Калі падчас камандзіровак выязджаю за межы раённых цэнтраў і аграгарадкоў, міжволі звяртаю ўвагу на старыя дамы, від якіх сведчыць аб запусценні і адсутнасці гаспадароў. Калі такіх дамоў трапляе на вочы больш за дзясятак, зразумела, што ў вёсцы не вельмі пазітыўныя перспектывы. Між тым ёсць і іншыя прыклады. Менавіта адзін з такіх населеных пунктаў давялося не так даўно праязджаць у Свіслацкім раёне. Вадзіцель райвыканкама, з якім мы ехалі праз яго вёску Грыцкі, заўважыў: «Вы ведаеце, што з нашай вёскі ніхто не з'язджае?»
Пакінуць такі факт без увагі было проста немагчыма. Сапраўды, як так? Адусюль з'язджаюць, а з Грыцкоў — не. Пазней аказалася, што з'язджаюць і адсюль. Але дамы хутка раскупляюцца. Таму населены пункт не губляе свайго рэспектабельнага выгляду.
Наколькі форма адпавядае зместу, ці папросту — чаму месцічам так даспадобы гэта вёска, вырашаю пацікавіцца ў іх саміх. Але перш адзначаю некаторыя станоўчыя фактары, што бачныя нават старонняму чалавеку. Адзін з іх — асфальтаваная дарога, якая вядзе да райцэнтра. Некалькі добраўпарадкаваных аўтобусных прыпынкаў з раскладам руху. Прыгожыя агароджы, за якімі дагледжаныя сядзібы з кветнікамі, газонамі і дэкаратыўнымі раслінамі. Не відаць хат-развалюх.
Вадзіцель Іван Станіслававіч прыпыняецца на ўскрайку якраз каля жанчыны з роварам. Знаёмімся. Аказалася, што Людміла Іванаўна Лях вывела на пашу сваіх кароў. Іх у яе чатыры, а не так даўно было восем. Праўда, яна — адзіная на вёску, хто трымае рагуляў і, відаць, будзе і надалей скарачаць сваё пагалоўе. Але здаваць малако выгадна, кажа жанчына. І самім хапае, і зарабіць можна. Літар малака прымаюць за 56 капеек. Кармы нарыхтоўваюць самі, а салому можна выпісаць у сельгаспрадпрыемстве.
Цікаўлюся, як вёска выжывае ў век урбанізацыі. Не сакрэт, што моладзь з'язджае, а дэмаграфічная сітуацыя наўрад ці паляпшаецца, хутчэй, наадварот. Вось і яе дачка выйшла замуж за аднавяскоўца і жыве ў Свіслачы. Але тут сапраўды, кажа Людміла Іванаўна, ніколі не было праблем з пустымі дамамі. Магчыма, ад таго, што вёска зусім блізка да райцэнтра — усяго за некалькі кіламетраў. Калі хто і з'язджае адсюль, дамы хутка раскупляюць. Некаторыя прыязджаюць на пастаяннае пражыванне, некаторыя выкарыстоўваюць пад дачы. Можна набыць дом і за 3—5 тысяч долараў. А ёсць і значна даражэйшыя. Такая цана, як аказалася, далёка не ўсюды.
— У больш аддаленых вёсках выдатныя дамы стаяць, а гаспадары вымушаны іх за бясцэнак прадаваць, каб зусім не прапалі. Напрыклад, у Ражках, суседняй вёсцы, дом прадалі з усімі выгодамі і лазняй усяго за 3,5 тысячы долараў. Бацькоў не стала, а дочкі жывуць у Гродне. Каля пушчы нямала дамоў прадаецца. Калісьці будавалі з добрага лесу, але гэта далекавата — кіламетраў 30—40 ад райцэнтра, таму і попыт там нізкі. Некаторыя перавозяць дамы з аддаленых вёсак у аграгарадкі ці больш населеную вёску, — тлумачыць Людміла Іванаўна.
Сама жанчына прыехала сюды гадоў 40 таму з Віцебскай вобласці па размеркаванні, тут выйшла замуж і засталася. Яна пагаджаецца з тым, што кожны гаспадар добра даглядае сваю сядзібу, таму і агульны выгляд населенага пункта прывабны. Якраз падчас размовы работнік ці то ЖКГ, ці то сельскага Савета абкошваў касілкай тэрыторыю каля дарогі. Жанчына лічыць, што гэта варта рабіць і самім гаспадарам сядзіб, а работнікаў лепш накіраваць на пакос сумніку, які зараз вядзе наступленне на пашу.
Увосень і ўзімку жыхароў у вёсцы будзе менш, бо многія з'едуць у горад. Але немалая колькасць застанецца. Як паведамілі ў Свіслацкім сельвыканкаме, у 70 дамах населенага пункта пастаянна пражывае каля паўсотні чалавек. Зараз будуюцца яшчэ дзве сям'і. У наступным годзе вёску будуць газіфікаваць. Жыхары аплацяць 30 % кошту работ, астатнія 70 % датуе дзяржава. Праўда, у вёсцы няма крамы, але гэта акалічнасць не вельмі засмучае жыхароў, бо сюды два разы на тыдзень ездзіць аўталаўка, ды і да горада недалёка.
Блізкасць райцэнтра, вядома не на апошнім месцы ў прывабнасці вёскі. Дарэчы, у такім стане не толькі Грыцкі. Па словах старшыні Свіслацкага сельвыканкама Сяргея Маркушэўскага, у вёсках, якія акальцоўваюць райцэнтр, праблема пустых дамоў не стаіць. Такія пытанні прыходзіцца вырашаць у аддаленых населеных пунктах.
— На сёння мы працуем па такім прынцыпе: не чакаем, пакуль пройдзе паўгода пасля смерці гаспадара. Пытаемся ў будучых нашчадкаў аб спосабе выкарыстання сядзібы. Ці ён сам будзе даглядаць дом, ці мае намер яго прадаваць. У апошнім выпадку сельвыканкам дапаможа выставіць дом на продаж праз аўкцыён. Таксама гаспадар можа прадаць яго самастойна. Некаторыя пішуць заяву з просьбай знесці дом. Ёсць спадчыннікі, якія не даюць інфармацыю аб выкарыстанні дома, але такіх мала. Як правіла, большаць ведае, як распарадзіцца маёмасцю, — расказаў алгарытм дзеянняў Сяргей Маркушэўскі.
Прадстаўніка мясцовай улады задавальняе той факт, што ідзе пастаяннае ўдасканаленне заканадаўчай базы па вырашэнні лёсу старых і пустых дамоў. З пачатку будучага года поўнасцю ўступіць у дзеянне Указ № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі». Гэта дазволіць спрасціць работу з нашчадкамі і дасць магчымасць папоўніць мясцовы бюджэт.
— Мы па рашэнні абласных улад склалі рэестр населеных пунктаў, у якіх можна прадаваць дом за адну базавую велічыню, а ў якіх — даражэй. Гэта ўсё рэгламентуецца новым указам, які пакуль не ўступіў у дзеянне ў поўным аб'ёме, — адзначыў старшыня сельвыканкама. — Такі расклад спрыяльны для пакупніка, бо можна набыць дом за адну базавую велічыню. І калі людзі аб гэтым пачулі, яны чакаюць. Алеагэты не значыць, што попыт знізіўся. У параўнанні з мінулымі гадамі ён расце. Асабліва цяпер, калі людзі даведаліся, што можна будзе набыць дом за адну базавую.
Гэта датычыць у асноўным найбольш аддаленых населеных пунктаў. Тое, што карыстаецца попытам, будзе даражэй. Улічваецца і наяўнасць інфраструктуры. Цяпер відавочная тэндэнцыя набыцця вясковых дамоў пад дачы. І гэта нядрэнна, лічаць у сельвыканкаме. Галоўнае, што сядзіба будзе мець гаспадара і даглядацца. Сёння кожны хоча адпачыць у цішы, паблізу прыроды. Многія яшчэ любяць чымсьці займацца, майстраваць, нешта вырошчваць.
Па словах старшыні Свіслацкага сельвыканкама, на тэрыторыі сельскага Савета пустых дамоў няшмат — каля 25. Некаторыя прадаюцца самімі нашчадкамі. Цана залежыць ад стану дома.
Пазней я пацікавілася продажам дамоў у Грыцках. Знайшла дзве прапановы. І абедзве — дамы катэджнага тыпу з добраўпарадкаваннем, усімі выгодамі, прыгожымі сядзібамі і гаспадарчымі пабудовамі. Адзін прадаецца за 17 тысяч умоўных адзінак, а другі — за 32 тысячы. Наўрад ці гаспадары выставілі такую высокую цану, калі б вёска не была прывабнай для жыцця.
Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара
Свіслацкі раён
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.