Вы тут

«Воднае» махлярства: фільтр замест 90 па 250 рублёў! Як быць старым вяскоўцам?


Гэтая актуальная тэма была сёння ў поле зроку Старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы Таццяны Рунец, якая наведвае Баранавічы і Баранавіцкі раён. 


Першую частку рабочай паездкі сенатар прысвяціла рабоце са зваротамі грамадзян. Нагодай для нарады стала скарга чатырох заяўнікаў з Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці на прадпрымальніка, які зарэгістраваны ў Баранавічах. Вясковым жыхарам мужчына прадаў фільтры для вады. Як яны палічылі, па завышанай цане. Так сталася, што з дапамогай пракуратуры Брэсцкай вобласці адной грамадзянцы пазней вярнулі грошы. Другія звярнуліся з аналагічнай скаргай у Савет Рэспублікі і Баранавіцкі гарвыканкам. 

Таццяна Рунец ініцыявала нараду ў гарвыканкаме, каб абмеркаваць не толькі асобна ўзятыя звароты, але і пагаварыць аб праблеме ў цэлым, акрэсліць шляхі яе вырашэння. У нарадзе прымалі ўдзел старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Юрый Грамакоўскі, Баранавіцкі міжраённы пракурор Аляксандр Карлюк, адказныя работнікі гарадской і раённай вертыкалі ўлады.

Начальнік аддзела гандлю і паслуг Таццяна Асос патлумачыла, што ва ўсіх выпадках індывідуальны прадпрымальнік прадстаўляе дагаворы, якія падпісалі самі грамадзяне, ён мае сертыфікат, які пацвярджае якасць тавару. У яго ёсць калькуляцыя, як з закупачнай цаны прыкладна ў 90 рублёў становіцца выніковы кошт для кліентаў — 250 рублёў. Па першым патрабаванні ён прадстаўляе ўсю неабходную інфармацыю. 

Але ў гарвыканкама з’явілася інфармацыя, што супрацоўнікі гэтага ІП рэкамендаваліся вяскоўцам, напрыклад, работнікамі ЖКГ, водаканала. Ён, вядома, адмаўляе апошняе, але супрацоўнікі, зарплата якіх залежыць ад продажаў, маглі праявіць «ініцыятыву», — адзначалі на нарадзе. 

Пракурор Аляксандр Карлюк заўважыў, што такія сігналы могуць быць нагодай для праверкі ўчастковым дакументаў візіцёраў з усімі наступствамі. «Яшчэ мы можам правесці экспертызу, — патлумачыў Аляксандр Паўлавіч. — Калі фільтр не адпавядае параметрам, вобразна кажучы, калі замест яго паралон стаіць, гэта ўжо склад злачынства. Міліцыя праверыць работу ІП на прадмет наяўнасці правапарушэння». 

Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Юрый Грамакоўскі падкрэсліў, што на першы план у дадзенай праблеме выходзіць прафілактыка, аснову якой складае шырокая тлумачальная работа: «У вёсцы гэта выканкамы, старасты, у горадзе — старшы па ад’ездзе, які праінфармуе ўчастковага, а той у сваю чаргу прыме меры. Для прафілактычнай работы мы ў сябе прыцягваем водаканал, ЖЭС. Папераджальную інфармацыю для жыхароў пішам у жыроўках на зваротным баку. 

Тэму падтрымаў старшыня Баранавіцкага райсавета Сяргей Сліва: 

— Праблема ёсць, у нас на першым плане прафілактычнай работы — старшыня сельскага Савета, стараста вёскі. Аглядная камісія, калі едзе па дамах, праводзіць гутарку, людзей заклікаюць быць пільнымі. А то былі выпадкі, прапанавалі супрацьпажарныя апавяшчальнікі, прадстаўляліся супрацоўнікамі МНС. Таму кажам пра гэта на сельскіх сходах, нават на свяце вёскі не забываем аб прафілактычнай рабоце. Бо там дзеці бываюць, а яны лішні раз потым нагадаюць пажылым бацькам пра пільнасць. 

Цікава, што пакуль ішла нарада, на месенджар начальніку аддзела па зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў гарвыканкама Святланы Барзенковай прыйшла інфармацыя, што тром астатнім заяўнікам прадпрымальнік вярнуў грошы. 

Таццяна Рунец адзначыла станоўчы вопыт Баранавічаў і Баранавіцкага раёна па прафілактыцы махлярства ў дачыненні да пажылых грамадзян: «Мы ў Савеце Рэспублікі абагулім ваш вопыт прафілактыкі, давядзём інфармацыю да іншых рэгіёнаў», — сказала сенатар. 

Другая палова нарады прысвячалася яшчэ аднаму не простаму звароту. У Савет Рэспублікі звярнуўся прадпрымальнік, які не можа ўзвесці гандлёвы аб’ект з 2012 года. Грамадзянін зрабіў праект, атрымаў дазвол на будоўлю, але ў ходзе будоўлі адступіў ад першапачатковага праекта і вырашыў павялічыць прошчу аб’екта. І ўсё гэта можна вырашыць ва ўстаноўленым законам парадку, але супраць выступіла гаспадыня дома, які знаходзіцца па суседстве з будоўляй. І так усё завярцелася, што паўстала пытанне пра знос таго, што ўжо ўзведзена. Гарвыканкам прапануе яму вярнуцца да праекта 2017 года, але мужчына не пагаджаецца. Кожны з бакоў прыводзіць свае аргументы, абапіраючыся на закон, і кожны ў пэўнай ступені мае рацыю.

Азнаёміўшыся з дакументамі і выслухаўшы бакі, Таццяна Рунец раіць шукаць кампрамісны варыянт, прымаць гібрыд з двух праектаў, інакш справа і далей не зрушыцца з месца. 
У другой палове дня сенатар наведала бройлерную птушкафабрыку «Дружба», сустрэлася з працоўным калектывам прадпрыемства. Падрабязнасці рабочай паездкі сенатара Таццяны Рунец чытайце ў наступным нумары «Мясцовага самакіравання». 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.