Вы тут

Выдавецкі дом «Звязда» разам з дэпутатам падарыў калекцыю дзіцячых кніг шматдзетнай сям'і з Клічава


Мы ўжо пісалі пра вялікую дружную сям'ю Сяргея і Рыты Кундзікавых з Клічава, якую некалькі месяцаў таму наведвалі з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Святланай Шутавай. Уразіла, што ў іх доме вельмі шмат кніг, прычым чытаных-перачытаных, некаторыя з якіх наогул былі зацёртыя да дзірак. Было зразумела, што ў гэтым доме яны не для прыгажосці, што кнігу тут любяць і цэняць, як у былыя часы.


Рыта Уладзіміраўна прызналася, што для сям'і па-ранейшаму найлепшы падарунак — гэта кніга, і вельмі хацелася б папоўніць і без таго вялікую бібліятэку, асабліва дзіцячымі кніжкамі. Выдавецкі дом «Звязда» з задавальненнем прэзентаваў сям'і цэлую калекцыю сваіх дзіцячых навінак.

Бываць у гасцях у Кундзікавых заўсёды прыемна. Тут смачна пахне пірагамі і духмянай гарбатай. Гэтым разам нас частавалі эклерамі ўласнага прыгатавання. Дарэчы, рабілі гэтыя мудрагелістыя пірожныя самі дзеці. Прыёмныя бацькі вучаць сваіх выхаванцаў усяму, што ўмеюць самі, каб быць спакойнымі за іх у дарослым жыцці. За 30 гадоў, на працягу якіх сужэнцы выконваюць абавязкі прыёмных бацькоў, яны выхавалі 47 дзяцей. Самае цікавае, што ўсе іх выхаванцы пры жывых бацьках называюць Сяргея і Рыту менавіта татам і мамай. Сужэнцы ўжо 29 разоў станавіліся дзядулем і бабуляй.

Сёлета ў школу з вялікай сям'і адправілася дзевяць дзяцей. А вось Соня і Яна сталі студэнткамі — адна паступіла ў мінскі медыцынскі каледж, другая — у магілёўскі каледж мастацтваў. Так што праз пару гадоў у сям'і будуць свае медык і харэограф. У іх, дарэчы, ужо ёсць аграном, эканаміст, будаўнікі, настаўнікі, крыміналіст, кухар, цырульнік…

У Алы (дру­гая зле­ва) жа­дан­не збы­ло­ся.

Дзеці сталі самастойныя, але не страцілі сувязяў з сям'ёй. Трывалымі вузамі іх звязваюць не толькі цёплыя ўспаміны, але і добрыя традыцыі.

Вось, напрыклад, адна з іх. У двары дома расце чароўная груша, зярнятка ад якой маці Рыта пасадзіла 30 гадоў таму. Тады яна з мужам прыняла рашэнне стаць для няшчасных дзяцей прыёмнай сям'ёй. Жанчына загадала: калі зярнятка прымецца, значыць, усё будзе добра. З кволага растка вымахала прыгожая расліна і стала для вялікай сям'і Кундзікавых дрэвам жаданняў. Заўважана, што калі абдымеш ствол грушы і загадаеш нешта, усё абавязкова збудзецца. Калісьці адна з прыёмных дачок Сяргея і Рыты, Ала, пажадала адкрыць у Клічаве ўласны салон прыгажосці. Здаецца, які салон у Клічаве, дзе насельніцтва невялікае? Але жаданне спраўдзілася, і салон запатрабаваны. Мясцовыя модніцы з задавальненнем ідуць сюды рабіць манікюр, педыкюр, масаж, карэкцыю броваў, прычоскі, маскі для валасоў і шмат іншага — пералік паслуг вялікі і, што вельмі прыемна, цэны дэмакратычныя. Так што, калі будзеце ў Клічаве, можаце заглянуць у «Рыжую лісу», пераканацца. Ала замужам, у яе сям'і двое дзетак і яны з мужам будуюць дом у Клічаве. Дзяўчына кажа, што ўдзячная прыёмным бацькам за тое, што навучылі яе ўсяму. Няма такой справы, якую яна не змагла б зрабіць самастойна. І малаток можа ў руках трымаць, і смачныя стравы гатаваць. На такіх жа прынцыпах яна выхоўвае і сваіх дзяцей. Паснедалі — трэба падзякаваць і памыць посуд. «І пачынаць выхоўваць трэба з зусім юнага ўзросту», — удакладняе Ала.

Сма­ка­та ад сям'і Кун­дзі­ка­вых.

Мы пісалі, што ў сям'і Кундзікавых выхоўваюцца ў тым ліку і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Маці Рыта ўдзяляе ім асаблівую ўвагу. На яе думку, спецыяльныя ўстановы, куды іх звычайна накіроўваюць — не выйсце. Такім дзеткам асабліва патрэбныя любоў і цярпенне. Калі з імі рэгулярна займацца, яны дасягаюць дастаткова высокіх поспехаў. Рыта Уладзіміраўна парадавала, што яе Аляксандр, які паўгода знаходзіўся дома на індывідуальным навучанні, цяпер будзе вучыцца ў школе. Ён вельмі адчувальна падцягнуў свае веды, паспяхова прайшоў выпрабаванні і пайшоў у сёмы клас.

— Я ў захапленні ад гэтай сям'і, тут пастаянна адбываецца шмат новага і цікавага, — кажа Святлана Шутава. — Першым разам мяне ўразіла, як шчыра тут любяць кнігу. А цяпер для мяне стала прыемным адкрыццём, што Рыта Уладзіміраўна сама мае адносіны да творчасці. Праз дом Кундзікавых прайшло столькі дзяцей, столькі цікавых гісторый і эмоцый атрымалася перажыць, што жанчына пачала пісаць вершы і апавяданні пра сваіх выхаванцаў. Гэта сапраўды кранае. «Где ты, молодость? Где пропала?... Ни о чем не грусти, не жалей... Потихоньку ее раздавала, Разделила на всех детей». У гэтых радках — уся Рыта Кундзікава.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Святланы ШУТАВАЙ

Загаловак у газеце: І кнігі ў падарунак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».