Вы тут

На плошчах былога прамысловага гіганта ў Брэсце інвестар стварыў мэблевую вытворчасць


Брэсцкі завод «Цветатрон» на пачатку сваёй гісторыі знаходзіўся ў шэрагу паспяховых прадпрыемстваў былога Саюза. Узведзены ў самым пачатку 1980-х гадоў, завод спецыялізаваўся на вытворчасці ваеннай электронікі і кінескопаў для тэлевізійных прыёмнікаў. Потым быў перапрафіляваны на выпуск грамадзянскай электронікі. Але пасля развалу былой вялікай краіны прадпрыемства паступова памяншалася і прыходзіла ў заняпад.


Калі ў лепшыя гады на заводзе працавала каля шасці тысяч чалавек і сюды нават была пракладзена адна з першых у горадзе тралейбусных ліній, то ў 2016 годзе колькасць працоўных ледзь перавысіла дзве сотні. І, вядома, аграмадныя плошчы завода засталіся незапатрабаваныя. Пра маштабы прадпрыемства згадвалі яго былыя супрацоўнікі. Паводле іх слоў, з аднаго цэха ў другі часам ездзілі веласіпедамі.

Завод не толькі пусцеў унутры, ён станавіўся непрывабным звонку, з-за недахопу сродкаў не праводзілася належнае добраўпарадкаванне, і тэрыторыя паступова станавілася праблемным момантам для гарадской гаспадаркі. Таму прыход інвестара — замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «АНРЭКС» — аказаўся чаканым.

Названае прадпрыемства па выпуску корпуснай мэблі ў горадзе над Бугам не новае, ужо чвэрць стагоддзя яно з'яўляецца рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Брэст», і ў студзені мінулага года кампанія набыла ў завода «Цветатрон» памяшканні плошчай 41 тысячу квадратных метраў. Запланавана іх паэтапная рэканструкцыя і ўвод у строй. Усяго ў праект плануецца інвеставаць 60 мільёнаў рублёў і стварыць каля 500 рабочых месцаў. Першы вытворча-складскі комплекс ужо здадзены, там запушчаны працэс вытворчасці. На яго ўрачыстае адкрыццё прыехалі кіраўнікі горада і вобласці.

— Горад атрымаў будынак з прыгожым архітэктурным вырашэннем і пазбавіўся ад нерэспектабельных карпусоў былога завода, — сказаў у прывітальным слове старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. — Адкрыццё новай вытворчасці стала добрым унёскам у развіццё эканомікі абласнога цэнтра.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што ў эканоміку прыйшло яшчэ адно паспяховае прадпрыемства з сярэдняй зарплатай супрацоўнікаў, якая крыху перавышае 1200 рублёў. Многія гараджане атрымалі стабільную работу, прыстойную заработную плату і сацпакет. Інвестар укладвае значныя сумы ў сродкі вытворчасці, апошняе становіцца гарантыяй таго, што вытворчасць будзе і надалей развівацца.

Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Брэст» Фёдар КАЛАНЧУК расказаў журналістам, што ў 2016 годзе быў прыняты заканадаўчы акт, якім дазволена пашырэнне тэрыторыі СЭЗ. І прадпрыемствы, што маюць свабодныя плошчы, увайшлі туды. За гэты час удалося задзейнічаць каля 136 тысяч квадратных метраў. Шэраг кампаній свабоднай эканамічнай зоны скарысталіся пляцоўкамі электралямпавага, электрамеханічнага заводаў, дывановага камбіната. За пяць гадоў на плошчах былых прамысловых гігантаў размясцілася каля 80 прадпрыемстваў.

Кампанія «АНРЭКС» стала рэзідэнтам СЭЗ «Брэст» у канцы 90-х. Яна займаецца выпускам корпуснай мэблі для гасцінных, спальняў, пярэдніх пакояў і кабінетаў. На экспарт рэалізоўваецца каля 75 працэнтаў прадукцыі. Усяго мэбля адгружаецца ў 13 краін свету. Найбольш — у Польшчу, Расію, Казахстан, Літву. За час дзейнасці прадукцыі выпушчана на 330 мільёнаў долараў.

Цяпер у кампаніі працуе крыху больш за 800 чалавек. З уводам у строй другой і трэцяй чаргі ў былых памяшканнях «Цветатрона» яшчэ некалькі соцень чалавек атрымаюць работу.

Генеральны дырэктар «АНРЭКС» Наіль ШАМСУТДЗІНАЎ адзначыў, што пачынаючы з 2012 года на прадпрыемствах кампаніі праходзіць поўная і планамерная мадэрнізацыя цэхаў і вытворчых працэсаў. Набываюцца найноўшыя машыны і абсталяванне. Таму прадукцыя выпускаецца канкурэнтаздольнай і карыстаецца стабільным попытам у спажыўца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: І сотні новых рабочых месцаў

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.