасля «Дыму з коміна» выйшла яшчэ адна кніга мініяцюр «Чысты чацвер». Вось некалькі замалёвак з яе. «Калі б ты расказваў пра свой сад, быццам спяваў песню, я слухаў бы цябе, радаваўся б разам з табой цудам росту, цвіцення і з'яўлення пладоў, але ж ты доўга і нудна жалішся мне на свае выдаткі, малы прыбытак з яго. Ведаеш, чалавеча, ты дарма пасадзіў сад».

І яшчэ: «Зрабіць жыццё блізкага чалавека шчаслівым... Усяго аднаго — роднае жонкі... Як цяжка...»

«На жаль, разуменне, што паслужыць другому чалавеку — ёсць найвялікшая радасць — прыходзіць на схіле жыцця».

Сваім жыццём ён, несумненна, паслужыў многім людзям. На кнігу «Дым з коміна» ў раённай бібліятэцы некалькі гадоў была чарга. Адна за адной выходзілі кнігі «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны».

На жаль, у 2018 годзе Алеся Фаміча не стала, ён крышачку не дажыў да свайго 70-годдзя. Ужо пасля смерці выйшла кніга «Мікратапаніміка Івацэвіччыны», за ёй «Крыніцы і вытокі» пра Івацэвіцкі раён. І вось нядаўна ў сталічным выдавецтве «Тэхналогія» ўбачыла свет кніга «Тэматычны слоўнік прыроды Косаўшчыны», якую па запісах Алеся Зайкі склаў кандыдат філалагічных навук Мікола Даніловіч. Так што справа Алеся Фаміча жыве, і ён па-ранейшаму служыць сваім землякам.

21 чэрвеня гэтага года сесія раённага Савета прысвоіла Алесю Фамічу Зайку званне Ганаровага грамадзяніна Івацэвіцкага раёна, — сказаў старшыня райсавета Аляксандр САРОКА. — У пастанове гаворыцца, што званне нададзена за вялікі асабісты ўклад у развіццё краязнаўства, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны раёна.

У гэтым месяцы на базе Косаўскай сярэдняй школы запланавана правядзенне канферэнцыі «Зайкаўскія чытанні». У рамках форуму будуць уручаны дакументы ганаровага грамадзяніна сям'і Алеся Фаміча.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: След на зямлі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».