Вы тут

Як работнік культуры з Клецка адраджае спадчыну малой радзімы


Метадыст па народнай творчасці Клецкага раённага цэнтра культуры Вольга Пілецкая — чалавек творчы, апантаны. Займаецца выцінанкай, маляванымі дыванамі. Акрамя таго, дзякуючы яе ініцыятыве, намаганням, удалося знайсці і аднавіць многія народныя строі Слуцка-Капыльскага рэгіёна, а таксама старадаўнія абрады, традыцыі роднага краю.


Вольга Аляксандраўна пастаянна ездзіць у экпедыцыі па вёсках раёна, гутарыць з жыхарамі, якія знаёмяць яе з асаблівасцямі народнага касцюма. Месцічы з задавальненнм дзеляцца з ёй фотаздымкамі строяў, рэчамі, што належалі іх бабулям і прабабулям.

—Людзі часам мяркуюць так: падумаеш, пахавальныя фота, што ў іх цікавага, каму яны патрэбны. Аказваецца, на іх можна ўбачыць традыцыі канкрэтнай мясцовасці: як афармляляі труну, як аздаблялі яе кветкамі ручной работы, жывым аспарагусам (папаратнікам). У розных вёсках яго называюць па рознаму, — распавяла Вольга Аляксандраўна. Напрыклад, апошняя экспедыцыя была зладжана сумесна з Нацыянальнай Акадэміяй Навук. Ездзілі канкрэтна па маіх матэрыялах і запісвалі на добрую апаратуру спевы бабуль, тое, як яны выцягваюць гукі, рабілі відэа з тым, каб потым прафесіяналы змаглі паўтарыць гэты гук і манеру выканання. У адной з паездак нас напаткала вялікая ўдача — наткнуліся на рэдкі самабытны народны касцюм. Калісьці Ірына Шыліна, якая больш за трыццаць гадоў прапрацавала ў культуры, збірала даўнішнія строі. Але з цягам часу ад гэтага адышлі, пачалі больш схіляцца да папсы, эстрады. І традыцыі , і касцюмы былі закінуты. А вось Ірына Цімафееўна столькі гадоў захоўвала нацыянальны касцюм, уласцівы для нашага рэгіёна. Убор, які насілі ў вёсцы Наваселле, належаў жанчыне 1901 года нараджэння, бытваў ён прыкладна ў 30=я гады мінулага стагоддзя. А перадала яго Ірыне Цімафееўне яе сваячка Марыя Васілеўна Каражан —жыхарка Заастравечча. 

Касцюм адметны асаблівасцямі ткацтва, вышыўкай у сінім колеры, каўняром, які завязваўся, іншымі тонкасцямі. І добры рэканструктар можа яго аднавіць. Такі ўбор вельмі далікатны. Дасведчаныя людзі, народныя ткачыхі кансультуюць Вольгу Пілецкую наконт таго, якія сродкі можна выкарыстаць, каб яго вымыць. Дапамагае спецыяліст па тэкстылі, касцюмер студыі Галіна Дзмітрыеўна Яраш. Гэты строй, дарэчы, нельга разгладжваць электрычным прасам. Для гэтых мэт Вольга Пілецкая і Галіна Яраш знайшлі спецыяльныя прыстасаванні, якімі карысталіся нашы бабулі — пранік (драўляны брусок з рабрыстай паверхняй і ручкай) і качалку (на яе накручвалася) бялізна. Але прывесці каштоўную рэч у належны выгляд — паўсправы, для яе захавання таксама неабходна стварыць аптымальныя ўмовы.

Вользе Аляксандраўне і Галіне Дзмітрыеўне удалося аднавіць касцюм трыццатых гадоў з шоўку. Ён паўсюль быў аздоблены каляровымі палоскамі ў люстраным адлюстраванні, з асобна выдзеленай каляровай цэнтральнай. Іх абавязкова павінна быць няцотная колькасць.

Майстрам давялося шмат папрацаваць, для таго, каб яна не адрознівалася ад арыгінала. Напрыклад, на выраб аўтэнтычнай спадніцы спатрэбілася больш як тры метры тканіны. Акрамя таго, неабходна было знайсці падыходзячыя карункі, тканіну, каб аздобіць падол. Але, бадай, самым складаным было зрабіць складкі на спадніцы-збіранцы, адлегласць паміж якімі тры сантыметры. 

—Што мы толькі не рабілі, але складкі развальваліся. Сакрэтам падзялілася адна са старажылак. Аказваецца, каб змайстраваць такія зборакі, прымянялася тэхналогія маршчэння. Марачанкі ( жыхаркі вёскі Морач) змочвалі тканіну растворам з вады і воцату, рабілі складкі, а затым іх прасавалі Для гэтага буханку гарачага, толькі што з печкі, хлеба і прыкладвалі яго, нібы прэс, каб складкі не разыходзіліся. Гэты працэс займаў некалькі некалькі тыдняў, — кажа Вольга Пілецкая. —Кожная дэталь у народных касцюмах было карпатліва прадумана. Напрыклад, гарсэцік рабіўся на завязках. Гэта дазваляла карэкціраваць адзенне на фігуры, калі жанчына папраўлялася або худзела.

Цікавасць уяўляе і адноўлены вясельны строй 1930 гадоў мінулага стагоддзя — падвянечная сукенка і мужчынскі касцюм. У гэтай справе дапамаглі жыхары раёна. Яны прысылалі фотаздымкі сваіх бабуль і дзядуль, якія пабраліся шлюбам. Ды і Вольга Пілецкая ездзіла па населеных пунктах раёна, цікавілася ў жыхароў ці не засталіся ў іх вясельныя фота продкаў. У выніку было сабрана дваццаць унікальных здымкаў. Але Вольга Пілецкая і касцюмер Галіна Яраш спыніліся на здымку сужэнцаў з вёскі Янавічы Алены і Сцяпана Вялічкавічаў, які пажаніліся 2 кастрычніка 1937 года. Клецкія майстрыхі да дробязяў паўтарылі ўсе дэталі вясельнай сукенкі. На гэта пайшло тры метры шоўку, ды яшчэ столькі ж на вэлюм. Давялося шмат папрацаваць над аздабленнем. Раней сукенку вымочвалі ў жалацінавым або крухмальным растворы, затым самадзельным прыстасаваннем, падобным на сучасны паяльнік з шарыкам на канцы наносілі адбіткі кветак. У модзе 30-х гадоў былі вясельныя букеты са штучных півоняў. Бутаньерка для жаніха — абавязкова з галінак аспарамуса, які лічыўся сімвалам шчасця. А ў мужчынскія пінжакі ўстаўляліся падкладкі з конскага воласа, каб трымаць форму. Такі рарытэтны экземпляр — пінжак, а таксама штаны знайшліся на гарышчы адной з жыхарак Клецка.

Важным дадаткам да народнага жаночага касцюма былі пацеркі. Лічылася, чым іх больш, тым багацейшая жанчына. Асаблівую ўвагу жанчыны ўдзялялі галаўному ўбору, якія шмат гаварыў аб іх статусе. Напрыклад, дзяўчына на выданні заплятала валасы ў кошык, галаву ўпрыгожвалі пацеркамі, шырокімі ружовымі або чырвонымі лентамі. Усе ведалі, што да яе можна было ісці сватацца.

Пасля вяселля старэйшыя жанчыны здымалі вэлюм з маладой і на тканку завівалі валасы. Затым скручвалі з пакулля своеасаблівы «бублік» на галаву, абгортвалі яго льняной тканінай і накрывалі шапачкай, на якую накідвалі хустку. Каб паўтарыць такую канструкцыю, давялося шмат папрацаваць — не ўсё адразу атрымлівалася.

Каштоўная спадчына ў сем’ях перадаецца з пакаленне ў пакаленне, беражліва захоўваецца ў куфрах. Жанчыны старэйшага пакаленняі цяпер карыстаюцца даўнейшымі ўборамі. І калі прыязджаеш да іх дадаому, то яны абавязкова дастаюць свае строі, прыбіраюцца, перш чым пачаць гутарку, — адзначае Вольга Пілецкая. — У самабытных строях марачанкі хадзілі літаральна да 70-х гадоў. Яны не прызнавалі гарадскога адзення. 

Вольга Пілецкая часта ўдзельнічае ў розных фестывалях, выставах, фэстах, прымала ўдзел са сваёй калекцыяй у «Славянскім базары». У людзей звузілася паняцце народнага касцюма, лічыць яна. А гэта шырокае поле і паняцце. У Морачы — адно, у Кухчыцах або Галавачах — іншае. На кожным мерапрыемстве Вольга Аляксандраўна надзявае народны касцюм свайго рэгіёна, каб пазнаёміць наведвальнікаў з яго асаблівасцямі, адрозненнямі.

Акрамя народных строяў Вольгу Пілецкую цікавяць і старажытныя абрады, уласцівыя для Клецкага рэгіёна. У стадыі рэалізацыі праект «Сядзіба ў Садовай». Старшыня райвыканкама падтрымаў ідэю праекта, дапамог выдзеліць у гэтай вёсцы пустуючую хату, як яе называюць хатку-адказніцу. У планах— наладзіць Батлейку, якая бытавала менавіта ў Клецку. Лялечны тэатр збіраюцца рэканструяваць і паказваць на ім абрад «Цары» дзецям. Гэты абрад аднавілі ў Семежава, ён унесены ў спіс нематарыяльнай спадчыны. Але, аказваецца, ў Клецку існавалі свае «Цары». Абрад адрозніваецца ад семежаўскага сваімі асаблівасцямі. Ёсць людзі, якія помняць яго, апісваюць у падрабязнасцях.

Работнікі культуры аднавілі таксама калядны абрад Шчадрэц. Падрабязнасці сталі вядомыя ад старажылаў раёна, дырэктара Лазовічскага сельскага дома культуры Сяргея Машко, які даўно вывучае традыцыі Клецкага краю. Менавіта ён расказаў, якія песні пелі ўдзельнікі падчас свята, што насілі з сабой.

Галоўным атрыбутам з’яўлялася васьміканечнай Віфліемскай зорка, з якой заходзілі ў хату. Яна была зроблена з пруткоў і сіта і абклейвалася паперай. У цэнтр змяшчалі іконку і свечку, якія павінны былі асвятляць шлях людзям. Удзельнікі шэсця пераапраналіся ў жарабца (каня). Лічылася, што, калі ён пабывае ў доме, то год будзе шчаслівым і багатым для сям’і. Пад час свята гучалі «завітальныя» песні, частушкі.

Дадам, што Вольга Пілецкая адмыслова валодае майстэртсвам выцінанкі, удзельнічала ў 13-м міжнародным сімпозіуме па мастацтву выцінанкі ў Маскоўскай вобласці. Яе матэрыялы былі надрукаваны ў калектыўным зборніку. Акрамя таго, Вольга Аляксандраўна займаецца дыванамі-маляванкамі, якіх у асобным пакоі раённага цэнтра культуры сабрана дзясяткі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ. Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.