Вы тут

Лукашэнка: Тое, што адбываецца ў футболе, недапушчальна


Новы футбольны цэнтр пачынае працаваць пасля маштабнай рэканструкцыі, якая вялася з 2011 года. На абнаўленне комплексу, якое завершана летась у чэрвені, затрачана амаль 20 мільёнаў рублёў. Цяпер спартыўны комплекс мае тры полі са штучным пакрыццём і асвятленнем, трыбуны на пяць тысяч гледачоў, пункты харчавання, гасцінічныя нумары, пакоі допінг-кантролю, залу для прэс-канферэнцый, вучэбныя класы і трэнажорную залу.


На базе спартыўнага цэнтра месціцца дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву «Акадэмія футбола ФК «Дынама-Мінск». У ёй займаюцца 370 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў. 

Як ПВТ не дынаміць «Дынама»

Цэнтр, які сёння адкрыў Прэзідэнт, прайшоў нялёгкі шлях. Яго гісторыя пачалася ў 2000 годзе са стадыёна «Дарыда». Праз восем гадоў ён перайшоў ва ўласнасць клуба «Дынама-Мінск». Але састарэлае поле з трыбунамі не змагло натхняць на перамогі. 

У 2011 годзе пачалася маштабная рэканструкцыя поля. Першы этап завяршыўся ў 2019 годзе ўвядзеннем кацельняў, участка газаправода, інжынерных сетак і здачай у эксплуатацыю трох футбольных палёў. На гэтым будаўніцтва, як і грошы, скончыліся. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў маі 2020 года новая падрадная арганізацыя «Мінскпрамстрой» давяла рэканструкцыю да фіналу.

«Футбольны клуб «Дынама-Мінск» сёння — гэта асноўная каманда, дублюючы склад, жаночая каманда і акадэмія футболу. 

Няпростая сітуацыя была і з фінансаваннем дзейнасці клуба. Стабільную дзейнасць клуба дапамагла забяспечыць падтрымка «Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій». Яна пагасіла даўгі, якія засталіся пасля спынення фінансавання клуба групай кампаній «Трайпл», узмацніла каманду гульцамі і дапамагла завяршыць рэканструкцыю футбольнага цэнтра. Ды і сёння ПВТ — асноўны спонсар клуба.

Прэзідэнт пацікавіўся, які сярэдні заробак у дынамаўца?

«Ад чатырох да пяці тысяч долараў па старых кантрактах», — кажа генеральны дырэктар ФК «Дынама-Мінск» Андрэй Талмач.

«Прынята пастанаўленне, і па новаму будзе да васьмі тысяч рублёў максімальная зарплата»,— дадае міністр спорту Сяргей Кавальчук.

Аляксандр Лукашэнка адзначае, што пасля пройгрышу нацыянальнай каманды па футболе камандзе Чэхіі, а маладзёжнай зборнай камандзе Ісландыі, яму вельмі цяжка размаўляць са спартыўнымі функцыянерамі.

«Трэба было, каб пасля ўчарашніх гульняў, я вас нават не бачыў. Я не разумею, навошта ты ўвогуле спартсменаў выпусціў на поле? Яны ж выйшлі адпачыць. Мне сорамна на іх было глядзець на фоне ісландцаў», — звярнуўся кіраўнік краіны да кіраўніка федэрацыі футбола Уладзіміра Базанава.

У 2020 годзе асноўны склад каманды «Дынама-Мінск» займаў 6-е месца ў чэмпіянаце Беларусі. Сёлета падраслі да чацвёртага. Прэзідэнт у размове з кіраўніцтвам клуба арыентуе на пападанне ў тройку лідараў рэспублікі.

«Калі вы не будзеце дасягаць выніку, не спадзявайцеся на фінансавую падтрымку. Парк высокіх тэхналогій я напружваць не буду. Яны гэтыя грошы пад клуб „Дынама“ далі толькі таму, што я на іх націснуў. Калі вы не зоймеце сёлета трэцяе месца, грошы будзеце шукаць самі», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

«Вы гуляеце для людзей, якія плацяць вам грошы»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця дзіцяча-юнацкага футбольнага Цэнтра ЗАТ «Футбольны клуб» Дынама-Мінск».

«Я так разумею, на трыбунах і на полі прысутнічаюць гаспадары гэтага цудоўнага комплексу, імя якому Акадэмія нашага вядучага клуба», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Новы комплекс ён назваў храмам навукі ў футболе. «Чатырыста чалавек зусім маладых, якія мараць быць хто Месі, хто Раналду. Можа, хто паўторыць поспех нашых ветэранаў, на што я вельмі спадзяюся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт расказаў, што сам у дзяцінстве гуляў у футбол і амаль прафесійна ім займаўся. «Калі вы вырашылі гуляць у гэтую выдатную гульню, самую папулярную ў краіне і ва ўсім свеце, і ў вас перад вачыма зялёны колер, (я маю на ўвазе долар ці ружовы еўра) і гэтак далей, вы ніколі не станеце футбалістамі і спартсменамі. Вы павінны прыходзіць сюды, каб гуляць у футбол», — заўважыў ён. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што на пачатковым этапе маладыя футбалісты атрымаюць матэрыяльнае ўзнагароджанне, каб нармальна жыць. Усё астатняе — за самімі футбалістамі. 

«Будзеце гуляць — будзеце зарплату атрымліваць і ўсё астатняе. Не будзеце гуляць — будзеце неканкурэнтаздольныя. Выбачайце за шчырасць. Але глядзець на тое ўбоства, якое сёння дэманструе футбол, недапушчальна», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што мае на ўвазе не толькі матч адборачнага турніру чэмпіянату свету па футболе, дзе зборная Беларусі прайграла камандзе Чэхіі з вынікам 0:1. 

«Спаць з мячом пад падушкай»

Звяртаючыся да маладых футбалістаў, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што тыя, хто жадае гуляць, павінны займацца гэтым кожны дзень з раніцы да вечара. І нагадаў параду знакамітага трэнера «Дынама-Мінск» і чэмпіёна СССР Эдуарда Малафеева, які вучыў футабалістаў спаць з мячом пад падушкай. 

«Я гэта кажу са свайго досведу. Тады не было такіх умоў, мы нават марыць не маглі вось пра гэта. І гэта ўсё створана за кошт беларускага народа. Я хачу, каб вы гэта памяталі. А вы будзеце пра гэта памятаць і разумець, толькі калі вас да гэтага падштурхнуць вашы настаўнікі, трэнеры», — канстатаваў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ўсё залежыць ад трэнера. Спартсмен можа зрабіць усё, чаму яго навучыць і прымусіць рабіць трэнер. Няма трэнера, няма каманды, няма спартсмена. Таксама ён заўважыў, што ёсць вялікія пытанні і да спартыўных чыноўнікаў. Кіраўнік дзяржавы пажадаў футбалістам быць патрыётамі сваёй краіны. «Вы не для мяне гуляеце. Вы гуляеце для людзей, якія плацяць вам грошы. Невялікія, а камусьці — вялікія, вы для іх гуляеце. Вы гуляеце для таго, каб задаволіць сваё жыццё. Жыццё спартсмена вельмі кароткае. Пасля 30 гадоў ужо не спартсмен. Хоць тыя, хто хоча гуляць, яны гуляюць. Раналду 36 гадоў, Месі колькі — 34. Усе ведаюць, але гэта адзінкі», — сказаў ён.

 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што акрамя спорту трэба і вучыцца, зрабіць сябе, зарабіць сродкі на будучыню. «Гэта вельмі цяжка. Жыццё спартсмена катастрафічна цяжкае. Пасля трэніроўкі прыходзіш дадому і падаеш, не хочацца нічога рабіць. Я гэта ўсё праходзіў. Гэта вельмі цяжкае жыццё. Але вы самі выбралі такі лёс. Паспрабуйце, хлопцы, прайсці гэта жыццё як трэба ў гэтым узросце. У гэтым узросце вы робіце саміх сябе», — сказаў ён. 

Прэзідэнт падкрэсліў, што футбалісты ўсё робяць толькі для сябе, а не для кагосьці іншага. «Калі вы будзеце імкнуцца стаць сапраўднымі спартсменамі. Калі вы будзеце любіць сваю краіну, лічыце, што мы дамовіліся, і падтрымку вы атрымаеце», — канстатаваў ён. Аляксандр Лукашэнка пажадаў, каб футбалісты клуба «Дынама-Мінск» сёлета атрымалі «нейкія медалі». А потым і паўтарылі поспех эпохі Малафеева. 

«У наступным годзе павінны быць чэмпіёнамі»

Кіраўнік дзяржавы пажадаў футбалістам поспехаў і здароўя. «Мяне ў вашым узросце бог не пашкадаваў. Там, на правым краі пад 11 нумарам мая задача была працягнуць мяч даканцавой лініі, падаць, ці як складзецца сітуацыя, даць пас. І я там пашкодзіў сваё левае калена. Таму беражыце сябе. Гэта ўсё сыдзе, пакуль маладыя, а потым адгукнецца», — успомніў ён выпадак са сваёй спартыўнай кар’еры. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ад «Дынама-Мінск» чакаюць больш сур’ёзных вынікаў у чэмпіянаце Беларусі. «У гэтым годзе трэцяе месца прымальна, ніжэй нельга. Ну а ў наступным годзе вы павінны быць чэмпіёнамі», — кажа ён. 

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, калі «Дынама-Мінск» будзе лідарам, і БАТЭ, і «Гомель», і «Шахцёр» будуць іншымі. «Яны не дазволяць „Дынама“ быць першымі. А я хачу, каб вы былі першымі, каб вы як паравоз пацягнулі за сабой гэтыя футбольныя вагоны. Гэта ж ганьба, ну не можам мы гуляць у футбол так, як мы гуляем», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, на спартыўныя рэзервы. Паводле яго слоў, калі не будзе рэзерву, не будзе футбола ў будучыні. «Дзейнічайце, працуйце, а дзяржава заўсёды вам акажа падтрымку і дапаможа. Але патрэбны вынік. Не будзе выніку, ніякай падтрымкі быць не можа», — канстатаваў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што падрыхтоўка рэзерваў — гэта праблема ўсяго беларускага спорту. «У нас ёсць усё, а вялікага спорту няма. Дзе губляюцца хлопцы? І штурхаюць, і кідаюць, і скачуць і ўверх, і ўніз, і ў даўжыню. Як толькі асноўная каманда, дарослая, страцілі рабят. Тут трэба шукаць праблемы і іх вырашаць. Выбудаваная ўся сістэма, толькі патрэбны вынік», — сказаў ён.

Тым не менш Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім за працу. І запэўніў, што ўсе будуць старацца дзеля агульнага выніку. 

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з гульцамі некалькіх пакаленняў «Дынама-Мінск». Спачатку — з асноўнай камандай клуба, а затым — з ветэранамі, якія кавалі славу клуба «Дынама-Мінск». У мерапрыемстве прынялі ўдзел чэмпіёны СССР — Ігар Бялоў, Міхаіл Вергяенка, Ігар Гурыновіч, Юрый Трухан, Эдуард Малафееў і іншыя легенды футбольнага «Дынама». Разам з вопытнымі спартменамі і трэнерамі кіраўнік дзяржавы абмеркавалі стан сучаснага футболу, яго праблемы і шляхі іх вырашэння, перспектывы самай папулярнай гульні. 

«Гэта мерапрыемства знакавае»

Пасля знаёмства з рэканструяваным цэнтрам прайшла нарада па пытаннях развіцця спорту ў Беларусі. Прэзідэнт адзначыў, што пасля паражэнняў нацыянальнай і маладзёжнай камандаў меркаваў адмяніць сустрэчу.

Асноўнай тэмай размовы ў новым спартыўным цэнтры павінен быў стаць футбол, але запрасілі і кіраўнікоў вядучых, медаляёмкіх федэрацый.

«Дзяржава ўкладвае вялікія грошы ў развіццё усіх відаў спорту. Усе вы, мы, спартсмены сядзім у асноўным на дзяржаўных плячах. Гэта магчыма, адна з прычын, чаму ў нас не ўсё ладзіцца ў вялікім спорце. Залішне ўсім добра. Нікуды не трэба хадзіць, нікога прасіць, дзяржава ўсё забяспечыць»,— падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што вынікаў ні ў футболе, ні ў хакеі, ні ў іншых відах спорту не бачна. У доказ і апошняя Алімпіяда ў Токіа.

«Лёгкая атлетыка правалена цалкам, плаванне — лепшы вынік дзесьці восьмае месца. Чаго туды паехалі, што там рабілі?» — заўважыў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт абурыўся нахабнасці ФК «Дынама-Мінск»: больш 80 % грошай атрымоўваюць ад ПВТ, пры гэтым 70 % усіх сродкаў ідзе на заробкі. Не застаецца грошаў на развіццё і ўтрыманне клуба.

«Я хацеў бы пачуць тлумачэнне на гэты конт: чаму ў вас 70 працэнтаў усіх грашовых паступленняў на клуб ішло на заробкі? Вы прыходзілі да мяне, ставілі пытанні — я ішоў насустрач», — заўважыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што перад Алімпіядай пытаўся ў спартсменаў: што не зроблена для спорта? Адказвалі: маюць усе, нават немагчымае.

«Я разумею, што канкурэнцыя вырасла. Я разумею, што мы наўрад ці будзем бегчы лепей, чым афрыканскія спартсмены, але ў тэхнічных відах спорту мы заўсёды мелі нейкія вынікі. Дзе гэтыя школы? » — пытаецца кіраўнік краіны.

Прэзідэнт заўважае, што яму абяцалі вынікі ў велатрэку, хакеі, для якіх пабудаваны выдатныя пляцоўкі.

«Дзве з паловай было хакейныя пляцоўкі, і каманда неяк гуляла. Калі стала больш 30, хакею няма», — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Лукашэнка. 

На яго думку, усё пытанне ў трэнерах. "Трэнеры, дарагія кіраўнікі федэрацый, — гэта ваш хлеб. Што мне Івана Ціхана вучыць, які займацца лёкай атлетыкай? Ён гэта пракрочыў на самым высокім узроўні. Так пакідай гэтых трэнераў, падбяры іх«,— сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што ў дзяржаўную Акадэмію футбола неабходна адбіраць самых таленавітых спартсменаў.

«Нам трэба з 500 адабраць два дзясяткі ўсяго. І колькі ў нас такіх школ і акадэмій? Мора. А мы не можам знайсці два дзясяткі футбалістаў у нацыянальную зборную», — канстатуе Прэзідэнт. 

У рэйтынгу ФІФА наша зборная сёння на 89-м месцы, у 2003 годзе была на 90-м, заўважае Прэзідэнт, што зрушылася нямоцна. 

«У Лізе канферэнцый УЕФА гулялі 4 каманды, і ўсе вылецелі. А гэта трэці дывізіён у Еўропе. Дзе вы тады будзеце гуляць з чэхамі ці бельгійцамі? 23 тысячы чалавек прафесійна займаюцца футболам. Так з 23 тысяч можна знайсці 20 чалавек? Тое, што адбываецца ў футболе, недапушчальна. І гэта датычыцца і іншых федэрацый»,— заявіў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт раіць спартыўным чыноўнікам ствараць сістэму ў відах спорту, а кожны трэнер павінен рыхтаваць некалькі таленавітых спартсменаў.

«Калі гэтага няма, няма і выніку — значыць, няма трэнера», — акцэнтуе кіраўнік краіны.

Ён кажа, што на Алімпіядзе ў Парыжы праз тры гады скардзіцца будзе няма на каго і папярэджвае, што правал недапушчальны.

«Вось алімпійскі чэмпіён. Паехаў туды — пакажы свой лепшы вынік, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — І колькі ў нас спартсменаў „вялікіх“, якія гэтага выніку не паказалі».

Прэзідэнт дадае, што ў спорце павінна быць дысцыпліна, жаданне перамогі.

«Няпраўда, што мы не будзем плаціць грошы добрым спартсменам і спартсменам, што даюць вынікі. Гэта няпраўда. Мы будзем плаціць, знойдзем гэтыя грошы. Калі няма выніку, нават не спадзявайцеся і адкажыце за тыя грошы, якія патрацілі. Шалёных грошай больш не будзе. І не дай Бог, калі КДК мне даложыць, што вы не адпрацавалі сістэму заработнай платы нармальна. Калі ты бегаеш, скачаш, займаешся спортам у камандах — атрымліваеш сярэднюю зарплату. Усё астатняе — ад выніку. Няма выніку — няма зарплаты», — заяўляе Прэзідэнт.

Ён адзначае: сорамна апраўдвацца перад народам, калі задаюць пытанне, навошта спартсменам плацяць грошы за дрэнныя вынікі. 

Прэзідэнт падкрэслівае, што сам убачыў на спаборніцтвах таленавітую моладзь, выхаваннем якой неабходна займацца. «Народ павінен бачыць, што мы грошы патрацілі, а ён прынёс медаль з асноўных спаборніцтваў. Рыхтуйце іх. Але не забывайце, што ён сёння на вышыні, а заўтра можа ўпасці. Павінен быць другі эшалон, што будзе іх падмацоўваць, падтрымліваць. Выберыце два гэтыя ўзроўні хлопцаў і рыхтуйце, стварыце нармальныя ўмовы, выхавайце іх сапраўднымі патрыётамі, каб яны не думалі, колькі мне заплацяць за медаль. Яны павінны думаць пра тое, каб прынесці гонар краіне»,— лічыць кіраўнік краіны.

Прэзідэнт папярэджвае пра недапушчальнасць прасоўвання спартсменаў за грошы ці па знаёмстве, а таленавітых пакідаць за бортам.

«Гэтае мерапрыемства знакавае. Я не хачу больш ставіць нейкіх задач, яны пастаўлены, калі я працаваў кіраўніком Алімпійскага камітэта. Ды і зараз гэтыя задачы ніхто не здымаў. Мерапрыемства знакавае, яно павінна ўсім паказаць, што неабходны вынік»,— рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Каментарый у тэму

Уладзімір Базанаў, кіраўнік асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» расказаў, што ў студзені гэтага года падчас сумеснага пасяджэння калегіі Міністэрства спорту і турызму і выканкама федэрацыі футбола створаны групы, якія распрацавалі канцэпцыю развіцця футбола да 2028 года.

«Асноўным кірункам з’яўляецца развіццё дзіцяча-юнацкага футбола. Для гэтага федэрацыя ўвяла новыя сучасныя спецыялізаваныя праграмы падрыхтоўкі юных футбалістаў па ўзроставых групах ад 6 да 17 гадоў»,— паведаміў Уладзімір Базанаў.

Важным напрамкам развіцця футбола, паводле яго, з’яўляецца ўдасканаленне інфраструктуры з упорам на рэгіёны. Значны штуршок гэтаму віду спорту дасць і будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна.

«Мы бачым неабходнасць удасканалення падрыхтоўкі трэнерскіх кадраў. Разумеючы гэтую праблему, мы выбудавалі дакладную сістэму супрацоўніцтва з БДУФК, Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчам алімпійскага рэзерву па падрыхтоўцы трэнераў. Асацыяцыя павялічыла колькасць штогадовых курсаў падрыхтоўкі трэнераў і плануе прыцягваць лепшых замежных спецыялістаў для абучэння»,— канстатуе кіраўнік асацыяцыі.

Ён адзначае, што адной з прычынай няўдалага выступлення мужчынскай зборнай па футболе з’яўляецца засілле замежнікаў у нашым чэмпіянаце. 

«Вымушаны канстатаваць, што няма дастатковай колькасці кваліфікаваных футбалістаў для прыцягнення ў нацыянальную зборную. Гэта вынік недастатковай працы ў клубах з маладымі гульцамі, з-за накіраванасці клубаў на хвілінны вынік. Для дасягнення яго кіраўніцтва клубаў робіць выбар на карысць замежных ці больш вопытных гульцоў», — кажа Уладзімір Базанаў.

Пасля нарады з Прэзідэнтам, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук у размове з журналістамі падвёў вынікі і падзяліўся планамі. 

«Тыя вынікі, якія паказвае наша зборная і клубныя каманды, гэта не той узровень, які ад футбола чакае краіна, народ і нашы заўзятары. Асноўная задача — перазагрузіць існуючую сістэму. І ў першую чаргу трэба звярнуцца да дзіцячага футбола, да таго падмурку, які дае зорачак, якія ў будучыні становяцца таленавітымі, перспектыўнымі футбалістамі. 

Другая праблема — гэта падрыхтоўка трэнераў. Трэнеры сёння, напэўна, не валодаюць тымі ведамі, навыкамі і ўменнямі, якія сёння павінны быць для таго, каб паказваць вынік.

Таму наш універсітэт фізічнай культуры, Беларуская федэрацыя футбола павінны самым пільным чынам паглядзець на падрыхтоўку трэнераў, каб трэнер мог правільна выбудаваць працу з дзіцем», — расказаў міністр. Паводле яго слоў, рабіць гэта трэба ва ўсіх рэгіёнах. І акадэмія футбола, якая была адкрытая на базе клуба «Дынама-Мінск» — адзін з элементаў сістэмы, якая ўжо працуе. 

Сяргей Кавальчук звярнуў увагу, што сёння дастаткова інфраструктуры для развіцця футболу ў краіне: дзейнічаюць восем крытых футбольных манежаў, вялізная колькасць футбольных палёў добрай якасці. 

«Нам трэба павярнуцца да методыкаў, да працы трэнераў з дзецьмі. Апусціцца на ўзровень дзіцячага футбола і выбудаваць там працу. Калі яна будзе выбудаваная правільна, вынік будзе», — упэўнены міністр. 

Для дасягнення ўсіх пастаўленых задач прынята канцэпцыя па развіцці футбола да 2028 года, гэта значыць, на два алімпійскія цыклы. Па словах, кіраўніка спартыўнага ведамства, калі выконваць кожны крок гэтай канцэпцыі, у 2028 годзе будзе вынік. 

Марыя ДАДАЛКА

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?