Вы тут

Чырвоны прафесар


У свой час мне давялося пазнаёміцца з загадчыцай кафедры замежных моў Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі (МЭСІ) Ірынай Фёдараўнай Турук.


Яна жыла на Спірыдонаўцы, дзівоснай вуліцы ў цэнтры Масквы, якая вядзе ад Малой Нікіцкай да былой Патрыяршай слабады, якую большасць масквічоў і гасцей сталіцы ведае па Патрыяршых сажалках. Гэта тут аднойчы гарачым летнім днём з’явілася дзіўная парачка, а потым трамвай адрэзаў галаву грамадзяніну Берліёзу... Ледзь ці не пад вокнамі кватэры Ірыны Фёдараўны знаходзіцца помнік Аляксандру Блоку. Нядоўгі час ён жыў у адным з асабнякоў псеўдагатычнага стылю, якімі забудавана Спірыдонаўка. А калі яшчэ ўспомніць, што ў царкве Вялікага Узнясення, якая стаіць непадалёк на Вялікай Нікіцкай, у 1831 годзе А. С. Пушкін браў шлюб з Н. М. Ганчаровай, то адпадаюць апошнія сумненні — гэтыя мясціны наскрозь прасякнуты літаратурай і рамантыкай.

— Можа, менавіта таму мой бацька, Фёдар Фёдаравіч Турук, — сказала мне Ірына Фёдараўна, — тады малады выкладчык старажытных моў і гісторыі ў гімназіі, ажаніўся з выпускніцай гэтай гімназіі Леначкай Пчаліной. Між іншым, дваранкай. Гэта быў раман стагоддзя! Яна выпусцілася з гімназіі ў тысяча дзевяцьсот васямнаццатым. І адразу выскачыла замуж. Гэта было ў традыцыях таго часу — насуперак саслоўным забабонам. Бацькі былі катэгарычна супраць. І гэта таксама ў традыцыях таго часу. Старое жыццё ні ў чым не хацела мірыцца з новым. Мама зацяжарала, вось-вось павінна была з’явіцца мая старэйшая сястра Зоя, а тату трэба ехаць у камандзіроўку ў Мінск.

— А што ў Мінску?

— Трэба было ствараць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Тату туды адправілі разам з Пічэтай і Фрумкінай. Казаў, што вёз з сабой два чамаданы кніг, ледзь рукі не адарваў.

Пазней я даведаўся, што Фёдар Турук з гэтым адказным заданнем быў накіраваны ў Мінск зусім не выпадкова.

Яго ўніверсітэты

Фёдар Турук нарадзіўся 8 лютага 1889 года ў маленькай вёсачцы Балотца Шчорсаўскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні. З малых гадоў працаваў па гаспадарцы, пасвіў свіней і кароў. У чатырнаццаць гадоў стаў працаваць па найме. Вызначала яго сярод аднагодкаў толькі адно — гарачае жаданне вучыцца. Прыродная кемлівасць дапамагла яму самастойна навучыцца чытаць і пісаць. У вёсцы заўважылі яго здольнасці, і стараста дапамог уладкаваць Фёдара ў царкоўна-прыходскую школу ў Жыровіцах. Фёдар скончыў яе з адзнакай, што дало яму магчымасць працягнуць вучобу ў Віленскай духоўнай семінарыі.

Аднак Фёдар адчуваў, што рамкі семінарыі для яго цесныя. Яму цікавыя былі не толькі царкоўныя кнігі, але і ўсё, што адбываецца вакол. У 1911 годзе Фёдар Турук паступіў па конкурсе ў Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут, у якім займаўся вывучэннем класічных моў і антычнай культуры. Вось што ён пісаў пра гэты перыяд свайго жыцця: «Імкнучыся папоўніць і паглыбіць свае гістарычныя веды, я адначасова праслухаў поўны курс навук у Петраградскім археалагічным інстытуце, які скончыў у тым жа 1915 годзе са званнем правадзейнага члена інстытута».

Пасля заканчэння абодвух інстытутаў у 1915 годзе Фёдар Турук спачатку стаў працаваць выкладчыкам гімназіі ў Мінску, а затым у Маскве. Працуючы выкладчыкам, Турук ні на хвіліну не забываў пра сваю Радзіму. Ён стаў адным з ініцыятараў стварэння і абвяшчэння Беларускай народнай грамады (БНГ). Гэта адбылося 9 мая 1915 года на мітынгу ў Маскоўскім універсітэце. А ў маі 1917 года Фёдар Турук узначаліў БНГ. У яе праграму ўваходзілі нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусі, увядзенне самакіравання і перадача зямлі беларускім нацыянальным Саветам.

У лістападзе 1917 года Фёдар Турук балаціраваўся ва Усерасійскі устаноўчы сход ад БНГ. З сакавіка 1918-га ён — супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама).

25 снежня 1918 года ў доме на Паварской, 52, дзе пазней размясціўся Саюз пісьменнікаў СССР, адбылося пасяджэнне, на якое І. В. Сталін запрасіў дзеячаў беларускага руху І. В. Лагуна, Д. С. Чарнушэвіча, Д. Ф. Жылуновіча, П. І. Бібіла, Ф. А. Яхімовіча і Ф. Ф. Турука. Абмяркоўвалася пытанне аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі. Сталін прапанаваў скласці спіс членаў Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі і маніфест. У спісе павінны былі быць і актыўныя работнікі маскоўскай секцыі. Але пры гэтым Сталін лічыў немэтазгодным зрываць іх з месцаў, калі тое пашкодзіць справе.

Гэтым разам Фёдар Турук застаўся ў Маскве. У 1919 годзе яго прызначылі загадчыкам беларускага аддзела асветы нацыянальных меншасцяў Наркамата асветы РСФСР, створанага на базе культурна-асветніцкага аддзела Белнацкама. У маі 1920 года ён падаў у Народны камісарыят па замежных справах РСФСР запіску «Савецкая ўлада ў Беларусі». Пазней на яе падставе ён напісаў кнігу «Беларускі рух».

Неўзабаве Сталін зноў запрасіў да сябе гісторыка У. І. Пічэту, партработніка М. Я. Фрумкіну і Ф. Ф. Турука. І пацікавіўся, як яны глядзяць на рашэнне партыі адкрыць у Мінску універсітэт. — «Станоўча!» — адказаў за ўсіх Пічэта.

«Вось вас мы і прызначаем рэктарам гэтага ўніверсітэта, — усміхнуўся Сталін. — А дапамагаць вам будуць Турук і Фрумкіна. Адзін — выдатны выкладчык, другая — цудоўны арганізатар».

Як прадстаўнік рабочай камісіі па арганізацыі БДУ, у канцы 1920 года Турук разам з Пічэтам выехаў у Мінск. Ён стаў сакратаром згаданай камісіі, членам часовага праўлення БДУ. Разам з Пічэтам і Фрумкінай яны працавалі без выхадных. Падабралі памяшканне для ўніверсітэта, зацвердзілі колькасць факультэтаў, дамовіліся з найлепшымі выкладчыкамі, склалі вучэбныя планы. І ў кастрычніку 1921 года аўдыторыі ўніверсітэта запоўніліся першымі студэнтамі. Гэта былі ўчарашнія сяляне, рабочыя і салдаты, а таксама выхадцы з рабочай інтэлігенцыі.

У гэтым жа годзе Ф. Ф. Турук стаў прафесарам БДУ на кафедры гісторыі Беларусі. У 1921-1922 гадах вёў практычныя заняткі па крытычным вывучэнні земскіх і шляхецкіх прывілеяў на факультэце грамадскіх навук, потым працаваў на педагагічным факультэце БДУ.

Не страціла рысаў нацыі

У 1921 годзе Фёдар Турук выдаў сваю галоўную навуковую працу: «Беларускі рух. Нарыс гісторыі нацыянальнага і рэвалюцыйнага руху беларусаў».

Гаворачы аб каранях гэтага руху, Ф. Ф. Турук пісаў: «Беларускі рух, які з’яўляецца, па сутнасці, адраджэннем беларускага народа, мае глыбокія карані ў своеасаблівым мінулым Беларусі, у этнаграфічных і лінгвістычных асаблівасцях і эканамічных умовах жыцця беларусаў. Перажыўшы спачатку самастойна, а затым у аб’яднанні з Літвой у форме Вялікага княства Літоўска-Рускага (беларускага) перыяд найвышэйшага росквіту дзяржаўнасці і грамадскасці (XІ — XІV стст.), нацыянальнай культуры (XІІІ — XVІ стст.), пабудаваных на свабодных дэмакратычных пачатках, беларускі народ на працягу ўсяго свайго далейшага шматвяковага сумеснага жыцця з Польшчай (XVІ — XVІІІ стст.) і Расіяй (XVІІІ — XX стст.) не мог прымірыцца з тым асноўным пачаткам цывілізацыі, які ўносілі ў Беларусь Польшча — у форме шляхецкай арыстакратычнай рэспублікі, Масква — баярскай алігархіі і манархічнага абсалютызму. У выніку нацыянальна-рэлігійных антаганізмаў і цэлага шэрага фактараў сацыяльнага характару, класавых і саслоўных супярэчнасцяў, якія дзейнічалі ў гісторыі Беларусі, беларускаму народу ў агульным ходзе гістарычных падзей не ўдалося адстаяць сваёй дзяржаўнай і грамадскай самастойнасці, захаваць свае найлепшыя жывыя творчыя нацыянальныя сілы. Беларуская народная маса, паступова страчваючы свае нацыянальныя „вярхі“ — памеснае дваранства, вышэйшае духавенства і гараджан — усіх тых, хто станавіўся ёй, дзякуючы свайму прывілеяванаму сацыяльнаму становішчу, чужы па мове, веры, па ўсім укладзе быту, пачуццяў і думак, не страціла, аднак, да гэтага часу рысаў нацыі, якія адрозніваюць яе ад іншых народнасцяў. Аддадзеная сама сабе ў сваіх самабытных прымітыўных формах жыцця, яна захавала да нашага часу і сваю родную мову, свае вераванні, звычаі, свой агульны культурны і эканамічны ўклад жыцця».

У сваім даследаванні Ф. Ф. Турук прасачыў усе этапы беларускага руху — ад паўстання палякаў супраць царскай Расіі 1831 года да польскай акупацыі беларускіх зямель у 1919 — 1920 гадах. Завяршыў ён сваю кнігу дадаткамі, сярод якіх праграма Беларускай сацыялістычнай грамады, універсал канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага 1915 года, статут Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый 1917 года, пастанова І Усебеларускага з’езда аб самавызначэнні Беларусі, тэлеграма старшыні Савета Камісараў Заходняй вобласці Ландэра з нагоды роспуску І Усебеларускага з’езда, статутныя граматы да народаў Беларусі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, вітальная тэлеграма Мінскага ўрада германскаму імператару Вільгельму, маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі і іншыя ўнікальныя дакументы.

Пад нумарам адзін у «Дадатках» ён змясціў прадмову да зборніка «Дудка беларуская» Багушэвіча-Бурачка, які выйшаў у 1891 годзе ў Кракаве. Гэты дадатак, на думку Ф. Турука, з’яўляецца кароткім пераказам светапогляду паэта-родапачынальніка сучаснай беларускай літаратуры, які адыграў вялікую ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага руху. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: «Спакон веку, як наша зямелька з Літвой злучылася... усе яе „Беларуссю“ звалі, і нездарма гэта! Не Вялікая, не Малая, не Чырвоная, не Чорная яна была, а Белая, чыстая... Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, браткі, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска... да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Віцебск, Вільня і мноства мястэчак і вёсак».

«Знойдзецца і пакой, і шклянка чаю...»

Глыбока разумеючы гісторыю беларускага руху, Фёдар Турук не мог прайсці міма творчасці іншага выдатнага паэта — Янкі Купалы. Пазнаёміўшыся з ім студэнтам у Пецярбургу, ён ужо не выпускаў Янку Купалу са свайго поля зроку.

У Ірыны Фёдараўны Турук захаваліся чатыры лісты Янкі Купалы, адрасаваныя бацьку.

— Верагодна, лістоў было больш, — сказала яна, — але пасля рэпрэсій канца дваццатых — пачатку трыццатых гадоў бацька частку свайго архіва знішчыў. Аднак я ведаю, што ён перакладаў работы Янкі Купалы і спрыяў выданню зборніка яго вершаў на рускай мове ў Маскве.

Першы з лістоў Янкі Купалы Фёдару Туруку быў напісана 20 ліпеня 1919 года.

«Глубокоуважаемый и дорогой Фёдор Фёдорович!

Покорнейшая к Вам просьба: не откажите по использовании клише с моей фотогр<афии> отступить его мне, конечно, если это клише Вам не нужно будет. Буду весьма Вам благодарен за эту любезность.

Если будут какие расходы, то я охотно их покрою. Что слышно у Вас? Поддерживайте как-нибудь свой Белорусский подотдел. Я сегодня узнал — литерат<урно>-издат<ельский> подотдел при Наркомпросе Литбел ликвидируется. Таким чином, остаётся только Ваш подотдел, который один только сможет что-нибудь издавать. Теперь такое дело: мне передавали, что теперешний зав<едующий> лит<ературно>-изд<ательским> отделом Наркомпроса Литбел тов. Леущенко предполагает ехать в качестве инструктора от своего отдела в Киев и там организовать печатание белорусских книг. Так вот, может быть, Вы списались с ним и устроили бы тоже печатание своих изданий в Киеве. Что Вы на это?

Адрес Леущенко: Бобруйск, Народный комиссариат просвещения Литвы и Белоруссии.

В Минске у нас довольно спокойно. Поляков немного отогнали. Возможно, что Минска так и не удастся им повидать.

Будьте здоровы и веселы. Если надумаетесь, Фёдор Фёдорович, побывать в Минске, то не забывайте про нас. Милости просим. Найдётся для Вас и комната, и стакан чаю с хлебом и с патокой.

Привет знакомым и друзьям.

Искренне преданный Вам Ив. Луцевич».

«Глубокоуважаемый Фёдор Фёдорович!

В прошлом году, будучи в Москве, я оставил Вам рукопись своих стихов „Спадчына“ и получил в счёт гонорара аванс. До сего времени, как мне передавали, книга эта Белорусским подотделом не издана. Так вот, не посоветуете ли, дорогой Фёдор Фёдорович, как бы ускорить печатание этого сборника. Нельзя ли сделать так: если представится возможность, издать сборник здесь в Минске на средства Лит<ературно>-издат<ельского> отдела Наркомпроса Белоруссии с условием, что с авторского гонорара будет возвращён Белорусскому подотделу в Москве полученный мною аванс. Как Вы на это смотрите? Был бы Вам очень признателен, если бы Вы по возможности в скором времени сообщили мне свои соображения. Без Вашего согласия на это, конечно, издать книги я не смогу. А может быть, Вы зачислите полученный мною аванс на какую-нибудь другую мою книгу, напр. на издание моего сборника „Huslar“ русским шрифтом, вышедшего только латинкой и к тому уже разошедшегося.

Одним словом, глубокоуважаемый Фёдор Фёдорович, подумайте и дайте ответ, как эту всю историю оформить, чтобы и волк был сыт и козы целы.

Я слышал, что Вы собираетесь приехать в Минск. Дело очень хорошее. Работы культурной тут много, а работников мало.

Искренне преданный Вам Ив. Луцевич.

Адрес мой: Минск, Захарьевская, 137, Ивану Доминиковичу Луцевичу».

Мы ведаем, што ў 1919 годзе ў Маскве выйшла кніга Янкі Купалы «Выбраныя вершы». А ў 1922-м у Мінску выходзіць зборнік яго вершаў «Спадчына». Такім чынам, Фёдар Турук прыслухаўся да просьбы паэта выдаць кнігу ў Мінску на сродкі літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы Беларусі.

У 1923 годзе Ф. Ф. Турук вярнуўся з Мінска ў Маскву і стаў, як тады казалі, чырвоным прафесарам, выкладаючы ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцяў Захаду. Пазней ён працаваў у розных ВНУ краіны, апошняе месца работы — Маскоўскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, дзе ён узначальваў кафедру ўсеагульнай гісторыі.


Памёр Ф. Ф. Турук 20 ліпеня 1960 года.

Імя Фёдара Фёдаравіча Турука апошнія гады ў Беларусі гучала нячаста, аднак гэта зусім не прымяншае яго заслуг перад Радзімай. Адзін з заснавальнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ён назаўжды ўпісаў яго ў гісторыю маладой краіны.

Алесь КАЖАДУБ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.