Вы тут

Наталля Качанава: Беларусь ганарыцца сваімі жанчынамі


Сёння ў Вене стартуе XIII саміт жанчын-спікераў парламентаў. Ён прысвечаны ролі жанчын у барацьбе з пандэміяй і аднаўленні пасля яе з пазіцыі гендарнай роўнасці.


Як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента, зварот да ўдзельнікаў накіравала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. У ім спікер адзначыла, што тэма Форуму актуальная для ўсіх краін, бо эпідэмія каранавіруснай інфекцыі ахапіла практычна ўсю планету і пагражае жыццю і здароўю людзей самых розных дзяржаў.

Наталля Качанава звярнула ўвагу ўдзельніц саміту, што ў барацьбе з пандэміяй кожная краіна прымае меры з улікам сваёй нацыянальнай спецыфікі, сацыяльнай сістэмы і магчымасцяў эканомікі і расказала аб тым шляху, які выбрала наша краіна: 

— У Беларусі за перыяд пандэміі назапашаны каштоўны вопыт: рэалізуецца шырокі комплекс санітарных і медыцынскіх мерапрыемстваў па супрацьдзеянні распаўсюджванню інфекцыі і лячэнню людзей, напрацаваныя механізмы ўзаемадзеяння органаў улады, парламентам і ўрадам прыняты адпаведныя прававыя акты, — патлумачыла яна. 

Спікер верхняй палаты беларускага парламента паведаміла, што дзейнасць разгорнута па ўсіх напрамках: 

— Для забеспячэння бяспекі ўрачоў і насельніцтва арганізавана ўласная вытворчасць сродкаў індывідуальнай абароны, адпрацаваная лагістыка лячэння і назірання больш лёгкіх пацыентаў дома, цяжкіх — у бальніцах; створана сістэма санаторыяў для рэабілітацыі пацыентаў; арганізавана вытворчасць вакцыны «Спадарожнік V» на беларускіх прадпрыемствах, актыўна вядзецца вакцынаванне насельніцтва, — адзначыла Наталля Качанава.

Спікер Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на тым, што пандэмія каранавіруса прымусіла ўсіх па-іншаму паглядзець на каштоўнасць жыцця і здароўя, а самае галоўнае — змянілася стаўленне людзей да медыкаў: значна павысілася сацыяльная значнасць іх працы. 

— Беларускую медыцыну можна па праве назваць жаночай, — лічыць яна і тлумачыць чаму. — У арганізацыях аховы здароўя Беларусі працуе 75 % спецыялістаў — жанчын, і кожная без выключэння на сваім узроўні выразна выконвае свае прафесійныя задачы — аддана і з самааддачай. Нашы ўрачы змагаюцца за кожнае жыццё!

Наталля Качанава пераканана: беларуская сістэма аховы здароўя змагла вытрымаць сур’ёзную нагрузку, таму што ў свой час былі захаваны ўсе яе звёны: санэпідслужба, інфекцыйныя бальніцы, фельчарска-акушэрскія пункты і бальніцы ў самых невялікіх раённых цэнтрах і галоўнае — спецыялісты.

— У Беларусі цэняць сапраўдных герояў барацьбы з пандэміяй, — падкрэсліла яна ў сваім відэазвароце. — Па рашэнні кіраўніка дзяржавы за самаадданую працу медыцынскія работнікі былі ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, падзякамі, ганаровымі граматамі. Менавіта ўрачу-інфекцыяністу ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі прысвоена ганаровае званне «Народны ўрач Беларусі».

Наталля Качанава нагадала, што акрамя таго, дзяржава знайшла магчымасці для вылучэння дадатковых фінансавых рэсурсаў для павышэння аплаты працы медыцынскім работнікам.

Звярнула яна ўвагу і на тое, што ў нашай краіне не ўводзіліся жорсткія ўнутраныя каранцінныя меры ў перыяд пандэміі, таму ўзровень зніжэння дзелавой актыўнасці і эканомікі ў цэлым быў адным з самых нізкіх у Еўрапейскім рэгіёне. Разам з тым, для захавання галін, схільных негатыўнаму ўплыву эпідэміялагічнай сітуацыі, быў прыняты спецыяльны ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы эканомікі». Гэтыя меры датычыліся атрымання адтэрміновак па арэндных плацяжах, змяншэнні сум аплаты па падатках, пераліку запазычанасці за энергарэсурсы. У ліку галін, якія атрымалі такую магчымасць, трапілі турызм, дробны гандаль, грамадскае харчаванне, транспарт, менавіта тыя, дзе большасць працуючых складаюць жанчыны.

Спікер верхняй палаты беларускага парламента расказала таксама і аб важнай тэндэнцыі падчас пандэміі, якой стала актыўнае выкарыстанне ў сістэме працоўных адносін новых гнуткіх формаў занятасці. Менавіта з гэтай прычыны ў нашай краіне на працягу ўсяго перыяду пандэміі не было масавых скарачэнняў працоўных месцаў.

Спынілася Наталля Качанава ў відэазвароце і на беларускім вопыце ў дачыненні да адной з уразлівых катэгорый у перыяд пандэміі — сем’ях з дзецьмі. У прыватнасці, для малазабяспечаных шматдзетных сем’яў у Беларусі былі прынятыя меры дадатковай матэрыяльнай падтрымкі.

— З пачаткам пандэміі аператыўна перабудавана работа па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва. Дома-інтэрнаты для пажылых людзей працавалі ў рэжыме поўнай ізаляцыі, медыцынскі персанал працаваў вахтавым метадам, што дазволіла мінімізаваць рызыкі распаўсюджвання інфекцыі, — расказала яна. — Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання арганізавалі бясплатную дастаўку на дом прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці і лекаў непрацаздольным грамадзянам.

Спікер верхняй палаты беларускага парламента пераканана: абраная нашаю краінаю мадэль рэагавання і падтрымкі насельніцтва ў пандэмію даказала сваю эфектыўнасць.

У прыватнасці, не дапушчана зніжэнне ўзроўню заработнай платы, выкананы ўсе сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы, насельніцтву ў поўным аб’ёме забяспечаны пенсійныя выплаты. 

— Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава, у аснове якой ляжаць непахісныя агульначалавечыя прынцыпы, — падкрэсліла яна. — Дасягненне роўнасці мужчын і жанчын ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, забеспячэнне роўных магчымасцяў, павышэнне ролі жанчыны ў грамадстве заўсёды былі і будуць найважнейшымі прыярытэтамі на шляху ўстойлівага развіцця Беларусі.

Наталля Качанава адзначыла, што для гэтага створана асноўная нарматыўна-прававая база; рэалізуецца Пяты Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці; прымаюцца прававыя, арганізацыйныя, адміністрацыйныя меры, накіраваныя на павышэнне статусу жанчын, абарону іх правоў і інтарэсаў.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу ўдзельнікаў саміту, што ў апошні час нашай краінай праведзены значны шлях у эвалюцыі гендарных адносін, пры гэтым пастаянна акумулюецца міжнародны вопыт па пытаннях удасканалення і рэалізацыі гендарнай палітыкі. 

Трэба сказаць, што сёння Беларусь уваходзіць у першую трыццатку дзяржаў па такім крытэрыі, як жаночае прадстаўніцтва ў органах заканадаўчай улады. Жанчыны займаюць высокія пасады ў органах дзяржаўнага кіравання, складаюць траціну ад агульнай колькасці членаў Парламента.

— Жанчыны ўносяць важкі ўклад у аднаўленне і развіццё нацыянальных традыцый, распрацоўку стваральнага парадку развіцця, у міжнацыянальны дыялог, рашэнне праблем беднасці і эканамічнай няроўнасці, — расказала Наталля Качанава. 

Яна адзначыла, што большасць жанчын сталі сур’ёзнай апорай беларускай дзяржаве ў складаны перыяд знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы і спробы змены канстытуцыйнага ладу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 

— Мы не дазволілі ўцягнуць жанчын у нацыянальнае супрацьстаянне, — расказала яна і падкрэсліла, — Беларусь ганарыцца сваімі жанчынамі. Імкненне да поспеху ідасканаласці ва ўсім — гэта фактычна нацыянальныя рысы беларускіх жанчын.

Таму задача парламентарыяў, лічыць яна, ствараць спрыяльныя ўмовы і стымулы для самаразвіцця і актыўнага ўдзелу жанчын у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці нашых краін. 

У сувязі з гэтым Наталля Качанава выказала ўпэўненасць, што вынікі саміту будуць спрыяць эфектыўнай рэалізацыі гэтай задачы.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.