Вы тут

Згадкі бабінага лета


Перанясёмся ў вёску Дарагавіца пачатку восені 1911 года. Тады яна належала Слуцкаму павету, цяпер Капыльскі раён. На сваёй малой радзіме пасля шматгадовых ростаняў зноў жыла Зоф’я Тшашчкоўская. Пішацца часам і Трашчоўская, а то і Трашчкоўская. У дзявоцтве ж была  Манькоўская, па бацьку Адамаўна.


Зоф’я Тшашчкоўская. Фота з сайта wordpress.com

Нарадзілася ў 1847 годзе ў  сям’i дробнага шляхціца і яго жонкі Міхаліны Раецкай.

Праходзілі вёсны за вёснамі, непрыкметна размяняла і свой сёмы дзясятак. І чым цяжэйшым ён станавіўся, тым большала жадання задумацца над пройдзеным шляхам. На схіле ж гэтага лета яно стала асабліва дакучлівым. Каб была маладзейшай, магчыма, і за напісанне мемуараў узялася б, а то і аповесці. Цікавай атрымалася б яна, займальна-прыгодніцкай. Хаця з літаратурных жанраў заўсёды вабіла паэзія. Уласныя вершы пісала, займалася перакладамі. Толькі позна ўжо, каб за штосьці новае брацца.

Ды прычына не толькі ва ўзросце. З кожным годам усё больш падводзіць здароўе. Нават не да паэзіі стала. Як у такім разе за штосьці новае брацца. Праўда, раней немач праз колькі дзён праходзіла. За гэтае ж лета зусім спакутавалася. Цёпла, сонечна, а лепей не становіцца. Па ўсім целе адчуваецца нейкая незразумелая слабасць. Зробіш крок-другі, сэрца стукае так хутка, што гатова з грудзей вырвацца. Хутка-хутка. Так праходзіла хвіліна, другая. Прыляжаш — супакойваецца. Аднак паспрабуеш прыўзняцца, зноў нагадвае аб сабе.

І ўсё ж непрыкметна задрамала. Невядома, колькі б спала, калі б не зайшла пакаёўка.

— Пані Зоф’я! Пані, вам блага? — ад яе голасу ледзь не падскочыла.

Не паспела адказаць звыклае: «Нічога, табе падалося…» ці: «Можаш ісці, я крыху адпачну», як яна дадала:

— Вы гучна ў сне размаўлялі… Пра рэчку нейкую згадвалі…

Каб супакоіць яе, усміхнулася, ціха прамовіла:

— Нічога страшнага. Мала што можа прысніцца.

Пакаёўка гэтаксама ціха, як зайшла, выйшла. Толькі дзверы пакінула прачыненымі. Гэта не засталося для Зоф’і Адамаўны незаўважаным, але прамаўчала. Толькі гэтае «гучна ў сне размаўлялі» насцярожыла. Хто ведае, як усё складзецца. Самы час заняцца ўпарадкаваннем папер. Даўно збіралася гэтым заняцца. Канешне, у бацькоўскім доме мала што з рукапісаў засталося. Хіба што чарнавыя запісы ці варыянты твораў. А яшчэ тое, што напісалася па вяртанні на радзіму. Хоць не толькі...

Не нейкую рэчку ў сне прыгадвала, а з верша «Ля аконца» Марыі Канапніцкай. Чарнавы пераклад недзе ў стале, а белавік у 1888 годзе паслала паэту Зянону Пшасмыцкаму, з якім сябравала. Столькі часу прайшло, а не забылася:

 

Гляджу на рэчку, там човен поўна,

З берагу хутка соваюць чоўна,

А наша рэчка, а наша Сіна,

Плывеце — кажа — ідзі, віціна…

 

Выказанае Марыяй Канапніцкай і самой блізка. Ды ў большай ступені самой напісанае. Тое, што прагучала ў «Дарагавіцкіх песнях» — цыкле, прысвечаным землякам. Гэтыя вершы з’явіліся, калі ростань з роднай зямлёй пастаянна вярэдзіла душу. Напоўніцу зразумела, што такое настальгія.

Пакінула Дарагавіцу ў 1861 годзе, паступіўшы ў прыватны пансіён Францішкі Клячкоўскай у Вільні. Праўда, на працягу пяці гадоў рэгулярна наведвалася да бацькоў. Бывала і ў доме Уладзіслава Сыракомлі, з якім пазнаёмілася яшчэ шасцігадовай дзяўчынкай у Залуччы. «Вясковаму лірніку» даводзілася па маці пляменніцай мужа яго роднай сястры Лізаветы.

Паэт жадаў ёй «спяваць пасля яго на сіратлівай Літве». Яна пастаянна памятала пра яго запавет. Аднак жыццё склалася так, што знаходзілася далёка ад творчага асяродка. Пасля заканчэння пансіёна была выдадзена замуж за афіцэра расійскай арміі Вацлава Тшашчкоўскага. У час руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў знаходзілася пры ім на Балканах. Каб не здагадваліся, хто такая, пераапранулася ў мужчынскае адзенне. Чым не Надзея Дурава?! Аднак калі пра Дураву даўно ведалі многія, то на Беларусі доўга і не здагадваліся, што ёсць такая пісьменніца.

Свае публікацыі яна падпісвала крыптанімам Адам М-скі. Ад скарочанага прозвішча бацькі. Прызнавалася: «Сабою сярод людзей не хачу быць не з-за капрызу, але з увагі на маё сучаснае прозвішча і на магчымую будучыню. Не хачу нікога з сабою звязваць».

Першым яе паэзію данёс да беларускага чытача літаратуразнаўца Уладзімір Казбярук. Узнавіў і многія раней невядомыя факты з яе біяграфіі. Уладзімір Міхайлавіч устанавіў, што сваімі парадамі на Зоф’ю Тшашчкоўскую аказаў значны ўплыў актыўны ўдзельнік паўстання 1863—1864 гадоў Фелікс Зянковіч. Пазнаёмілася з ім у Ноўгарадзе, калі пасля вайны вярнулася ў Расію. Сама ж прызнавалася, што песні, паданні беларускага народа прыйшлі да яе ў маленстве. Беларускую мову называла «нянькай дзіцячых гадоў».

Уладзімір Казбярук адшукаў у яе лістах да Фелікса Зянковіча пераклады польскай песні «Каліна», а таксама песні Станіслава Манюшкі «Казак». У гэтых жа лістах гучыць і любасць да беларускай мовы: «Аднойчы, у мінулым годзе, я пачала спяваць «Каліну» амаль міжвольна на нашай сялянскай беларускай мове і паўтарыла дзяўчатам-служанкам — гэта выклікала захапленне…»

Друкавацца пачала ў 1887 годзе. Да 1906-га выступала ў пoльcкамоўных пеpыядычныx выдaннях «Праўдa», «Літoўcкi вecнiк», «Ілюcтpaвaны штoтыднёвiк». У 1890 годзе выйшла яе кніга паэзіі «Адзін з многіх». Па-польску ўзнаўляла і творы англійскіх, партугальскіх, французскіх, чэшскіх паэтаў. Аднак, пішучы ўласныя творы, не забывала і беларускую. Аб гэтым сведчыць верш «*** Божа, наш Бацька…», датаваны 1888 годам:

 

Божа, наш Бацька, мы Твае людзі,

А неба цёмна ад чорных хмар.

На свеце цяжка, аж баляць грудзі,

Дзе ні пачуеш — голад, пажар.

 

Гулялі вятры на нашым полі

І сапсавалі нам ураджай,

І няма шчасця, і няма долі.

Божа, наш Бацька, хлеба нам дай!

 

Дай нам здароўя, шчыру ахвоту,

Калі з сахою пойдзем араць.

Ты бачыш цяжку нашу работу,

Дай жа пажытку з яе прыждаць!

 

Пашлі нам сонца з цёплай расою,

Каб зашумела ніва, як гай.

Кажуць, Ты — Бацька, мы — пад Табою;

Хлеба і сонца, і шчасця нам дай!

 

Адзіны беларускамоўны… Адзіны? Па тым, наколькі ён па-мастацку дасканалы, хочацца верыць, што пісаліся і іншыя. Толькі дзесьці згубіліся. Магчыма, калі-небудзь таксама будуць адшуканы? А з яе творамі ў перакладзе Ірыны Багдановіч і Уладзіміра Мархеля можна пазнаёміцца дзякуючы кнізе выбранага Зоф’і Тшашчкоўскай «Цяпер і назаўсёды», выдадзенай у 2004 годзе.

…Перабірала Зоф’я Адамаўна свой архіў і быццам увачавідкі праходзіла вёрстамі, якімі хадзіла колісь. Ажывалі ў памяці сябры і знаёмыя. Прыпаміналіся асобныя творы. Падышла да акна, расчыніла яго. Дыхнула свежым, цёплым, зусім не асеннім паветрам. Дарыла сваю апошнюю шчодрасць бабіна лета. Бялявае павуцінне, як пасмачка валасоў, павісла на аконнай раме. Чыркнуў ля самай шыбіны — адкуль ён толькі і ўзяўся — верабейка. Захацелася на прыроду. Гэты верабейка як бы клікаў яе. Павольна пайшла да дзвярэй.

Жыць заставалася ўсяго некалькі тыдняў. Некалькі тыдняў да 7 кастрычніка 1911 года. Некалькі тыдняў да апошняй дарогі, што прывядзе ў суседнюю вёску Бабоўня. На мясцовыя могілкі, якія стануць яе вечным спачынам.

Юрась РАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».