Вы тут

Як літаратурныя героі ішлі ў школу


Пачатак восені, першыя школьныя дні... Букеты, банцікі, касцюмчыкі, заплечнікі з планшэтамі... Героі беларускай літаратуры таксама адпраўляліся ў школу, вось толькі выглядаў пачатак іх вучэбнага года часта зусім іначай.
Давайце паглядзім, што давялося перажыць у першыя вучэбныя дні героям беларускай літаратуры?


Схаваць падручнік у снег

Героі паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» сваё навучанне пачыналі проста ў хаце. Бацька-ляснік наняў ім настаўніка — «дарэктара», суседскага хлапчыску Яську.

«А сам дарэктар, з вузел                                                                                                                                                                    ростам,
Ў сваім уборы бедным, 
простым,
У зрэбных портках і кашулі,
Стаяў, як бы яго прыгнулі,
Такім мізэрным і                                                                                                                                                                          маўклівым,
У халаце суконным сівым».

Напачатку лесніковы хлопцы пабойваліся «дарэктара», але той «выдаўся мяркоўны І лепшы нават, як свой кроўны». Вось толькі ў аднаго з вучняў, Алеся, ніяк не ладзіцца з Законам Божым. І хлопец знаходзіць выйсце: знішчае падручнік.

«А ненавісныя «начаткі»
Парваў па самыя акладкі:
«Вось вам, Абрам, Ісак і                                                                                                                                                                      Якаў!
Паплачце вы, бо я ўжо                                                                                                                                                                          плакаў!»

Псоту кніжак удалося зваліць на катоў, але вось незадача: бацька купіў Алесю новы падручнік.

«— Глядзі ж ты іх цяпер, як                                                                                                                                                                вока:
Папруга ўжо не так далёка;
Калі каты іх зноў парвуць,
То пухіры тут паўстаюць! —
І тое месца сына-блазна
Айцец паказвае выразна».

Алесь і гэтыя «начаткі» закінуў у снег... І здабыў усё-ткі бацькавай папругі.

Расплаціцца чубам за Адама і Еву

Незадача атрымалася з біблейскімі персанажамі ў школе і ў Міколкі-Паравоза, героя аповесці Міхася Лынькова. Святар, выкладчык Закона Божага, расказваў, як Бог стварыў Адама, а з яго рабрыны — Еву.

«Слухаў, слухаў Міколка ды — у рогат. Так і пусціўся ў смехі, аж да скамейкі прысядае. Раз’ярыўся поп, наступае грозна на Міколку:
— Ты чаго, ірад, з Божага слова смяешся?

А Міколка не сціхае, рагоча, заліваецца. І як не смяяцца яму. Узгадаў ён пра Адама і Еву. Не пра тых, з якімі Бог займаўся, а пра самых звычайных. Пра стрэлачніка Адама і прыбіральшчыцу Еву, якая дэпо падмятала. Худзюшчыя абодва, толькі рэбры ды косці... А поп ужо за вуха Міколкава ўзяўся:

— Кінь смяяцца, кажу!

— То як жа кінуць, калі смешна... Калі Адам і Ева ў нас такія хударлявыя, што Богу і клопату не было з імі, ці доўга іх стварыць... А вось як гэта Бог „буржуя“ стварыў, няйначай тры дні пацеў».

Пачуць пра «храпкен» ад «пана навучыцеля»

Школьныя гады Янкі Брыля прайшлі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы. І шмат у якіх творах ён апавядае пра школу, дзе нельга было размаўляць на сваёй мове, называцца беларусам. У аповесці «Золак, убачаны здалёк» шмат аўтабіяграфічнага:

«Школа стаяла трохі наводшыбе, бліжэй да гасцінца. Стары, шэры даміна пад гонтавым дахам, з незвычайнымі для вёскі вялікімі вокнамі. Адзін пакой на ўсе тры класы, калідор, у якім мы распраналіся, і пакойчык настаўніка. Раней, для нашых бацькоў ці старэйшых сямейнікаў, школа была рускай, царкоўнапрыходскай, а для нас яна стала польскай, „паўшэхнай“, і арудаваў тут малады паляк, які нядаўна прыехаў недзе з-пад Кракава ці Жэшува, каб тут на новы лад даводзіць нам, што мы — дзеці народа без імені, без роднай мовы».

У такой школе вучыцца і Данік Малец з аповесці «Сірочы хлеб». Навучанне вядзецца на польскай. «Літары даліся хлопцу няцяжка. Толькі з дзвюма з іх Данік, як і ўсе іншыя навічкі, меў многа клопату. Нейкае „а з хвосцікам“ і „э з хвосцікам“; першае трэба вымаўляць як „не то а, не то он“, а другое — „не то э, не то эн“... Так муштраваў іх настаўнік. І вымаўляць удавалася толькі яму. Малыя неўзабаве вырашылі, што тут уся справа ў носе — які ў каго нос. У пана Цабы нос быў доўгі, чырвоны, і настаўнік гугніў у яго неяк вельмі ж адмыслова. А ў іх яно так не выходзіла гладка — ні „он“, ні „эн“...»

Аднойчы вучыў Данік верш, як польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы.

«Ловіл Янэк до полудня,
Маёнц пружнон храпкэн...»

І ніяк бедны Данік не мог уцяміць, што за той «храпкен»? Сваякі і сябры прапаноўвалі самыя розныя тлумачэнні — а ці не храпа гэта каня? Так і не даўмеліся.

Трапіць на анлайн-лекцыю сто гадоў таму

Бадай, самую незвычайную школу апісаў Янка Маўр у 1932 годзе ў творы «Аповесць будучых дзён». Хлопчык Юзік жыве ў панскай Польшчы. Ён з бацькамі — бяспраўныя слугі злоснага пана. Юзіку ўдаецца крадма забрацца ў самалёт і трапіць у савецкую Беларусь. Маўр не шкадуе ўтапічных фарбаў, малюючы рэальнасць, якая не мае нічога агульнага з тагачасным калгасным жыццём. Сяляне жывуць у палацах, сядзяць у касцюмчыках з гальштукамі на верандах, п’ючы каву. Догляд кароў сумяшчаюць з напісаннем навуковых артыкулаў. Трапляе Юзік і ў тамтэйшую школу, і тут застаецца падзівіцца, наколькі Маўр дакладна апісаў правядзенне сучасных анлайн-лекцый.

«Яны ўвайшлі ў пакой без акон, з радамі крэсел з экранам наперадзе. Відаць было, што гэта — кіно, толькі перад крэсламі стаялі столікі-пюпітры для пісання. Паступова крэслы запаўняліся людзьмі, галоўным чынам моладдзю, але былі людзі і больш за трыццаць гадоў.

Юзік ніяк не мог зразумець, што тут: ці школа, ці кіно і з цікавасцю чакаў, што будзе далей. Вось святло згасла. На экране паказаўся чалавек, побач з ім класная дошка. Чалавек паварушыўся трохі, абапёрся аб свой стол і... загаварыў! Загаварыў звычайным голасам, як кожны чалавек: „Мінулы раз мы з вамі спыніліся, здаецца, на раскладанні ў рады трансцэндэнтных функцый...“ І пайшоў, і пайшоў крыць...

Перад слухачамі на сталах былі маленькія лямпачкі пад каптурамі. Калі іх запаліць, яны асвятлялі толькі сшыткі і больш святла не давалі. Кожны раз, калі трэба было запісваць, слухач запальваў гэтую лямпачку».

Як патлумачылі Юзіку, прафесар «Чытае лекцыі ў Менску, а тут бачаць і слухаюць. Навука даўно ўжо злучыла радыё і кіно».

Слухаць навіны з фронту і чакаць Перамогі

Калі ў школу пайшлі героі апавядання Вячаслава Адамчыка «Урок арыфметыкі», яшчэ не скончылася вайна, ва ўсім былі бачныя яе рэаліі:

«Кожнае раніцы, перад першым урокам, уся школа выстройвалася ў калідоры, і вучань з дзясятага класа, лысы і, мне здавалася, гэтакі самы стары, як усе настаўнікі, чытаў нам зводкі Саўінфармбюро. І я ўяўляў, як нашы салдаты лёгка бяруць гэтыя белыя з чырвонымі чарапічнымі дахамі нямецкія гарады, якія бачыў я на паштовых картках, што прысылаў недзе з фронту з Германіі да мае мамы яе брат — мой дзядзька.

...Наша школа пахла лякарствам, і ля плота валяліся доўгія бінты, парудзелыя ад крыві, — казалі, што ў нашай школе размяшчаўся медсанбат, — і скрозь па ямах у смецці ржавелі пустыя кулямётныя ленты, падобныя на хрыбты нейкіх страшэнных вужакаў.

За школаю едкім, удушлівым гарам пахла свежае пажарышча, і ў тонкай сасне маладою цягучаю смалою заплываў незаржавелы асколак ад бомбы.

Успамінак пра вайну прыносілі ў нашу школу і настаўнікі: на іх было ўсё вайсковае — кірзавыя боты, зялёныя не перашытыя яшчэ галіфэ, кіцелі з петлямі ад нядаўніх пагонаў.

У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Ён расказваў нам, як хадзіў у тыл да немцаў браць „языка“. Пра рану ў яго мы чамусьці не пыталіся».

Зрабіць сшыткі са шпалераў

Героі аповесці Івана Сяркова «Мы — хлопцы жывучыя» вяртаюцца ў сваю школу пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі, перажыўшы яе жахі.

«Мы прыбраліся ў школу, як хто мог. Санька ў новай кашулі з парашутнага палатна. Цётка Марфешка яе на пуд жыта выменяла. Смык у штанах з брызентавай салдацкай плашч-палаткі. Яны моршчацца гармонікам, і ніякай сілай іх не разраўняеш...

Кніжак мы сабе з Санькам так і не купілі. А сшыткі ёсць: два куплёныя ды яшчэ самаробныя са шпалераў. Тоўстыя, як Біблія. Старонка чыстая, старонка размаляваная блакітнымі кветкамі — пішы і любуйся...

Санька крыху багацейшы за нас з Глыжкам. Добра ж яму, калі немцы, як стаяў у іх афіцэр, абляпілі іхнюю хату белай паперай. Начальству не падабаліся абшарпаныя сцены. А цяпер, перад школай, гэта Саньку як знаходка. Пакуль маці была ў полі, ён навёў свой парадак у хаце — абадраў сцены, ні шматка не пакінуў. Было яму ад маці! Мы з хлопцамі нават на вуліцы чулі, як Марфешка крычала:

— Ах ты, лядашчэ! Ах ты, гайдамака!

Санька ўсё гэта мужна перажыў. Затое зараз і ў вус не дзьме: мае сшыткі і блакноцікі.

Так мы падрыхтаваліся да школы».

Сустрэць каханне ўсяго жыцця і быць пастрыжаным

Народны пісьменнік Іван Шамякін менавіта ў школе напаткаў каханне ўсяго свайго жыцця. У аповесці «Слаўся, Марыя!», прысвечанай нядаўна памерлай жонцы, ён распавядае гісторыю іх знаёмства.
«Школа змяшчалася ў былым папоўскім доме, два класныя пакоі, займаліся паралельна пяты і сёмы, шосты — у другую змену; „першая ступень“, як называлі малодшыя класы, вучылася ў дарэвалюцыйнай школе, маленькай, струхнелай, халоднай.

Мяне пасадзілі з двума хлопцамі, імёны якіх я не помню. Але імёны траіх дзяўчат, якія сядзелі за маёй партай, захаваліся на ўсё жыццё. Як не помніць! Маша Кротава! Ліда Блінцова, Тамара Дзегцярова.

Маша была маленькая, рыжанькая, з вялікімі блакітнымі вачамі, вельмі жывымі, выразнымі, у іx адбіваліся ўсе яе пачуцці — здзіўленне, радасць, расчараванне, крыўда. Маша была самая ціхая і самая далікатная, па-сучаснаму сказалі б — інтэлігентная. Былі такія дзеці і ў сялянскіх сем’ях».

Вось Маша Кротава і стала абранніцай будучага пісьменніка.

«Я даваў ёй — не языкатай Тамары — рашэнне задач, яна, заглядваючы праз плячо, неяк вельмі ўмела паказвала на мае памылкі ў дыктантах».

Гэты выбар быў не выпадковы... Аднойчы дырэктар школы, які неаднойчы казаў Івану Шамякіну пастрыгчыся, вырашыў здзейсніць «выхаваўчую працэдуру».

«Прынёс вялікія нажніцы — казалі, авечыя, — пасадзіў мяне на перапынку на табурэт і пачаў сам стрыгчы... Большасць вучняў зларадна смяялася — дзеці жорсткія — і кідала ўедлівыя жартачкі: «Стрыгуць, як барана». І толькі адна худзенькая дзяўчынка не смяялася, яна стаяла насупраць, на твары яе адбівалася пакута, быццам стрыглі яе самую, a ў шырокіх, заўсёды як бы здзіўленых вачах плавалі слёзы. Гэта была Маша. Яна спачувала мне, шкадавала, бадай жа, па-матчынаму. Яе спагада кранула маё «ачарсцвелае» сэрца. Расчулены, я ледзьве ўтрымаўся, каб не зараўці. І, помню, падумаў: «Во адзіны сапраўдны сябра. Даражэй за сястру. Цяпер адной ёй буду паказваць рашэнне задач».


Гэтымі днямі тысячы беларускіх школьнікаў пасля летніх вакацый вярнуліся ў свае класы. Няхай жа там адбудуцца іх шчаслівыя сустрэчы з беларускай літаратурай!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.