Вы тут

Як насамрэч адбілася закрыццё галоўнага маста ў Наваполацку


Ці праўда, што ў Наваполацку, дзе жыве каля 100 тысяч чалавек, з-за закрыцця на капітальны рамонт адзінага моста праз Заходнюю Дзвіну на дарогах калапс для аўто і пешаходаў? Карэспандэнт «Звязды» праверыў. І ўпэўніўся, што ўсё спазнаецца ў параўнанні.


Зноў — праз дваццаць гадоў

Жыхарка Наваполацка паведаміла рэдакцыі «Звязды» аб праблемах для гараджан у сувязі з пачаткам капітальнага рамонту адзінага моста праз Заходнюю Дзвіну, які мае назву Калінінскі. Рух аўтамабільнага транспарту праз мост спынілі 18 чэрвеня, яшчэ праз тыдзень увялі табу для пешаходаў.

У сваім лісце чытачка падкрэсліла, што аслабленым людзям цяжка падымацца па горцы ад пантона, які ўсталявалі недалёка ад месца будаўнічых работ. Яшчэ жанчына задала пытанне: чаму гэты самы мост поўнасцю не прывялі ў парадак каля дваццаці гадоў таму, калі таксама капітальна рамантавалі? Дык што — перыядычна будуць закрываць, каб праз параўнальна нядоўгі час даць магчымасць зарабіць праекціроўшчыкам і будаўнікам? Логіка пытанняў зразумелая.

Тры гады таму дарожнікі спрабавалі прадоўжыць жыццё моста, але... было відавочна, што так званы падтрымлівальны рамонт — не выхад. Гараджан папярэдзілі, што мост будуць рамантаваць капітальна.

Пра што маўчаць аматары хайпу

Дарэчы, у сацыяльных сетках ужо нямала каментарыяў па тэме. Маўляў, раўнадушныя чыноўнікі не падумалі, як будуць жыць гараджане, якія вымушаны, каб патрапіць на іншы бераг, ехаць праз суседні Полацк. Некаторыя блогеры і СМІ на гэтым спрабуюць павысіць рэйтынг. Падобныя сітуацыі — спакуса для хайпу. Вось толькі ніхто не падказвае: што рабіць, якая альтэрнатыва сітуацыі, што склалася? Трэба было дачакацца, калі б мост разбурыўся і людзі траўміраваліся або загінулі?

Забываюць паведаміць і пра тое, што зроблена, каб трохі згладзіць праблему. Напрыклад, у садкі, школы, ва ўстановы сацыяльнай абароны, аховы здароўя можна часова хадзіць у тыя, што на гэтым беразе. Кіраўніцтва гарвыканкама арганізавала новыя маршруты грамадскага транспарту, супрацоўнікі МНС зманціравалі пантонную пешаходную пераправу, па якой могуць праехаць і аўто экстранных службаў.

Пра тое, што ўлады да думак людзей прыслухоўваюцца, сведчыць рубрыка на сайце гарадской газеты «Новополоцк сегодня», прысвечаная тэме рамонту моста. Трэба сказаць, што людзі з разуменнем ставяцца да сітуацыі. Усё з часам трэба рамантаваць або замяняць.

Тутэйшыя распрацавалі маршруты, каб дабірацца з берага на бераг. Пантоннай пераправай карыстаюцца жыхары Наваполацка, Міжрэчча, Баравухі, суседніх раёнаў і палачане. У Наваполацкім гарвыканкаме расказалі пра арганізацыю перахапляльных парковак для аўтамабіляў. Уносяць змяненні ў расклад руху аўтобусаў і маршрутак. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку дзяцей з асаблівасцямі развіцця, старых, запусцілі бясплатнае сацыяльнае таксі.

Як на трэці паверх

Пантонную пераправу перад маразамі закрыюць. Тады прыйдзецца ехаць на іншы бок праз Полацк, а гэта каля трыццаці пяці кіламетраў...

Перад камандзіроўкай задумаўся пра абутак. Дарога да пантона і з яго ўяўлялася бруднай. Супрацоўнік гарвыканкама супакоіў: не ўсё так дрэнна. Дарэчы, мост і пантон — хвілін пятнаццаць ад будынка на цэнтральнай плошчы горада, дзе працуе адміністрацыя горада.

Спачатку ўбачыў мост на рэканструкцыі. Потым апынуўся ў маляўнічым парку, пад нагамі — асфальтаваная дарожка. Сам пантон, асабліва для тых, хто бачыць яго ўпершыню, натхняе на фатаграфаванне. З аднаго яго боку ўсталяваныя лаўкі для адпачынку. Каля пантона кругласутачна дзяжураць супрацоўнікі МНС.

Паднімацца з пантона сапраўды цяжкавата — можна параўнаць з нагрузкай пры пад'ёме на трэці паверх жылога дома. Усё з-за асаблівасці рэльефу. Каб зрэзаць круты пад'ём, патрэбныя вялікія рэсурсы. У іншым месцы размясціць пантон немэтазгодна.

Выхад — адрамантаваць хутка. Журналіста «Звязды» запрасілі на пасяджэнне штаба будаўнікоў. Генеральны дырэктар РУП «Віцебск-аўтадора» Адам Канопліч як прадстаўнік заказчыка выслухваў справаздачы тых, хто працуе на аб'екце, рабіў заўвагі. Задача — як мага хутчэй, пры гэтым вельмі якасна зрабіць усё неабходнае, каб мост зноў пачаў функцыянаваць.

Фінансаванне капрамонту вядзецца ў рамках дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы рэспубліканскага дарожнага фонду. Нарматыўны тэрмін — 26 месяцаў. Пастараюцца здаць аб'ект пад ключ ужо ў наступным годзе. Пра канкрэтную дату пакуль гаварыць рана.

Адам Канопліч патлумачыў, чаму праз 20 гадоў зноў паўстала неабходнасць у капітальным рамонце. Павялічыліся вага аўтатранспарту, інтэнсіўнасць руху, адпаведна — нагрузкі на канструкцыю.

Дарэчы, наваполацкі мост, узведзены ў 1962 годзе, даволі рэдкай канструкцыі: верхняя жалезабетонная частка замацаваная на каробках з бетону, пустых унутры. Канструкцыйная асаблівасць уплывае на методыку рамонту.

Пасля рэканструкцыі шырыня праезнай часткі будзе 11 метраў, што больш на два метры, чым цяпер. Пешаходы будуць хадзіць па тратуарах шырынёй у тры метры кожны.

Будзе два

У суседнім Полацку восенню 2019 года мост па вуліцы Юбілейная быў таксама закрыты прыкладна на год з-за капітальнага рамонту. Тады выкарыстоўваўся адзіны мост на вуліцы Багдановіча. Аўтамабільныя заторы сталі звыклымі, як і нязручнасці для пасажыраў грамадскага транспарту. Цяпер абноўлены полацкі мост радуе вочы, а праблемы забываюцца.

Ёсць населеныя пункты, дзе «маставыя пытанні» з барадой. «Звязда» не раз пісала пра гарадскі пасёлак Сураж, які прыкладна за сорак кіламетраў ад Віцебска і недалёка ад Расіі. Калі вялікая вада, і не курсіруюць паромная пераправа і катар, палова населенага пункта апынаецца па-за цывілізацыяй. Даехаць з аднаго берага на іншы бывае прасцей праз Расію. Насельніцтва Суража — менш за 900 чалавек, з Наваполацкам не параўнаць, але кожны чалавек мае права жыць зручна. Мясцовая ўлада штогод прадумвае лагістыку. Перспектыва будаўніцтва пастаяннай пераправы пакуль што далёкая.

Новапалачанам чакаць усяго каля года... Для іх плануюць узвесці яшчэ адзін мост. Размовы вядуцца даўно, але прынцыповае рашэнне ўжо прынятае.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

г. Наваполацк.

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Страсці па мосце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.