Вы тут

Таварыства ўласнікаў — не заўсёды лепшы варыянт для жыхароў


А рабіць гэта трэба, пераканана Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая наведала сёння адзін праблемны адрас. Як упаўнаважаная Прэзідэнта па Мінску яна завітала ў двор на Нёманскай, 80 — менавіта адсюль прыйшоў калектыўны зварот жыльцоў таварыства ўласнікаў, якія ўжо не першы год пакутуюць ад мноства праблем. Але пачнём з самага пачатку. 


Будоўля нестандартнага дома ў новым мікрараёне на Каменнай горцы распачалася яшчэ ў 2011 годзе: пяціпад’езны, рознапавярховы: ад 16-ці да 22-га, з убудаванымі памяшканнямі і падземным паркінгам здаваўся будучым навасёлам нейкай доўгачаканай і запаветнай марай. Так, гэта ўсё магло пераўтварыцца ў рэальнасць, але як гэта бывае, грошы скончыліся і мару давялося падкарэктаваць... У выніку людзі атрымалі свае ключы, засяліліся ў кватэры, аднак частка дома (разлічаная, відавочна, над гандлёва-офісныя памяшканні) на першым паверсе і падвал з паркінгам так і засталіся ў недабудаваным стане. Дваравая тэрыторыя таксама пакідала чакаць лепшага. Такім чынам з 2017-га распачаліся шматлікія праблемы і пакуты жыхароў больш за трыста сталічных кватэр. 

Кожны год, каб падключыць ацяпленне ў кватэрах, жыхарам даводзіцца ісці да адміністрацыі горада і дамагацца вырашэння сваёй праблемы: першы паверх (паколькі не дабудаваны) не ацяпляецца, а праз яго праходзяць цеплавыя сеткі. Да таго ж карыстанне целавымі пушкамі, якія там прадугледжаны — таксама з катэгорыі пераадолення папяровых перашкод. Пытанне, канешне, вырашаецца, аднак людзей гэта не задавальняе. Асабліва пакутуюць уладальнікі кватэр на другім паверсе: па іх словах, тэмпература пола (пад якім не ацяпляльныя памяшканні) можа складаць у зімовы перыяд і 12 градусаў. 

Хвалюе жыхароў і тое, што ўвесь гэты час недабудаваны паркінг і падвал — гэта месцы збору асацыяльных элементаў, цяжкіх падлеткаў, рассаднік вільгаці і цвілі. Карацей, жах — ды і толькі! 

Людзі пішуць скаргі, але рады даць не могуць — прыватная ўласнасць, па-першае, зямельныя пытанні, якія, як вядома, з катэгорыі найскладанейшых у юрыдычнай практыцы — па-другое. Трэба сказаць, што папярэдні забудоўшчык ужо змяніўся. Зараз сфарміравана новая юрыдычная асоба з 14 удзельнікаў, якія просяць паскорыць выдзяленне зямлі ў іх уласнасць (якая зараз знаходзіцца ва ўласнасці горада), каб паскорыць некаторыя фінансавыя пытанні. 

Пабачыць праблему на ўласныя вочы — самы лепшы спосаб разабрацца ў сітуацыі. Таму спікер Савета Рэспублікі пераходзіць ад слоў да справы і прапануе спусціцца ў падвал, які вядзе і ў памяшканне недабудаванага паркінгу. 

Так, відавочна, што ў падвале сіламі жыльцоў наведзены парадак, а вось тое, што замест паркінгу — сапраўды, вызывае толькі негатыўныя эмоцыі. Людзі маюць рацыю, калі скардзяцца, куды толькі могуць: лужыны (і не ў самы мокры перыяд), бруд навокал, рэшткі ўцяпляльніку. 

Старшыня таварыства ўласнікаў Таццяна Сташковіч (у якой на абслугоўванні, дарэчы, знаходзяцца пяць дамоў) тлумачыць: што змаглі, тое зрабілі, напэўна — не ўсё. 

Трэба сказаць, людзі скардзяцца на тое, што далёка не ўсё, што магчыма робіцца і з боку таварыства — яны лічаць, што парушэнняў хапае і тут. Але гэта зусім іншая гісторыя... 

Непакояць жыхароў і менш глабальныя, але ад гэтага не менш значныя для іх пытанні: напрыклад, месца знаходжання кантэйнернай пляцоўкі, якая месціцца дастаткова блізка ад жылога дома. Да нядаўняга часу не было ў двары гульнявога абсталявання для дзяцей, як і самога двара ў класічным выглядзе — ён больш нагадваў пакінутую будаўнікамі пляцоўку. 

Добраўпарадкаваннем заняўся горад пасля вырашэння шматлікіх папяровых пытанняў. І нарэшце, 26 жніўня праінфармаваў Савет Рэспублікі, маўляў, усё зроблена: лаўкі, горкі, трэнажоры, пешаходныя сцежкі маюцца. Высадкай дрэў і кустоўя зоймуцца восенню самі жыльцы. Днямі тут пабывала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец, якая на ўласныя вочы пераканалася ў выкананні работы.

За ўвагу і дапамогу з боку горада і верхняй палаты парламента сёння людзі падзякавалі Наталлі Качанавай. Але трэба ісці далей, пераканана яна, вырашаць «унутрыдамовую» праблему з убудаванымі памяшканнямі. Спікер Савета Рэспублікі звярнула ўвагу кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сяргея Шкруднева, што гэтае месца, як яго не ізалюй ад наваколля, з’яўляецца дастаткова небяспечным. А як кажуць у народзе — да бяды многа не трэба. Таму намаганні мясцовай вертыкалі ўлады яна акцэнтуе на вырашэнні пытанняў з новымі па дабудоўванні гэтых памяшканняў. 

Як расказаў адзін з прадстаўнікоў новай юрыдычнай асобы, вырашэнне пытання з зямлёй падштурхне працэс. На першым этапе прапануецца дабудаваць першы цокальны паверх. На гэта, на словах уласніка, грошы ёсць. На другі этап — ёсць два інвестары, аднак зямельныя пытанні марудзяць увесь працэс. 

Дарэчы, аб грошах. Паводле разлікаў забудоўшчыка, каб завяршыць увесь даўгабуд неабходныя сродкі ў памеры больш за тры мільёны долараў. 

— Вам патрэбна толькі выдзяленне зямлі? — пацікавілася Наталля Качанава ў прадстаўніка ўласнікаў і, атрымаўшы станоўчы адказ, запэўніла, што яго вырашэннем зоймуцца гарадскія ўлады. — За вамі — фінансаванне і выкананне праектна-каштарыснай дакументацыі. 

Наталля Качанава пераканана: усе пытанні, якія ўзнімаюць людзі, абгрунтаваныя і патрабуюць максімальнага вырашэння. Таму зараз важна як мага хутчэй вызначыцца з тэрмінамі распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, разабрацца з пытаннямі эксплуатацыі цеплавога абсталявання, вызначыцца са «смеццевай» праблемай жыльцоў, каб нарэшце, праблемны даўгабуд перастаў ім быць. Тым больш, што гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі ў Прэзідэнта. 

У размове з журналістамі па выніках убачанага Наталля Качанава падкрэсліла: тое, што зроблена па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі,— добра. 

— Далучылася адміністрацыя раёна, і парадак у двары навялі. Важна, каб у гэтым працэсе прымалі ўдзел і жыхары, бо дом людзі пабудавалі за ўласныя сродкі, тут функцыянуе таварыства ўласнікаў, а абслугоўвае прыватная кампанія. 

На яе пункт гледжання, неабходна падтрымліваць створаную прыгажосць, але без дзяржаўных структур, падкрэсліла спікер, гэтыя пытанні, на жаль, вырашаліся вельмі доўга. 

— Тры гады людзі не маглі разабрацца ў гэтых пытаннях, а дастаткова хутка зрабілі толькі тады, калі звярнуліся ў дзяржаўныя органы ўлады, — адзначыла Наталля Качанава.

Што датычыцца недабудаваных аб’ектаў, яна пераканана: пытанні трэба вырашаць хутка, аператыўна і трымаць мясцовым органам улады на кантролі. 

— Мы бачым, што ў двары давялі да розуму, а ў падвале сітуацыя складваецца адваротным чынам: маюць месца і падтапленні, і смецце, — кажа яна. — Гэта трэба было вырашыць кіраўнікам таварыства ўласнікаў разам з людзьмі, якіх яны павінны прыцягнуць для гэтай работы. 

Старшыня Савета Рэспублікі наогул звярнула ўвагу на праблемы функцыянавання таварыства ўласнікаў:

— Сёння мы вывучаем нарматыўна-прававы акт па функцыянаванні таварыстваў уласнікаў у нашай краіне: іх стала дастаткова шмат (людзі маюць права выбіраць, хто будзе абслугоўваць іх жылы дом: ці прыватная кампанія, ці ўласнымі сіламі, ці дзяржаўная ўстанова жыллёва-камунальнай гаспадаркі), і, ведаеце, у гэтых пытаннях у жыхароў стала вельмі шмат скаргаў і прэтэнзій да работы таварыстваў, — акцэнтавала яна ўвагу. — Таму мы разглядаем пытанне аб тым, на якім этапе могуць і павінны падключыцца мясцовыя органы ўлады, каб своечасова вырашаць пытанні няякаснага функцыянавання і работы таварыстваў уласнікаў, якімі незадаволеныя жыхары. Таму тут я ў чарговы раз пераканалася, што наспела неабходнасць прыняцця такога заканадаўчага ці прававога акта. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».