Вы тут

«Літаратурныя партрэты эпох» і «Жыццё ў слове» — актуальныя выставы да Дня беларускага пісьменства


Літаратура заўсёды была і застаецца тым люстэркам, дзе можна ўбачыць час з яго тэндэнцыямі і выклікамі, тэмы, што хвалююць чалавека і разам з тым раскрываюць яго як асобу... Мастацкая выстаўка жывапісца Віктара Барабанцава «Літаратурныя партрэты эпох», якая адкрылася ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, якраз і дае магчымасць згадаць, а можа, і адкрыць для сябе імёны выдатных дзеячаў беларускай літаратуры. А своеасаблівым компасам, каб сарыентавацца ў іх творчасці, з'яўляецца дакументальна-літаратурная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Жыццё ў слове». Абодва праекты прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства.


Стваральнікі выстаўкі «Жыццё ў слове» зрабілі спробу лаканічна і разам з тым цікава прадставіць гісторыю айчыннага і сусветнага кнігадрукавання ад Скарыны і да класікаў ХХ стагоддзя.

— Дзень беларускага пісьменства — гэта сапраўды свята для ўсіх аматараў беларускай літаратуры. І, безумоўна, яно вельмі блізкае літаратурным музеям і бібліятэкам. Яно практычна вырасла са скарынаўскага свята — менавіта чарговы юбілей першадрукара падштурхнуў да ідэі, якая ўвасобілася ў свята беларускага пісьменства. І наша выстаўка — спроба паказаць беларускую літаратуру амаль за 500 гадоў, усе яе знакавыя творы, пачынаючы ад першадрукаванай кнігі, — дзеліцца куратар экспазіцыі, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева. — Назва праекта «Жыццё ў слове» — цытата з кнігі крытычных артыкулаў выдатнага беларускага пісьменніка Міхася Стральцова. Так яно і ёсць, мы з вамі жывём у слове. Яно дапамагае нам разумець адзін аднаго. А літаратура з'яўляецца жыццяпісам чалавецтва. І пачынаецца жыццё ў слове з самай важнай і галоўнай кнігі — Бібліі. Яе друкаваў Францыск Скарына, і па ёй пачыналі вучыцца. І мы пачалі выстаўку з гэтай кнігі. У экспазіцыі прадстаўлены не толькі кнігі і іх аўтары, а яшчэ і важныя падзеі. Дзве з іх мы адлюстравалі асобна — гэта Першая сусветная і Вялікая Айчынная войны, якія паўплывалі на гісторыю ўсяго ХХ стагоддзя. Гэтыя найвялікшыя трагедыі выштурхнулі на паверхню шмат таленавітых людзей.

...Кожны банер у экспазіцыі мае свой эпіграф, што можа служыць пэўнай сэнсавай кропкай для разумення прадстаўленых аўтараў і іх твораў. Найперш згадваюцца Мікола Гусоўскі і яго «Песня пра зубра», знакаміты «Катэхізіс» Сымона Буднага, «Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага, «Дзяды» Адама Міцкевіча... А вось ХХ стагоддзе прадстаўлена імёнамі Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Прыгадваючы іх творы, пераконваешся, што гэта — сапраўдная крыніца для спазнання мінулага жыцця, якое засталося на старонках кніг.

Асобна прадстаўлена тэма вайны і аўтараў, што пісалі пра яе. «Вайна супярэчыць чалавечай прыродзе. Нішто не можа апраўдаць яе руйнаванні» — цытата з Васіля Быкава стала эпіграфам да старонак знаёмства з тымі літаратарамі, якія паказалі ваенныя падзеі праўдзіва, як той жа Максім Гарэцкі ў сваёй кнізе «Запіскі на імперыялістычнай вайне». Гэты твор змясцілі для параўнання побач з кнігамі замежных класікаў, у прыватнасці Хэмінгуэя, Рэмарка і г. д. Перш за ўсё для іх вайна з'яўляецца трагедыяй, дзе адзін чалавек забівае іншага. Пасля ўскалыхнула нашу краіну Другая сусветная вайна. І сведкамі таго жахлівага перыяду сталі творы Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава і многіх іншых майстроў слова. «Чалавек — гэта цэлы свет» — менавіта пад такім эпіграфам аб'ядноўваюцца ў экспазіцыі творы Кандрата Крапівы, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Рыгора Барадуліна...

Вядома, што літаратура — гэта яшчэ і крыніца творчага натхнення для музыкантаў, рэжысёраў і мастакоў. І вось, калі застаешся адзін на адзін перад партрэтамі беларускіх пісьменнікаў аўтарства Віктара Барабанцава, заўважаеш, як каларытна імкнецца мастак прадставіць сваіх герояў гледачу. Ён выступае свайго роду пасрэднікам у вашым знаёмстве, імкнецца, каб адчуваліся яго павага, любоў і захапленне выдатнымі літаратурнымі дзеячамі.

— Цяжка не заўважыць сувязь літаратуры і мастацтва. Калі мы пачынаем глядзець на развіццё беларускай літаратуры, то, напрыклад, Біблію Францыска Скарыны складана ўявіць без сусветна вядомых гравюр. Ва ўсіх эпохах развіцця літаратуры побач заўсёды стаіць мастацтва, — кажа намеснік старшыні па творчых, арганізацыйных пытаннях Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга. — Набліжаючыся да ХХ стагоддзя, вельмі ярка прасочваецца, у якой сутворчасці знаходзяцца мастак і пісьменнік. І я згадваю свайго бацьку і дзядзьку, яны таксама шмат працавалі як ілюстратары кніг. Мне ж прыемна прадставіць сябра нашага саюза мастакоў Віктара Барабанцава, які доўга і плённа працуе на карысць беларускай літаратуры.

У праекце «Літаратурныя партрэты эпох» ёсць выявы літаратурных і культурных дзеячаў Беларусі Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Аляксея Дударава, Уладзіміра Карызны, Георгія Марчука, Максіма Багдановіча, Вольгі Іпатавай, Віктара Карамазава і іншых.

— Я пісаў партрэты, а таксама мы пілі чай і размаўлялі з пісьменнікамі на розныя тэмы, — дзеліцца мастак. — Вось, напрыклад, Георгія Марчука я напісаў на фоне Давыд-Гарадка, дзе ён нарадзіўся і пачынаў свае крокі ў літаратуру. А вось Аляксей Дудараў, памятаю, прыйшоў да мяне на сустрэчу нават з нейкімі сваімі тэкстамі, і тут можна ўбачыць яго малюнак да п'есы... Партрэт Міколы Гусоўскага ствараўся паводле асаблівай тэхнікі энкаўстыка, якую выкарыстоўвалі яшчэ ў Старажытнай Грэцыі.

Усе карціны, створаныя рукой майстра, паказваюць нам не толькі канкрэтнага чалавека, але і яго характар, нейкія дэталі, што маюць дачыненне да пісьменнікаў розных перыядаў.
Карціны, якія размешчаны ў залах Прэзідэнцкай бібліятэкі, — як з калекцыі самога аўтара, так і з фонду Беларускага саюза мастакоў і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. І ўбачыць іх пры жаданні можна да 15  верасня.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Слова ў часе і ў мастацтве

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?